Удасканальваць уяўленні дзяцей аб Рэспубліцы Беларусь, аб дзяржаўных і прыродных сімвалах, архітэктурных помніках, беларускіх народных святах, абрадах і традыцыях, вуснай народнай творчасці, пашыраць кругагляд дзяцей, прывіваць любоў да роднага краю.
Гражына ЯШКЕВІЧ, Людміла ГЛУШЭНЬ,
выхавальнікі дашкольнай адукацыі,
ДУА “Забалацкая сярэдняя школа імя Я.Н.Карпянкова” Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта: удасканальваць уяўленні дзяцей аб Рэспубліцы Беларусь, аб дзяржаўных і прыродных сімвалах, архітэктурных помніках, беларускіх народных святах, абрадах і традыцыях, вуснай народнай творчасці, пашыраць кругагляд дзяцей, прывіваць любоў да роднага краю.
Задачы:
– арганізаваць вольны час дзяцей;
– спрыяць зладжанасці калектыву;
– пашыраць уяўленні аб гісторыі і культуры сваёй краіны;
– выхоўваць пачуццё патрыятызму і любові да Радзімы, паважлівыя адносіны да гісторыі і культуры сваёй краіны.
Папярэдняя работа: гутаркі з дзецьмі на тэмы: “Беларусь – мой родны край!”, “Беларускія народныя святы, абрады, традыцыі”; разглядванне карты, дзяржаўных і прыродных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, слуханне і выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, знаёмства з архітэктурнымі помнікамі; развучванне вершаў, песень, прыказак і прымавак, лічылак, беларускіх народных гульняў, адгадванне загадак; конкурс малюнкаў на тэму “Мой родны край, як ты мне мілы!”; наведванне школьнага краязнаўчага музея.
Матэрыял і абсталяванне: музычны цэнтр, 2 мальберты, бэйджыкі сіняга і белага колеру, канверты з каляровай адзнакай каманд з заданнямі, 2 выявы карты Рэспублікі Беларусь з пазламі яе абласцей, выявы картак для задання “Чацвёрты лішні” для кожнага ўдзельніка камандаў, 4 выявы картак “Архітэктурныя помнікі Рэспублікі Беларусь” з пазламі-фрагментамі, шыльда “Журы”, “зоркі” для ўзнагароджвання.
Ход мерапрыемства
Пад музыку дзеці ўваходзяць у залу
Вядучы. Дарагія хлопчыкі, дзяўчынкі! Сёння мы запрашаем вас прыняць удзел у віктарыне “Беларусь – мой родны край!”.
Выхаванцы дзеляцца на дзве каманды: кожнае дзіця самастойна выбірае каманду па колеры бэйджыка (сіні – каманда “Васілёк”, белы – каманда “Рамонак”): капітанамі каманд становяцца дзеці, на бэйджыку якіх ёсць адзнака (+); усе заданні каманды атрымліваюць у канвертах з каляровай адзнакай каманд; кожны ўдзельнік каманды мае права дапаўняць (папраўляць) сябра па камандзе; кожны правільны адказ адзначаецца журы адным балам, па колькасці якіх і вызначаецца каманда-пераможца; гульцы другой каманды маюць права дапаўняць (і атрымліваць дадатковыя балы), калі іншая каманда не можа справіцца з заданнем; заданні чаргуюцца з музычнымі і рухомымі хвілінкамі; парушальнікі правіл караюцца штрафным балам. Удзельнікі каманды-пераможцы ўзнагароджваюцца “зоркамі”.
Прадстаўленне каманд “Васілёк” і “Рамонак” і іх капітанаў, членаў журы
Візітныя карткі каманд
Каманда “Васілёк”
Васількі. Валошкі – кветачкі старонкі…
Сінява пялёсткаў убрала ў сябе
Фарбы неба, возера і вачэй людзей…
У жытнёвым полі – прыгажосць і сінь,
Хлопцаў называюць у нас – Васі-Васількі…
(І.Беларусава)
Каманда “Рамонак”
Побач з васількамі – белыя рамонкі,
І яны таксама кветачкі старонкі.
Кружыць бусел белы над веткавай хваляй,
Дабра ён жадае Радзімаму Краю.
(І.Беларусава)
Заданне 1 “Размінка”
Вядучы. Пытанні для размінкі знаходзяцца ў гэтых канвертах. Кожнаму капітану каманды неабходна адказаць на пытанні. За кожны правільны адказ выстаўляецца адзін бал. Прашу капітанаў падысці і атрымаць канверт. Пачынаем
Зачытваюцца пытанні для капітана каманды “Васілёк”1 Як называецца наша планета? (Зямля)
2 Як называецца наша краіна? (Беларусь)
3 Як называецца сталіца Беларусі? (Мінск)Зачытваюцца пытанні для капітана каманды “Рамонак”1 Хто прэзідэнт нашай краіны? (А.Г.Лукашэнка)
2 Якія дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь? (Сцяг, герб, гімн)
3 Як называецца наша вёска? (Забалаць)Журы падводзіць вынікі «Размінкі».
Заданне 2 “Чацвёрты лішні”
Вядучы. Заданні знаходзяцца ў канвертах для кожнага ўдзельніка каманды. Кожнаму гульцу каманды неабходна ўважліва разгледзець выявы на картцы, падумаць і адказаць, што не з’яўляецца прыродным сімвалам Рэспублікі Беларусь. За кожны правільны адказ выстаўляецца адзін бал. Прашу капітанаў падысці і атрымаць канверт для сваёй каманды. Калі цяжка адказаць, дапамагаюць сябры па камандзе. Пачынаем.
Журы падводзіць вынікі.
Заданне 3 “Хто хутчэй складзе карту Рэспублікі Беларусь?”
Вядучы. На мальбертах прымацаваны выявы карты Рэспублікі Беларусь. Трэба правільна размясціць усе яе вобласці. Гульцы па чарзе за капітанам каманды прымацоўваюць пазлы з выявамі абласцей Рэспублікі Беларусь. Журы ацэньвае зладжанасць каманды і правільнае выкананне.
Рухомая гульня “Гарлачык”Праводзіцца, пакуль журы падводзіць вынікі. Пры дапамозе лічылкі выбіраецца “пакупнік”.Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Выйшаў зайчык пагуляць.
Свеціць у небе маладзік –
Да нас выйдзі пакупнік.Дзеці стаяць у крузе – гэта “гарлачыкі”. Па крузе ходзіць “пакупнік”. Спыніўшыся каля каго-небудзь, ён пытаецца:– Колькі каштуе гэты гарлачык?Дзеці адказваюць:– За гарлачык гэты
Трэба зусім крышку:
Каб ніколі не хварэць,
Маннай кашы лыжку.Пасля гэтых слоў дзіця –“гарлачык” бяжыць за кругам у адным напрамку, а “пакупнік” – насустрач яму. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто спазняецца, становіцца “пакупніком”.Гульня паўтараецца некалькі разоў.
Заданне 4 “Архітэктурныя помнікі Рэспублікі Беларусь”
Вядучы. Трэба назваць пэўны архітэктурны помнік і дапоўніць выяву дэталямі, якіх не хапае. На гэта заданне адводзіцца абмежаваная колькасць часу. За кожны правільны адказ выстаўляецца адзін бал.
Журы падводзіць вынікі.
Заданне 5 “Беларускія народныя святы, абрады і традыцыі”
Вядучы. Кожнай камандзе неабходна па чарзе адказаць на пытанні. За кожны правільны адказ выстаўляецца адзін бал. Адказваць на пытанне можна хорам.
– Як называецца свята, дзе людзі ўслаўляюць нованароджанае немаўлятка? (Раство)
– Які сімвал Стрэчання ці Грамніц? (Грамнічная свечка)
– Які прысвятак адзначаецца ў дзень вясновага раўнадзенства? (Саракі)
– Як называецца свята, калі людзі фарбуюць яйкі? (Вялікдзень)
– Як называецца свята, прысвечанае памяці памерлых продкаў? (Дзяды)
– Галінкі якога дрэва асвячаюцца напярэдадні Вялікадня? (Вярбы)
– Сімвалам якога свята з’яўляецца ялінка? (Новы Год)
– Які сімвал Масленіцы? (Бліны)
Журы падводзіць вынікі.
Заданне 6 “Адгадай загадку”
Вядучы. Кожнай камандзе неабходна па чарзе адказаць на пытанні. Кожны раз адказвае новы гулец. Калі ён не можа адказаць, другія ўдзельнікі гэтай каманды маюць права дапамагчы сябру па камандзе. За кожны правільны адказ выстаўляецца адзін бал.
1 Хто ў чырвоных ботах
Ходзіць па балотах? (Бусел.)
2 Ён духмяны, свежы, смачны,
Кожны дзень яго дамоў
З магазіна мы нясём? (Хлеб.)
3 Адна ў лесе з белаю карой,
Багатая сокам веснавой парой. (Бяроза.)
4 І ў сто гадоў я малады.
Маё насенне – жалуды. (Дуб.)
5 Пасярод двара стаіць гара,
Спераду – вілы, ззаду – мятла. (Карова.)
6 Хто на дрэве, на суку
Кліча голасна: “Ку-ку”? (Зязюля.)
7 Сінявокая кветка
Ў полі расце.
Падабаецца дзеткам
І радасць нясе. (Васілёк.)
8 Ляціць, а не птушка, вые, а не звер. (Вецер.)
9 Стукае, грукае, а нідзе яго не відаць. (Гром.)
10 Многа рук, а нага адна. (Дрэва.)
11 На зялёнай ножцы
Вырас шарык на дарожцы.
Вецярок прашуршаў
І развеяў гэты шар. (Дзьмухавец.)
12 І дзень ішоў, і ноч ішоў,
А з месца нават не сышоў. (Гадзіннік.)
Рухомая гульня “Проса” Праводзіцца, пакуль журы падводзіць вынікі. Пры дапамозе лічылкі выбіраецца вядучы.Раз, два, тры, чатыры,
Кошку грамаце вучылі:
Не чытаць, не пісаць,
А за мышкамі скакаць.Гуляючыя становяцца ў шарэнгу. Вядучы падыходзіць да аднаго з іх і паміж імі адбываецца дыялог:
– Прыходзьце да нас проса палоць.
– Не хачу!
– А кашу есць?
– Хоць цяпер.
– Ах ты ж гультай!
Пасля гэтых слоў вядучы і гультай аббягаюць шарэнгу і адзін з іх, хто прыбег хутчэй, займае ў шарэнзе свабоднае месца. Той, хто застаўся становіцца вядучым.
заданне 7 “Прыказкі і прымаўкі”
Вядучы. Кожная каманда падрыхтавала для сваіх супраціўнікаў прыказкі і прымаўкі. Заданне будзе праходзіць у выглядзе гульні “Даскажы слоўцы”. За кожны правільны адказ выстаўляецца адзін бал. Адказваць на пытанне трэба будзе таму гульцу, каму асабова яно адрасавана.
Прыказкі і прымаўкі для каманды “Васілёк”
– Няма лепшай хаткі, як у роднай … (маткі).
– Бабуля шмат пажыла – мудрасць … (нажыла).
– Адклад не ідзе … (у лад).
– Хто дбае – той … (мае).
– Здароўе лёгка страціць, ды … (трудна набыць).
– Чалавек без сяброў – што печ … (без дроў).
Прыказкі і прымаўкі для каманды “Рамонак”
– Пры сонейку цёпла, пры маці … (добра).
– Птушачка рада вясне, а дзіця – … (маці).
– Шануй бацьку з маткаю: другіх … (не знойдзеш).
– Лепш сто сяброў, чым … (сто рублёў).
– Дзе шчырая праца, там густа, а дзе лянота, там … (пуста).
– І мыш есці не просіць – сама сабе … (носіць).
Журы падводзіць вынік.
Заданне 8 “Адгадай казку”
Вядучы. Пытанні для задання знаходзяцца ў гэтых канвертах. Кожнай камандзе неабходна праслухаць невялікія ўрыўкі з беларускіх народных казак і адгадаць іх назвы. За кожны правільны адказ выстаўляецца адзін бал. Адказваць можна хорам.
Вядучы чытае ўрыўкі беларускіх народных казак па чарзе кожнай камандзе, а дзеці даюць назву казцы.
1 “Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць”. (“Лёгкі хлеб”.)
2 “Вось пайшоў раз кот у лес на паляванне і заблудзіўся. Шукаў-шукаў дарогу дадому – не знайшоў. Сеў пад ялінкай і плача”. (“Як кот звяроў напалохаў”.)
3 “Адзін чалавек пайшоў у лес дровы секчы. Насек дроў, сеў на пень адпачыць. Прыходзіць мядзведзь”. (“Не сілай, а розумам”.)
4 “Пасвіўся на лузе бык. Убачыў ён каля рэчкі туман і напужаўся: падумаў, што зямля і вада гараць”. (“Пра быка і яго сяброў”.)
5 “Прынесла курачка сена карове. Карова з’ела сена і дала масла”. (“Як курачка пеўніка ратавала”.)
6 “Прыйшла восень. Холадна стала ў лесе. Надумаліся яны хаткі на зіму пабудаваць”. (“Зайкава хатка”.)
7 “Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі…” (“Каза-манюка”.)
8 “Аднаго разу мужык пайшоў у лес, высек з алешыны палена, прынёс дахаты і кажа жонцы: “На, калышы”. (“Піліпка-сынок”.)
Музычная паўза “Іграў я на дудцы”
Праводзіцца, пакуль журы падводзіць вынікі.
Іграў я на дудцы,
Ту-лю-лю.
Седзячы на будцы,
Ту-лю-лю.
Ту-лю, ту-лю, ту-лю, ту-лю,
Ту-лю-лю!
Грае мая дудка,
Ту-лю-лю.
Пяе весялушка,
Ту-лю-лю.
Ту-лю, ту-лю, ту-лю, ту-лю,
Ту-лю-лю!
Як зайграла дудка –
Ту-лю-лю.
Прыбег скакаць Юрка.
Ту-лю-лю.
Ту-лю, ту-лю, ту-лю, ту-лю,
Ту-лю-лю!
А за Юркам – Янка,
Ту-лю-лю.
А за Янкам – Танька.
Ту-лю-лю.
Ту-лю, ту-лю, ту-лю, ту-лю,
Ту-лю-лю!
Вынік
Падлічваюцца балы, вызначаецца каманда-пераможца. Уручаюцца “зоркі”.
Вядучы. Малайцы, дзеці! Усе былі актыўныя і дружныя. З усімі заданнямі вы добра справіліся. На гэтым наша віктарына завяршаецца. Дзякуй за ўдзел у мерапрыемстве. Да сустрэчы ў наступны раз!
Поделиться ссылкой:
- ВКонтакте
- РћРТвЂВВВВВВВВнокласснРСвЂВВВВВВВВРєРСвЂВВВВВВВВ
- Viber
- Skype
- Telegram