Апошні ўрок у сістэме вывучэння лічэбніка як самастойнай часціны мовы.
Галіна ШКРОБАТ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Асавецкая сярэдняя школа Мазырскага раёна”,
Гомельская вобласць
Тэма: “Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле «Лічэбнік»”.
Мэта: падагульненне і сістэматызацыя ведаў вучняў па вывучаным раздзеле “Лічэбнік”.
Задачы:
– сістэматызаваць веды вучняў па асноўных пытаннях тэмы;
– удасканальваць уменні распазнаваць лічэбнікі ў тэкстах, выяўляць іх сэнсава-стылістычную ролю, даваць марфалагічную характарыстыку;
– абуджаць цікавасць да вывучэння прадмета;
– спрыяць выхаванню патрыятызму, павагі да гісторыі мінулага.
Тып урока: урок падагульнення і сістэматызацыі ведаў.
Абсталяванне: падручнік “Беларуская мова” для 6-га класа, раздатачны матэрыял (Дадатак).
Дэвіз урока: “Важна не тое, што і колькі ты зрабіў, а тое, як ты гэта зрабіў”.
Ход урока
І Арганізацыйна-матывацыйны этап
Стварэнне эмацыянальнага настрою.
– Добры дзень, дзеці! Спадзяюся на тое, што і вы, і я атрымаем ад сённяшняга ўрока толькі задавальненне. Усміхніцеся мне, адзін аднаму. Поспехаў і плённай працы вам на ўроку!
II Паведамленне тэмы, фармулёўка мэты і задач урока
– Вось мы і закончылі з вамі вывучэнне адной з самых складаных тэм па беларускай мове. На працягу некалькіх урокаў мы адкрывалі таямніцы гэтай часціны мовы, і сённяшні ўрок будзе вынікам нашай працы. (Вучні самастойна фармулююць мэты ўрока выкарыстоўваючы словы: даведацца, вызначыць, замацаваць).
Запіс у сшытках даты і тэмы ўрока.
Вучні атрымліваюць раздатачны матэрыял.
III Этап актуалізацыі і сістэматызацыі набытых ведаў
1. Арфаграфічная хвілінка. Прыём “Карэктар”
На дошцы запісаны словы з памылкамі, вучням неабходна іх выправіць. Растлумачыць значэнне слоў.
Двадцаць, адзінацаць, дзесяты, трынатцаць, пядзясят, дзевяцсот, шэйдзесят, трымя, стошэсць, дзьве, восемь, трыцацю, семдзясят, тры пятых.
Шасот, дзевець, семьдзесят, соракдва, абедзьве, пейдзясят, пяцю, чатырнацацю, трыдцаць, пяць сёмыя, шасццю, чацьвёра, дзесяцера, трыстадваццацьтысяч.
Для даведкі: дваццаць, адзінаццаць, дзясяты, трынаццаты, пяцьдзясят, дзевяцьсот, шэсцьдзясят, трыма, сто шэсць, дзве, восем, трыццаццю, семдзесят, тры пятыя.
Шэсцьсот, дзевяць, семдзесят, сорак два, абедзве, пяцьдзясят, пяццю, чатырнаццаццю, трыццаць, пяць сёмых, шасцю, чацвёра, дзясяцера, трыста дваццаць тысяч.
Агучванне адказаў.
2. Прыём “Завяршы сказ”
– Лічэбнік – самастойная часціна мовы, якая абазначае… (лік, колькасць прадметаў і парадак іх пры лічэнні).
– Паводле значэння лічэбнікі падзяляюцца на… (колькасныя і парадкавыя).
– Колькасныя лічэбнікі адказваюць на пытанне… (колькі?).
– Парадкавыя лічэбнікі абазначаюць… (парадак прадметаў пры іх лічэнні).
– Паводле складу лічэбнікі падзяляюцца на… (простыя, складаныя, састаўныя).
– Чацвёра, шасцёра, васьмёра – гэта лічэбнікі… (зборныя).
– Тры пятыя, шэсць восьмых, пяць цэлых сем дзясятых – гэта лічэбнікі… (дробавыя).
3. Самастойная праца. Прыём “Хто хутчэй”
Вучні працуюць па радах. Размяркоўваюць лічэбнікі паводле складу і запісваюць у сшыткі.
– 1-ы рад – простыя лічэбнікі,
– 2-і рад – складаныя лічэбнікі,
– 3-і рад – састаўныя лічэбнікі.
Дваццаць, пяць, сорак два, трыццаты, сто шэсць, дзесяць, пяцьдзясят, шэсцьсот, дзевяноста дзевяць, восемдзесят, тысяча, семсот дванаццаць, трыста, шаснаццаць, двухсоты, адна цэлая і чатыры дзясятыя, сорак.
Для даведкі:
Простыя: дваццаць, пяць, трыццаты, дзесяць, тысяча, шаснаццаць, сорак;
складаныя: пяцьдзясят, шэсцьсот, восемдзесят, трыста, двухсоты;
састаўныя: сорак два, сто шэсць, дзевяноста дзевяць, семсот дванаццаць, адна цэлая чатыры дзясятыя.
4. Індывідуальная работа
Вызначце чацвёртае лішняе слова і растлумачце свой выбар.
А) тры, тройка, трыста, трэці;
Б) пяцёра, васьмідзясяты, пяты, дваццаць сёмы;
В) сто сорак пяць, семдзесят два, шэсцьсот, трыццаць тры;
Г) дзевяцьсот, пяцьсот, восемсот, пяцьдзясят.
Для даведкі:
А) тры, тройка(назоўнік), трыста, трэці;
Б) пяцёра(зборны), васьмідзясяты, пяты, дваццаць сёмы;
В) сто сорак пяць, семдзесят два, шэсцьсот(складаны), трыццаць тры;
Г) дзевяцьсот, пяцьсот, восемсот(не пішацца мяккі знак), пяцьдзясят.
Агучванне адказаў.
5. Праца з вучэбным дапаможнікам
Практыкаванне 408. Прачытайце сказы, выбіраючы з дужак патрэбныя лічэбнікі. Абгрунтуйце свой выбар.
Для даведкі: каля двух метраў, з абодвух бакоў, дзве трэція з якіх, абедзвюм нам.
– З якімі назоўнікамі спалучаюцца зборныя лічэбнікі? (Лічэбнік “абодва” спалучаецца з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду, лічэбнік “абедзве” – з назоўнікамі жаночага роду. Для абазначэння асоб мужчынскага і жаночага полу ўжываецца лічэбнік “абое”.)
Фізкультхвілінка
– Намалюйце вачыма лічбы 0, 4.
– Намалюйце рукамі ў паветры дзве васьмёркі.
– Намалюйце рухам галавы лічбы 1, 2, 3.
– Намалюйце рукамі ў паветры сваю любімую адзнаку.
6. Прыём “Правер сябе”
– Самым складаным пры вывучэнні тэмы было пытанне скланення лічэбнікаў. Давайце паглядзім, як вы справіліся з гэтай задачай.
Вучні выконваюць заданне па картках. Пасля выканання робяць узаемаправерку.
7. Хвілінка кемлівасці
– На дошцы запісаны лічбы. Паглядзіце ўважліва і ўзгадайце, якія падзеі звязаны з гэтымі лічбамі?
22 чэрвеня 1941 года, 3 ліпеня 1944 года, 9 мая 1945 года (Адказы вучняў).
8. Праца з тэкстам
Прачытайце тэкст. Выканайце заданні.
Вялікая Айчынная вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года. За 4 гады вайны нямецка-фашысцкія захопнікі на тэрыторыі Беларусі спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Загінуў кожны 3 беларус.
Цяжка далася перамога савецкаму народу. У памяці народа навечна засталіся: 250 дзён гераічнай абароны Севастопаля, 900 дзён блакады Ленінграда, 103 дні вялікай бітвы пад Масквой, 201 дзень стойкасці і мужнасці абаронцаў Сталінграда, 150 дзён змагання на Курскай дузе.
Увесь народ узняўся на абарону Радзімы. І вера ў свае сілы, вера ў непераможнасць Радзімы дапамагла выстаяць у нялёгкай барацьбе. Летам 1944 года савецкія войскі пачалі канчатковае выгнанне ворага з Беларусі.
Заданні да тэксту:
1) Назавіце ўжытыя ў тэксце лічэбнікі (спалучэнні лічэбнікаў з назоўнікамі.)
2) Вызначце іх разрады паводле значэння і будовы.
3) З якой мэтай у тэксце ўжыты лічэбнікі?
Агучванне адказаў.
9. Устанавіце адпаведнасць паміж схемамі і лічэбнікамі. Адказ запішыце.
Для даведак: А2Б4В1Г3.
IV Кантрольна-ацэначны этап
Тэставае заданне па тэме “Лічэбнік”
1. Адзначце слова, якое не з’яўляецца лічэбнікам:
а) шэсць;
б) дваццаць;
в) двойка.
2. Адзначце колькасны лічэбнік:
а) два…;
б) сямідзясяты…;
в) сёмы.
3. Адзначце складаны лічэбнік:
а) трыццаць…;
б) сто тры…;
в) пяцьдзясят.
4. Адзначце лічэбнік, які мае адну склонавую форму:
а) сорак
б) дзевяноста
в) трыста
5. Адзначце лічэбнік, у сярэдзіне якога пішацца літара ь:
а) шэсц?сот;
б) восем?дзесят;
в) сем?сот.
6. Адзначце дробавы лічэбнік:
а) дваццаць;
б) сорак пяты;
в) дзве сотыя.
7. Адзначце зборны лічэбнік:
а) чатырнаццаць;
б) шасцёра;
в) семсот.
8. Адзначце лічэбнік, які ўжываецца з назоўнікам жаночага роду:
а) паўтара;
б) пяцьсот;
в) паўтары.
9. Адзначце назоўнік, які спалучаецца са зборным лічэбнікам:
а) стол;
б) нажніцы;
в) сястра.
10. Адзначце лічэбнік, які мае дзве склонавыя формы:
а) тры;
б) сто;
в) чатырнаццаць.
V Падвядзенне вынікаў урока. Выстаўленне адзнак
– Як правільна ўжываць лічэбнікі, трэба ведаць кожнаму, бо з імі прыходзіцца сустракацца штодня. Трэба ўмець іх правільна ўжываць як у вуснай, так і пісьмовай мове.
VI Дамашняе заданне
Падрыхтаваць выказванне на тэму “Калі б з нашага жыцця зніклі лічэбнікі, то…”.
VII Рэфлексія
– Звернемся да эпіграфа ўрока. Замяніце займеннік ты займеннікам першай асобы адзіночнага ліку. Прадоўжыце эпіграф: “Важна не тое, што і колькі я зрабіў, а тое, як я гэта зрабіў”.
Ацаніце сваю работу.
Ці спатрэбяцца вам веды, набытыя на гэтым уроку?
Дадатак
Раздатачны матэрыял
Прыём “Хто хутчэй”. Размяркуйце лічэбнікі на групы паводле складу.
Дваццаць, пяць, сорак два, трыццаты, сто шэсць, дзесяць, пяцьдзясят, шэсцьсот, дзевяноста дзевяць, восемдзесят, тысяча, семсот дванаццаць, трыста, шаснаццаць, двухсоты, адна цэлая і чатыры дзясятыя, сорак
Вызначце чацвёртае лішняе слова і растлумачце свой выбар.
А) тры, тройка, трыста, трэці;
Б) пяцёра, васьмідзясяты, пяты, дваццаць сёмы;
В) сто сорак пяць, семдзесят два, шэсцьсот, трыццаць тры;
Г) дзевяцьсот, пяцьсот, восемсот, пяцьдзясят.
Прыём “Правер сябе”
Самастойная праца. Устанавіце адпаведнасць паміж схемамі і лічэбнікамі. Адказ запішыце.
А__Б__В__Г__