Ганна КУРЛЯНКОВА,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
ДУА “Бобравіцкая сярэдняя школа Іўеўскага раёна”,
Гродзенская вобласць
Задачы:
– дапамагчы вучням асэнсаваць самыя значныя дасягненні культуры народаў Міжрэчча, асаблівасці рэлігійных вераванняў;
– стварыць умовы для развіцця ўменняў планаваць сваю дзейнасць, аналізаваць тэкст, параўноўваць пазнавальныя аб’екты;
– спрыяць фарміраванню ўмення вызначаць праблему, прапаноўваць шляхі вырашэння.
– садзейнічаць выхаванню пачуцця грамадзянскасці на аснове засваення рэгіянальнай і сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны, культуры мовы і паводзін.
Прагназуемы вынік урока: вучні будуць
– ведаць азначэнне паняццяў клінапіс, месапатамскі каляндар; дату ўзнікнення клінапіснай пісьменнасці ў Міжрэччы;
– умець раскрываць асаблівасці сістэмы навучання старажытных шумераў;
– параўноўваць развіццё навуковых ведаў у Міжрэччы і Старажытным Егіпце.
Тып урока: урок камбінаванай будовы.
Матэрыялы і абсталяванне: Гісторыя старажытнага свету: вуч. дапаможнік для 5 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання. У 2 ч. Ч. 1 / пад рэд. У.С.Кошалева. – Мн., 2019; карта “Егіпет і Пярэдняя Азія ў старажытнасці”, прэзентацыя, ілюстрацыі, мультыборд.
Ход урока
I Арганізацыйна-матывацыйны этап
Прыём “Устаньце тыя, хто …”
– прыйшоў з добрым настроем на ўрок;
– у каго не вельмі добры настрой;
– каму ніколі не бывае сумна на ўроках сусветнай гісторыі;
– тыя, каму цікава, што сёння мы будзем вывучаць на ўроку;
– хто ўжо стаміўся працаваць;
– тыя, хто гатовы дапамагчы іншым вучням на ўроку.
II Праверка дамашняга задання
Знайсці ў тэксце памылкі і выправіць іх (Слайд 2).
Прыём “Лаві памылку”
У пачатку III тыс. да н.э. у верхнім цячэнні Тыгра ўзнік горад-дзяржава Ашур. Яго жыхароў прынята называць асірыйцамі, а землі паўночна-ўсходняга Міжрэчча – Асірыяй. У канцы II тыс. да н.э. Асірыя была вялікай дзяржавай – ад Егіпта да Ірана. Яе новай сталіцай стаў горад Вавілон. Асірыйцы былі не толькі магутнымі, але і бязлітаснымі кіраўнікамі. Заваяваныя народы не хацелі заставацца пад уладай асірыйцаў. У 126 г. да н.э. сталіца Асірыі была знішчана.
У канцы VII ст. да н. э. царом Вавілона стаў Мардук. У час яго кіравання ў Вавілоне былі пабудаваны Вавілонская вежа і Вісячыя сады.
III Актуалізацыя ведаў
– Якія народы насялялі ў старажытнасці тэрыторыю Месапатаміі?
– Успомніце азначэнне тэрмінаў ”культура”, “рэлігія”.
IV Мэтавызначэнне
Настаўнік звяртае ўвагу на воблака слоў, прапануе вучням самастойна вызначыць тэму ўрока (Слайды 3, 4).
Зыходзячы з плана ўрока вучні фармулююць задачы ўрока, выкарыстоўваючы дзеясловы па схеме “даведацца – ахарактарызаваць – навучыцца” (Слайд 5).
Настаўнік прапануе вывучыць новы матэрыял у незвычайнай форме – у форме урока-падарожжа.
V Вывучэнне новага матэрыялу
1 Вынаходніцтва пісьменнасці. Клінапіс
Вучні працуюць з тэкстам п. 1 “Вынаходніцтва пісьменнасці. Клінапіс” (с. 79–80), і адказваюць на пытанні (Слайды 6, 7, 8).
– Калі з’явілася пісьменнасць у Старажытным Міжрэччы?
– Як называўся метад пісьма спосабам выціскання на гліне клінападобных рысак?
– Чаму клінапіс выкарыстоўваўся для запісу?
– Чаму клінапіс з’яўляецца самай старажытнай пісьменнасцю ў сусветнай гісторыі?
– Што патрэбна было зрабіць, каб захаваць усе гэтыя надпісы для нашчадкаў?
– Што агульнае ў клінапісе і іерогліфах? Чым яны адрозніваюцца?
– Чаму ў клінапісе больш знакаў, чым у беларускім алфавіце?
– Які від пісьменства больш зручны для запамінання і навучання? Чаму?
Работа вучняў з гістарычным дакументам на с. 84 вучэбнага дапаможніка.
– Адной з самых знакамітых бібліятэк старажытнасці была бібліятэка асірыйскага цара Ашурбанапала ў горадзе Ніневія. А якая бібліятэка з’яўляецца брыльянтам сучаснай Беларусі? Дзе знаходзіцца?
2 Веды жыхароў Старажытнага Міжрэчча
Прыём “Ажыві малюнак”
Работа ў парах
Настаўнік прапануе разглядзець ілюстрацыю і скласці апавяданне па плане. (Слайд 9)
– Якая падзея адлюстравана на ілюстрацыі?
– Дзе знаходзяцца вучні і настаўнік?
– Чым кожны з іх заняты?
– Якія ўражанні ў вас узнікаюць?
– Калі б прадставілася магчымасць, якія пытанні вы задалі б вучням шумерскай школы?
Індывідуальная работа
– Прачытайце тэкст вучэбнага дапаможніка п. 2 “Веды жыхароў Старажытнага Міжрэчча” (с. 80–81) і самастойна запоўніце параўнальную табліцу, выкарыстоўваючы знакі “+” і “–”. Зрабіце выснову (Слайд 10).
Веды старажытных егіпцян і жыхароў Міжрэчча
Навука |
Старажытны Егіпет |
Старажытнае Міжрэчча |
Матэматыка |
|
|
Астраномія |
|
|
Медыцына |
|
|
Выснова:______________________________________________________
Фізкультхвілінка
Вучням прапануецца ўстаць, і выканаць комплекс фізічных практыкаванняў і размінку для вачэй.
3 Месапатамскі каляндар
Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на лічбу 28 (Слайд 11).
– Падумайце, як гэта лічба можа быць звязана з месапатамскім календаром?
Праца з відэасюжэтам
Вучням прапануецца ўважліва праглядзець відэасюжэт https://eior.by/catalog_lecture/5-klass/history/19.php і адказаць на пытанні.
– Што стварылі жрацы Месапатаміі назіраючы за зоркамі, планетамі і змяненнямі ў прыродзе?
– Колькі дзён складаў адзін месяц?
– На колькі частак ён дзяліўся? Гэта колькі дзён?
– Якія віды календароў выкарыстоўвалі ў Міжрэччы?
– Якія элементы месапатамскага календара мы выкарыстоўваем сёння?
– Якое летазлічэнне выкарыстоўваецца ў сучасным беларускім календары?
– Чым яно адрозніваецца ад летазлічэння нашых з вамі далёкіх продкаў?
4 Рэлігія народаў Міжрэчча
Настаўнік расказвае вучням аб шанаванні жыхарамі Міжрэчча шматлікіх багоў, выкарыстоўваючы прэзентацыйны матэрыял.
VI Замацаванне вывучанага
Пытанні гульні “Згодзен – не згодзен”
– Вынаходнікамі клінапісу з’яўляюцца егіпцяне.
– Клінапіс – найстаражытнейшая пісьменнасць у гісторыі, якая была створана ў канцы IV тыс. да н.э.
– Жыхары Міжрэчча ведалі матэматыку, астраномію, медыцыну.
– Месапатамскі каляндар можна назваць луна-сонечным.
– Народы Міжрэчча пакланяліся Асірысу і Хапі.
VII Выніковы кантроль
Тэст https://eior.by/catalog_lecture/5-klass/history/19.php
Самаправерка.
VIII Дамашняе заданне (Слайд 12)
§ 19, заданні 2, 4, 5 на с. 83
Дадатковае (па жаданні): падрыхтаваць паведамленне (прэзентацыю) аб рэлігійных уяўленнях хетаў.
IX Рэфлексія
– Што з убачанага ў час падарожжа вы назвалі б галоўным дасягненнем народаў Міжрэчча?
Прыём “Прадоўжы фразу”
– Мне хацелася б даведацца…
– Я магу падзяліцца ведамі аб….
– Карысным і значным для мяне было…
– Запоўніце “Карту ўліку ведаў”, аналізуючы свае дасягненні з пазіцыі рэалізацыі задач пастаўленых у пачатку ўрока.
Ведаю |
Сумняваюся |
Патрэбна падтрымка |
|
|
|
https://learningapps.org/7868249