Падоўжаныя зычныя. Урок беларускай мовы ў 2-м класе

- 11:56I СТУПЕНЬ, Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

Мэта ўрока: фарміраванне навыку правапісу слоў з падоўжанымі зычнымі, знаёмства з правілам пераносу такіх слоў.

Яўгенія МАРЦІНОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА“Зімовіцкая базавая школа Мазырскага раёна”,
Гомельская вобласць

 

 

Мэта: фарміраванне навыку правапісу слоў з падоўжанымі зычнымі, знаёмства з правілам пераносу такіх слоў.
Задачы:

– працягваць назіранні за вымаўленнем падоўжаных зычных гукаў;

– развіваць уменне абгрунтоўваць напісанне падоўжаных зычных;

– узбагачаць лексічны запас вучняў, пашыраць веды вучняў пра прыроду Беларусі, выхоўваць любоў і павагу да сваёй Радзімы.

Тып урока: урок абагульнення і сістэматызацыі ведаў.

Від урока: урок-падарожжа.

Метады: слова настаўніка, работа з падручнікам, гутарка, самастойная праца.

Формы работы: групавая, франтальная, індывідуальная, калектыўная.

Абсталяванне: падручнік беларускай мовы (І.І.Паўлоўскі, Л.Ф.Леўкіна), карткі-заданні, табліцы правіл, рэбусы, графічны запіс слоўнікавых слоў.

 

Ход урока

1 Арганізацыйны этап

Мэта: настройка навучэнцаў на рабочы лад.

Усім добры дзень!
І ў добры час!
Мова родная ў нас.
На ўрок я запрашаю.
Усім поспехаў жадаю!
Сябрам сваім усмешку падарыце.
Які настрой у вас, скажыце?

– Дэвіз нашага ўрока: “Будзем добра працаваць і не будзем сумаваць!”

 

2 Этап праверкі выканання дамашняга задання

Мэта: праверка правільнасці выканання дамашняга задання.

– Ці ўсе выканалі дамашняе заданне?

– Што было цяжкім у выкананні дамашняга задання?

– Давайце зробім праверку. Якія падоўжаныя зычныя ўставілі ў словах?

На дошцы запісаны словы. Настаўнік прапануе ўставіць прапушчаныя зычныя. Да дошкі выходзіць кожны вучань па чарзе.

Жы….ё, ра….я, кало….е, ра….е, бага….е, збо….а, назіра….е.

– Малайцы, вы добра справіліся з дамашнім заданнем.

 

3 Паведамленне тэмы і мэты ўрока

Мэта: вызначэнне тэмы і мэты ўрока.

– Сённяшні ўрок накіраваны на далейшае паглыбленне ведаў пра нашу мову, яе асаблівасці. А зараз расшыфруем тэму нашага ўрока па гэтых літарах.

ПХАХДХОХЎХЖХАХНХЫХЯХ ЗХЫХЧХНХЫХЯ

– Як на пісьме абазначаюцца падоўжаныя зычныя? (Дзвюма літарамі.)

– Назавіце гукі, якія могуць падаўжацца? ([з’], [с’], [дз’], [ц’], [л’], [н’], [ж], [ч], [ш].)

– Калі гэтыя гукі могуць падаўжацца? (Паміж галоснымі.)

– Мы працягнем знаёмства з правапісам падоўжаных зычных літар, правіламі пераносу слоў з падоўжанымі зычнымі.

 

 

4 Актуалізацыя ведаў і ўменняў вучняў

4.1 Арфаграфічная размінка

Мэта: паўтарэнне вывучаных правіл на правапіс е, ё, я, у нескладовага, дзялення слоў на склады.

Заданне.

– Уставіць прапушчаныя літары, растлумачыць.

– Назваць словы з падоўжанымі зычнымі.

– Назваць словы, у якіх два склады.

Сыплецца мяккі, пушысты сн..жок,
Белаю ко..драй накры..ся лужок,
Лес нерухома стаіць за с..лом.
Рэчка замо..кла пад то..стым ільдом.

 

4.2 Хвілінка чыстапісання

Мэта: адпрацоўка напісання літар і злучэнняў.

– А зараз мы будзем падарожнічаць па краіне прыгожага пісьма.          

Запіс на дошцы:

цц, нн, жж, шш, чч, зз, аа, сс, ддз, лл
Ласуюцца, карэнне, збожжа.
Дзікі ласуюцца карэннямі раслін.

– Якія літары заблудзіліся? (аа.)

– Што вы можаце сказаць пра астатнія літары? (Падоўжаныя.)

– Запішыце ў сваіх сшытках спалучэнні літар.  

– Прачытайце словы, у якіх сустракаюцца гэтыя літары.

– Ці зразумелыя вам значэнні гэтых слоў?

– Паспрабуем перакласці словы з беларускай на рускую мову.

Збожжа – зерно. Карэнне – корни.  Ласуюцца – лакомятся.

– Спішыце сказ, як яго правільна запісаць? (З чырвонага радка, з вялікай літары, у канцы ставіцца кропка.)

 

4.3 Слоўнікавая работа

Мэта: паўтарэнне правапісу слоўнікавых слоў.

Прыём графіка

Заданне.

1. Прачытай і выпішы 6 слоўнікавых слоў, адно з іх павінна быць з падоўжанай зычнай.

2. З гэтым словам складзі сказ.

Прыём “Снегавы камячок” (кожны вучань дадае па слову)

1. Мяккі – што ці хто можа быць мяккім? (Снег, характар у чалавека, пух, хлеб.)

2. Мяккі снег – што ён робіць? (Ідзе, ляжыць, трашчыць, растае, падае.)

3. Мяккі снег падае – на што ці каго? (На зямлю, дрэвы, дахі дамоў, людзей.)

4. Мяккі снег падае на зямлю калі? (Вечарам, ноччу, раніцай.)

 

5 Этап засваення новых ведаў і спосабаў дзеяння

Мэта: знаёмства з правіламі пераносу слоў з падоўжанымі зычнымі.

Стварэнне праблемнай сітуацыі.

– Разгадаем рэбусы. Запішам адгадкі, падкрэслім у іх літары, якімі перадаюцца падоўжаныя зычныя.

        

– Чытаем правіла на старонцы 114.

– Падзелім словы для пераносу:

навако-лле      навуча-нне        падаро-жжа

навакол-ле      навучан-не        падарож-жа

– А як пераносіць словы з падоўжанымі зычнымі?

– Вынік: словы пераносяцца па-рознаму.

 

6 Этап першаснай праверкі разумення вывучанага

Мэта: праверка ўмення пераносіць словы з падоўжанымі зычнымі.

Работа па падручніку (практыкаванне 249).

Заданне. Выпісаць словы з падоўжанымі зычнымі, падзяляючы іх для пераносу (калектыўная работа).

Вучні выконваюць заданне каля дошкі з тлумачэннем.

 

7 Этап ужывання ведаў і спосабаў дзеяння

Мэта: праверка узроўню замацавання ведаў па тэме дзяленне слоў для пераносу з падоўжанымі зычнымі.

Дыферэнцыраванае заданне.

1-я група. Падзяліць для пераносу словы з падоўжанымі зычнымі.

Падарожжа, ламачча, карэнне, вецце, крылле, жыццё.

2-я група. Уставіць у словах падоўжаныя зычныя, падзяліць іх для пераносу.

Багатае і разнастайнае зялёнае ўбра..е нашай зямлі. Асаблівым хараством вызначаю..а векавыя дубровы Пале..я. Дубы-веліканы дасягаюць трыццаці метраў у вышыню.

3-я група. Утварыць словы з падоўжанымі зычнымі гукамі, падзялі для пераносу.

Узор: адзець – адзенне.
гудзець –
плаваць –
убраць –
навокал –

 

8 Этап кантролю і самакантролю ведаў і спосабаў дзеянняў

Мэта: вызначэнне ступені засваення ведаў па тэме праз выкананне тэставага задання.

Тэст

1. Падкрэслі зычныя, якія ў беларускай мове могуць падаўжацца.

б, з, с, к, л, ж, т, м

2. Падкрэслі словы з падоўжанай зычнай.

Спакой, жыццё, каменне, снег.

3. Падкрэслі словы, якія правільна падзялілі для пераносу.

Калос-се, насенн-е, карэн-не, пыт-анне

 

9 Этап карэкцыі ведаў і спосабаў дзеянняў

Мэта: праверка ведаў па тэме ўрока.

Заданне. Знайдзі і абвядзі словы з падоўжанымі зычнымі, падзялі іх для пераносу

АБЛІЧЧАКАННЕЗАЦІШШАНАВАННЕЗБОЖЖАДАННЕ

 

10 Этап інфармавання пра дамашняе заданне

Мэта: тлумачэнне выканання дамашняга задання.

Практыкаванне 250 (падручнік), уставіць патрэбныя літары.

 

11 Этап падвядзення вынікаў

Мэта: сістэматызацыя ведаў вучняў пра падоўжаныя зачныя і правільны перанос слоў з гэтымі зычнымі.

– Чаму мы вучыліся на ўроку?

– Як пераносіць словы з падоўжанымі літарамі? Запішыце на дошцы кожны любое слова з падоўжанай зычнай, падзеленае для пераносу.

 

12 Этап рэфлексіі

Мэта: праверка эмацыянальнага стану навучэнцаў.

Працягніце сказы:

– Я навучыўся…
– Я не справіўся…
– Было цяжкім для мяне…

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий