Сучасны школьны музей. Практычны вопыт: як пабудаваць дыялог паміж настаўнікамі і падлеткамі

- 9:12После уроков

У матэрыляе аўтар дзеліцца вопытам як зацікавіць падлеткаў сумесна працаваць над праэктнай дзейнасцю.

 

Канстанцін КРЫШТАЛЬ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, кіраўнік музея
ДУА “Гімназія № 3 імя В. З. Каржа г. Пінска”,
Брэсцкая вобласць

 

Сучасная школа актыўна трансфармуецца, узаемадзеянне настаўніка і вучняў усё часцей будуецца не на прынцыпах жорсткай іерархіі, а абапіраецца на прынцыпы супрацоўніцтва і свабоднага дыялога.

Падлеткі востра адчуваюць перамены: у саміх сабе і навакольным асяроддзі. Нявызначанасць для іх – нагода для цікаўнасці. І школьны музей – таксама нагода для цікаўнасці і свабоднага дыялога з сабой, экскурсаводамі і музейнымі экспанатамі.

Як жыць у эпоху перамен, не ведае ніхто. Таму хачу пазнаёміць з адным з музейных праектаў, з дапамогай якога у школьным музеі Баявой Славы імя Героя СССР В. З. Каржа ДУА “Гімназія № 3 імя В. З. Каржа г. Пінска” намагаюцца пабудаваць дыялог паміж настаўнікамі і падлеткамі. Падобныя праекты, спадзяюся, дапамогуць не толькі зразумець падлеткаў, але, перш за ўсё, усвядоміць, што нам, як настаўнікам, перашкаджае размаўляць з падлеткамі пра важнае і каштоўнае.

Падлетка неабходна матываваць праяўляць інтарэс да музея, таму што музей – гэта культурная прастора, а культура ва ўсе часы была “прышчэпкай” ад дзікунства і жорсткасці. Бывае, што асяроддзе падлетка мала садзейнічае пазітыўнаму светаўспрыманню, але сустрэча з культурнымі каштоўнасцямі (музыкай, жывапісам, музейнымі экспанатамі, ці проста добрымі гісторыямі) будзе падсілкоўваць яго эмацыйна. Акрамя гэтага, у новай культурнай прасторы падлетак можа паспрабаваць сфармаваць кола сваіх зносін і знайсці аднадумцаў – гэта шанец асобаснага росту і станаўлення.

З гэтым больш-менш зразумела, але далей пытанне: як далучыць да культуры і зацікавіць музеямі. Мне падаецца, што тут добра працуе мадэль рэкламнага бізнэса AIDA (attention, interest, desire, action) – стварыць сітуацыю, якая прыцягне увагу; прапанаваць заданне, якое прыцягне інтарэс; аказаць эмацыйную падтрымку, каб з’явілася жаданне; забяспечыць магчымасць для дзеяння – сустэчу з культурай у музейнай прасторы.

Вельмі важным фактарам з’яўляецца сама асоба настаўніка. Для падлетка настаўнік павінен стаць аўтарытэтам. Перш за ўсё, настаўнік павінен быць добрым псіхолагам, разумець, што пазіцыя “звыш” наўрад ці будзе канструктыўнай – яна можа напужаць і адштурхнуць. Неабходна шукаць тое, што будзе цікава падлетку, і тут можна абапірацца на зону актуальнага і бліжэйшага развіцця. Зона актуальнага – гэта тое, што вучань можа зрабіць ужо зараз, а зона бліжэйшага там, дзе яму яшчэ патрэбна дапамога, патрэбен настаўнік. Праз пэўны час зона бліжэйшага развіцця стане актуальнай. Настаўнік спрабуе зразумець, акрэсліць зону актуальнага культурнага развіцця, каб вучню было не сумна, і ў той жа час вучань мог гэта зрабіць. Настаўнік крок за крокам выходзіць на наступны ўзровень, на зону бліжэйшага развіцця, працуе крыху з апярэджаннем, каб забяспечыць працэс росту.

Акрамя таго, трэба памятаць пра развіццё soft skills. Тут можна звярнуцца да кампетэнтнаснага падыхода (напрыклад, развіццё 4К). Падаецца, што найлепшым будзе выкарыстанне праектнага навучання, з дапамогай якога напоўніцу можна забяспечыць умовы для развіцця 4К у рамках праектавання дружалюбнай падлеткам адукацыйнай праграмы для школьнага музея, у якой вучням зручна, а не неабходна (без адзнак, з адзіным крытэрыем – выканаць праект, як яго бачыць вучань). Калі правільна выбудаваць працэсы рэфлексіі і самацэнкі дзейнасці ў праекце, гэта дапаможа зразумець, што сапраўды падыходзіць канкрэтнаму вучню, а што – не. Такім чынам, настаўнік знаходзіць падыход да кожнага вучня, праяўляе адаптыўнасць.

У аснове стварэння праекта на базе школьнага музея знаходзіцца праца з гістарычнымі крыніцамі, адсюль і канкрэтныя змястоўныя прынцыпы:

1 У аснове ляжыць дзейнасць.
2 Дзейнасны падыход заключаецца ў стварэнні творчага прадукта.
3 Значны вынік.
4 Вучань павінен зразумець, што праца з гістарычнымі крыніцамі з’яўляецца значнай не толькі для яго, але і для кагосьці яшчэ, а можа і для грамадства ў цэлым.
5 Баланс паміж групавой і індывідуальнай працай.
6 Размеркаванне роляў і іх усведамленне ўдзельнікамі працэсу.
7 Магчымасць выбару і вызначэнне індывідуальнай траекторыі ў рашэнні задач.
8 Выразныя свядомыя дзеянні.
9 Вучань павінен разумець, навошта ён робіць пэўныя рэчы, чаму менавіта так, а не інакш.
10 Спалучэнне эмацыйных і рацыянальных адносін да гістарычных крыніц.

Неабходна бачыць асобу аўтара, намагацца зразумець яго, але памятаць, што з крыніцы можна ўзяць і аб’ектыўную інфармацыю.

Па магчымасці выкарыстоўваць вынікі працы з гістарычнымі крыніцамі ў далейшых праектах.

Вучні, якія ўсведамляюць, што вывучэнне гістарычных крыніц – гэта не толькі ўрок гісторыі, але і магчымасць больш глыбока зразумець час, навучыцца працаваць з крыніцамі асабістага паходжання, якія могуць захоўвацца ў сям’і, змогуць прымяніць атрыманыя кампетэнцыі ў жыцці больш свядома.

Сёння школьны музей павінен даваць магчымась у першую чаргу падлеткам казаць аб тым, што хвалюе іх у XXI стагоддзі. Пад кіраўніцтвам настаўніка вучні праводзяць міні-даследаванні, каб потым расказаць іншым вучням аб тым, што падаецца ім важным. Але асноўная частка праекта, пра які пойдзе гаворка, тычыцца публічнага выступу і працы з аўдыторыяй. Робіцца акцэнт на тое, каб выступ быў лёгкім і цікавым, прываблівым для слухачоў розных узростаў і інтарэсаў (выступ у стылі TED).

Асаблівасці выступу ў стылі TED (рэкамендацыі для вучняў):

1 Усе, хто выступае ў стылі TED, захопленыя сваімі ідэямі.
2 Гісторыі патрэбны, каб зацікавіць людзей. Тры простыя і заўсёды дзеючыя гісторыі:
асабістыя гісторыі; гісторыі пра іншых людзей, чый вопыт можна пераняць; гісторыі пра поспех або правал.
3 Каб прэзентацыя была шчырай, яе трэба падаваць так, быццам вы гутарыце з сябрам. Рэпеціруйце, гэта дасць магчымасць зрабіць матэрыял часткай сябе.
4 Раскажыце нешта новае і цікавае. Навукоўцы выявілі, што толькі бамбаванне мозгу новымі ўражаннямі падахвочвае яго бачыць свет інакш.
5 Шакуючы момант, які выклікае здзіўленне, заўсёды кранае за жывое і ўразаецца ў памяць. Падчас прэзентацыі гэта гарантуе поўную ўвагу аўдыторыі. Такія моманты будуць часцей за ўсё ўспамінаць.
6 Гумар разбурае ахоўны бар’ер. Ён робіць аўдыторыю ўспрымальнай да таго, пра што вы кажаце, абуджае сімпатыю.
7 18 хвілін – гэта ідэальная працягласць прэзентацыі. Усё, што больш, — ужо лішак інфармацыі. Калі ваша выступленне павінна быць даўжэй, рабіце перадышкі праз кожныя 10 хвілін. Раскажыце гісторыю, пакажыце відэаролік, прадэманструйце што-небудзь.
8 Задзейнічайце ўсе органы пачуццяў: уключыце музыку, пагуляйце са сваім голасам, каб ператварыць выступ у тэатральнае прадстаўленне.
9 Будзьце верныя сабе. Адкрытасць і шчырасць заўсёды падабаліся людзям.

Праца над праектам пабудавана наступным чынам:

1 Вучні на розных этапах адбору і знаёмства некалькі разоў фармулююць цікавую для іх тэму.

Задача этапу даць удзельнікам магчымасць зразумець, над чым будуць працаваць іх калегі і знайсці магчымых партнёраў для даследавання, а таксама, паўтараючы сваю тэму для розных слухачоў, канкрэтызаваць вобласць уласнай цікавасці.

2 Сумесная распрацоўка правілаў і пастаноўка мэты.

Удзельнікі ставяць мэту (добра працуе пастаноўка SMART-мэты.) на праект для сябе і калектыўна фармулююць правілы для далейшай працы, каб правілы (у тым ліку правілы камунікацыі і яе аб’ёму) не былі навязаны звонку. Настаўнік дае рэкамендацыі па базавых навыкам даследавання (аб пастаноўцы SMART-мэты і задач, пошуку і відах крыніц і іншае). Задача настаўніка дапамагчы лепш сфармуляваць мэту і задачы даследавання, а таксама даць зразумець, чым даследаванне адрозніваецца ад іншых формаў працы і як у далейшым правільна і эфектыўна збіраць інфармацыю.

1 Збор і апрацоўка інфармацыі.
Задача этапу сабраць такі аб’ём інфармацыі, з якім рэалістычна і якасна можна працаваць на працягу праекта.
2 Фармулёўка тэмы будучага даследавання.
Задача настаўніка дапамагчы вучню сфакусавацца на больш вузкай тэме.
3 Трэнінг па архітэктуры мыслення.
Задача настаўніка дапамагчы вучням выбудоўваць лагічныя і прычынна-выніковыя сувязі ўнутры свіх разваг, а таксама ўбачыць асноўныя пытанні, якія будут ляжаць у аснове будучай працы.
4 Пабудова плана будучай працы і пачатак працы.
Задача настаўніка дапамагчы спланаваць вучням ўсе неабходныя элементы для праекта.
5 Трэнінг па публічнаму выступу і кіраванню голасам.
Вучні робяць кароткі выступ (4-5 хвілін) пад кіраўніцтвам настаўніка, разбіраюць асноўныя моцныя і слабыя бакі, атрымліваюць рэкамендацыі для самостойнай працы.
6 Першая публічная прэзентацыя.
Вучні робяць свае міні-выступы (да 5 хвілін) па прэзентацыі будучага даследавання. Этап дае ім магчымасць зразумець, наколькі іх тэма цікавая і зразумелая для слухача, а таксама скарэктаваць яе пры неабходнасці. Усе ўдзельнікі праекта даюць адзін аднаму зваротную сувязь і выконваюць функцыю фокус-групы.
7 Карэкціроўка напрамкаў даследаванняў.
8 Праца над праектам у рэжыме реег tо реег.
Вучні працуюць над праектам, рэгулярна сустракаючыся з настаўнікам ў тэматычных мікрагрупах (4-6 удзельнікаў). Сустрэчы важныя для таго, каб вучні рэгулярна задавалі адзін аднаму пытанні, высвятляючы, што ў логіцы аповеду здаецца спрэчным, незразумелым і патрабуе тлумачэнняў. Вучні сустракаюцца ў розных мікрагрупах, каб на працягу этапу паўтараць свой аповяд кожны раз для новых слухачоў, атрымліваючы ад іх зваротную сувязь.
9 Трэнінг па публічным выступе і працы са стрэсам.
10 Вучні выбіраюць самую суб’ектыўна складаную частку аповеду і спрабуюць расказаць яе максімальна зразумела. Адначасова з гэтым яны разбіраюць складанасці ўласнага эмацыйнага стану і атрымліваюць парады ад настаўніка для самастойнай працы з ім.
11 Першае праслухоўванне.
Задача першага праслухоўвання – паспрабаваць упершыню данесці да слухачоў увесь запланаваны аповед ад пачатку да канца, атрымаць усе пытанні і каментары, каб ўлічыць іх у падрыхтоўцы прэзентацыі і выніковага выступу.
Трэнінг па падрыхтоўцы прэзентацыі.
12 Другое праслухоўванне.
Задача другога праслухоўвання (ужо непасрэдна ў музейнай прасторы) выявіць, якія складанасці захаваліся, і сфармуляваць задачы для выніковай падрыхтоўкі.
13 Трэнінг па вядзенню дыскусіі і навыкам адказу на пытанні.
Задача трэнінгу дапамагчы вучням карэктна чуць пытанні перш, чым на іх адказваць, а таксама патрэніравацца адказваць на розныя тыпы пытанняў і ўзаемадзейнічаць з па-рознаму настроенымі слухачамі.
Фінальныя праслухоўванні.
Этап для ўдасканалення ўсіх атрыманых навыкаў.
16 Экскурсія ў стылі TED  на базе музея перад слухачамі з іншага класа (з малодшай паралелі).
17 Завяршэнне і падвядзенне вынікаў.

Вучні ў фармаце групавой рэфлексіі дзеляцца ўражаннямі ад выступу, абмяркоўваюць эффектыўнасць праектаў і навучання і даюць зваротную сувязь настаўніку. Плануюць далейшае пашырэнне працы над сваёй тэмай, калі ў іх ёсць такое жаданне.

Для развіцця канкрэтнага навыку не абавязкова развіваць менавіта яго. Важна, што вучні не проста працуюць над тэмай, але развіваюць навыкі камунікацыі, пісьменнага вядзення дыскусіі, задавання пытанняў, актыўнага слухання і інш. Падобныя праекты рыхтуюць не да універсітэту, а да жыцця. Праца над soft skills не толькі ўплывае на якасць выступу, але і трэніруе навыкі для ўдзелу ў іншых публічных дыскусіях.

Для таго, каб падлетка чулі, часта недастаткова, каб ён быў разумным. Над эфектыўнай самапрэзентацыяй трэба працаваць асобна, так як яна не з’яўляецца абавязковым следствам добрага даследавання. Адзін з чыннікаў эфектыўнай самапрэзентацыі – рэгулярныя трэніроўкі і зваротная сувязь.

І трэба памятаць: музей – гэта не пыльны бабулін куфэрак з мноствам хоць і цікавых, але часта незразумелых рэчаў, гэта, перш за усё, пляцоўка, на якой можа адбывацца што заўгодна. Галоўная мэта настауніка (кіраўніка музея) зрабіць так, каб у музейнай прасторы знайшлося месца для кожнага, хто яе наведае, раскрыць асобу наведвальніка, стварыць з ім новыя сэнсы, актуальныя для яго. Толькі тады школьны музей ажывае і становіцца сапраўднай кропкай прыцягнення і крыніцай натхнення для падлеткаў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий