Экскурсія “Лён – скарб зямлі беларускай” для вучняў 5–7-х класаў дазваляе паказаць працу нашых продкаў, звязаную з апрацоўкай ільну, расказвае пра беларускае нацыянальнае адзенне, беларускі ручнік, выклікае гонар за спадчыну роднага краю.
Люцына РАМАНЧУК,
кіраўнік народнага комплексна-краязнаўчага музея “Вытокі”
ДУА “Лойкаўская сярэдняя школа”
Гродзенскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта: садзейнічаць фарміраванню ў навучэнцаў грамадзянска-патрыятычных пачуццяў сродкамі экскурсійнай дзейнасці.
Задачы:
– пазнаёміць наведвальнікаў з прыладамі працы для апрацоўкі ільну, з выкарыстаннем ільну ў побыце беларусаў;
– фарміраваць пачуццё гонару за спадчыну роднага краю;
– садзейнічаць развіццю творчых здольнасцей, навыкаў камунікацыі, моўнай практыкі навучэнцаў;
– выхоўваць павагу да стваральнай працы продкаў.
Месца правядзення: народны комплексна-краязнаўчы музей “Вытокі”.
Абсталяванне: музейныя экспанаты (сноп ільну, мяліца, трапло, шчотка для расчэсвання ільну, верацяно, калаўрот, кросны, беларускія (мужчынскі і жаночы) народныя касцюмы, калекцыя ручнікоў, раздатачны матэрыял для наведвальнікаў).
На беларускай зямлі лён вырошчвалі з даўніх часоў. З валакна ткалі палатно, з яго шылі адзенне, стваралі ручнікі, рабілі лялькі. Блакітныя кветкі ільну ўпрыгожваюць сучасны герб Беларусі. Экскурсія “Лён – скарб зямлі беларускай” для вучняў 5–7 класаў дазваляе паказаць працу нашых продкаў, звязаную з апрацоўкай ільну, расказвае пра беларускае нацыянальнае адзенне, беларускі ручнік, выклікае гонар за спадчыну роднага краю.
Ход экскурсіі
1-ы экскурсавод.
Добры дзень, ягамосці! Шчыра вас мы вітаем.
Сардэчна ў наш музей “Вытокі” запрашаем.
2-і экскурсавод.
У Беларусі шмат мясцін найпрыгажэйшых,
У зорах пракаветных небакрай.
Але адзін куток найдаражэйшы –
Наш сінявокі Лойкаўскі край.
3-і экскурсавод (каля стала, на якім стаіць збан з ільном) .
Гэта наш звычайны лён
Усім вядомы ён здавён.
У руках людзей ён ажывае,
Такі вось выгляд набывае:
Абрусы, ручнікі, сурвэткі
І лялькі, каб дзівіліся дзеткі.
4-ы экскурсавод. У нашым музеі ёсць шмат прадметаў для апрацоўкі ільну, зробленых працавітымі рукамі нашых землякоў-продкаў. Багаццем беларускай зямлі называюць лён. Ён займаў у беларуса-селяніна надзвычай важнае месца. Я запрашаю вас на экскурсію “Лён – скарб зямлі беларускай”.
5-ы экскурсавод. (На фоне дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь) Да льну людзі спрадвеку ставіліся з вялікай павагай. Беларускі народ увекавечыў кветкі льну ў Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь як сімвал стваральнай працы, знак дабра і дастатку. Шануецца лён і як прыродны сімвал нашай Радзімы.
1-ы экскурсавод. Лён – старажытная культура. Яго ведалі людзі тысячы гадоў назад. Гэта расліна стала матэрыялам для замены звярыных шкур, у якіх тады хадзіў чалавек. Шмат песень і прыказак склаў народ пра лён, пра яго хараство, пра багацце, якое прыносіць ён чалавеку. “Пасееш лён – збярэш золата,” – кажуць людзі. Але вырошчванне гэтай расліны было нялёгкім. Яна патрабуе добрага догляду. Лён любіць халоднае і вільготнае лета.
2-і экскурсавод. Валакно ільну служыла асноўнай сыравінай для вырабу тканін. Калі лён даспяваў, яго рвалі ўручную. Гэты працэс называўся церабленнем. Каб атрымаць якаснае валакно, саломку ільну рассцілалі на лузе або на пожні, звычайна ў канцы жніўня. Пры дажджлівым надвор’і саломка вылежвала тры-чатыры тыдні, а пры сухім – пяць-шэсць. Потым яе збіралі і абмалочвалі ад насення. Высушаны лён разміналі на спецыяльным прыстасаванні – мялцы, або церніцы (паказвае мялку). Трапло (паказвае трапло) служыла для разбівання ільну. Патрапаны лён ачэсвалі грабянямі і шчоткамі (паказвае грэбень), каб валокны ляглі роўна. І ўжо роўна зложаныя валокны скручвалі ў кудзелю (паказвае кудзелю). Кудзелю прывязвалі да прасніцы (паказвае прасніцу). Пралі кудзелю з дапамогай калаўрота (паказвае калаўрот). Атрымліваліся ніткі (паказвае ніткі). Іх намотвалі на матавіла (паказвае матавіла). Ніткі афарбоўвалі ў хатніх умовах.
3-і экскурсавод. Нарэшце наступаў момант, які завяршаў доўгі ланцужок ад льняной сцяблінкі да льнянога палатна – ткацтва. Майстрыхі ткалі палатно на кроснах – ткацкім станку. У нашым музеі захаваліся прыстасаванні да кроснаў (паказвае). Уся праца, звязаная з апрацоўкай ільну, лічылася жаночай. У наш час даводзіцца здзіўляцца вытрымцы і майстэрству беларускіх жанчын.
4-ы экскурсавод. Яркім здабыткам нацыянальнай культуры Беларусі з’яўляецца народнае адзенне. Яно больш, чым іншыя сферы побыту, адлюстроўвае нацыянальную спецыфіку беларусаў. Праз адзенне можна ўбачыць само жыццё беларуса, яго светапогляд, адносіны да людзей. У народзе казалі: “Лён усіх апранае”, “Лён – кашуля ў полі”. Ільняное белае адзенне з саматканага палатна спадарожнічала беларускаму селяніну ад нараджэння да смерці.
Перад вамі ўзоры беларускага народнага касцюма (паказвае). Гэта вопратка простых людзей, якая не змянялася на працягу многіх вякоў. Асноўнай тканінай, якая выкарыстоўвалася пры пашыве адзення, быў лён. Акрамя ільну, выкарыстоўвалася шэрсць. Як правіла, найбольш святочным па свайму дэкору быў жаночы касцюм. Элементамі беларускага жаночага касцюма служылі багата аздобленая вышыўкай кашуля, спадніца, безрукаўка і фартух (паказвае). На Гродзеншчыне ў жаночай кашулі пераважаў адкладны каўнер, а ў іншых рэгіёнах Беларусі быў распаўсюджаны стаячы каўнер.
5-ы экскурсавод. Спадніцы называліся па-рознаму. Так назвы спадніц маглі залежаць ад іх колеру. Чыста белая спадніца называлася “бяляк”, спадніца сіняга колеру – “сінька”, “Рабушкай” называлася спадніца, сшытая з палатна, тканага ў клетку. А ў нашай мясцовасці жанчыны насілі саматканыя спадніцы карычневага колеру, аздобленыя палоскамі. Вось спадніца (паказвае спадніцу), якую знайшла ў сваім куфры і перадала ў наш музей жыхарка вёскі Зарачанка Алешчык Зоф’я Аляксандраўна.
Важным элементам вопраткі былі безрукаўкі. Іх называлі “гарсет” ці “кабат”. Сустракаліся і такія назвы, як “станік”, “каптан”, ”нагруднік”.
Вялікую ролю ў беларускім народным касцюме выконвае арнамент. І гэта не проста карцінкі. Гэта сімвалы, якія неслі акрэслены сэнс. Яны маглі быць пажаданнем шчасця для маладых або абярэгам.
1-ы экскурсавод. Беларускі народны мужчынскі касцюм складаўся з штаноў і рубахі (паказвае). Летнія штаны часцей за ўсе былі палатнянымі. Беларусы называлі мужчынскія штаны “нагавіцы”, “ганавіцы”, “порты”, “кроклы” ці “кроквы”. Кроклы, кроквы – хутчэй за ўсё ад слова “крок”.
У мужчынскім касцюме арнамент вышываўся на кашулі. Кашулю насілі навыпуск і падпяразвалі. Мужчынскі пояс быў прыгожа аздоблены ўзорамі і гарманічна дапаўняў касцюм. Мужчынскі галаўны ўбор – капялюш з шырокімі палямі – называўся брыль.
2-і экскурсавод.
Саматканыя ручнікі,
Радасць, смутак, бяссонне вёсак.
Размаўляюць са мной вякі,
Пакаленні, людскія лёсы.
Неба весняга жаўрукі
І валошкавая прахалода…
Саматканыя ручнікі –
Твор крынічнай душы народа.
Перад вамі калекцыя ручнікоў з бабулінага куфра Лойкаўскага краю –абрадавыя, побытавыя і дарожныя ручнікі. Быццам песня, льецца льняное палатно з вышытымі на ім валошкамі і рамонкамі.
Гэта мелодыя ідзе ад сэрца, ад лёсу чалавека, з якім ручнік праз усё жыццё быў звязаны.
Ручнік – верны спадарожнік чалавека на працягу многіх стагоддзяў.
На льняны ручнік клалі дзіця пры нараджэнні, каб яно было здаровым, хлебам на ручніку сустракалі гасцей, на яго станавіліся маладыя ў царкве, ручнікі ў якасці абярэгаў вешалі на прыдарожныя крыжы.
3-і экскурсавод. Акрамя таго, ручнік суправаджаў чалавека ў паўсядзённых дзеяннях. Перш чым зірнуць на сонца, чалавек “змываў” сон і выціраў твар ручніком. Перш чым сесці за стол, трэба было падзякаваць Богу за падараванае жыццё і долю. Позірк накіроўваўся на покуць, а там, пад столлю, знаходзіўся абраз Збаўцы і прыгожа арнаментаваны ручнік. Ён меў адметную назву – набожнік – і надзяляўся самым высокім статусам. Так, ім упрыгожвалі абразы чырвонага кута.
4-ы экскурсавод.
З каласоў жытнёвых ён сатканы,
Наш ручнік, наш беларускі ўзор.
Васільком, пралескай вышываны,
Хвалямі блакітнымі азёр.
Наш ручнік, як золата, свяціцца,
Кветкамі вясновымі цвіце
ў прасторных хатах, у святліцах,
На вяселлі радуе гасцей…
Зіхаціць ручнік наш саматканы,
Родны беларускі наш узор,
I глядзіш, глядзіш зачараваны –
На дзівосны, казачны ўбор.
5-ы экскурсавод. У нашай краіне сканцэнтравана каля 20 працэнтаў сусветных пасеваў ільну. Лён вырошчваюць у Віцебскай вобласці, на поўначы Гродзенскай, у Мінскай і Магілёўскай абласцях. Беларусь займае трэцяе месца ў свеце па вытворчасці льновалакна.
Лён і сёння з’яўляецца візітнай карткай Беларусі. Амаль кожны замежны турыст, вяртаючыся на радзіму, вязе сувенір з беларускага ільну.
1-ы экскурсавод. А цяпер я прапаную нашым наведвальнікам замацаваць набытыя веды і выканаць наступныя заданні.
Экскурсаводы раздаюць наведвальнікам заданні на картачках. За правільныя адказы ўдзельнікі экскурсіі атрымліваюць на памяць сувеніры з ільну.