Урок пабудаваны па метадзе “перагорнуты” ўрок.
Алена ЮШКЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 41 імя А.М.Кузняцова г. Гродна”
Мэта: пазнаёміць вучняў з жыццём і творчасцю Кузьмы Чорнага – майстра беларускай прозы; дапамагчы вучням асэнсаваць мастацкае ўвасабленне аўтарскай формулы “чалавек – гэта цэлы свет” у апавяданні “На пыльнай дарозе”.
Задачы:
– выявіць гуманістычны і жыццесцвярджальны пафас твора;
– развіваць звязнае маўленне вучняў; ствараць умовы для засваення агульначалавечых каштоўнасцей.
Абсталяванне і матэрыялы: вучэбны дапаможнік, рабочы сшытак, ілюстрацыі да зместу ўрока на дошцы, кнігі з творамі Кузьмы Чорнага, партрэт пісьменніка, атрыбуты для інсцэніроўкі ўрыўка з апавядання, раздрукаваныя практычныя заданні для арганізацыі работы ў парах і групах, рабочыя лісты.
Падрыхтоўчая работа вучняў: метад навучання “перагорнуты” ўрок прадугледжваў папярэднюю грунтоўную падрыхтоўку вучняў і самастойнае вывучэнне пэўных тэматычных блокаў вучэбнага матэрыялу (жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, знаёмства і аналіз слоўнікавага і газетнага артыкулаў, знаёмства са зместам апавядання, падрыхтоўка тэатральнай мініяцюры).
Ход урока
1 Арганізацыйны момант. Стварэнне псіхалагічнага настрою
– Добры дзень! Складана не пагадзіцца з тым, што кожны ўрок беларускай літаратуры – гэта дарога да пазнання чалавека і роднай культуры.
Метафара “Мая дарога” (слоік, стужка для ўпрыгажэння, пясок, каменьчыкі рознага памеру, кветкі).
– А сёння на нашай дарозе ўрока мы сустрэнемся з біяграфіяй Кузьмы Чорнага, пазнаёмімся з яго апавяданнем “На пыльнай дарозе”, прыслухаемся да навукоўцаў, якія займаліся даследаваннем паняцця “дарога”.
Вучні пазначаюць тэму ўрока на рабочых лістах (Дадатак 1).
2 Вывучэнне новай тэмы
2.1 Знаёмства з асобай пісьменніка
Выступленне вучняў на тэму “Цікавыя факты з жыцця і творчасці Кузьмы Чорнага” (Дадатак 2). У гэты час астатнія вучні працуюць з рабочымі лістамі і выконваюць заданне № 1 (выконваецца індывідуальна; дапоўніць тэкст выступлення прапушчанымі словамі).
Самаправерка (на дошцы змешчаны словы, якія неабходна было ўставіць у тэкст).
– Які факт з жыцця вас больш за ўсё ўразіў? (Адказы вучняў).
2.2 Вобраз дарогі ў творчасці Кузьмы Чорнага
Настаўнік разам з вучнямі запаўняе карту твораў пісьменніка, у назве якіх ёсць слова “дарога”. На рабочых лістах запісваюцца назвы апавяданняў, а на дошцы складаецца карта (заданне № 2).
– Як вы думаеце, што абазначае дарога? (Адказы вучняў, падбіраюцца асацыятыўныя і метафарычныя паняцці).
– З якой мэтай Кузьма Чорны ўводзіць у свае творы паняцце “дарога” дастаткова часта? (Адказы вучняў).
– Давайце звернемся да аналізу слоўнікавага (https://www.skarnik.by/tsbm/19592) і газетнага артыкулаў (настаўнік просіць падрыхтаваных вучняў агучыць самыя важныя і цікавыя моманты з даследаванага матэрыялу).
Выконваецца заданне № 2 на рабочых лістах (запісаць прыклады ўстойлівых выразаў са словам “дарога”; выконваецца ў парах).
3 Фізкультхвілінка
Вучням неабходна падысці да дошкі і выцягнуць ілюстрацыю дарогі. У адпаведнасці з ілюстрацыямі вучні падзяляюцца на групы. Кожная група займае сваё месца.
4 Аналітычны аналіз твора (работа ў групах)
– Перад тым як выконваць заданні ў групах, прапаную ўспомніць змест апавядання. (Адказы вучняў).
Кожная група атрымлівае па два заданні: “Запоўніце табліцу” і “Вобраз героя твора” (гекс-схему). Заданні могуць быць размеркаваны паміж удзельнікамі групы або выконвацца ўсімі ўдзельнікамі групы.
– Заданне “Запоўніце табліцу”
Жанр |
|
Тэма |
|
Пафас твора |
|
Асноўная думка |
|
Змест сімвалічнага вобраза дарогі |
|
– Заданне “Вобраз героя твора” (гекс-схема)
Агучванне выкананых заданняў.
5 Абагульненне тэмы
– Кузьма Чорны вельмі “думна” карыстаецца кожным словам у сваіх творах. І апавяданне “На пыльнай дарозе” не стала выключэннем. Прырода дапаўняе ўнутраны свет герояў і з’яўляецца тыповым асяродкам для іх існавання, стварае настрой твора. Давайце звернемся да прыроды ў творы (зачытваецца ўрывак “Паабапал жвірыстай дарогі…і навявае задумёнасць вялікай далечыні”).
– Які настрой перадаецца ў гэтых словах? Агучце, якія сродкі мастацкай выразнасці спрыяюць яго стварэнню? (Адказы вучняў).
Мініяцюра “Гімн маладому пакаленню”
Настаўнік (павольна ідзе ў канец класа, дзе падрыхтаваны дэкарацыі для мініяцюры). Кузьма Чорны аднойчы сказаў: “Чалавек – гэта цэлы свет. …вялікімі і малымі рэчамі заклапочаны людзі, сталымі і смешнымі – кожны па-свойму, але ў кожнага душа запоўнена”.
Вучань (выходзіць у ролі аўтара-апавядальніка, сядае на “камень” пры “дарозе” і расказвае ўрывак з апавядання).Я сядзеў на каменнях і думаў аб маленькіх і нязначных здарэннях… У такіх думках я сяджу на каменнях…” (прыглушаны свет, гучыць мелодыя дудачкі на фоне).
Настаўнік. Дзякуй за такія думныя словы (вучань сядае на сваё месца).
6 Рэфлексія “Я і мая дарога”. Выстаўленне адзнак
Запаўняецца на рабочых лістах.
Вучні самастойна аналізуюць уласную работу на ўроку, ацэньваюць сваю дзейнасць і выстаўляюць сабе адзнаку за ўрок.
– Уявіце, што ваш сённяшні дзень – гэта ваша дарога. Што вы хацелі б сустрэць сёння на сваёй дарозе? (Адказы вучняў).
7 Дамашняе заданне
Прадумаць адказы на пытанні 5, 7, 10 вучэбнага дапаможніка на старонцы 176.
5) Растлумачце сэнс назвы апавядання “На пыльнай дарозе”.
7) Чаму аўтар у апавяданні не дае імёнаў героям?
10) Паспрабуйце ўявіць і апісаць далейшы лёс героя апавядання.
Дадатак 1
Рабочы ліст урока па тэме ____________________________________
___________________________________________________________________
Дата _____________________________________
Імя і прозвішча ___________________________
Заданне № 1
Цікавыя факты з жыцця і творчасці Кузьмы Чорнага
Мікалай Карлавіч Раманоўскі нарадзіўся 24 чэрвеня 1900 года ў маёнтку ………. на Случчыне ў шматдзетнай сям’і. Бацькі Кузьмы Чорнага служылі парабкамі ў пана Эдварда Вайніловіча. Сям’я ………………. была вялікая: …………. дзяцей, Мікалай старэйшы. У 1908 годзе сям’я дзеля адукацыі сына пакінула панскую службу і пераехала на радзіму бацькі ў мястэчка ………….. . Тут Мікалай Раманоўскі скончыў народнае вучылішча. Цімкавічы, родная прырода, мясцовая гаворка і побыт аднавяскоўцаў вельмі моцна паўплывалі на творчасць пісьменніка, які падкрэсліваў: “Дзе прайшло маленства, там пачынаецца ……….. ”. У 1916 годзе Кузьма Чорны паступіў у …………….. настаўніцкую семінарыю. У гэтым жа годзе юнак стаў членам літаратурнага аб’яднання “…………..”. Неўзабаве маладога пісьменніка напаткала ……….. : ён цяжка захварэў на сухоты. Вымушаны быў пакінуць вучобу і лячыцца пэўны час у Крыме. Пасля выздараўлення сур’ёзна пачаў займацца толькі пісьменніцкай дзейнасцю. Жахлівыя 30-я гады не абмінулі і Кузьму Чорнага. 14 кастрычніка 1938 года пісьменнік быў …………………… . Пайшоў у аптэку па лекі для сваёй жонкі, а вярнуўся дадому праз восем месяцаў: гэты час ён правёў у мінскай турме, перажыў катаванні і здзекі. У гады вайны пісьменнік знаходзіўся ў эвакуацыі, пераважна ў ………… , працаваў у рэдакцыі газеты “Раздавім фашысцкую гадзіну”. На жаль, не ўсе рукапісы твораў дайшлі да нас: згарэлі яшчэ ў першыя дні ……… . Свае апошнія творы, сярод якіх “Скіп’ёўскі лес”, “Сумліцкая хроніка” і іншыя, ён не паспеў скончыць.
Заданне № 2
Вобраз дарогі ў творчасці Кузьмы Чорнага (карта твораў).
Запішыце прыклады ўстойлівых выразаў са словам “дарога”.
____________________________________________________________________
____________________________________________________________________
____________________________________________________________________
Рэфлексія “Я і мая дарога”
МАЯ АДЗНАКА:
“МАЯ ДАРОГА СЁННЯ”:
Дадатак 2
Цікавыя факты з жыцця і творчасці Кузьмы Чорнага
– Мікалай Карлавіч Раманоўскі нарадзіўся 24 чэрвеня 1900 года ў маёнтку Боркі на Случчыне ў шматдзетнай сям’і.
– Пачакай! Пачакай! Мы ж сёння гаворым пра Кузьму Чорнага! А тут іншае імя і прозвішча прагучала… У чым справа?
– Справа ў тым, што Мікалай Карлавіч Раманоўскі абраў сабе такі літаратурны псеўданім – Кузьма Чорны – ён узяў мянушку свайго дзеда па матчынай лініі. Дзед быў таленавітым чалавекам. Праўда, псеўданім Чорны не зусім адпавядаў светлавалосаму пісьменніку.
– Бацькі Кузьмы Чорнага служылі парабкамі ў пана Эдварда Вайніловіча. Сям’я Раманоўскіх была вялікая: пяцёра дзяцей, Мікалай старэйшы.
– У 1908 годзе сям’я дзеля адукацыі сына пакінула панскую службу і пераехала на радзіму бацькі ў мястэчка Цімкавічы. Тут Мікалай Раманоўскі скончыў народнае вучылішча.
– Цімкавічы, родная прырода, мясцовая гаворка і побыт аднавяскоўцаў вельмі моцна паўплывалі на творчасць пісьменніка, які падкрэсліваў: “Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма”. А дзе яшчэ вучыўся Кузьма Чорны?
– У 1916 годзе Кузьма Чорны паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У перыяд вучобы шмат часу праводзіў за кнігамі, наведваў Радзівілаўскую бібліятэку. Да гэтага ж часу адносяцца і першыя спробы юнака ў літаратурнай творчасці.
– У 1923 годзе юнак адважыўся пешшу дабрацца да Мінска, каб пацікавіцца, ці прымуць яго на вучобу ва ўніверсітэт. Ужо восенню ён паступіў на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэты перыяд пісьменнік пачаў друкаваць свае творы ў мінскіх газетах пад псеўданімам Кузьма Чорны.
– У гэтым жа годзе юнак стаў членам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Ужо ў 20-я гады літаратурная крытыка прадказвала яму будучыню “беларускага Дастаеўскага”. Ці так усё лёгка было? Вучыцца было складана: даводзілася наймаць прыватную кватэру, трэба было за нешта харчавацца. Таму юнаку даводзілася па начах грузіць на станцыі вагоны.
– Неўзабаве маладога пісьменніка напаткала няшчасце: ён цяжка захварэў на сухоты. Вымушаны быў пакінуць вучобу і лячыцца пэўны час у Крыме. Пасля выздараўлення сур’ёзна пачаў займацца толькі пісьменніцкай дзейнасцю.
– У 1927 годзе Кузьма Чорны ажаніўся з Рэвекай Свераноўскай, а праз год у іх нарадзілася дачка Рагнеда, але ў жыцці яе звычайна звалі Ірай.
– У канцы 20-х гадоў Кузьма Чорны вельмі плённа працуе. Яго ўсё больш цікавяць празаічныя жанры. Амаль штогод публікуюцца буйныя творы: раманы і аповесці.
– Жахлівыя 30-я гады не абмінулі і Кузьму Чорнага. 14 кастрычніка 1938 года пісьменнік быў арыштаваны. Пайшоў у аптэку па лекі для сваёй жонкі, а вярнуўся дадому праз восем месяцаў: гэты час ён правёў у мінскай турме, перажыў катаванні і здзекі.
– У гады вайны пісьменнік знаходзіўся ў эвакуацыі, пераважна ў Маскве, працаваў у рэдакцыі газеты “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Вельмі часта гаварыў пра родныя Цімкавічы: “Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў, гэта ўсё адтуль, сапраўднае”.
– На жаль, не ўсе рукапісы твораў дайшлі да нас: згарэлі яшчэ ў першыя дні вайны. Свае апошнія творы, сярод якіх “Скіп’ёўскі лес”, “Сумліцкая хроніка” і іншыя, ён не паспеў скончыць. Памёр, калі працаваў за рабочым сталом. Апошнія словы з яго “Дзённіка” сведчаць пра адчай вялікага класіка, пра нерэалізаванасць яго таленту: “Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?”