Плануецца, што пасля заканчэння ўрока будуць абагульнены і сістэматызаваны веды вучняў па тэме і сфарміраваны ўменні і навыкі рашаць розныя віды лагарыфмічных ураўненняў рознай ступені цяжкасці.
Святлана КАНДЗЯРЭШКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце,
настаўнік матэматыкі
ДУА “Пінкавіцкая сярэдняя школа імя Якуба Коласа”
Пінскага раёна,
Брэсцкая вобласць
Тэма: “Лагарыфмічныя ўраўненні. Рашэнне лагарыфмічных ураўненняў”.
Тып урока: урок абагульнення і сістэматызацыі ведаў.
Мэта: плануецца, што вучні будуць выкарыстоўваць розныя метады, прыёмы, алгарытмы для рашэння лагарыфмічных ураўненняў і прымяняць іх у нестандартных сітуацыях.
Задачы
Адукацыйныя:
– стварыць умовы для актуалізацыі ведаў аб лагарыфме і яго ўласцівасцях, лагарыфмічнай функцыі і яе ўласцівасцях;
– актуалізацыі ведаў аб лагарыфмічных ураўненнях і метадах іх рашэння;
– фарміравання навыкаў і ўменняў рашаць розныя віды лагарыфмічных ураўненняў;
Развіваючыя:
– стварыць умовы для развіцця пазнавальных працэсаў – увагі, мыслення, умення прымяняць веды ў незнаёмай сітуацыі.
– актыўнага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, фарміраваць уменне працаваць у камандзе, прадстаўляць сваю думку і слухаць іншых.
Выхаваўчыя:
– стварыць умовы для выхавання любві да прадмета праз змест вучэбнага матэрыялу ўрока, метадаў навучання;
– выхавання акуратнасці пры афармленні задач, працаздольнасці;
– выхавання самастойнасці.
Дэманстрацыйнае абсталяванне: класная дошка, лісты для самастойнай работы, мультыборд, прэзентацыя.
Дэвіз урока: “Чым больш я ведаю, тым больш я ўмею”.
Ход урока
1 Арганізацыйны момант (1 мін.)
Дыдактычная задача этапа: падрыхтаваць навучэнцаў да работы на ўроку.
– Добры дзень, паважаныя вучні. Звярніце ўвагу на дэвіз нашага ўрока. Як вы разумееце дадзенае выказванне?
2 Праверка дамашняга задання (5 мін.)
Дыдактычная задача этапа: устанавіць правільнасць і асэнсаванасць выканання дамашняга задання вучнямі, выявіць існуючыя прабелы ў ведах.
– Параўнайце свае адказы з адказамі, якія запісаны на дошцы. Знайдзіце памылкі, калі яны ёсць.
№ 3.182 (а), № 3.183 (а), № 3.185 (Дадатак 1).
3 Паведамленне тэмы і мэты ўрока (2 мін.)
Дыдактычная задача этапа: стварыць умовы для самастойнай фармуліроўкі мэты ўрока вучнямі.
– Лагарыфмы маюць вельмі важнае значэнне для інжынераў, астраномаў, штурманаў і тых, каму прыходзіцца весці даволі вялікія вылічэнні. Французскі матэматык і астраном Лаплас сказаў, што вынаходніцтва лагарыфмаў скараціла вылічэнні некалькіх месяцаў у работу некалькіх дзён, тым самым як быццам падвоіла жыццё астраномаў.
– Мы заканчваем вывучэнне тэмы “Лагарыфмічныя ўраўненні”. Давайце сфармулюем мэту на сённяшні ўрок.
4 Актывізацыя ведаў. Паўтарэнне вывучанага матэрыялу (6 мін.)
Дыдактычная задача этапа: глыбока і ўсебакова праверыць тэарэтычныя веды вучняў. Для праверкі разумення і ўмення прымяняць тэорыю на практыцы навучэнцам прапануецца выканаць заданні матэматычнага дыктанта.
– На папярэдніх уроках мы знаёміліся з лагарыфмічнымі ўраўненнямі і адпрацоўвалі навык іх рашэння.
– Што значыць рашыць ураўненне? (Знайсці ўсе яго карані або даказаць, што ўраўненне не мае рашэння.)
– Што такое корань ураўнення? (Значэнне зменнай, пры якім ураўненне пераўтвараецца ў правільную лікавую роўнасць.)
– Якое ўраўненне называецца лагарыфмічным? (Ураўненне, у якім зменная знаходзіцца пад знакам лагарыфма.)
– Успомнім, якія метады рашэння лагарыфмічных ураўненняў мы вывучалі?
Складанне гекса.
– А зараз для праверкі ўмення прымяняць тэорыю на практыцы прапаную выканаць матэматычны дыктант (Дадатак 2).
– А зараз абмяняемся сшыткамі і правядзём узаемаправерку.
Варыянт 1 – 131313433
Варыянт 2 – 23243414
5 Практычнае прымяненне ведаў (25 мін.)
Дыдактычная задача этапа: рашыць лагарыфмічныя ўраўненні, прымяняючы розныя спосабы рашэння лагарыфмічных ураўненняў.
Работа ў групах
– Сёння ў цэнтры нашай увагі будуць ураўненні. Я прапаную кожнай пары рашыць лагарыфмічнае ўраўненне. (Заданні з дыягнастычных матэрыялаў па тэме “Лагарыфмічныя ўраўненні”, серыі “Кампетэнтнасны падыход”. Дадатак 3)
– Закончылі работу і параўнаем сваё рашэнне ўраўнення з прапанаваным рашэннем.
Фізкультмінутка
Паняцце лагарыфма вельмі цесна звязана з астраноміяй, якую вы ўжо вывучаеце. Таксама існуе такое паняцце, як лагарыфмічная спіраль – гэта плоскія крывыя лініі, якія шматразова абходзяць адзін з пунктаў на плоскасці, які называецца плюсам спіралі. Лагарыфмічная спіраль мае бясконца многа віткоў і пры скручванні і пры раскручванні.
Зараз неабходна вачыма прасачыць віткі гэтай спіралі па два разы на скручванне і раскручванне.
Рашэнне сістэмы лагарыфмічных ураўненняў каля дошкі
– Акрамя ўраўненняў мы з вамі разглядалі яшчэ і сістэмы лагарыфмічных ураўненняў. Зараз мы рашым сістэму лагарыфмічных ураўненняў.
№ 3.164 (г)
Самастойная работа
– Сёння на ўроку мы паўтарылі рашэнне лагарыфмічных ураўненняў. І зараз я прапаную вам выканаць самастойную работу (Дадатак 4).
6 Падвядзенне вынікаў урока (2 мін.)
Дыдактычная задача этапа: даць аналіз і ацэнку паспяховасці дасягнення мэты і назначыць перспектыву наступнай работы.
– Давайце ўспомнім мэты, якія мы ставілі ў пачатку ўрока. Ці дасягнулі мы пастаўленых мэт?
7 Рэфлексія (3 мін.)
Дыдактычная задача этапа: мабілізацыя навучэнцаў на рэфлексію сваіх паводзін (матывацыя, спосабы дзейнасці). Засваенне прынцыпаў самарэгуляцыі і супрацоўніцтва.
Прыём “Рэфлексіўная мішэнь”
Вучням неабходна “выстраліць у мішэнь”, ацаніць сваю дзейнасць, дзейнасць настаўніка, актыўнасць на ўроку і разуменне матэрыялу ўрока.
8 Дамашняе заданне (1 мін.)
Дыдактычная задача этапа: забяспечыць разуменне мэты, зместу і спосабаў выканання дамашняга задання. Праверка адпаведных запісаў.
Р. 3, § 9, № 3.189, № 3.191.