Падарожжа па старонках беларускага фальклору. Канспект музычнага занятку для выхаванцаў старшай групы

- 11:01ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Фарміраваць уяўленні дзяцей пра асаблівасці нацыянальнай культуры, традыцый беларусаў.

 

Святлана СЯРГЕЙ,
музычны кіраўнік
ДУА “Дзіцячы сад № 4 г. Ляхавічы”,
Брэсцкая вобласць

«sveta_sergei@mail.ru»

 

 

Тэма: “Падарожжа па старонках беларускага фальклору”.

Праграмныя задачы:

– стварыць у дзяцей станоўчы настрой на занятку; выклікаць цікавасць да вывучэння фальклору;
– фарміраваць уяўленні дзяцей пра асаблівасці нацыянальнай культуры, традыцый беларусаў, фарміраваць цікавасць да мінулага і сучаснага сваёй Радзімы;

– развіваць творчыя здольнасці дзяцей; эмацыянальную чуласць да музыкі; выхоўваць павагу да культурных традыцый беларускага народа.

Матэрыял і абсталяванне: мультымедыя, музычныя інструменты, карцінкі па тэме, шапачка-маска коціка, карцінкі беларускіх народных казак, мальберт.

 

Ход занятку

Карцінка на экране 1. Беларускі дзіцячы фальклор.

Гучыць спакойная беларуская мелодыя.

Музычны кіраўнік. Вітаю вас, мае маленькія сябры! Які сёння цудоўны ранак! І настрой у мяне сёння таксама цудоўны, а які настрой у вас? (Адказы дзяцей)

Давайце возьмемся ўсе за рукі, падзелімся сваімі добрымі і цёплымі ўсмешкамі.

Усім жадаю добрага настрою і запрашаю вас у падарожжа. Сёння мы з вамі на занятку будзем знаёміцца з беларускім фальклорам. Што гэта такое? (Адказы дзяцей).

Гэта жарты, забаўлянкі, загадкі, казкі, прыказкі, прымаўкі, песні, гульні, скокі. Я шмат іх ведаю і сёння буду рада вас пазнаёміць з імі. А ці жадаеце вы, дзеці, адправіцца са мной у такое падарожжа? (Адказы дзяцей).

А дапаможа нам пазнаёміцца з фальклорам вось гэта сонейка. (Карцінка на мальберт – “Сонейка”.)

Дзеці мацуюць сонейка на мальберт.

Карцінка на экране – “Цягнічок”.

Дзеці, я вам прапаную паехаць у падарожжа на цягніку. У нас цягнічок казачны, станавіцеся адзін за адным і паехалі.

Гучыць беларуская народная музыка, дзеці “едуць на цягніку”.

Дзеці.

Цягнік-працаўнік
Стаяць не прывык,
Удалеч бяжыць,
Шыпіць і гудзіць: чух-чух-чух, ш-ш-ш-ш.

 

Карцінка на экране – “Хлопчык Янка спіць маленькі”

Прыпынак “Фальклор”

Дзеці садзяцца ў кружок.

Дзеці, адкажыце, а вы любіце слухаць цікавыя гісторыі? Адну з іх я хачу вам сёння расказаць.

Было гэта вельмі даўно, калі яшчэ на свеце не было ні вас, ні вашых бацькоў. А прадзеды і прабабкі былі такія, як вы цяпер. Нарадзіўся тады ў адной сялянскай сям’і хлопчык. Назвалі яго Янка. Бацька радаваўся і казаў: “Добра, што гэта сын! Вось вырасце, будзе мне памочнікам”. Ён ужо марыў, як навучыць свайго Янку працаваць, каб той змог стаць сапраўдным гаспадаром. А ў хаце, за шырокай печчу, ён павесіў калыску, і маці люляла сына і ціха напявала. Давайце паслухаем, якія песенькі спявала маці хлопчыку.

Слуханне музыкі. Калыханка

(Ставіцца на кластар “калыханка”, дзеці дапаўняюць кластар характарызуючы музыку. Якая музыка: ласкавая, лёгкая, спакойная і г.д.)

Адкажыце, калі ласка, якую песню спявала маці хлопчыку?

(Адзін праменьчык мацуем да сонейка – калыханка)

Можа мы таксама праспяваем калыханку хлопчыку? Хто нам заспявае Янку калыханку? (Дзеці спяваюць).

Распеўка

Спі, сыночак міленькі, 
Галубочак сівенькі. 
Мой сыночак будзе спаць, 
А я буду калыхаць. 
Лю-лі, лю-лі, лю-лі.

 

Карцінка на экране – “Вялікі Янка”

Тым часам хлопчык падрастаў. Яму вельмі падабалася слухаць матуліны казкі і песні, якія ў хуткім часе ён пачаў спяваць разам з матуляй. Песні, якія яны спявалі, чулі ад розных людзей, але не ведалі, хто іх пісаў. Яны перадаваліся з вуснаў у вусны, таму так і называліся – народныя.

Якія песні любіў спяваць Янка? (Народныя)

Дзеці, Янка жадае з намі прадоўжыць падарожжа. Вы згодныя? (Адказы дзяцей).

(Другі праменьчык мацуем да сонейка – песні)

Зараз і мы з вамі заспяваем песню, якую таксама склаў народ.

Песня “Зайграй жа мне, дударочку”.

Дзеці, а яшчэ Янка вельмі любіць слухаць пацешкі.

(Трэці праменьчык – пацешка. Дзеці мацуюць да сонейка).

Паслухайце, калі ласка, уважліва пацешкі і адкажыце мне, якая вам найлепш спадабалася.

У куце сядзіць мядзведзь,
Хустку вышывае.
А лісічка-невялічка
Хатку прыбірае.
А каток пячэ аладкі,
Масла падлівае
Мышанятка жвава, гладка
Катку памагае.

 

А вось яшчэ адна. Паслухайце.

Горкай, горкай, горачкай
Ішоў малы Ягорачка.
Ваўкоў не баяўся,
Страхаў не пужаўся.
Пратаптаў Ягорачка
Сцежачку да горачкі,
Выразаў Ягорачка
Дудачку-свісцёлачку.
І свістаў ён птушачкай,
Птушачкай-пяюшачкай.
Горкай, горкай, горачкай
шоў малы Ягорачка.

 

Спадабаліся вам пацешкі? А якая найлепш спадабалася? Можа хто самастойна можа расказаць забаўлянку? А на дапамогу нам прыйдуць вось такія мнематабліцы.

Дзеці расказваюць забаўлянку па мнематабліцы.

 

На якім музычным інструменце іграў Ягорка? (На дудачцы)

А якія вы яшчэ ведаеце музычныя інструменты? (Адказы дзяцей).

(Чацвёрты праменьчык музычныя інструменты. Дзеці мацуюць да сонейка)

Хто хоча пайграць на музычных інструментах?

Дзеці выбіраюць музычныя інструменты.

Аркестр: “Полька беларуская”

Дзеці, а давайце дапаможам Янку адгадаць загадкі.

(Пяты праменьчык – загадкі. Дзеці мацуюць да сонейка)

1 Маленькія лапкі,
На лапках царапкі.
Ціхенька ступае,
Мышак пужае.     (Кошка)

2 Маленькі шарык
Пад лаўкаю шарыць.
Збірае крошкі,
Баіцца кошкі.       (Мышка)

Кошка і мышка хочуць з намі пагуляць. Янка будзе за намі назіраць. Давайце лічылкай выберам “коціка”. (Дзеці становяцца ў круг. На кім лічылка спынілася, той і “коцік”).

Лічылка
Адзін, два, тры, чатыры, пяць
Коцік, выходзь гуляць.

Рухомая гульня “Кот і мышы”

Мышы. (Ідуць па крузе і гавораць)

Выйшлі мышы пагуляць,
Ціха-ціха пашуршаць.
Шу-ша, шу-ша,
Не баімся мы ката!

Кот. Мяў-мяў, я так даўно з мышамі не гуляў!

(Пасля гульні дзеці падыходзяць да сонейка і на праменьчык замацоўваюць карцінку гульні. Шосты праменьчык  гульня)

Дзеці, адкажыце, калі ласка, вы любіце казкі?

Што такое казка? (Твор чароўнага зместу пра людзей, жывёл, птушак).

Якія беларускія народныя казкі вы ведаеце? (Адказы дзяцей).

Малайцы, правільна назвалі. А зараз пагуляем у гульню “Адгадай, з якой казкі”. Садзімся ўсе на дыван.

(Сёмы праменьчык – казкі. Дзеці мацуюць да сонейка)

Дыдактычная гульня “Адгадай, з якой казкі”.

1 “Коце-браце,
Мяне Ліска нясе
У высокія горы,
У глыбокія норы,
Па барах, па карчах,
Аж бярэ мяне страх”. (“Коцік, пеўнік і лісіца”)
2 “Залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка”. (“Каток – залаты лабок”)
3. “Я пятух-чабятух,
Я пявун-лапатун
На кароткіх нагах,
На высокіх пятах”.  (“Зайкава хатка”)
4. “Жылі на адным двары курачка Сакатушка, гусак Шыпун, індык Балбатун”. (“Пшанічны каласок”).

 

А самым любімым заняткам у Янкі былі скокі! Вельмі ён любіў танцаваць.

(Восьмы праменьчык – скокі)

Дзеці, я запрашаю вас станцаваць беларускі народны танец “Полька”!

Скокі “Полька”

Наша падарожжа сёння закончылася. Янка нам вельмі ўдзячны, што мы яму расказалі шмат усяго цікавага. Прыйшоў час развітвацца і вяртацца ў дзіцячы садок. Сядайце ў наш чароўны цягнічок і паедзем ў садок.

 

Карцінка на экране – “Казачны цягнік”

Дзеці становяцца адзін за адным “цягніком” і едуць прыгаворваючы:

Цягнік-працаўнік
Стаяць не прывык,
Удалеч бяжыць,
Шыпіць і гудзіць: чух-чух-чух, ш-ш-ш-ш.

 

Прыпынак “Дзіцячы садок”

Карцінка на экране – “Беларускі дзіцячы фальклор”

 

Рэфлексія. Падвядзенне вынікаў занятку

Дзеці, дзе мы з вамі сёння былі? Што мы рабілі, чым займаліся?

(Адказы дзяцей).

Пацешкі, загадкі, казкі, песні – гэта ўсё скарб (клад) нашага народа.

Доўга скарб збіралі гэткі
І матулі, і дзядулі,
Каб яго пачулі дзеткі,
Каб дарослыя пачулі.
                    (П.Макаль)

У мяне есць вось такія прыгожыя сонейкі. Каму спадабалася на занятку сёння, хто лічыць, што ён добра працаваў у час падарожжа, той няхай возьме сонейка, якое ўсміхаецца. Той, каму ў час падарожжа было крышку сумна, няхай возьме сонейка, якое не ўсміхаецца.

Ці хацелі б вы яшчэ падарожнічаць? (Адказы дзяцей).

Я вельмі рада, што вам спадабаліся мае забаўлянкі, казкі, песні, што вы вучыцеся і імкняцеся не толькі размаўляць на роднай мове, але і спяваць. Да пабачэння. Да новых сустрэч.

Карцінка на экране – “Сонейка”.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий