Да нас завітала лялька Васіліна. Інтэграваны занятак па адукацыйных галінах “Дзіця і грамадства”, “Выяўленчае мастацтва” (маляванне) для дзяцей сярэдняй групы (4–5 гадоў)

- 17:32ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Фарміраваць уяўленні пра шматфункцыянальнае выкарыстанне старажытнага прадмета (куфар), пра гісторыю яго з’яўлення і змянення.

 

Марына КАСПЯРОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 4 г. Смаргоні,
Гродзенская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць уяўленні пра шматфункцыянальнае выкарыстанне старажытнага прадмета (куфар), пра гісторыю яго з’яўлення і змянення;
– удакладніць уменне правільна называць прадметы рукатворнага свету з дапамогай дарослага разумець змест прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва;
– працягваць фарміраваць уменне нанасіць дэкаратыўныя элементы (кветкі, лісце), стымуляваць жаданне выбіраць тэхніку малявання “цацкавання” (пячаткамі з бульбы) і “фляндроўкі” (з дапамогай відэльца), выкарыстоўваць колер, як сродак выразнасці;
– развіваць цікавасць да выяўленчай дзейнасці (малявання), мастацкага эксперыментавання;
– выхоўваць эмацыянальна пазітыўнае стаўленне да роднага горада і Рэспублікі Беларусь.

Матэрыял і абсталяванне: лялька Васіліна, куфар, беларускае нацыянальнае адзенне: сукенка, спадніца, камізэлька, фартух, кашуля, штаны, посуд: імбрык, сподак, кубак, лыжка; абрус, падушка, коўдра, карткі для запаўнення інтэлектуальнай карты: куфар, ложак, канапа, крэсла, зэдлік, стол, шафа, камод; два мальберта, талеркі з гуашшу зялёнага, чырвонага, блакітнага, жоўтага і аранжавага колеру, відэльцы, пячаткі з бульбы ў выглядзе кветкі і ліста, сурвэткі, лісты паперы А1 з выявай вазы, аўдыязапіс песні “Купалінка” (мінусоўка), музычны цэнтр, пачастунак (пернікі ў выглядзе кветак).

Папярэдняя работа: праведзены гутаркі “Мая Радзіма Беларусь”, “Горад Смаргонь”, разгледжаны альбомы “Беларускі нацыянальны строй”, “Мая малая Радзіма”, арганізаваны і праведзены дыдактычныя гульні “Складзі ўзор”, “Расставім мэблю ў пакоі Янкі”, адбылася сюжэтна-ролевая гульня “Магазін адзення”.

 

Ход занятку

Дзеці свабодна стаяць на дыване.

Выхавальнік.

Добры дзень, вітаю!
На занятак запрашаю,
Хай занятак будзе плённым
І цікавым, і натхнёным,
Поспехаў я вам жадаю,
Калі што – я паспрыяю!

Сёння да нас на занятак завітала лялька Васіліна. (Выхавальнік паказвае ляльку, апранутую ў беларускі нацыянальны строй.)

Лялька Васіліна. Вітаю, вас, дзеці.

Дзеці. Вітаем, Васіліна.

Выхавальнік. Дзеці, як вы лічыце, Васіліна – жыхар якой краіны? (Беларусі) Чаму вы так думаеце? (Яна апранута ў беларускі нацыянальны строй, і ў яе беларускае імя, і павіталася яна на беларускай мове). Як вы думаеце, Васілінка завітала да нас з мінулых часоў, ці яна сучасная дзяўчынка? (З мінулых часоў) Чаму вы так вырашылі? (Так апраналіся ў даўніну) Дзе цяпер беларускі нацыянальны строй можна ўбачыць? (У музеях, кіно, на святах, на канцэртах, у кнігах з беларускімі народнымі казкамі).

Лялька Васіліна.

Я – дзяўчынка-беларуска
З васільковымі вачыма,
Хоць малая,
Але знаю:
Беларусь –
Мая Радзіма.
          (Леанід Пранчак)

Якая назва ў вашай Радзімы? (Беларусь) А вось я жыву ў беларускай вёсцы Агова. А ваш дзіцячы садок знаходзіцца ў вёсцы ці ў горадзе? (У горадзе Смаргонь). Мне вельмі прыемна гасціць у вашым горадзе, у вашым дзіцячым садку, але больш за ўсё мяне ўразіла тое, што ў вашай групе ёсць рэч, якую зрабілі ў маёй весцы Агова. Вам цікава даведацца, пра што ідзе гаворка? (Так).

Дзеці сядаюць на крэслы каля дывана. Васіліна паказвае куфар з вескі Агова.

Лялька Васіліна. Дзеці, вы ведаеце, для чаго ў кожнай беларускай хаце ў даўніну быў куфар? (Адказы дзяцей)

Выхавальнік. Не, Васіліна, мы дакладна не ведаем, можа ты нам дапаможаш даведацца?

Лялька Васіліна. Так, абавязкова дапамагу. Давайце адчынім куфар і зазірнём, што там знаходзіцца.

Васіліна адчыняе куфар і дастае адзенне, дзеці яго называюць: сукенка, спадніца, камізэлька, фартух, кашуля, штаны (нагавіцы).

Выхавальнік. Цяпер нам стала зразумела, у куфар раней складалі адзенне.

Лялька Васіліна. А дзе цяпер вы захоўваеце адзенне? (У шафе, камодзе)

Дзеці на мальберце ствараюць інтэлектуальную карту на магнітах “Куфар і яго сучасныя аналагі”.

А яшчэ куфар мог спатрэбіцца, калі б мне захацелася пасядзець. (Лялька сядае на куфар.)

На чым сядзяць сучасныя людзі? (На крэслах, на зэдліках)

Дзеці выкладаюць на інтэлектуальную карту выявы крэсла, зэдліка.

Лялька засцілае куфар абрусам, ставіць посуд.

Выхавальнік. Вось так дзіва? Што Васіліна паклала на куфар? (Абрус, імбрык, сподак, кубак, лыжку). Мабыць, збіраецца піць гарбату.

Лялька Васіліна. Так, а якая мэбля неабходна вам у час снядання, абеду, вячэры? (Стол)

Дзеці на інтэлектуальную карту выкладваюць выяву стала.

Выхавальнік. Пакуль Васіліна будзе піць гарбату, мы з вамі адпачнём.

Фізхвілінка

Сонца рана-рана ўстала.
На зарадку заклікала:
– Гэй, выходзьце з хаты ўсе,
Пакланіцеся расе!
Да мяне вы дацягніцеся,
Ды да сябра нахіліцеся,
А цяпер вось – рукі ў бокі,
Хутка пусцімся ў скокі!
Пачынай лічыць хутчэй,
Рукі развядзі шырэй.
Потым, быццам на гармоніку,
Зайграй хуценька “Лявоніху”.
І раз, і два, і раз, і два,
У бок схіліся галава.
Плечы ўверх, плечы ўніз,
Пакружыся, пакружыся.
Потым сядзь і адпачні,
Сябру ў вочы зазірні.
Ад усмешкі не ўхіляйся,
Сябру весела ўсміхайся.

Лялька на куфар кладзе падушку і коўдру.

Выхавальнік. Васіліна, ты нас зноў здзівіла, няўжо ты збіраешся на куфры спаць?

Лялька Васіліна. Чаму бы і не, калі куфар доўгі і шырокі, то на ім зручна спаць.

Выхавальнік. Вось у чым справа. А на чым, дзеці, мы прызвычаіліся спаць? (На ложку, на канапе)

Дзеці на інтэлектуальную карту выкладваюць выявы ложка, канапы.

Лялька Васіліна. Вось бачыце, які карысны і неабходны ў жыцці беларусаў у даўнія часы быў куфар. Якія прадметы мэблі ён мог замяніць? Але больш за ўсе мяне прываблівае тое, што ён вабіць вока сваім неверагодным упрыгожваннем.

Выхавальнік. Так, Васілінка, і нам падабаецца, як размаляваны куфар. Дзеці, якія элементы ўпрыгожвання вы заўважылі? (Кветкі, букеты з кветак, лісты, ягады, хвалістыя лініі) Я разам з Васілінкай вас навучу маляваць такія букеты, як іх малявалі раней жыхары вёскі Агова.

Дзеці падыходзяць да мальберта, дзе замацаваны ліст паперы з выявай вазы.

Хвалістыя лініі мы будзем маляваць відэльцам, такі прыём агоўскія майстры называлі фляндроўка. Пакладу відэлец у зялёную фарбу, лішак фарбы зніму аб край талеркі, прыкладу відэлец да рыльца вазы і намалюю хвалістыя лініі – гэта сцяблінкі кветак. Каб намаляваць кветкі, Васіліна зрабіла з бульбіны вось такі штамп кветкі, які ў вёсцы Агова называлі цацка. Пакладу цацку ў блакітную фарбу, лішак таксама зніму аб край талерачкі і пачну штампаваць кветкі ля сцяблінак – гэты метад называецца цацкаванне. Не хапае толькі лісця. Я яго намалюю таксама пры дапамозе цацкавання.

Падышоў час і вам паспрабаваць намаляваць букеты такім незвычайным спосабам.

А каб у нас усё атрымалася, выканаем практыкаванне для нашых памочнікаў-пальчыкаў.

Пальчыкавая гульня

Пяць пальцаў на руцэ тваёй,
Як кожнага завуць,
Засвой.
Пястук –
Усіх братоў пастух,
Ён першы пачынае рух.
Ківун – ён грозна робіць кіў,
Каб кепскага  ты не рабіў.
Даўгай –
За ўсіх даўжэй, таму
“Дапамагай!” – крычаць яму.
Пярсцец –
Ён порсткі правяраць,
Пярсцёнкі любіць прымяраць.
І мезенчык
Мяншун, які
Склікае пальцы ў кулакі.
Пяць пальцаў –
Дружная радня.
Усіх трымае даланя.
                   (Рыгор Барадулін)

Дзеці сядаюць за сталы з прыладамі для малявання. Высвятляюць, якога колеру фарбы прыгатаваны для малявання. Малююць пад спакойную народную мелодыю. У працэсе малявання выхавальнік дашкольнай адукацыі звяртае ўвагу на паслядоўнасць выканання працы, на размяшчэнне кветкавай кампазіцыі ў цэнтры ліста паперы, адзначае акуратнасць працы.

Выхавальнік. Якія прыгожыя букеты кветак атрымаліся. Калі ў вас запытаюцца: “Дзе вы бачылі гэтыя кветкі?” – што вы адкажаце? (На куфры з вёскі Агова)

Лялька Васіліна. Дзеці, вы сапраўдныя чараўнікі. Вы ператварылі кветкі з куфра ў сапраўдныя букеты. Гледзячы на вас, і мне захацелася стаць чараўніцай і ператварыць агоўскія кветкі ў пачастункі.

Васіліна частуе дзяцей пернікамі ў выглядзе кветак. Дзеці дзякуюць і развітваюцца.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий