Сказ як сінтаксічная адзінка. Тыпы сказаў паводле мэты выказвання і інтанацыйнага афармлення. Простыя і складаныя сказы. Развітыя і неразвітыя сказы. урок беларускай мовы ў 8-м класе

- 11:26II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Адукацыйная задача: узнавіць і актуалізаваць звесткі пра будову, значэнне і ролю сказа ў маўленні; тыпы сказаў паводле мэты выказвання.

Крысціна МАШЛЯКЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 9 г. Пінска”,
Брэсцкая вобласць

 

 

Мэта: мяркуецца, што напрыканцы ўрока вучні

будуць ведаць тыпы сказаў паводле мэты выказвання, інтанацыйнага афармлення;

будуць умець вызначаць тыпы сказаў паводле мэты выказвання, інтанацыйнага афармлення, аналізаваць іх сэнсавую структуру.

Задачы

Адукацыйная: узнавіць і актуалізаваць звесткі пра будову, значэнне і ролю сказа ў маўленні; тыпы сказаў паводле мэты выказвання.

Развіццёвая: развіваць уменне аналізаваць сэнсавую структуру сказа, яго камунікатыўную ўстаноўку.

Выхаваўчая: выхоўваць у вучняў чалавечнасць.

Тып урока: камбінаваны.

Метады навучання: часткова-пошукавы, праблемны, наглядны.

Абсталяванне: вучэбны дапаможнік па беларускай мове для 8-га класа, кластар для запаўнення, карткі-заданні, запіс на дошцы.

Эпіграф да ўрока: “Палюбі чалавека, зразумей чалавека, памажы чалавеку, калі ты чалавек” (Раман Тармола-Мірскі).

 

Ход урока

І Арганізацыйны момант. Стварэнне эмацыянальнага настрою

– Дзень добры, дарагія вучні! Які ў вас настрой? Старажытныя грэкі казалі, што добры настрой – гэта палова перамогі. Таму ўсміхніцеся адзін аднаму.

Зварот да эпіграфа.

– Як вы разумееце словы эпіграфа? Чаму ён вучыць вас?

– Так. Любіць людзей, не прайсці міма, калі хтосьці ў бядзе, нікога не крыўдзіць, уступіць месца ў аўтобусе састарэламу чалавеку, дапамагчы бабульцы, паднёсшы торбу з прадуктамі да яе хаты, пакарміць бяздомных жывёл.

 

ІІ Паведамленне тэмы і мэты ўрока

– А зараз давайце запішам дату і тэму ўрока і разам сфармулюем мэты:

– успомню…
– буду ўмець…
– буду ведаць…

– Такім чынам, сёння мы з вамі прадоўжым работу па раздзеле “Сінтаксіс і пунктуацыя” і пачнём вывучаць просты сказ. Каб пачаць вывучэнне новай тэмы, нам неабходна ўзнавіць атрыманыя веды.

 

ІІІ Тлумачэнне новага матэрыялу

– Успомніце, калі ласка, што такое сказ.

– Чым адрозніваецца сказ ад словазлучэння?

– А цяпер паспрабуем узнавіць веды пра тыпы сказаў паводле структуры, мэты выказвання і інтанацыі, наяўнасці даданых членаў.

– Звяртаемся да падручніка на старонках 65–66. Складаем кластар.

Вучні спрабуюць самастойна, далей праводзіцца калектыўная праверка.

– Якой інфармацыі няма ў падручніку? (Развітыя і неразвітыя сказы.)

– Як вы думаеце, дзе вы можаце скарыстацца сваімі кластарамі? (Пры характарыстыцы сказа, пры выкананні поўнага сінтаксічнага разбору сказа.)

 

ІV Замацаванне

1. Практыкаванне 88 (вусна).

2. Практыкаванне 87 (пісьмова).

 

Зрокавая фізкультхвілінка

 

3. Работа па картках (у парах)

Спішыце прыказкі, раскрываючы дужкі і ўстаўляючы прапушчаныя літары. Якая павучальная думка схавана ў кожнай прыказцы?

1) (Не) навучышся, пакуль (не) памучышся. 2) Умей сказаць – умей зма..чаць. 3) За сто работ б..рэцца, а ні адна (не) ўдаецца. 4) Н..ма лепшай хаткі, як у роднай ма..кі.

4. Заданне ля дошкі

Запішыце сказы і падкрэсліце граматычную аснову. Вы павінны даць характарыстыку гэтым сказам, карыстаючыся кластарам.

1) Квітнелі вяргіні і астры.

2) Беражыце, шануйце і любіце сваіх матуль.

3) Колькі радасці прыносіць нам цікавая кніга!

4) Ці прачытаеш ты думку ў вачах роднага чалавека?

 

V Падвядзенне вынікаў і сістэматызацыя ведаў

Зварот да задач

– Назавіце асноўныя адзінкі сінтаксісу.

– На якія віды падзяляюцца сказы па мэце выказвання?

– Якія сказы бываюць па інтанацыі? 

Зварот да эпіграфа

– Давайце яшчэ раз звернемся да эпіграфа. Запішыце яго ў сшыткі.

– Перачытайце эпіграф. Які гэта сказ па мэце выказвання?

– Любіце адзін аднаго, дапамагайце адзін аднаму, спачувайце ў цяжкую хвіліну, і тады вас у жыцці чакае поспех – поспех у званні “сапраўднага чалавека”.

 

VІ Дамашняе заданне

§ 11, пр. 90.

 

VІІ Рэфлексія

Ацані сябе:

– справіўся (+)
– сумняваюся (?)
– не справіўся (–)

 

VІІІ Выстаўленне адзнак з каменціраваннем

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий