Музычны занятак для дзяцей сярэдняй групы.
Наталля ПЯЦЭВІЧ,
музычны кіраўнік
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. Масты”
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы:
– навучыць дзяцей адрозніваць характар музыкі (радасны, вясёлы, сумны, злосны);
– дакладна інтанаваць мелодыю песні, перадаючы напрамак яе руху і рытмічны малюнак;
– развіваць уменне рухацца ў адпаведнасці з характарам музыкі;
– гуляць у музычныя гульні пад спевы, выконваць парныя, вобразныя танцы;
– развіваць пачуццё рытму, творчае ўяўленне;
– выхоўваць эмацыйную спагадлівасць на музыку.
Матэрыял і абсталяванне: дыдактычная гульня «Настрой сонейка», дзіцячыя музычныя інструменты (драўляныя палачкі, металафоны), ілюстрацыя да распеўкi, малюнак сонейка, хмаркі, сонечныя праменьчыкі, музычны цэнтр, кошык, хустачка, вожык, блакітныя стужкі, аўдыязапісы (“Раніца” Э.Грыга, “Марш”, “Полька” П.Чайкоўскага, «Баба-Яга» П.Чайкоўскага, «Полька-Янка” бел. нар. мел., «Сумная мелодыя » А.Гнесінай).
Ход занятку
Дзеці ўваходзяць у залу пад запіс Э.Грыга “Раніца”
Дзеці, давайце з вамi павiтаемся па-музычнаму.
Музычнае прывітанне “Добрай ранiцы!”
(У педагога музычная імправізацыя, дзеці ў адказ спяваюць на гуках танічнага трохгучча ў сыходным руху)
Педагог. Мы да музыкі ў госці прыйшлі…
Дзеці. Добрай раніцы!
Педагог. Вельмі весела сёння прыйшлі…
Дзеці. Добрай раніцы!
Педагог. Будзем з вамі спяваць, танцаваць…
Дзеці. Добрай раніцы!
Педагог. І ў музычныя гульні гуляць!
Дзеці. Добрай раніцы!
А зараз адправiмся на прагулку, а павядзе нас туды музычная дарожка.
Ну што, гатовыя?
Iдзём бадзёра па шырокай дарозе.
(Пад гучанне марша дзеці крочаць адзін за адным).
Дарога скончылася. Наперадзе купiны, будзем праз iх скакаць.
(Пад гучанне полькі дзецi выконваюць падскокi).
Засталося нам трошкі, толькі перайсці праз масток.
(Дзеці выконваюць прыстаўны крок)
Вось і прыйшлі мы на палянку. Ой, глядзіце, тут кошык. Чамусьці ён накрыты хустачкай… Трэба яе зняць. Набяром паветра носікам і праз рот будзем моцна дзьмуць. (Паўтарыць 3–4 разы.)
У кошыку сядзiць вожык, якi расказаў, што нешта здарылася з сонейкам: у яго кожную хвіліну мяняецца настрой, то ён вясёлы, то сумны. Трэба сонйку дапамагчы. Вы згодны? (Адказы дзяцей) Добра, а на чым мы адправімся да сонейка? (Адказы дзяцей)
Я прапаную адправіцца на коніку. Трымайце драўляныя палачкі.
Ігра на музычных інструментах “Едзем мы на конiку”
Едзем мы на коніку |
Рытмічна адбіваць моцную долю драўлянымі палачкамі па падлозе, па чарзе адной і другой палачкай |
Но-но-но! |
Стукаюць адной палачкай аб другую ў паветры |
Едзем мы на шэранькім |
Рытмічна адбіваць моцную долю драўлянымі палачкамі па падлозе, па чарзе адной і другой палачкай |
Но-но-но! |
Стукаюць адной палачкай аб другую ў паветры |
Едзем, едзем мы ў горад |
Рытмічна адбіваць моцную долю драўлянымі палачкамі па падлозе, па чарзе адной і другой палачкай |
Цок-цок-цок! |
Стукаюць адной палачкай аб другую ў паветры |
Звонка цокаюць падковы |
Рытмічна адбіваць моцную долю драўлянымі палачкамі па падлозе, па чарзе адной і другой палачкай |
Цок-цок-цок! |
Стукаюць адной палачкай аб другую ў паветры |
Я прапаную вам упрыгожыць гэтую песеньку ігрой на металафонах.
(2–3 жадаючыя іграюць на металафоне, астатнія працягваюць адбіваць рытмічны малюнак драўлянымі палачкамі)
Дзеткі, сонейка схавалася за хмарку, і незразумела, якое сонейка: вясёлае ці сумнае. Нам падкажа музыка. Калі вы правільна вызначыце настрой музыкі, то і даведаецеся, якое сёння сонейка: вясёлае ці сумнае.
Дыдактычная гульня «Настрой сонейка»
Матэрыял: карткі з выявай сонейка з розным эмацыйным станам: вясёлае, сумнае, злоснае. Музычныя п’есы з розным настроем: «Баба-Яга»
П.Чайкоўскага, «Полька-Янка» бел. нар. мел., «Сумная мелодыя » А.Гнесінай.
Ход гульні: Выхаванцы слухаць музычныя п’есы і падымаць карткі з адпаведным настроем сонейка.
Пасля правядзення дыдактычнай гульні педагог здымае з мальберта хмарку, дзеці бачаць сонейка без праменьчыкаў.
Паглядзіце ўважліва, што не так з сонейкам? Чаго не хапае? (Адказы дзяцей) Правільна, не хапае праменьчыкаў, яны чамусьці разбегліся. Як думаеце, чаму? (Адказы дзяцей). Сонейка засумавала, а калі мы развесялім яго, праменьчыкі вернуцца. Давайце песеньку праспяваем. Толькі спачатку трэба разбудзіць голас.
Распеўка «Ліса і верабей» (музыка А.Яўтодзьевай)
Пасля кожнага выкананага задання з’яўляецца сонечны праменьчык, які прымацоўваюць на мальберце пры дапамозе магніта.
Мы з вамі падрыхтаваліся да спеваў. А зараз я прапаную вам паслухаць музычны ўступ і даведацца песню.
Песня “Песенька коціка” (Д.М.Даўгалёў, У.Г.Пецюкевіч)
Давайце пакажам сонейку, як мы ўмеем весела танцаваць.
Парны танец «Капрызныя танцоры» (“Iтальянская полька”, музыка С.Рахманінава)
Добра спяваеце, добра танцуеце. А ў вожыка ў кошыку блакітныя стужкі ляжаць, прапаную з імі пайграць!
Гульня «Дожджык» (Н.Левіна)
Кап-кап, кап-кап |
Дзеці стаяць па крузе, «дожджык» ходзіць у цэнтры круга, падтрасаючы ў іх бок блакітнымі стужкамі і спявае |
Пад любую вясёлую музыку дзеці бегаюць урассыпную, «дожджык» спрабуе іх «намачыць», дакранаючыся стужкамі. Па заканчэнні музыкі ўсе спыняюцца, і дзеці, да якіх дакрануўся «дожджык», падымаюць уверх руку. Разам лічаць колькасць «змоклых пад дажджом».
Пасля гульні звярнуць увагу дзяцей на тое, што ўсе праменьчыкі вярнуліся да сонейка і яно цяпер весела ззяе.
Малайцы, дзеці, вы дапамаглі сонейку. Цяпер яно заўжды будзе нам свяціць, і ўсім будзе весела. Зараз пара ў дзіцячы сад, а мне хацелася б спытаць: “Ці спадабалася вам прагулка? Які настрой быў у сонейка? Як вы яму дапамаглі? А якi настрой у вас? (Адказы дзяцей) Вы вельмі добра справіліся, вы проста малайцы! Да пабачэння!”