Шляхі пераадолення перыяду адаптацыі ў 5-м класе на ўроках беларускай мовы і літаратуры (з вопыту работы)

- 15:37II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

Працуючы з пяцікласнікамі ўжо не адзін год, аўтар выпрацавала для сябе канкрэтныя правілы паводзін і індывідуальны стыль выкладання, які дапамагае вучням пераадолець цяжкасці, звязаныя з перыядам адаптацыі, і пры гэтым ісці да сваіх мэт і задач па прадмеце.

Таццяна ЛОЙША,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 41 імя А.М.Кузняцова г. Гродна”

 

 

 

 

 

 

Працэс пераходу з пачатковай школы ў сярэднюю для большасці дзяцей, а таксама іх бацькоў і настаўнікаў з’яўляецца не толькі радаснай і хвалюючай падзеяй, але часта і вельмі праблемнай. Пяты клас – гэта пераломны этап у жыцці і развіцці школьнікаў, бо яны пераходзяць да прадметнага навучання. Для пяцікласнікаў усё з’яўляецца новым: настаўнік, кабінет, структура ўрока, аб’ём матэрыялу і г. д. Узровень выкладання ведаў у сярэдняй школе, вядома, значна адрозніваецца ад таго, які прыняты ў пачатковай. Дзеці, якія пераходзяць у 5-ы клас, павінны адаптавацца да новых умоў дзейнасці: да індывідуальнага стылю выкладання настаўнікаў, да хутчэйшага тэмпу работы, да правіл выканання новых заданняў.

Праблемай застаецца і адсутнасць адзіных патрабаванняў па шматлікіх пытаннях навучальнай дзейнасці паміж пачатковай і сярэдняй школай. Калі настаўнік у пачатковай школе зацікаўлены ў паспяховым авалоданні ведамі па ўсіх асноўных школьных прадметах у роўнай ступені, то настаўнік у сярэдняй школе – толькі па сваім прадмеце.

Я хацела б звярнуць асаблівую ўвагу на выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў 5-м класе. Не сакрэт, што сёння беларуская мова з’яўляецца адным са складаных школьных прадметаў. Большасць дзяцей вывучае яе толькі ў школе, не выкарыстоўвае ў паўсядзённым жыцці. Таму мая мэта на ўроку беларускай мовы не толькі навучыць, але і зацікавіць сучаснага школьніка роднай мовай, выклікаць цікавасць да яе вывучэння. Мая задача на ўроках беларускай літаратуры – падрыхтаваць школьніка да дня заўтрашняга, а гэта значыць, развіваць культуру самастойнай працы, фарміраваць уменне працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, у тым ліку і з кнігай. Неабходна выпрацаваць у вучняў цвёрдае перакананне, што без асабістага асэнсавання твора, без уласнай яго ацэнкі нельга лічыць сябе літаратурна адукаваным чалавекам.

Працуючы з пяцікласнікамі ўжо не адзін год, я выпрацавала для сябе канкрэтныя правілы паводзін і індывідуальны стыль выкладання, які дапамагае вучням пераадолець цяжкасці, звязаныя з перыядам адаптацыі, і пры гэтым ісці да сваіх мэт і задач па прадмеце.

Абавязкова на першым уроку беларускай мовы знаёмлю вучняў з патрабаваннямі да выканання дамашняга задання. Для гэтага раздаю ім надрукаваныя памяткі з рэкамендацыямі:

Рэкамендацыі па выкананні дамашняй работы па беларускай мове

1. Бяру дзённік, падручнік і сшытак па беларускай мове, ручку, аловак і саджуся на сваё рабочае месца.
2. Адкрываю дзённік і чытаю дамашняе заданне.
3. Адкрываю запісаны параграф падручніка і чытаю правілы.
4. Вучу правілы.
5. Знаходжу дамашняе практыкаванне.
6. Чытаю ўмову (што трэба зрабіць).
7. Калі вусна, выконваю практыкаванне вусна.
    Калі пісьмова, то

1) адкрываю рабочы сшытак;
2) запісваю дату, дамашняя работа, практыкаванне.
Напрыклад,       

Чацвёртага верасня
Дамашняя работа
Практыкаванне 6

3) выконваю пісьмова зададзенае практыкаванне.

8. Яшчэ раз паўтараю правілы.

Калі ёсць пытанні па дамашнім заданні, то рыхтую іх задаць настаўніку на ўроку або перад урокам.

Вядома, да гэтых правіл прыходзіцца звяртацца не толькі на першым уроку. Пяцікласнікі пастаянна забываюць пісаць “Практыкаванне”.

Кожны свой урок пачынаю з настройкі на працу, на сам урок, таму што пачатак урока павінен абавязкова настроіць на добрую атмасферу, на прыемныя адносіны ў класе. На гэтым этапе я патрабую поўнай гатоўнасці да ўрока: наяўнасці неабходных прадметаў на парце, уважлівасці і павагі да мяне. Свае ўрокі стараюся пачынаць творча, напрыклад:

1. Весела гучыць званок,
Яго голас нам знаёмы.
Запрашаю на ўрок
Беларускай мовы!

2. Усім добры дзень!
І ў добры час!
Сябрам сваім усмешкі падарыце,
Які ў вас настрой, скажыце?

3. Што павесілі галоўкі?
Хопіць, дзеці, сумаваць.
Мо адправімся ў вандроўку?
Ну, а што з сабою ўзяць?

Cучасны ўрок – гэта адукацыйны прадукт творчай дзейнасці настаўніка, заснаваны на веданні тэорыі, аналізу сваіх асабістых магчымасцей, у якім аптымальна выкарыстоўваюцца найбольш эфектыўныя метады, прыёмы і сродкі навучання. Ад майстэрства настаўніка залежыць ход урока і яго вынік. Таму ў структуру традыцыйнага ўрока я абавязкова ўключаю нетрадыцыйныя формы навучання, заснаваныя, у першую чаргу, на гульні. Менавіта гульня ў перыяд пераемнасці паміж пачатковай і сярэдняй школай можа спрыяць паспяховай адаптацыі да новых умоў. Існуе вялікая колькасць гульняў, якія можна выкарыстоўваць на ўроках беларускай мовы і літаратуры.

1) “Зборшчык” (аднавіць рассыпаныя словы з правага і левага слупкоў).

2) “Чацвёртае лішняе” (падкрэсліць лішняе слова сярод прапанаваных слоў).

3) “Карэктары” (выправіць памылкі ў запісаных словах).

4) “Перакладчыкі” (перакласці словы з рускай мовы на беларускую).

5) “Хто хутчэй” (хто хутчэй праскланяе слова).

6) “Дожджык” (саставіць і запісаць словы з прапанаваных літар).

7) “Хто хоча стаць выдатнікам?”

8) “Чароўная скрынка” (у ёй змешчаны пытанні па правілах).

9) “Эстафета” (вучні па парадку запісваюць словы на дошцы).

10) “Паштальён” (разнесці “пошту” на групах) і інш.

Для вучняў у гэтым узросце галоўным выступае слова “гульня”. Яны з радасцю ўключаюцца ў яе працэс, а для мяне – гэта своеасаблівая праверка ведаў па тэме ўрока.

Праводжу конкурсы-спаборніцтвы па ўсёй тэме. Так, напрыклад, на працягу цэлага месяца пяцікласнікі ўдзельнічалі ў конкурсе па раздзеле “Фанетыка і арфаграфія”. Сутнасць яго заключалася ў тым, што ў канцы кожнага ўрока любы жадаючы мог узяць сабе картку з заданнем, выканаць яго дома і прынесці на наступны ўрок. Дазвалялася звяртацца за дапамогай да бацькоў, глядзець у падручнік. За правільна выкананае заданне на картцы вучань атрымліваў смайлік, які наклейваўся насупраць яго прозвішча ў агульнай табліцы. Не ўсе вучні ўдзельнічалі. у некаторых не атрымлівалася выканаць правільна, іншыя перагарэлі: спачатку ўдзельнічалі, а пасля ўжо перахацелі. Канечне, пераможцы атрымалі падарункі: граматы і салодкія пачастункі.

У такіх конкурсах многае патрабуецца ад настаўніка: падрыхтаваць карткі (шмат па колькасці!), паспець праверыць, нічога не пераблытаць, узнагародзіць, каб быў стымул.

На ўроках беларускай літаратуры праводжу паэтычныя хвілінкі. Многія школьнікі вельмі любяць вучыць вершы на памяць, таму ім можна прапанаваць індывідуальнае заданне на наступны ўрок: вывучыць верш на памяць, напісаць яго змест на альбомным лісце і намаляваць да яго малюнак. На ўроку паэтычная хвілінка – гэта своеасаблівы адпачынак ад зместу занятку для іншых вучняў, а для вучня, які атрымаў індывідуальнае заданне, – дадатковая магчымасць атрымаць высокую адзнаку. Я нікога не прымушаю, заўсёды ёсць жадаючыя. Аформленыя вершы складаю ў спецыяльную папку “Паэтычная хвілінка ў 5-х класах”.

На ўроках беларускай літаратуры вельмі многа творчых момантаў. Я часта прашу намаляваць малюнак да казкі, да твора, апісаць сваю любімую жывёлу, намаляваць сваю любімую кветку і інш. На працягу года збіраецца шмат такіх работ. Каб творчасць пяцікласнікаў не была дарэмнай, у канцы навучальнага года на аснове сабраных матэрыялаў мы ствараем кнігу-альбом “Наша сумесная творчасць” або “Беларуская літаратура і мастацтва”.

Уводжу свае традыцыі. У канцы навучальнага года важным з’яўляецца правядзенне абагульняльнага “Урока кнігі” (можна і “Урока дабрыні”), на якім успамінаецца ўсё прачытанае, зробленае, прааналізаванае на ўроках роднай літаратуры на працягу года. Да такога ўрока рыхтуемся загадзя. Кожны з вучняў выконвае сваю ролю: мастакі, артысты, гісторыкі, літаратуразнаўцы, паэты. Такія ўрокі з’яўляюцца пацвярджэннем таго, што перыяд адаптацыі для многіх пяцікласнікаў прайшоў у большай ступені без праблем.

На практыцы ўсё падрыхтаваць і правесці вельмі складана, але я стараюся цесна ўзаемадзейнічаць з вучнямі ў гэты перыяд, бо разумею, што гэта будзе спрыяць больш хуткаму працэсу адаптацыі пяцікласнікаў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий