Урок пабудаваны ў форме квеста “Дарогамі вайны”, створанага на платформе Google, з прымяненнем інтэрактыўных заданняў і тэстаў. Матэрыялы практычных заданняў садзейнічаюць ушанаванню памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Святлана ШЫБАЙЛА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Ваўкавыска”,
Гродзенская вобласць
Урок пабудаваны ў форме квеста “Дарогамі вайны”, створанага на платформе Google, з прымяненнем інтэрактыўных заданняў і тэстаў. Вучні пераносяцца ў далёкае мінулае – гады Вялікай Айчыннай вайны. Каб наблізіць перамогу, ім трэба прайсці цяжкімі дарогамі вайны. Яна змогуць “прымераць” на сябе ролі разведчыкаў, санітараў, шыфравальшчыкаў, сапёраў, сувязістаў, карэспандэнтаў, камандзіраў. Калі прапанаваныя заданні будуць выкананы правільна, вучні змогуць наблізіцца да ПЕРАМОГІ.
Матэрыялы практычных заданняў садзейнічаюць ушанаванню памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Тэма: “Правапіс не (ня), ні з рознымі часцінамі мовы (паўтарэнне)”.
Мэта: паўтарыць і замацаваць правілы напісання часціц не (ня), ні з рознымі часцінамі мовы; вучыцца прымяняць тэарэтычныя веды пры выкананні практычных заданняў.
Задачы:
– развіваць уменне вучняў сістэматызаваць і абагульняць раней вывучаны матэрыял праз выкананне прапанаваных заданняў;
– выпрацоўваць навык напісання не, ні з рознымі часцінамі мовы; выкарыстоўваць адзначаныя часціцы ў вусным і пісьмовым маўленні;
– фарміраваць грамадзянскую пазіцыю шляхам ушанавання памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Тып заняткаў: камбінаванай будовы (з элементамі работы ў рэжыме анлайн з прэзентацыяй на Google-дыску і Web 2.0 сэрвісаў) у форме квеста.
Абсталяванне: сшыткі, камп’ютары, мультыборд, музычнае суправаджэнне, шаблоны для сінквейна і рэфлексіі, каляровыя алоўкі, прэзентацыя (анлайн), квэст на платформе Google сайт “Дарогамі вайны”.
Эпіграф:
Помнім болі і страты свае.
Памяць шуміць, як чароты.
О, як нам вас нестае – кожны чацвёрты!
Анатоль Вярцінскі
Ход урока
І Арганізацыйны этап (уступнае слова настаўніка)
Мэта: псіхалагічная настроенасць на ўрок.
Задача: стварыць добразычлівую рабочую атмасферу, наладзіць кантакт з аўдыторыяй.
– Добры дзень, дзеці, сядайце. У нас з вамі сёння адбудзецца не зусім звычайны ўрок. А пройдзе ён у форме квеста, які называецца “Дарогамі вайны”.
ІІ Арыенціровачна-матывацыйны этап
Мэта: псіхалагічная і пазнаваўчая гатоўнасць вучняў да атрымання новых ведаў, матывацыя на вучэбную дзейнасць, вызначэнне і прыняцце мэты і задач урока.
Задача: арганізаваць уваходную дыягностыку.
– Сёння ў нас з вамі адбудзецца не зусім звычайны ўрок. Мы перанясёмся ў далёкае мінулае, у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пастараемся ўявіць, як змагаліся нашы родныя з ворагам, як аддавалі сваё жыццё, каб сёння мы з вамі жылі пад мірным небам. Для таго, каб выканаць заданні квеста, нам трэба будзе ператварыцца ў разведчыкаў, санітараў, шыфравальшчыкаў, сапёраў, сувязістаў, ваенных карэспандэнтаў, камандзіраў (ролі ў квесце). Усім жадаю плённай працы. Адпраўляемся ў падарожжа “Дарогамі вайны”.
Арфаграфічная хвілінка
– Урок пачынаем з арфаграфічнай хвілінкі. Давайце з вамі размяркуем прапанаваныя словы на дзве групы: у першую ўключым тыя, дзе пішацца не са словамі разам, а ў другую – тыя, дзе асобна.
Выкананне задання ў праграме https://learningapps.org/display?v=p904xb3ra17 Вучні вызначаюць словы, у якіх не пішацца разам, а ў якіх не пішацца асобна, тлумачаць правілы напісання.
Пасля правільнага выканання задання адкрываецца музычны ролік “Жураўлі”.
Вызначэнне тэмы ўрока
– Як вы думаеце, чаму менавіта гэты музычны ролік я падабрала да сённяшняга ўрока?
– Так, сапраўды, у хуткім часе мы будзем адзначаць Дзень Перамогі. Гэта падзея не можа пакінуць абыякавым ні аднаго жыхара нашай краіны. Няма ніводнай сям’і, якую б не кранулі падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Кожны чацвёрты жыхар нашай краіны загінуў, абараняючы Радзіму. Пра гэтыя жудасныя старонкі гісторыі мы павінны памятаць заўсёды.
– Эпіграфам да сённяшняга ўрока я ўзяла словы з вядомага верша.
– Якія пачуцці ў вас выклікаюць гэтыя радкі?
– Як называецца гэты верш?
– Хто з’яўляецца яго аўтарам?
– Паглядзіце, калі ласка, яшчэ раз на прапанаваныя радкі: ці ўсе словы напісаны правільна?
– А што не так? (Адказы вучняў: слова “нестае” напісана разам.)
– Як вы думаеце, якая ж тэма нашага сённяшняга ўрока? (Адказы вучняў.)
– А якія задачы мы павінны будзем вырашыць?
Вызначэнне задач урока
Вучні вызначаюць задачы ўрока, якія запісваюцца на дошцы і параўноўваюцца з тымі задачамі, якія ставіў настаўнік.
– Узнавіць і паглыбіць веды пра…
– Практыкавацца ў…
– Ушаноўваць памяць…
Узнавіць, сістэматызаваць і паглыбіць вывучаны матэрыял па тэме “Правапіс не (ня) ні з рознымі часцінамі мовы”.
Умець прымяняць тэарэтычныя веды пры выкананні практычных заданняў.
Ушаноўваць памяць тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
– Сёння ў нас на працягу ўсяго ўрока будзе выкарыстаны прыём “Чыстая дошка”. Калі нам удасца рэалізаваць усе пастаўленыя задачы, то дошка ў канцы ўрока павінна застацца чыстай. (Па меры вырашэння задачы “выціраюцца”.)
– А якая ж мэта прапанаванага квеста?
– Сістэматызацыя і паглыбленне ведаў па тэме «Правапіс часціц не (ня), ні з рознымі часцінамі мовы.
– І для таго каб вырашыць усе задачы, мы павінны выканаць цэнтральнае заданне квеста. А яно гучыць наступным чынам:
Цэнтральнае заданне: Для таго каб прайсці квест, вам патрэбна выканаць заданні, размешчаныя на кожнай яго старонцы. Творчыя работы размясціць у сумеснай прэзентацыі.
ІІІ Аперацыйна-пазнаваўчы этап
Мэта: дасягненне мэт урока на абраным вучнямі ўзроўні засваення.
Задача: узнавіць веды па новай тэме, арганізаваць мэтанакіраваную пазнаваўчую дзейнасць вучняў, іх трэніроўку ў тых дзеяннях, авалодванне якімі з’яўляецца мэтай урока.
Узнаўленне тэарэтычнага матэрыялу
Заданне. У гульню ўключаюцца разведчыкі (Старонка квеста “Разведчыкі”).
– Хто ж такі разведчык?
Разведчык, -а, мужчынскі род (тлумачальны слоўнік)
1. Той, хто пасланы ў разведку (у 1 знач.), які ўваходзіць у склад разведкі (у 3 знач.). У час гітлераўскай акупацыі егер Мацута быў правадніком і разведчыкам у партызанскім атрадзе. В. Вольскі. Разведчыкі даносілі з усіх бакоў адно: абарона на поўдні і поўначы прарвана. Брыль. // Самалёт або судна, якія вядуць назіранне за праціўнікам [5].
– На сённяшні ўрок вы паўтаралі тэарэтычны матэрыял па тэме “Правапіс часціц не (ня), ні”. Гэта не зусім новая для вас тэма. З ёй мы знаёміліся ў шостым і сёмым класах, вывучаючы самастойныя часціны мовы.
Трое вучняў павінны былі дабавіць слайды ў сумесную прэзентацыю і прадэманстраваць іх вам сёння. А зараз давайце ўважліва паслухаем іх паведамленні і вызначым: справіліся яны з заданнем для разведчыка ці не?
Паведамленні вучняў
1-ы вучань – “Правапіс часціцы не разам”
2-і вучань – “Правапіс часціцы не асобна”
3-і вучань – “Правапіс часціцы ні”
Замацаванне тэарэтычнага матэрыялу
– Звярніцеся да картак з тэарэтычным матэрыялам, якія ляжаць на вашых сталах, яшчэ раз праглядзіце правілы напісання часціц разам і асобна (Слайды 8–23).
– Можа ў каго засталіся пытанні па адзначанай тэме?
– Тэарэтычны матэрыял паўтарылі – пераходзім да практычнай часткі нашага ўрока.
ІV Практычна-карэкціровачны этап
Мэта: высвятленне вучнямі сваёй кампетэнтнасці ці сваіх памылак, звязаных з новым вучэбным матэрыялам, рашэнне тэставых заданняў.
Задача: арганізаваць дзейнасць вучняў для самакантролю, карэкцыі і самаацэнкі ведаў і ўменняў.
Выкананне практычных заданняў
– Для таго каб праверыць, як вы ўмееце прымяняць атрыманыя веды на практыцы, я прапаную вам выканаць наступныя заданні (Заданні змешчаны на адпаведных старонках квеста (“Санітары”, “Шыфравальшчыкі”).
– Ні адно баявое дзеянне не абыходзілася без санітараў. Чым займаліся санітары на вайне? А што азначае гэта слова? Давайце звернемся да нашага квеста і прачытаем значэнне слова “санітар”.
Тлумачэнне слова:
Санітар, -а, мужчынскі род
Асоба малодшага медыцынскай персаналу ў лячэбных установах, якая даглядае хворых і раненых, сочыць за чысцінёй у палатах і пад. На парозе прыемнага пакоя з’явіўся санітар. Каліна. Калі ў карцэр прыйшоў лекар з санітарам, Андрэй нават не звярнуў на іх увагі. Машара. // У арміі – радавы медыцынскай службы, які аказвае раненым першую дапамогу і выносіць іх з поля бою. – Саніта-ар! – голасна крыкнулі паблізу. «Алёша?» – мільганула ў Антанюка, але затрымлівацца нельга было – рота атакавала. Хадкевіч. // пераноснае значэнне Пра таго або тое, што дапамагае захаванню здароўя, чысціні каго-, чаго-н. Дзятлы і мурашкі – лясныя санітары.
[Лац. sanitas – здароўе.] [5].
– Мы вызначылі, што санітар аказвае дапамогу параненым. Паспрабуем і мы “вылечыць” (узнавіць) прапанаваны тэкст.
Заданне. Устаўце патрэбныя літары на месцы пропускаў, растлумачце іх правапіс, раскрыйце дужкі. Вызначце, з якога твора ўзяты сказы, хто з’яўляецца аўтарам. (В.Быкаў “Незагойная рана”)
1. На пагорку, збоч дарогі, на ўзлеску (не,ня)звычайна ярка і чыста (не)як у гэты халодны восен…скі вечар бялеў каменны аб…ліск з зоркай (на)версе – звычайны вайсковы помнік тым, хто (не)дайшоў да Берліна [1, с. 40].
2. У небе ўсё гус…целі барвовыя хмары, яны (не)плылі ц…пер, тоўпіліся на… прасторамі, быццам задумаўшы (не)шта (не,ня)добрае [1, с. 40].
Двое вучняў працуюць ля дошкі, астатнія выконваюць заданне на картках.
Праверка, аналіз і ацэньванне работ.
– Як звалі галоўную гераіню?
– Што вы можаце пра яе сказаць?
– Ці змаглі б санітары вылечыць “параненае” сэрца маці? Чаму?
– А зараз уявім сябе шыфравальшчыкамі. Хто такія шыфравальшчыкі? (Адказы вучняў).
Тлумачэнне слова:
Шыфравальшчык, -а, мужчынскі род
Спецыяліст па шыфраванню ці расшыфроўцы [5].
– Каб рухацца далей па нялёгкіх баявых дарогах, нам патрэбна “расшыфраваць” (рашыць) прапанаваны тэст.
Клас дзеліцца на дзве групы. Першая група выконвае заданні на картках, другая група – у электроннай версіі (Google—форма).
1-я група. Выкананне тэставых заданняў на картках.
1. Адзначце словы, якія з не(ня) пішуцца разам:
а) (не)поўны аналіз
б) (не)хаваючыся ад бацькоў
в) (не)дабор
г) (не)засеяныя грады
д) (не)знаёмыя мясціны
2. Адзначце словы, якія з не пішуцца асобна:
а) (не)мог
б) (не)бяспечная праца
в) грошы (не)зароблены
г) (не)чакана
д) (не)напісанае мною сачыненне
3. Адзначце словы, у якіх дапушчаны памылкі пры напісанні не:
а) не легальна
б) незнаёмы нам аўтар
в) не задоўга
г) не людзімы
д) машына не памыта
4. Адзначце словы, якія з не напісаны правільна:
а) не ведаючы куды
б) даўно нестрыжаны
в) не шкада
г) недамерваць
д) непрадуманае рашэнне
5. Запішыце словы з прыстаўкай не(ня) да слова хлусня _______________
6. Запішыце слова з прыстаўкай (не)ня да слова стары _______________
7. Адзначце словы, якія з не(ня) пішуцца разам:
а) (не) воліць
б) (не)абгрунтаваны
в) (не) па-мойму
г) (не)вельмі
д) (не)глыбокі
8. Адзначце словы, якія з не пішуцца асобна:
а) (не) завешанае нічым акно
б) штосьці (не)пакоіць
в) далёка (не)горшы час
г) (не)дзе стукаюць
д) трэба (не)навідзець
9. Адзначце сказы, у якіх выдзеленыя словы напісаны правільна:
а) Адвячоркам Міхась прысеў каля акенца і пачаў нешта пісаць.
б) Кожная чалавечая асоба – не паўторны свет, і страта яе – рана для ўсяго чалавецтва.
в) Дзе ён толькі не быў і чаго не бачыў!
г) Ой, не вецер з-за гор легкакрылы кучаравіў сасну пры дарозе.
д) За дурной галавой і нагам не спакой.
Адказы:
1 – а, в, г, д; 2 – а, в, д; 3- а, в, г; 4 – а, в, г, д; 5 – няпраўда, 6 – немалады;
7 – а, б, д; 8 – а, в; 9 – а, в, г.
Узаемаправерка і ацэньванне работ
2-я група: Выкананне тэставых заданняў у электроннай версіі за камп’ютарамі (https://docs.google.com/forms/d/1Lz4eqTjIEUBErAcIxMcsh4eK66H1ivvH5vNk9JFRjGk/edit).
Фізкультхвілінка “Прывал” (Старонка “Прывал”)
– Доўгімі былі дарогі на вайне… Кожны баец з нецярпеннем чакаў прывал, каб хоць крышачку перавесці дух, успомніць дом, родных, блізкіх людзей, перанесціся ў мірныя дні. І мы з вамі таксама зараз апынуліся на прывале.
– Уважліва сочым за карцінкамі відэароліка. Яшчэ раз успомнім тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, пастараемся ўявіць, як змагаліся салдаты ў гады ліхалецця з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, абаранялі сваю Радзіму ад ворага.
V Пошукава-творчы этап (Па старонках “Сапёры”, “Сувязісты”, “Ваенныя карэспандэнты”)
Мэта: Творчае прымяненне і набыццё ведаў у новай сітуацыі (праблемныя заданні).
Задача: развіваць творчыя здольнасці вучняў і прымяняць набытыя веды ў новай сітуацыі.
5.1. Узнаві тэкст
– На ўроках літаратуры мы з вамі не аднойчы звярталіся да твораў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Прачытайце, калі ласка, урывак з апавядання Васіля Быкава “Незагойная рана”. (Чытае вучань).
– Давайце ўспомнім, якая тэма і асноўная думка твора? (Адказы вучняў).
– А для вас падрыхтавана новае баявое заданне. Новая старонка квеста.
– Хто такія сапёры?
Сапёры – гэта воіны, якія заўсёды былі на перадавой.
– Чым займаліся сапёры на вайне? (Адказы вучняў).
Картка 3. “Cапёры”
Не, яго небыло тут. “Лейтэнант Авер’янаў, гвардыі старшына Кузняцоў, радавыя Бондараў, Піліпенка, Чарных і іншыя”. Але хто ж гэтыя іншыя, чаму ненапісаны іхнія імёны? А можа, і ён тут у ліку гэтых ня вядомых “іншых”? Яна ўжо немагла ісці адгэтуль учапілася рукамі ў халодныя штыкеціны і з глыбіні яе жарам гарэўшых грудзей вырвалася страшнае пытанне: “Сыночак мой дзе ж ты?” Чарнела неба ад хмар шумеў голым веццем узлесак стыла шэрая далячынь. Доўга яшчэ ляцела на ветры тое яе запытанне і нема крычала матчына сэрца ад не сцерпнай раны вайны [1, с.41].
– Якія яшчэ творы пра Вялікую Айчынную вайну вы памятаеце?
– Ці з’яўляецца тэма вайны актуальнай у наш час? Чаму? (Адказы вучняў).
– Сапраўды, у сучасным свеце зараз вельмі неспакойна. І людзі ўсіх краін павінны прыкласці намаганні для таго, каб не дапусціць пачатку трэцяй сусветнай вайны.
– Заданне вам прапануецца наступнае. Для таго каб высветліць, як вы можаце знайсці самастойна ў тэксце словы на прапанаванае правіла і выправіць памылкі, я прапаную пабыць вам сапёрамі і “размініраваць” тэкст. (Для вучняў адной групы падрыхтаваны слайды ў прэзентацыі – рэдагаванне слайда. Вучні другой групы працуюць з друкаваным тэкстам).
– Калі ласка, прачытайце ўважліва тэкст і выправіце арфаграфічныя і пунктуацыйныя памылкі, калі яны ёсць, растлумачце ваш выбар.
Праверка і ацэньванне работ.
– Рухаемся далей. Цяжкімі былі ваенныя дарогі для тых, хто ішоў па іх, набліжаючы Перамогу.
Слоўнікавы дыктант
– А зараз я прапаную вам пабыць у ролі сувязістаў, якія ў складаных умовах перадавалі інфармацыю, рызыкуючы сваім жыццём.
– Давайце звернемся да старонкі квеста і прачытаем, што ўваходзіла ў абавязкі сувязістаў.
Асноўная нагрузка была на марзістак (тэлеграфістак, якія працавалі на апараце Морзэ. – Аўт.). Звесткі, якія перадаваліся ў часці, былі вельмі сакрэтныя, ішлі цяжкія баі. Як аказалася, інфармацыя мела каласальнае значэнне. А работа марзісткі ацэньвалася як подзвіг [2].
– Вам прапануецца скласці слоўнікавы дыктант для сваіх аднакласнікаў па тэме “Правапіс часціц не(ня), ні”:
Першая група складае за камп’ютарамі ў форме “Воблака слоў”. Другая група працуе ў сшытках.
Праверка работ.
Хвіліна творчасці
Сачыненне-разважанне “Гартаючы старонкі гісторыі” (у сшытках).
– Усе падзеі, якія адбываліся ў той час, адлюстроўваліся ў сродках масавай інфармацыі. А займаліся гэтым ваенныя карэспандэнты.
– Ваенны карэспандэнт. Хто ён такі?
Карэспандэнт – прафесія шматгранная і досыць цікавая. Чалавек, які хоча займацца гэтай справай, павінен умець у аператыўным рэжыме збіраць інфармацыю, аналізаваць і правільна вылучаць галоўную думку. Да таго ж яна павінна быць цікавай, шматлікай. Ёсць ваенныя карэспандэнты — гэта людзі, якія збіраюць інфармацыю ў гарачых кропках. Таму іх прафесійная дзейнасць можа быць небяспечнай для жыцця. Ваенныя карэспандэнты — людзі з моцным характарам, бо ўдзельнічаць у баявых дзеяннях зможа не кожны [3].
– Мы з вамі ўжо адзначалі, што многае прыйшлося перажыць нашаму народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І зараз я прапаную вам уявіць сябе карэспандэнтам і напісаць невялікае сачыненне-разважанне, ужываючы словы з часціцамі не(ня), ні, у якім выказаць асабістыя думкі пра падзеі тых далёкіх часоў на тэму “Гартаючы старонкі гісторыі…”
(Заданні выконваюцца пад музычную кампазіцыю “Жураўлі”.)
Праверка і абмеркаванне работ.
VI Падвядзенне вынікаў урока этап
Мэта: сістэматызацыя набытых на ўроку ведаў.
Задача: вучыць вучняў сістэматызаваць, абагульняць і прэзентаваць вывучаны матэрыял.
Складанне ментальнай карты “Правапіс не(ня), ні” (Старонка “Камандзіры”)
Работа ў групах: адна група – за камп’ютарамі, другая – на ватмане.
– А зараз давайце з вамі адлюструем набытыя тэарэтычныя веды схематычна ў выглядзе ментальнай карты.
– Адзначце асноўныя пункты правапісу часціц не(ня), ні і падмацуйце іх прыкладамі. (Па варыянтах: 1-ы варыянт – часціца не разам, 2-і варыянт – часціца не асобна, 3-і варыянт – часціца ні.)
Праверка работ.
– На чале кожнага атрада, дывізіі, арміі быў камандзір. Ён павінен быў прымаць рашэнні ў самых складаных сітуацыях. І вось зараз вы будзеце абараняць свае праекты (ментальныя карты), уявіўшы сябе камандзірам атрада і ўсклаўшы на сябе ўсю адказнасць за прадстаўленую работу.
Прэзентацыя і абарона работ
VII Рэфлексія
Мэта: ушанаванне памяці загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, ацэньванне ўласнай дзейнасці на ўроку.
Задача: выхоўваць пачуццё гонару і адказнасці за Радзіму, падвесці вынікі работы на ўроку.
Сінквейн “ВАЙНА” (на шаблонах журавоў, Дадатак 1). (Гучыць музыка “Ад герояў былых часоў” з фільма “Афіцэры”…)
– Вось і заканчваецца наш сённяшні ўрок, і, каб падвесці вынік, я прапаную вам напісаць сінквейн на тэму “Вайна” на шаблонах журавоў, што ляжаць на вашых партах. Хай гэтыя птушку нясуць ад нас гэта жудаснае слова далёка-далёка…
– А таксама на шаблонах зорак Перамогі працягніце выраз “Сённяшні ўрок…” (Дадатак 2).
Агучванне напісанага і размяшчэнне шаблонаў на дошцы.
VІІІ Падвядзенне вынікаў. Метад “Чыстая дошка”
– Давайце паглядзім на дошку, дзе былі запісаны асноўныя задачы нашага сённяшняга ўрока. Яна чыстая. А гэта значыць, што нам удалося іх усе вырашыць.
– Якія задачы вы вызначалі для сябе ў самым пачатку ўрока? (Вучні называюць).
– Усе пастаўленыя задачы нам удалося вырашыць, і ўсе старонкі квеста таксама пройдзены.
– А наша сённяшняе падарожжа ў краіну ведаў і ў далёкае мінулае мне хацелася б закончыць вершам Петруся Броўкі. (Чытае вучань).
Парк Перамогі
На ўзгорку
Побліз ціхае ракі
Мы пасадзілі стройныя таполі,
Каб срэбрам лісця праслаўлялі волю
Пад сінім небам нашым праз вякі.
Раўнюткімі радамі
Па краях
Мы пасадзілі белыя бярозы,
Няхай шумяць,
Што больш ніколі слёзы
Не заблішчаць у матак на вачах.
А на дарожкі,
На алеі скрозь
Прыйшлі яліны, яблыні і клёны,
Няхай пад іхнім
Гоманам зялёным
Спявае сёння наша маладосць! [4].
– Спадзяюся, што вы будзеце заўжды памятаць тых, хто ішоў па дарогах вайны 1941–1945 гадоў, тых, хто аддаваў сваё жыццё за тое, каб сёння над намі было мірнае неба і ярка свяціла сонейка.
ІХ Хвіліна маўчання
– Давайце яшчэ раз ушануем памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання.
Х Дамашняе заданне
§ 52, практыкаванне 354.
Дадатак 1
Дадатак 2
Спіс выкарыстаных крыніц
1 Лазарук, М.А. і інш. Беларуская літаратура : вучэбны дапаможнік для 7 кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / М.А.Лазарук, Т.У.Логінава, Г.А.Сухава. – Мінск : Нац. Ін-т адукацыі, 2017. – 240 с. : іл.
2 Газета “Звязда”. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://zviazda.by/be/news/20210507/1620407478-yana-ne-spasavala-perad-generalam-payshla-na-vaynu-pa-blatu-i-valsiravala-u. – Дата доступу: 09.05.2021.
3 Газета “Звязда”. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://zviazda.by/be/news/20210708/1625753571-karespandent-ant-alyaksandr-macyas-my-ne-umeem-znahodzic-prygozhae-u-malym. – Дата доступу: 08.07.2021.
4 Пятрусь Броўка. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://brouka.ru. – Дата доступу: 09.06.2021.
5 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://www.skarnik.by/tsbm – Дата доступу: 08.07.2021.