Сцэнарый свята для дзяцей пачатковых класаў
Аксана ШАРАПАВА,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Вербавіцкая базавая школа”Нараўлянскага раёна,
Гомельская вобласць
Ход свята
Адкрываецца заслона. На сцэне сялянская хата. У хаце засланы абрусам стол, лавы, елка. На покуці абраз святога Мікалая. Бацька і маці ставяць на стол гладышкі з квасам, расстаўляюць кубкі. Дзеці гуляюць на лаве.
Маці. Ой, ці паспеем?
Бацька. Хутка госці будуць!
Маці. Яраслаў, стаў арэхі, каб дабрабыт у хаце быў.
Дзіця 1. А ці шмат гасцей будзе?
Дзіця 2. А хутка прыйдзе святы Мікалай?
Дзіця 3. А хто ён – святы Мікалай?
Бацька. Сядайце, прашу вас. Будзем хутка святога Мікалая сустракаць.
Стук у дзверы. Заходзяць госці. Вітаюць.
Бацька. Добры дзень, праходзьце, сядайце. Як дабраліся?
Госць 1. Ды дзякуй Богу. Добры, харошы сёння мароз, аж зрывае нос.
Госць 2. Нездарма ў народзе кажуць: “Варвара замосціць, Сава засцеле, а Міколка марозам прыгвоздзіць”.
Госць 3. Мікола – другі пасля Бога заступнік ад усіх бед і няшчасцяў. Кажуць: “Усім багам па сапагам, а Міколу болей, бо ходзіць болей”.
Госць 4. Падышоў Міколаў дзень, вось і зіма прыйшла.
Госць 5. Кажуць, што, калі перад Міколам іней, то аўсы добрыя будуць.
Госць 1. А яшчэ кажуць: “Правезлі зіму на санках да Міколы, будзе адліга”.
Госць 3. А калі на Міколаў дзень след замятае, дарога стаяць не будзе.
Госць 5. Яно і добра, што замятае, бо, як кажуць, калі зімовы Мікола са снегам, то вясновы з травой. А снегу нам Мікола многа насыпаў, добра будзе Каляды святкаваць.
Госць 2. А чаму вы святкуеце гэтае свята?
Маці. Вось, слухайце …
Было гэта дужа даўно, гадоў 500 таму назад. Жыў у адным краі епіскап Мікалай. Добры і спагадлівы чалавек. Ён дапамагаў тым людзям, якіх напаткала гора, а дапамагаў так, каб яго пры гэтым не бачылі. Напрыклад, у адной жанчыны памёр муж. Стала ўдаве вельмі цяжка жыць, бо яна адна гадавала малых дзяцей і даглядала хворых бацькоў. Аднойчы прачнулася раніцай, стала ложак засцілаць, пад падушкай знаходзіць грошы. Вельмі здзівілася жанчына. Памалілася, шчыра падзякавала за дабро, а сама падумала, што гэта дапамога святога Мікалая. І з той пары ёй стала жыць лягчэй, бо святы Мікалай дапамог ёй ад шчырага сэрца. Так яна і дзетак паставіла на ногі, і бацькі ачунялі. І шмат яшчэ было такіх выпадкаў. Дасць Бог і да нас прыйдзе святы Мікалай.
Госць 4. Мікола Зімовы – адно з шанаваных хрысціянскіх свят. Адзначаецца 6 снежня па старым стылі, 19 снежня па новым.
Госць 2. У гэты дзень Мікола-ўгоднік спускаецца з нябёсаў на заснежаную зямлю і абыходзіць за адзін дзень з канца ў канец.
Бацька. У праваслаўных краінах падарункі прынята класці пад падушку. Калі дзіця было паслухмяным на працягу ўсяго года, то атрымае добры падарунак, а калі не, то атрымае дубчыкі.
Маці. Гэта свята старых, старэйшых прадстаўнікоў роду. Збіраліся блізкія сваякі, і абавязкова запрашаліся суседзі, госці.
Бацька. МіколаЗімовы – пачатак сватаўства. Моладзь пачынала рыхтавацца да вячорак. Нарыхтоўвалі дровы, лучыну, уборы, рабілі маскі для Каляд.
Стук у дзверы.
Маці. Мабыць, святы Мікалай прыйшоў. Яраслаў, адчыні дзверы.
Бацька. А не, да нас тэлеграма прыйшла ад яго.
Чытае тэлеграму.
Бацька.
“Добры дзець, паважаныя! Да вашай вёскі не паспеў прыйсці. Але, казалі мне добрыя людзі, што ў гэтай хаце жывуць паслухмяныя, харошыя дзеткі. Я шмат дзе бываю і пра ўсіх усё ведаю. А ну, пакажыце, што ведаеце!”
Дзеці і госці чытаюць вершы, казкі і іншае.
Дзіця 1.
Я скажу ўсё, што знаю,
Прасвятому Мікалаю:
Хоць яшчэ мы малаваты,
Паважаем маму і тату.
Дзіця 2.
Роднае шануем слова,
Прадзедаву родную мову.
Кніжкі родныя чытаем,
Песні родныя спяваем.
Дзіця 3.
І з малітвай, той, што маці
Нас вучыла ў роднай хаце,
Мы звяртаемся да Бога
Па апеку й дапамогу.
Госць 1. А я таксама падрыхтавалася. Вось, паслухайце!
Мікола Чарняўскі, казка “Ліса-калядоўшчыца”.
Маці. Ой, якія малайцы! Ведаю, святы Мікалай усё ўчуў і ўбачыў.
Чытае тэлеграму далей.
Бацька.
Вучыцеся дзеткі, хай розум не спіць,
Дарогу ў навуку ўсім трэба любіць.
Зазірніце, дзеткі, пад падушку,
Там чакаюць вас мае падарункі.
Усе заглядаюць пад падушку.
Чытае тэлеграму далей.
Бацька.
А яшчэ я пажадаю
Усім прысутным у гэтай зале:
Дарослым усім і дзецям –
Хай Гасподзь вам сонцам свеціць,
Захінае мой пакроў,
Ласка Божая – любоў!
Каб вы с чыстаю душою,
Божай праўдаю святою,
У сэрцы з Божым хараством
Сустракалі і Раство!
Маці пасыпае святочны стол арэхамі.
Маці. Святы Мікалай і нашу хату не абышоў, гасцінцамі пачаставаў.
Бацька. Вельмі прыемна, што да нас на Міколу, сабралася шмат гасцей. Давайце ж па звычаі нашых продкаў запалім свечкі.
Удзельнікі свята выносяць пяць свечак, запальваюць.
Свечка 1.
Пяць свечак звычайна мы палім у свята,
Найперш – за святое душы хараство.
За нашыя сем’і, за добрыя дзеі,
За светлыя, чыстыя мроі-надзеі.
Свечка 2.
Другая – заўсёды для ўсіх напамін
Пра тых, хто ад нас адышоў на спачын.
Каб светлым быў рай ім і памяць не тлела,
У сэрцах іх блізкіх навекі гарэла.
Свечка 3.
А трэцяя – міру жаданаму шлях
Няхай асвятляе на ўсіх рубяжах.
Каб войны і скрухі на нашай Зямлі
Ніколі больш месца сабе не знайшлі.
Свечка 4.
Чацвёртая свечка – пасланніца тым,
Каму невыносна балюча ў жыцці.
Няхай Бог падорыць збавенне і сілу,
Каб вытрымаць боль, ім цярпення хапіла.
Свечка 5.
Апошнюю я запалю
За родную нашу матулю-зямлю.
За росквіт яе, за імклівы ўзлёт.
Каб шчасце спазнаў дарагі мой народ!
Бацька. І няхай вашы душы напаўняюцца дабром і спагадай да бліжняга, а ў сэрцы кожнага жыве Вера, Надзея і Любоў!
Заслона.