Мая сям’я, мой родны край. Пасяджэнне бацькоўскай гасцёўні для бацькоў выхаванцаў інтэграванай групы

- 16:40ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Работа с родителями, Методичка

Мерапрыемства накіравана на выхаванне цікавасці да беларускай мовы, да роднага краю. Садзейнічае павышэнню матывацыі бацькоў выхаванцаў з АПФР да супрацоўніцтва па выхаванні любві да сваёй сям’і , роднага краю і роднай мовы.

 

Ларыса ПАПРОЦКАЯ, выхавальнік дашкольнай адукацыі,
Галіна ШКУЛЕПА, выхавальнік дашкольнай адукацыі,
ДУА «Спецыяльны дзіцячы сад № 3 г. Ваўкавыска»,
Гродзенская вобласць

 

Задачы:

– далучаць бацькоў да беларускай традыцыйнай культуры праз выкарыстанне беларускіх народных гульняў, традыцыйных свят, малых форм фальклору (прыказкі, прымаўкі, калыханкі), беларускай музыкі, беларускіх страў;
– выхоўваць гонар за сваю сям’ю, пачуццё патрыятызму і любові да сваёй Радзімы, цікавасць да традыцый, звычаяў беларускага народа.

Матэрыял і абсталяванне: аўдыязапіс песні “Хата бацькоў” (гурт “Дразды”); беларускія народныя касцюмы для выхавальнікаў дашкольнай адукацыі; пялёсткі кветкі васілька з заданнямі; беларускія стравы, прыгатаваныя ўдзельнікамі мерапрыемства, куфэрак з музычнымі інструментамі; саламяныя лапці для гульні “Лапці”; доўгія стужкі для гульні “Слуцкія паясы”.

Папярэдняя работа: развучванне вершаў, калыханак, беларускіх народных гульняў “Лапці”, “Слуцкія паясы”; чытанне беларускіх народных казак, прымавак і прыказак; разгляд ілюстрацый і фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны беларускія музычныя інструменты, беларускія стравы, беларускае нацыянальнае адзенне.

Ход мерапрыемства

Выхавальнік.

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Памiж сваiх i чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкi-сны
Вясеннiя праталiны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полi дуб апалены.

Паважаныя госці, бацькі! Сёння мы сабраліся пад дахам нашага агульнага дома – дзіцячага сада. Тут мы працуем, тут выхоўваюцца вашыя дзеці, якія сталі для нас часцінкай нашага жыцця, і мы можам лічыць сябе адной вялікай дружнай сям’ёй!

Мы жывём з вамі ў Беларусі. Мы тут нарадзіліся, вучыліся і працуем, тут жыве наша мова. Беларуская мова не толькі старажытная, але вельмі меладычная і прыгожая. Часцей мы размаўляем па-руску, але сёння мы будзем размаўляць на нашай роднай мове. Згодны? Тады пачнём з самага простага – з кампліментаў.

Гульня “Скажы камплімент”  

Скажыце, калі ласка, па чарзе кампліменты суседу.

Выхавальнік. Наша сустрэча пройдзе ў выглядзе цікавых заданняў, але спачатку адгадайце маю загадку.

У чыстым полі я расту,
Імя хлопчыка нашу.
На лузе я сустракаюся.
Адкажы, як называюся. (Васілёк).

Васілёк з’яўляецца адным з раслінных сімвалаў нашай краіны. Каб убачыць гэту прыгожую кветку, трэба яе скласці з пялёсткаў. Але яна незвычайная: у кожным яе пялёстку знаходзіцца заданне для вас.

1-ы пялёстак: “Мой радавод”

Гэты пялёстак прапануе нам пагаварыць на вельмі цікавую тэму. Уявіце сабе, што я карэспандэнт мясцовага тэлебачання, здымаю рэпартаж «Мой радавод». Вам патрэбна будзе адказаць на пытанні.

1 Прадстаўцеся, калі ласка. Дзе вы нарадзіліся? Хто вашыя бацькі? Што вы можаце расказаць пра сваю малую радзіму?
2 Прадстаўцеся, калі ласка. Дзе вы нарадзіліся? Хто вашыя бацькі? Ці можаце вы расказаць пра якую-небудзь сямейную традыцыю?
3 Прадстаўцеся, калі ласка. Дзе вы нарадзіліся? Хто вашыя бацькі? Ці ёсць у вас любімае месца ў родным горадзе, дзе вы любіце адпачываць з сям’ёй?
4 Прадстаўцеся, калі ласка. Дзе вы нарадзіліся? Хто вашыя бацькі? Ці ёсць у вашай сям’і прадмет, які вы лічыце сямейнай рэліквіяй?
5 Прадстаўцеся, калі ласка. Дзе вы нарадзіліся? Хто вашыя бацькі? Ці рыхтуюцца ў вашай сям’і стравы нацыянальнай беларускай кухні, калі так, то якія?
6 Прадстаўцеся, калі ласка. Дзе вы нарадзіліся? Хто вашыя бацькі? Ці адзначаеце вы беларускія святы і якія?
7 Прадстаўцеся, калі ласка. Дзе вы нарадзіліся? Хто вашыя бацькі? У якія гульні вы гулялі ў дзяцінстве?

Выдатна! Што мы памятаем пра нашых дарагіх блізкіх людзей, нават якіх у няма побач з намі. Нездарма кажуць, што чалавек жывы, пакуль жывая памяць аб ім. Дзякуй, што вы беражаце сямейныя традыцыі і памятаеце сваю малую радзіму, сваю родную мову

2-і пялёстак: Гульня “Хутка лапці абувай”

Патрэбна стаць у круг вакол лапцей. Пасля слоў: “Ты, Міхаська не зявай, хутка лапці абувай”, – гучыць беларуская народная музыка. Усе падскокамі, альбо шагам рухаюцца па крузе. Калі музыка скончыцца, усе спыняюцца і кожны стараецца хутчэй абуць лапці. Той, хто застаўся без лапцей, выбывае.

3-і пялёстак: Гульня “Працягні прыказку і прымаўку”

Прыказкі і прымаўкі – наш моўны скарб. Яны маюць глыбокі сэнс, вучаць мудрасці чалавека. Чым больш чалавек ведае прыказак, тым больш вопыту народа ён можа пераняць. А зараз, мы даведаемся, як вы ведаеце беларускія прыказкі і прымаўкі. Я пачну, а вы дапоўніце:

Няма смачнейшае вадзіцы, як….. (з роднай крыніцы)
Усякай птушцы….. (сваё гняздо міла)
Радзіма – матка, чужына –….. (мачаха).
Роднаму зямелька, як зморанаму…… (пасцелька).
У сваім краі, …… (як у раі).
Усюды добра, а дома…… (лепей).

Кожная сасна….. (свайму бору песню пяе).

Вы цудоўна справіліся з заданнем!

4-ы пялёстак: Гульня “Слуцкія паясы”

Выхавальнік.

Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, —
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла весна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі.
Цямнее край зубчаты бора…
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага ўзора
Цвяток радзімы васілька.

Двум дарослым даю “пояс” даўжынёй шэсць метраў. Патрэбна пояс узяць за канцы, а я патрымаю пасярэдзіне. Пад музыку патрэбна накруціць на сябе пояс, а калі дойдзе да сярэдзіны, тут жа пачынаць раскручвацца. Раскруціўшыся, трэба адной рукой узяць пояс, а другую падняць угору. Перамагае той, хто хутчэй справіцца з заданнем.

5-ы пялёстак: “Раскажы верш, або заспявай песню на беларускай мове”

Наступны пялёстак прапануе нам праспяваць песеньку або расказаць верш, пацешку. Дзіўна, прыгожа, сакавіта гучыць наша беларуская родная мова. Часцей чытайце сваім дзецям, няхай яны часцей чуюць родную мову ў вашых сем’ях.

6-ы пялёстак: “Беларускія музычныя інструменты”

Упэўнена, што ўсе вы любіце музыку і знаёмыя з музычнымі інструментамі. Спазнаем іх па гучанні. А зараз мы з вамі арганізуем аркестр. (Раздаюцца музычныя інструменты). Вы музыкі, я дырыжор.

7-ы пялёстак: Інсцэніроўка беларуская народнай казкі “Курачка-рабка”

Усе мы любім казку, і дарослыя, і дзеці. Адна з любімых – “Курачка-рабка”. Цяпер мы станем артыстамі і разам паспрабуем ператварыцца ў герояў казкі.

Дзеючыя асобы: Аўтар, Воўк, Мядзведзь.

Аўтар. Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць. Ідзе воўк:

Воўк. Дзедка, бабка, чаго вы плачаце?

Дзед. Як жа нам не плакаць? Была ў нас курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.

Аўтар. I воўк завыў. Ідзе мядзведзь:

Мядзведзь. Воўк, чаго выеш?

Воўк. Як жа мне не выць? Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць. А я брахаць не ўмею, дык і завыў.

Аўтар. Выслухаў мядзведзь казку і адарваў сабе хвост. З таго часу і жыве з куртатым хвастом.

8-ы пялёстак: “Пачастуем дарагіх гасцей”

Выхавальнік. Кожны народ мае свае любімыя стравы. У беларусаў гэта дранікі, квашаная капуста, мачанка, бульбянікі і іншыя. Мы прыгатавалі беларускія стравы і прапануем вам адгадаць іх з закрытымі вачамі па смаку.

Усе заданні выканалі і з атрыманых пялёсткаў у нас атрымалася прыгожая кветка васілёк.

Ну вось, наша сустрэча падыходзіць да канца, засталося толькі падзякаваць вас, дарагія бацькі. Жадаем вам шчасця, здароўя і раім вам не забываць сваім прыкладам паказваць дзецям, як патрэбна любіць родны кут, сваю сям’ю, бацькоўскі дом.

У народзе кажуць: “Усюды добра, а дома лепей.” Няхай для нас прагучыць песня пра бацькоўскі дом.

Гучыць песня “Хата бацькоў” (словы і музыка В.Карпанава) у выкананні беларускага гурта “Дразды”.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий