Вітаем, вітаем Новы год! Сцэнарый навагодняга ранішніка для дзяцей другой малодшай групы 3–4 гадоў

- 11:06ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Стварыць святочны настрой, замацаваць веды пра зіму як пару года, удасканальваць здольнасці ў драматызацыі, выхоўваць любоў да ўсяго навакольнага.

 

Святлана РАЙБЕ,
музычны кіраўнік,
Марына КАСПЯРОВІЧ
выхавальнік дашкольнай адукацыі
“Дзіцячы сад № 4 г. Смаргоні,”
Гродзенская вобласць

 

Мэта: стварыць святочны настрой, замацаваць веды пра зіму як пару года, пра яе асаблівасці, удасканальваць здольнасці ў драматызацыі, выхоўваць любоў да ўсяго навакольнага.

Матэрыял і абсталяванне: святочна ўпрыгожаная ёлка, бутафорскія сняжынкі для танца, званочак, снежкі для гульні (па колькасці дзяцей). Касцюмы для дарослых: Дзед Мароз, Снягурка, Сабака, Варона. 

Касцюмы для дзяцей: касцюмы лясных жыхароў, два аднолькавых чырвоных мяшка, адзін з іх з дзіркай.

Папярэдняя работа: развучванне вершаў, песень, карагода, танцаў.

Ход ранішніка

Вядучая.

Елачка пухнатая
Радуе народ.
Скажам разам з намі

Усе. Прывітанне, Новы год!

Дзеці пад музыку абыходзяць вакол ялінкі, разглядаюць яе.

Вядучая.

Ты свае ліхтарыкі, ялінка, запалі,
Радасць нашым дзецям сёння падары.
Скажам разам: ”Раз, два, тры –
Наша ялінка, гары!” (запальваюцца ліхтарыкі на ялінцы)

Вядучая. А што будзе, калі мы падзьмухаем на ялінку? (Дзеці дзьмухаюць, ліхтарыкі на ялінцы гаснуць, паўтараюць 2–3 разы)

Вядучая. Колькі прыгожых агеньчыкаў і радасці нам ялінка падарыла. Давайце і мы яе парадуем, зробім ёй падарунак – спяём песню.

“Навагодні карагод” (муз. Т.Бокач)

Пад музыку з’яўляецца Снягурка.

Снягурка. Добры дзень, госці! Добры дзень, дзяўчынкі і хлопчыкі! Мяне завуць Снягурачка. Калі я да вас завітала, значыць хутка і Новы год прыйдзе. Гэта самае радаснае свята. У Новы год усе атрымліваюць падарункі, у Новы год усе ўсміхаюцца, ніхто не плача. У Новы год гучыць вясёлая музыка і песні, скокі. Давайце разам з вамі патанцуем.

Танец “Свята”

Снягурка. Як вы хораша танцавалі, дзеці. Малайчынкі! Мне вельмі спадабалася! Я зараз… Ой, хто там храпе? Вы чуеце? Зараз паглядзім… Дык, гэта ж сабака Шарык! Я прыгатавала падарункі для жывёл і пакінула яго іх вартаваць, а ён заснуў. Давайце яго разбудзім і даведаемся, дзе падарункі.

Гульня з Шарыкам. Дзеці павольна, на дыбачках падыходзяць да Шарыка, які спіць і гучна храпе, прыпыняюцца і па сігнале вядучай гучна пляскаюць у далоні і тупаюць нагамі. Шарык перастае храпці, расплюшчвае спачатку адно вока, потым другое, пацягваецца і нягучна брэша. Дзеці бягуць да крэслаў.

Затым Шарык зноў засынае.

Гульня паўтараецца 2–3 разы.

Шарык атрасаецца і больш не заплюшчвае вочы.

Снягурка. Шарык, дзе мех з падарункамі? Як ты мог заснуць?

Шарык (разгублена азіраецца). Р-р-гаў! Не ведаю!

Снягурка. Я падрыхтавала поўны мяшок цацак для жывёл, каб яны змаглі ўпрыгожыць ялінку ў лесе і адзначыць Новы год.

Шарык. Я толькі на хвілінку заплюшчыў вочы. Куды яны маглі падзецца?

Вядучая. Дзеці, паглядзіце, тут нейкія сляды.

Снягурка. Можа гэта Варона забрала мяшок? Давайце яе дагонім.

Вядучая. Але як? На вуліцы такія вялікія сумёты?

Снягурка. А мы санкі возьмем.

Пад музыку “едуць” на санках. Бачаць на падлозе раскіданыя цацкі.

Снягурка. Гэта цацка з майго мяшка. І гэта бразготка таксама.

Збіраюць усе цацкі ў кош. Бачаць, сядзіць Варона і глядзіць у пусты дзіравы мяшок.

Варона. Ну і дзе ж цацкі? Нічога няма, пусты мяшок. Як гэта магло здарыцца? Не разумею.

Снягурка. Ай-яй-яй! Варона, як табе не сорамна? Гэта мой мяшок. А цацкі выпалі ў дзірку і ледзь не згубіліся ў снезе. Добра, што мы з дзецьмі пайшлі па тваім слядах і сабралі іх. А Шарык як перажываў!.. Ты навошта гэта зрабіла?

Варона.

Хутка Новы год наступіць,
А цацак мне ніхто не купіць,
А мне так хочацца гуляць
Каля ялінкі танцаваць.

Снягурка. А як астатнія лясныя жыхары: зайчыкі, вавёркі? Яны таксама хочуць весяліцца каля ялінкі. Дзеці і ты, Варона, а давайце ўпрыгожым ялінку для ўсіх лясных жыхароў. (Упрыгожваюць ялінку.)

Шарык. Ай ды ялінка! Проста цуд! Якая прыгожая! Напэўна прыйшоў час усіх лясных жыхароў запрасіць на свята. (Дзеці сядаюць на крэселкі.)

Снягурка. Давайце пазвонім у званочак. Яго звон далёка чуваць. (Звоніць)

Дзеці, здагадайцеся, хто к нам ідзе. Сам калючы, але не сасна.

У клубочак згарнуцца можа,
Ну вядома гэта… (Вожык)

Выхавальнік кліча Вожыка.

Вожык.

Я – малы калючы Вожык!
Я – зусім, як ёлка!
Хоць не вельмі я прыгожы,
Але ёсць іголкі!

Снягурка. Нехта яшчэ да нас крочыць, хто гэта?

У рыжай разбойніцы
Хвост, як мятла.
Ад кары ўцякла –
Сляды замяла. (Ліса)

Выхавальнік кліча Лісу.

Ліса.

Я Ліса, Лісіца, Ліска,
Вельмі зайчыкаў люблю.
Падбяруся блізка-блізка
І за хвосцік ухаплю.

Снягурка. Адгадайце і гэтага ляснога жыхара:

Мае ён касыя вочы,
Да капусты ён ахвочы!
Футра на зіму бялее,
Хуценька ўцякаць умее.

Выхавальнік кліча Зайчыка.

Зайчык.

Я прыгожы, ды касы,
Не стары, ды ёсць вусы,
Хвосцік мой маленькі – з пальчык.
Называюць мяне зайчык.

Снягурка. Не ўсіх лясных гасцей мы адгадалі, ёсць у мяне яшчэ загадка:

Звер, вядомы ён усім –
І старым, і дзецям:
Футра цёплае на ім,
А завуць… (мядзведзем)

Выхавальнік кліча Мядзведзя.

Мядзведзь.

На зіму я спаць кладуся,
Да вясны аж не прачнуся.

Снягурка.

А хто не баіцца зімой
Марозаў ліхіх?
Спачывае ў дупле
На лісточках сухіх. (Вавёрка)

Выхавальнік кліча Вавёрку.

Вавёрка.

Я – рухавы звярок,
Заўжды весела мне.
Мая хатка – дупло
На высокай сасне.

Снягурка. Ну, вось цяпер усе госці сабраліся. Прыйшоў час клікаць Дзядулю Мароза. Скажам разам: “Дзед Мароз! А-у-у-у” (Клічуць)

Голас. Ого-го! Чую, чую. Іду. Спяшаюся.

Дзед Мароз. Вітаю, унучка! Вітаю, дзеці! Вітаю, госці! Вітаю, лясныя жыхары!

З Новым годам я віншую
І вялікіх і малых!
Шчасця ўсім, дабра дарую
Дзён лагодных, зімавых.
Няхай гучыць у лесе сёння
Ваш вясёлы гучны смех.
З Новым годам я віншую!
Нясу падарункаў поўны мех!

Снягурка. Дзядуля Мароз, а ці не паклікаць да нас павесяліцца тваіх сястрыц-сняжынак?

Дзед Мароз. Дык няхай пакружацца, патанцуюць, ды зямлю цяплей атуляць.

Гэй, сняжынкі, гэй, сястрыцы, выходзьце весяліцца!

Сняжынка.

Мы закружымся, сняжынкі,
Нізка, нізка над зямлёй.
Ціха паляцім, пушынкі,
Незлічонай чарадой.

Танец сняжынак. Сняжынкі збіраюцца ў сумёт. Дзед Мароз дзьмухае на сумёт, сняжынкі разлятаюцца (2–3 разы).

Дзед Мароз. Ой і непаслухмяныя сняжынкі! Ну, зараз з вас снежкі зляплю.

Снягурка. Дзядуля Мароз, мы з дзецьмі таксама ўмеем ляпіць снежкі і гуляць з імі.

Дзед Мароз. Гэта як?

Снягурка кідае ў Дзеда Мароза сняжок.

Снягурка. А вось як! Дзеці, дапамажыце мне.

Гульня “Снежкі”

Дзед Мароз (сядае на крэсла). Стаміўся, нагуляўся.

Снягурка. Дзядуля Мароз, ты адпачні і паслухай, які падарунак падрыхтавалі для цябе дзеці.

Песня “Дзед Мароз” (муз. Т.Бокач)

 

Вершы для дзяцей

1 Пасівеў на рэчках лёд,
Неба ў ясных зорках.
Зноў прыйшоў к нам Новы год
З песнямі і ёлкай.

2 Прыйшоў к нам здалёку
Дзядулечка Мароз,
Завеі нам і холад
З сабою ён прынёс.

3 Водзіць з намі карагод
Сам Мароз-дзядуля.
Многа казак у яго
І вясёлых гульняў!

Снягурка.

Вядома ўсім, пад Новы год,
Калі мы водзім карагод,
І наш любімы Дзед Мароз
У вялікім мяху нам падарункі прынёс.

Раздаюць дзецям падарункі.

Дзед Мароз.

Год за годам – карагодам,
І ўжо сёння з новым годам
Я сардэчна, ад душы
Вас віншую, малышы!
А чаго ж я вам жадаю?
Зараз, зараз прыгадаю…
Каб бадзёрымі былі вы,
Каб разумнымі раслі.
Каб прынёс вам Новы год
Многа радасных прыгод
І здароўя ў вашы хаты!
Каб былі здаровы самі,
Каб былі здаровы мамы,
Каб былі здаровы таты!
З Новым годам!

Пад навагоднюю музыку ўсе пакідаюць музычную залу.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий