Занятак накіраваны на замацаванне і паглыбленне ведаў аб зімуючых птушках, фарміраванне ўяўленняў аб значэнні зімовай падкормкі.
Таццяна АНУФРЭНЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Вялікашылавіцкая базавая школа Слонімскага раёна”,
Гродзенская вобласць
Тэма: “Зімуючыя птушкі”.
Адукацыйныя задачы:
– працягваць фарміраваць уменні вылучаць відавыя асаблівасці птушак (маюць дзюбу, два крыла, хвост, дзве лапкі, цела пакрыта пер’ем);
–замацаваць веды аб зімуючых птушках; выклікаць жаданне пазнаваць новыя факты з жыцця птушак;
– фарміраваць уяўленні аб значэнні падкормкі для зімуючых птушак.
Развіваючыя задачы:
– развіваць уменне пазнаваць і называць віды зімуючых птушак; –
– развіваць памяць, увагу, мысленне.
Выхаваўчыя задачы:
– выхоўваць беражлівыя адносіны да зімуючых птушак, жаданне ім дапамагчы.
Матэрыял і абсталяванне: ліст “ад сарокі”, часткі выявы птушкі на магнітнай аснове (галава, крылы, тулава, хвост, лапы), карцінкі з выявамі птушак (сарока, верабей, варона, сініца, снягір), талеркі з кормам для птушак (хлебныя крошкі, пшанічнае зерне, сала, насенне гарбуза і сланечніку, ягады шыпшыны, тварог, варанае яйка), белае і шэрае папяровыя пёркі (для рэфлексіі), кармушка.
Ход занятку
Уводная частка. Сюрпрызны момант
Дзеці, сёння раніцай, калі я прыйшла ў дзіцячы сад, нехта пагрукаў да нас у акно. Я падышла да яго і ўбачыла сароку, якая трымала ў дзюбе канверт з лістом. Пачытаем яго!
“Дарагія дзеці! У мяне ёсць сябры, яны хочуць з вамі пазнаёміцца і атрымаць ад вас дапамогу. Да сустрэчы на прагулцы!”
Асноўная частка
А каб даведацца, хто сябры сарокі, нам патрэбна скласці карцінку і расказаць пра яе. Падыдзіце, калі ласка да сталоў і кожны вазьміце адну частку, а пасля давайце на мальберце складзём цэлую карцінку. (Дзеці выконваюць работу, складаюць птушку на мальберце.)
Хто ў нас атрымаўся? (Птушка)
А чаму вы так думаеце? (У яе ёсць дзюба, крылы, хвост, дзьве лапы.)
Чым пакрыта цела птушкі? (Яе цела пакрыта пер’ем.) Для чаго птушкам патрэбна пер’е? (Пер’е дапамагае птушкам лётаць, пер’е сагравае птушак.)
Для чаго птушцы патрэбна дзюба? (Каб харчавацца, спяваць.)
Для чаго патрэбны крылы? (Каб лётаць.)
Як вы думаеце, для чаго птушцы патрэбны лапкі? (Каб скакаць, хадзіць, чапляцца за галінкі.)
Для чаго патрэбен хвост? (Хвост дапамагае птушкам у палёце, падтрымлівае птушку ў паветры.) А ведаеце, што ў птушак хвост служыць замест руля, ен дапамагае кіраваць палётам.
А ці ўсе птушкі аднолькавыя? (Не.) Чым яны адрозніваюцца? Правільна, памерам, афарбоўкай, формай частак цела, спевамі. Малайцы!
Цікава, якія ж птушкі з’яўляюцца сябрамі сарокі. Каб даведацца, нам трэба адгадаць загадкі. Сядайце, калі ласка, на крэселкі. Памятаем, як правільна сядзім, – ножкі разам, спіна роўная, рукі паклалі на калені.
Слухайце ўважліва, першая загадка ад сарокі:
Гэта птушка-траскатушка
Доўгі чорны хвост,
Белы жывот і белыя бокі,
Ведаем усе, у каго? (У сарокі.)
Цікава, бачыце, сарока і пра сябе загадала загадку. Ну што ж, давайце і пра яе пагаворым.
Сарока – белабокая, даўгахвостая, вялікая няўседлівая птушка. Па зямлі сарока перамяшчаецца скачкамі, але можа і хадзіць. Яна вельмі цікаўная. Убачыць што-небудзь блішчастае, кавалачак шкла ці манетку. Агледзіць яе круглым вокам, а потым схопіць і пацягне ў сваё гняздо.
Паслухайце, як трашчыць сарока (Аўдыязапіс – спевы сарокі).
Наступная загадка:
Шэранькае пер’е
У маленькай птушкі,
Скача па сцяжынцы
І збірае крошкі,
Потым на галінку – прыг!
І чырыкне – чык-чык (Верабей.)
Як вы здагадаліся? (Ён шэры, маленькі, умее скакаць, чырыкае.)
Правільна. (Выстаўляю на мальберт вераб’я.) Верабей – маленькая шустрая птушачка. Па зямлі верабейчык можа толькі скакаць, хадзіць не можа. Гэта зусім не патрабавальная птушка. Звычайна вераб’і лётаюць невялікімі зграйкамі, іх можна ўбачыць кожны дзень каля дамоў, на дрэвах. Вераб’і прыносяць вялікую карысць, калі ратуюць сады і агароды ад шкодных насякомых.
Паслухайце, які гук выдае верабей. (Аўдыязапіс – спевы вераб’я)
Наступная птушка:
Чорна-шэрая вялікая птушка кружыцца,
“Кар-кар!” – пракрычала яна і злуецца.
Для ўсіх нас вядомая гэта персона,
А як жа яе называюць? (Варона.)
Так, гэта варона! Як вы гэта зразумелі? (Яна вялікая птушка, чорна-шэрая афарбоўка, каркае.)
Паслухайце, як каркае варона (Аўдыязапіс – спевы вароны).
Вароны – вялікія гарластыя птушкі. Пер’е іх можа быць чорнага ці шэрага колеру. У вароны доўгая і моцная дзюба, вялікія, дужыя лапы. Па зямлі яна ступае шырокімі крокамі. Вароны – усёедныя птушкі, могуць харчавацца ўсім, што знойдуць.
Паслухайце наступную загадку:
Зялёная спінка,
Жоўтая грудзінка,
Чорная шапачка
І палоска шаліка. (Сініца.)
– Ага, а як вы гэта зразумелі? (У сініцы жоўтая грудка і зялёная спінка, на галаве быццам чорная шапачка.)
Сінічка – невялічая птушка з жоўтым брушкам і чорнай шапачкай. Яна вельмі шустрая. Так, як і верабейчык, сініца па зямлі можа толькі скакаць, бегаць і хадзіць не ўмее. Улетку гэтая птушка жыве ў лесе, а ўзімку ў пошуках ежы ляціць бліжэй да чалавека. А вы ведаеце, чаму сінічка мае такую назву? Калі яна спявае, то можна пачуць “сінь-сінь, сінь-сінь”, менавіта за спевы яе так і назвалі. Давайце паслухаем (запіс – сініца). Паспрабуйце паўтарыць гэту песеньку (сінь-сінь, сінь-сінь).
Наступная загадка:
Чырвоная грудка,
Чорныя крылы,
Толькі зімой можна ўбачыць яго
Каля ягад рабіны. (Снягір.)
– Як вы даведаліся, што гэта снягір? (У яго чырвоная грудка, крылы чорныя, яго можна ўбачыць толькі зімой.)
Правільна, снягір – невялікая птушачка, у яго чорныя крылы і чырвоная грудка. Гэтая птушка лічыцца ў нас госцем, Многія думаюць, што гэтая птушка ў нас у гасцях, таму што прылятае да нас на зімоўку з далёкай халоднай Поўначы. На самай справе мы проста не бачым снегіроў летам, бо яны жывуць у лесе і не хочуць паказвацца людзям. Калі выпадае снег, снягір становіцца вельмі прыкметным, дзякуючы сваёй чырвонай грудцы. Часта снегіроў можна ўбачыць на рабіне, клёне, кустах каліны. Па зямлі птушачкі перамяшчаюцца падскокамі. Песенька снегіра гучыць глуха “рум-рум, рум-рум”. Паслухаем іх спевы? (Запіс – снягір). Давайце паспрабуем паўтарыць (Рум-рум-рум-рум).
Фізхвілінка
Рухавая гульня “Снегіры і сінічкі”
А зараз я прапаную вам пагуляць у гульню – “Снегіры і сінічкі”.
Вы лётаеце па дыванку (бубен звініць), па маім сігнале (удар у бубен), “сінічкі”, вы спыняецеся і спяваеце песеньку сініц, па другім сігнале, “снегіры”, вы прыпыняецеся і спяваеце песеньку снегіра.
Якая песенька сінічкі? А снегіра?
Тады пачнём, ператвараемся ў птушак: “Вакол сябе павярніся і ў птушак ператварыся!” Паляцелі птушкі. (3–4 разы мяняецца каманда)
Малайцы! А зараз давайце падыдзем да мальберта, яшчэ раз паглядзім і назавём гэтых птушак. (Сарока, снягір, верабей, варона, сініца). А як на гэтых птушак можна сказаць адным словам, якія гэта птушкі? (Гэта зімуючыя птушкі.)
Чаму гэтых птушак называюць зімуючыя? (Гэтыя птушкі з надыходам халадоў не ляцяць у вырай, а застаюцца зімаваць у родных краях.)
Як вы лічыце, ці лёгка птушкам зімой? (Не.) Чаму? (Таму што зімой пад снегам ім цяжка знайсці сабе ежу.) Правільна, маразоў зімуючыя птушкі не вельмі баяцца, яны шмат лётаюць і імкнуцца самі сабе знайсці ежу. Шукаюць насякомых, якія схаваліся ў трэшчыны кары, шчыліны дамоў і платоў, шукаюць плады і насенне раслін.
Але бывае, што за кароткі зімовы дзень птушкі не паспяваюць знайсці дастаткова корму. І тады ім патрэбна наша дапамога. Як вы думаеце, якая? (Зімовая падкормка). Так. Напэўна, пра такую дапамогу гаварылася ў лісце сарокі. Таму што менавіта падкормкай мы можам выратаваць птушак.
Але ж, каб падкормліваць птушак, трэба ведаць, што ў кожнай птушкі ёсць свой корм, якім яна любіць ласавацца і які мы можам ёй даць.
Ежа з нашага стала ім не падыходзіць. Для корму птушкам прыдатнае насенне розных раслін: сланечніку, гарбуза, кавуна.
Давайце зараз разам з вамі падыдзем да стала. Паглядзіце, колькі рознага корму, на любы смак.
Напрыклад, у верабейчыка (Вывешваю малюнак вераб’я) дзюбка маленькая – яму падабаецца дзяўці хлебныя крошкі і зярняткі. Чым пачастуем верабейчыка?
– Сінічкам спадабаецца (Вывешваю на мальберт малюнак сінічкі) несалёнае насенне сланечніку і несалёнае сырое сала. (Паказваю талеркі з ежай для сініцы.) Што, Насця, любіць сініца? (Насенне і сала.)
Вароны будуць радыя зваранаму яйку, тварагу. Чым падкормім варон?
Снегіры вам падзякуюць за ягады рабіны, шыпшыны і гарбузовае насенне. Які корм дадзім снегірам?
Сарока з задавальненнем паласуецца морквай і, як і сініца, сырым несалёным салам.
Дзеці, скажыце, а ці хацелі б вы зараз пакарміць птушак? Паглядзіце, да нас прыляцелі птушкі (фігуркі птушак стаяць на стале), падыдзіце, калі ласка, да стала з кормам і вазьміце талерку з ежай. Імя дзіцяці, што ў цябе? Каго ты будзеш карміць? (Дзеці выбіраюць талеркі і “кормяць” – ставяць корм каля фігурак птушак, каля кожнай птушкі ёсць схема-падказка з выявай корму.)
Імя дзіцяці, што ў цябе? (Сала.) Каго будзеш карміць? (Сініцу, сароку.)
Імя дзіцяці, што ў цябе? (Ягады шыпшыны; снегіра.)
Усе птушачкі пад’елі і, напэўна, дзякуюць вам. Як вам падзякуе верабейчык, сінічка, варона, снягір? (Сінічка праспявае – сінь-сінь; варона пракаркае – кар-кар і г.д.)
Дыдактычная гульня “Чаго не стала”
Малайцы, а зараз давайце пагуляем з птушкамі ў гульню. Вы запомніце, як стаяць птушкі (раскладваю выявы птушак на дыванку перад дзецьмі), а потым вы закрыеце вочкі і адна птушка схаваецца, вы адкажаце, каго не стала. (Гуляем 3–4 разы)
Заключная частка. Падвядзенне вынікаў
Я прапаную вам з падносаў узяць па адным пёрку. Калі вам было цікава і спадабалася, то вазьміце белае пяро, а калі штосьці не спадабалася, ці было вельмі цяжка, то вазьміце шэрае пер’ечка. (Дзеці выбіраюць пер’ечка, тлумачаць чаму зрабілі такі выбар).
Цяпер вы больш ведаеце пра птушак і ведаеце, чым іх карміць. Таму я для вас падрыхтавала кармушку, мы яе возьмем з сабой на прагулку і павесім, каб птушкі маглі прылятаць і частавацца, тым болей што корм у нас ёсць!