Асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове (у параўнанні з рускай). Урок беларускай мовы ў 8-м класе

- 9:28II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Другі ўрок пры вывучэнні тэмы “Віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні: дапасаванне, кіраванне, прымыканне”.

Аксана ВАНЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 1 г. Дзятлава”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

 

Мэта: стварыць умовы для знаёмства вучняў з асаблівасцямі дапасавання і кіравання ў беларускай мове ў параўнанні з рускай.

Задачы:

– устанавіць узаемазалежнасць паміж граматычным значэннем і спосабам падпарадкавальнай сувязі слоў у словазлучэнні;

– садзейнічаць асэнсаванню таго, што ў беларускай мове форма некаторых залежных слоў замацавана традыцыяй словаўжывання і граматычнай сістэмай мовы;

– адпрацоўваць уменні вызначаць від падпарадкавальнай сувязі паміж кампанентамі і правільна афармляць ва ўласным маўленні;

– выхоўваць пачуццё патрыятызму праз захапленне прыгажосцю Беларусі, спрыяць абуджэнню пачуццяў павагі да Радзімы і гонару за людзей.

 

Ход урока

1 Арганізацыйна-матывацыйны момант

Усяму вядомы свету наш руплівы край здавён.
Тут на сонечных палетках спеюць бульба, жыта, лён.
Тут Дняпро бяжыць прывольна, Сож, Бярэзіна, Дзвіна,
Прыпяць, Шчара, Свіслач, Нёман, Вілля, Піна, Буг, Дзісна.
Тут сыны лятуць у космас, песні матчыны пяюць.
Гэты край наш найдзівосны Беларуссю ўсе завуць.

Г.Бураўкін

– Вы праслухалі радкі Генадзя Бураўкіна. Якое ўражанне зрабіў на вас верш? Чым захапляецца аўтар? Назавіце прыметы тэксту. (Тэма: гонар за нашу краіну Беларусь; асноўная думка: каб усе даведаліся пра наш край. Назва=Тэма=Беларусь.)

– Ці здагадаліся , якая лексічная тэма ўрока? Так, мы будзем весці размову пра нашу прыгожую краіну. Я хачу правесцi вас па зямлi, якая для мяне даражэйшая за ўсё, самы ўтульны i чароўны кут.

– Якая яна, наша зямля, наша Беларусь?

– Кожны беларус па-свойму дае адказ на гэта пытанне. У канцы ўрока мне хацелася б пачуць вашы меркаванні.

– Адкрыйце сшыткі, запішыце дату і тэму ўрока.

 

2 Арфаграфічная хвілінка

Правапіс не, ня з рознымі часцінамі мовы

Ненавідзець, няволіць; не закончаная, а толькі пачатая праца; не зрабіўшы, падлога не памыта, ненамаляваная карціна, карціна не намалявана, няшчасце, нешырокі, нехта, недасаліць; не лёгка, а цяжка; не шырокі, а прыгожы; не зрабіўшы, не напісаў, нямала, нявырашанае пытанне, пытанне не вырашана, нехта, не зрабілі.

Карэкцыйная работа.

– Якія сінтаксічныя адзінкі дапамагаюць перадаць непаўторнасць нашай зямлі? (Роднае слова, словазлучэнне, сказ.)

 

3 Паведамленне тэмы ўрока. Мэтавызначэнне

Паўтару…
Даведаюся…
Навучуся…

Такім чынам, пад кіраўніцтва настаўніка акрэсліваецца мэта і задачы ўрока.

 

4 Актуалізацыя ведаў

Франтальнае апытванне

– Што такое словазлучэнне?

– Што не з’яўляецца словазлучэннем?

– Якія віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні вы ведаеце?

 

Работа ў групах (па радах)

1) Прадстаўнікі ад кожнага рада запаўняюць інфармацыю на гексах і абараняюць, прыводзячы прыклады.

Дапасаванне

Кіраванне

Прымыканне

Від сувязі, пры якім…

Від сувязі, пры якім…

Від сувязі, пры якім…

Галоўнае слова – …

Галоўнае слова – …

Галоўнае слова – …

Залежнае слова – …

Залежнае слова – …

Залежнае слова – …

Вывешваецца на дошку.

2) Замацаваць тэму мінулага ўрока нам дазволяць карткі трыміно. Нагадваю, што вы павінны спалучыць словазлучэнне з часцінамі мовы, якія выкарыстаны ў трыміно і назваць від сувязі (Дадатак).

 

Праверка дамашняга задання

1) Практыкаванне 69.

2) Праверка індывідуальнага творчага задання.***Выказванне “За што я люблю Беларусь” (1–2 вучні).

 

Заданне для моцных вучняў: зрабіць пераклад тэксту У.Караткевіча, прасачыць асаблівасці рускай і беларускай мовы.

Какая она, моя земля? Это золотые поля с синими глазками васильков. Светлые от берёз рощи, которые оглохли от птичьего звона. Это бесконечные реки, в которых плещутся бобры и рыба на закате солнца. Это почти 11 тысяч озер, чистых, как усмешка ребенка. Проникнитесь любовью к родной Беларуси. Величественная и гордая, она того достойна. В.Караткевич

Якая яна, мая зямля? Гэта залатыя палi з сiнiмi вочкамi васiлькоў. Светлыя ад бяроз гаi, што аглухлi ад птушынага звону. Гэта бясконцыя рэкі, у якiх плешчуцца бабры i рыба на захадзе сонца. Гэта амаль адзiнаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзiцяцi. Пранiкнiцеся любоўю да роднай Беларусi. Велiчная i гордая, яна таго вартая. У.Караткевіч

 

5 Аперацыйна-пазнавальны этап

– Чаму лічыцца, што беларуская мова непаўторная?

– Ці можна даслоўна перакласці тэкст з адной мовы на другую?

Праверка перакладаў.

– Зараз мы станем удзельнікамі міні-даследавання. Вам неабходна зрабіць пераклад спалучэнняў слоў з рускай мовы на беларускую і прасачыць, якія адбыліся змены. Вызначце склон назоўніка. (Праца ў парах)

Два ученика

 

Благодарить учителя

 

Шутить над другом

 

Болеть гриппом

 

Женили на соседке

 

Гулять по тропинкам

 

Сходить за хлебом

 

Сходить за грибами

 

Думать о будущем

 

 

Звернемся да інфармацыі практыкавання 73 на старонцы 54. Якія асаблівасці вы заўважылі? (У беларускай і рускай мовах аднолькавыя па значэнні словы маюць разыходжанні ў дапасаванні або кіруюцца рознымі склонавымі формамі.)

 

6 Фізкультмінутка. Гімнастыка для вачэй

1) Моцна заплюшчыце вочы, потым расплюшчыце (5 разоў).

2) Кругавыя рухі вачыма ўлева-ўправа.

3) Позірк на пераноссе, потым на дошку.

4) Заплюшчыце вочы і памасіруйце пальцамі павекі.    

 

7 Замацаванне вывучанага

Заданне (па радах)

1-ы рад

5–6 балаў: практыкаванне 74.
7–8 балаў: практыкаванне 75.
9–10 балаў: скласці тэкст “Прырода Беларусі”, выкарыстоўваючы словазлучэнні (дапасаванне): любімая Радзіма, цікавая вандроўка, жытнёвае поле, шаўковы мурог, заход вечаровы, шумныя прысады, сінявокая Беларусь, беларускія краявіды, народная культура.

2-і рад

5–6 балаў: практыкаванне 74.
7–8 балаў: практыкаванне 75.
9–10 балаў: скласці тэкст “Культура Беларусі”, выкарыстоўваючы словазлучэнні (кіраванне): поле з кветкамі, шанаваць продкаў, зямля Беларусі, свята Купалле, атмасфера старажытнасці, пазнаць абрады, пазнаць традыцыі, цэнтр Еўропы, сфера інфарматызацыі.

3-і рад

5–6 балаў: практыкаванне 74.
7–8 балаў: практыкаванне 75.
9–10 балаў: скласці тэкст “Насельніцтва Беларусі”, выкарыстоўваючы словазлучэнні (прымыканне): вядома здаўна, лічыўся заўсёды, спрадвеку захоўваюць.

Прэзентацыя работы груп

Прадстаўнік ад кожнай групы зачытвае тэкст. Астатнія вучні, слухаючы тэкст, падбіраюць да яго назву. Пытанне класу: ці можна спалучыць усе тры тэксты ў адзін? Чаму? Колькі мікратэм атрымаецца? Вызначце стыль і дакажыце.

 

8 Кантрольна-карэкцыйны этап

Выкананне тэставай работы

Асаблівасці беларускай мовы ў параўнанні з рускай

 

9 Рэфлексійна-ацэначны этап

Падвядзенне вынікаў

– Што новага вы даведаліся пра словазлучэнне?

– Вяртаемся да мэт урока. Ці гатовы вы даць адказ на пытанне, пастаўленае на пачатку ўрока? (Якая яна, мая зямля?) 

Адказ – сінквейн:

Беларусь
Прыгожая, незалежная
Развіваецца, абараняе, натхняе
Я люблю сваю Радзіму.
Бацькаўшчына

 

10 Выстаўленне і каменціраванне адзнак

 

11 Дамашняе заданне 

§ 9, практыкаванне 80.

 

Дадатак

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий