Забава накіравана на далучэнне дзяцей да здаровага ладу жыцця, нацыянальнай культуры праз беларускую мову, музычныя творы, вершы і гульні.
Наталля ЗЕНЬКОВІЧ, музычны кіраўнік,
Людміла РОТНАВА, кіраўнік фізічнага выхавання,
ДУА “Дзіцячы сад № 33 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць
zenkovich78@mail.ru
Праграмныя задачы:
– развіваць эмацыянальную чуласць да музыкі;
– фарміраваць у дзяцей устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю, заахвочваць дзяцей да самастойных выказванняў на беларускай мове пра здаровы лад жыцця;
– фарміраваць уменні правільна выконваць асноўныя рухі, культуру міжасобасных зносін у рухальнай дзейнасці;
– фарміраваць уменні музіцыраваць у ансамблі, рухацца лёгка, пластычна, выразна па аднаму і ў парах, у розных тэмпах;
замацаваць навык спеваў у адпаведнасці з музычным вобразам;
выхоўваць пачуццё любові да Радзімы, гонару за яе.
Матэрыял і абсталяванне: макет беларускай хаткі, ручнікі з беларускім арнаментам, абрус, “прылаўкі”, выстава вырабаў (з гліны (гарлачыкі, міскі, талеркі, свістулькі), дрэва, саломкі), самаробныя цацкі для дзяцей, дзіцячыя беларускія нацыянальныя касцюмы, дзіцячыя музычныя інструменты (бубны, лыжкі, дудкі, маракасы), карусель са стужкамі, 2 патэльні, аладкі з тканіны для гульні, 2 кошыкі, бульба для гульні, канат, музычныя запісы беларускіх народных мелодый (“Крыжачок”, “Бульба”, “Мікіта”, “Лявоніха”).
Дзеючыя героі: Вядучы, Несцерка, Вясна (дарослыя).
Папярэдняя работа: развучванне прыказак, вершаў, песень, гульняў, эстафет, гутарка пра здароўе.
Ход мерапрыемства
Зала святочна ўпрыгожана ў беларускім стылі: стаіць дом, на сцяне вісяць ручнікі з беларускім арнаментам. У куце залы стаяць накрытыя сталы, на якіх ляжаць атрыбуты для гульняў, падарункі для дзяцей.
У беларускім адзенні выходзіць Вядучы.
Вядучы.
Сонейка веснавое ўсім нам усміхаецца,
Ззяе ўсё яскравае, прывітанне, раніца,
На палях працуюць усе, наш народ стараецца,
Гурт дзяцей вясёлых на кірмаш спяшаецца!
Гучыць беларуская мелодыя. Прыбраныя дзеці забягаюць у залу і выстройваюцца з бакоў.
Вядучы.
Гэй, добрыя людзі, паглядзіце, што будзе!
На забаву спяшайцеся, ды не вельмі штурхайцеся.
Гэй, вясёлы народ, да нас свята ідзе, на кКірмаш усіх заве!
Танец з музычнымі інструментамі “На кірмаш” (муз і сл. Т.Кірэевай)
Пасля танца частка дзяцей садзіцца на крэслы, а астатнія, апранутыя ў беларускае адзенне, выстройваюцца каля цэнтральнай сцяны.
1-е дзіця.
Палюбуйцеся сюды
На гандлёвыя рады!
Не шкадуйце грошы,
Тавар вельмі харошы!
2-е дзіця.
Гэй, хто хоча мёду?
Мёду на выгоду?
Гузікі, пацеркі, стужкі,
Купляйце, дзяўчаты-падружкі!
3-е дзіця.
Кашулі, спадніцы, ручнік вышываны,
Міскі, талеркі, гаршкі маляваныя!
4-е дзіця.
Хто лянівы ды нясмелы,
Дык таму блінок гарэлы,
Хто адважны ды старанны –
Дык таму блінок румяны!
5-е дзіця.
Прыгожыя хусткі, хусткі для кабетак,
Каруселі, лялькі, цацкі для дзетак!
Усе дзеці падыходзяць да гандлёвых сталоў і разглядваюць рэчы.
Гучыць беларуская музыка, у залу ўваходзіць Несцерка.
Несцерка.
Прывітанне, сябры!
Рад я быць у вашай хаце,
Каб добрага здароўя ўсім вам пажадаці!
Я – вясёлы мужычок,
Да вас прыйшоў я незнарок,
Я – Несцерка, плясун, ды весялун,
Усім у бядзе дапамагаю, ды народ я забаўляю!
Танец Несцеркі (“Крыжачок”б.н.м.)
Несцерка з торбы дастае карусель, паказвае яе дзецям.
Несцерка.
Вось на вуліцы вяселле,
Застракацелі каруселі,
А народ гудзе, як чмель,
Ах, якая карусель!
Вядучы. Якая ў цябе цудоўная карусель, дазволь нам, паважаны Несцерка, купіць яе ў цябе!
Несцерка.
Карусель не прадаецца,
А за прыказку даецца.
Хто смялей, выхадзі,
Пра спорт прыказку скажы.
(Дзеці, выходзяць і называюць прыказкі: “Рухайся больш – пражывеш даўжэй”, “Хто спортам займаецца, той сілы набіраецца”, “Хто спрытна б’е па мячы, таму ўсё па плячы” і г.д.)
Несцерка.
Карусель вас запрашае,
З вецярочкам пакатае,
Хутка месцы ўсе займайце,
Ды гульню вы пачынайце!
Гульня “Карусель” (муз.і сл. Н.Л.Зяньковіч)
Дзеці становяцца ў круг. У цэнтры стаіць Несцерка з каруселлю, на якой замацаваны стужкі. Кожнае дзіця бярэ стужачку і пачынае рухацца.
Несцерка.
А зараз запрашаю ў круг вялікі,
Хай паскачуць чаравікі!
Танец “Весялуха” (б.н.м.)
Вядучы. Несцерка, а ты ведаеш, што на кірмашы народ вельмі любіць частавацца смачнымі аладкамі са смятанай ды масліцам? У нас няма патэльні, каб пагуляць з імі!
Несцерка.
Ведаю! А ў маёй торбе ёсць і патэльні, і аладкі!
Толькі яны не прадаюцца,
А за прыказкі даюцца.
Хто смялее, выхадзі,
Пра здароўе прыказкі скажы!
(Дзеці, выходзяць і кажуць прыказкі: “Здаровы будзеш, усё здабудзеш”, “Здароўе загубіш, новае не купіш”, “Кожны каваль свайго здароўя” і г.д.)
Несцерка.
Вам патэльні аддаю,
З імі вас гуляць заву,
Но спачатку – палічыцеся
І ў каманды станавіцеся!
Эстафета ў камандах “Перанясі аладкі”
Гучыць беларуская музыка, уваходзіць Вясна.
Вясна. Добры дзень, мае даражэнькія, і дарослыя і маленькія!
Вясна авалодала небам.
Вярнуліся фарбы і гукі.
Кветкамі пахне глеба.
Сонца цалуе рукі.
Горад напоўніўся сонцам,
Сагрэўся, пачаў распранацца.
Смяецца і танчыць бясконца.
І я не магу ўтрымацца.
Вядучы.
Роўным кругам у карагодзе
Любім мы, сябры, хадзіць.
Што Вясна нам зараз скажа,
Будзем дружна мы рабіць.
Карагод “Падарункі вясны” (муз. С.Галкінай, сл. В.Жуковіча)
Вясна. А зараз паслухайце загадку і паспрабуйце яе адгадаць!
Славен край наш ёй здаўна,
Трыста розных страў – яна.
Мы яе пячэм і варым,
Дзеруны з яе мы смажым,
На стале любой парой
Нам – жаданай смакатой! (бульба)
Вядучы.
У каманды станавіцеся,
Ды за кошыкі бярыцеся,
Будзем бульбу мы саджаць,
Потым будзем усю збіраць!
Эстафета ў камандах “Пасадзі і збяры бульбу”
Вядучы. Дзеці, а на кірмашы людзі не толькі купляюць розныя рэчы, а і мераюцца багатырскай сілай, гуляюць у гульню пад цяг. Але каб памерацца сілай нам патрэбны канат.
Несцерка.
А канат не прадаецца,
А за прыказку даецца.
Хто смялее, выхадзі,
Пра цела прыказку кажы!
(Дзеці, выходзяць і называюць прыказкі: “Хто шмат ляжыць, у таго і бок баліць”, “У здаровым целе здаровы дух”, “Гартуй сваё цела з карысцю для дзела” і г.д.)
Несцерка. Малайцы, дзеці, шмат прыказак ведаеце пра здаровы лад жыцця.
А зараз, дзеці, палічыцеся, і на гульню ўсе станавіцеся!
Гульня “Перацягні канат”
Вядучы. Вось і падыходзіць к канцу наша забава. Дзякуй вам, Вясна ды Несцерка, што завіталі да нас, прынеслі нам радасць ды ўсмешкі.
Вясна. Пачакайце, пачакайце! Я падрыхтавала ўсім сюрпрыз. Зараз скажу чароўныя словы і ўсё адбудзецца:
Абрус наш рассцяліся,
Падарунак тут з’явіся!
Цацак тут у нас багата,
Наш Кірмаш – вось гэта свята!
Свістульку вы сабе вазьміце,
Яе шкадуйце ды любіце! (Здымае покрыва са стала, на якім стаяць цацкі для дзяцей).
Несцерка. Бывайце, дзеці, спявайце, у гульні розныя гуляйце!
Вясна.
Лета краснае чакайце,
Пра здароўе не забывайце,
Ды нас успамінайце!
Да сустрэчы, сябры!
Дзеці падыходзяць да сталоў, бяруць цацку, потым усе ўдзельнікі выходзяць з залы.