Гульня “Трыміно”. Як зацікавіць вучняў на ўроках беларускай літаратуры і ў гульнявой форме праверыць чытацкую пісьменнасць

- 16:34II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Беларуская мова і літаратура. Матэрыялы да ўрокаў

Універсальная гульня “Трыміно” з’яўляецца актыўным прыёмам навучання, візуалізацыяй матэрыялу, праверкай чытацкай пісьменнасці, інтэрактыўнай формай работы.

Таццяна ТРОЦКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА Арэхаўская сярэдняя школа імя Ю.В.Смірнова Аршанскага раёна,
Віцебская вобласць

 

 

У сучаснай школе ўрокі часта ператвараюцца ў накапленне тэарэтычных звестак, вучні пры гэтым не ўсведамляюць, для чаго яны набываюць веды. Менавіта гульнявыя формы работы дазваляюць уздзейнічаць на пачуцці вучняў, ствараюць станоўчы настрой, дапамагаюць настаўніку актывізаваць працэс навучання, зрабіць яго камфортным і цікавым для вучняў.

Прыкладам такой гульнявой формы работы з’яўляецца “Трыміно”. Гэта ўніверсальная гульня, якую можна правесці на любым уроку, факультатыўным занятку, пазакласным мерапрыемстве. Каб пазбегнуць традыцыйнай франтальнай работы пры паўтарэнні або замацаванні матэрыялу і задзейнічаць усіх навучэнцаў, у час гульні прымяняецца работа ў групах або парах.

Усім вядома гульня “Даміно”, дзе трэба спалучыць дзве грані розных картак. У “Трыміно” выкарыстоўваюцца тры грані. Вучням прапануюцца трохвугольныя карткі, на кожнай грані якіх ёсць інфармацыя. Пры супастаўленні гэтай інфармацыі атрымліваецца фігура. Памер і форма гэтай фігуры залежаць ад аб’ёму матэрыялу, які трэба праверыць або паўтарыць.

Дзякуючы сучасным тэхналогіям, настаўнікі могуць свае матэрыялы зрабіць гульнёй “Трыміно” з дапамогай рэсурсу Tarsia Maker. Для гэтага дастаткова па спасылцы https://www.tarsiamaker.co.uk/ зайсці на рэсурс і ўставіць свой матэрыял. Пасля спампаваць гатовую фігуру ў фармаце pdf, раздрукаваць і разрэзаць на маленькія трохвугольнікі. Рэсурс Tarsia Maker прапаноўвае чатыры фігуры для гульні: два трохвугольнікі (9 і 16 маленькіх трохвугольнікаў) і два ромбы (10 і 24 маленькіх трохвугольнікаў). Памер фігур выбіраецца ў залежнасці ад колькасці падрыхтаваных пытанняў: чым больш пытанняў, тым большая па памеры атрымліваецца фігура.

Пасля заданне правяраецца настаўнікам або вучнямі-кансультантамі. Важная не толькі хуткасць выканання задання, а і разуменне матэрыялу, які паўтараецца або правяраецца.

Калі традыцыйна заданні на ўроках беларускай літаратуры па праверцы чытацкай пісьменнасці прымяняюцца ў выглядзе віктарыны, крыжаванкі, табліцы, то заданне, зробленае ў выглядзе гульні “Трыміно”, будзе нестандартным, цікавым і з’яўляцца візуалізацыяй матэрыялу.

Пасля выкарыстання “Трыміно” на занятках настаўнік можа прапанаваць навучэнцам у якасці індывідуальных заданняў па іншых тэмах стварыць свае варыянты такой гульні. Гэта дае магчымасць не толькі атрымаць добрую адзнаку, а і паказаць чытацкую пісьменнасць па новым матэрыяле або матэрыяле, прапанаваным для паўтарэння.

Магчымыя варыянты гульні “Трыміно” на ўроках беларускай літаратуры:

– пісьменнікі – творы,

– пісьменнікі – зборнікі,

– пісьменнікі – псеўданімы,

– звесткі з біяграфіі – пісьменнікі,

– героі – творы,

– творы – цытаты,

– творы – жанры,

– віды лірыкі – вершы і г.д.

Прыклады заданняў можна паглядзець па QR-кодах (Дадатак 1).

У сувязі з увядзеннем у праграму 11-га класа па беларускай літаратуры рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі” для праверкі чытацкай пісьменнасці навучэнцаў мною распрацаваны наступныя заданні ў выглядзе гульні “Трыміно”:

– суаднясіце факты па змесце твора (Дадатак 2).

– знайдзіце адпаведнасць паміж героямі твора і іх заняткамі (прафесіямі) (Дадатак 3).

Прымяняць такую форму работы можна не толькі на ўроках літаратуры. Любая інфармацыя, закладзеная ў гульню “Трыміно”, можа выкарыстоўвацца для замацавання, паўтарэння і ўвядзення новага матэрыялу на любым уроку, па любым прадмеце. Гэта могуць быць правілы, формулы, даты, пераклад слоў.

Гульня “Трыміно” з’яўляецца актыўным прыёмам навучання, візуалізацыяй матэрыялу, праверкай чытацкай пісьменнасці, інтэрактыўнай формай работы. А для вучняў – магчымасцю ў гульнявой форме паказаць свае веды, зацікавіцца матэрыялам вывучаемага прадмета, нестандартна папрацаваць на ўроку або факультатыўным занятку; а рэсурс Tarsia Maker дазваляе без складанасцей распрацаваць такую гульню як настаўнікам, так і навучэнцам.

 

Дадатак 1

 

 Пісьменнікі – псеўданімы

 Факты з біяграфіі – пісьменнікі

 

Дадатак 2

Суаднясіце факты па змесце твора.

 

Дадатак 3

Знайдзіце адпаведнасць паміж героямі твора і іх заняткамі (прафесіямі).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий