Распрацоўка гульні-падарожжа “На фурманцы з Дзядзькам Карусем па абшарах Беларусі”, прымеркавана да дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.
Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа”Лідскага раёна
Гродзенскай вобласці
Распрацоўка гульні-падарожжа “На фурманцы з Дзядзькам Карусем па абшарах Беларусі”, прымеркавана да дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Мерапрыемства ўяўляе сабой завочную экскурсію па родных мясцінах Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча, стылізаваную пад вандроўку са станцыямі, астраўкамі, сцяжынкамі, прыпынкамі і канчатковым пунктам прызначэння. Гульня-падарожжа мае адукацыйную і асветніцкую накіраванасць, арыентавана на знаёмства з жыццёвым і творчым шляхам выдатнага беларускага пісьменніка Якуба Коласа. Галоўная задума завочнага падарожжа – данесці да кожнага маладога чалавека думку аб тым, што для Якуба Коласа самымі дарагімі каштоўнасцямі заўсёды былі бацькоўская зямля, рака Нёман, родныя сцежкі-дарожкі, людзі, прырода, хата. Гульня-падарожжа прадугледжвае, што кожны маленькі беларус з любога кутка Беларусі зможа дакрануцца да запаветных мясцін песняра, нават, калі не мае магчымасці наведаць яго радзіму асабіста. Гэта вандроўка напэўна падштурхне да рэальнага падарожжа па малой радзіме Якуба Коласа.
Мэта і задачы:
– пашырэнне ведаў вучняў пра жыццё і творчасць Якуба Коласа;
– падтрыманне цікавасці вучняў да вывучэння беларускай літаратуры, культуры, традыцый беларускага народа;
– развіццё інтэлектуальных здольнасцей, выхаванне пачуцця павагі і гонару за духоўную і матэрыяльную спадчыну беларусаў, родную мову, слаўных землякоў.
Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя з заданнямі, краявідамі малой радзімы Якуба Коласа, фурманкай на мультыбордзе.
Удзельнікі: Фурман (настаўнік), Дзядзька Карусь (старшакласнік у вобразе Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча), Знаўца Творчасці Якуба Коласа (старшакласнік), вандроўнікі (дзеці).
Эпіграф:
Ідзі з жыццём, вандроўнік, нага ў ногу,
Бо шмат ёсць маладых
Вандроўнікаў такіх, –
Благаславі ты іх у пуць-дарогу!
Якуб Колас
Ход гульні-падарожжа
Знаўца Творчасці Якуба Коласа (Знаўца). Прывітанне, маладыя вандроўнікі, шаноўныя мае беларусы! Кожны год трэцяга лістапада мы адзначаем дзень нараджэння Якуба Коласа. Я разам з Дзядзькам Карусем (а гэта не хто іншы, як сам Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) запрашаем вас у падарожжа на вясковай фурманцы.
Настаўнік прапануе заняць месцы ў імправізаванай фурманцы, звяртае ўвагу на эпіграф – словы Якуба Коласа да маладых вандроўнікаў, напісаныя на дошцы.
У нас сёння наперадзе цікавае падарожжа, шмат сустрэч і адкрыццяў. Мы пройдзем запаветнымі сцежкамі нашага выбітнага класіка, сустрэнемся з дарагімі яго сэрцу мясцінамі і рэчамі, дакранёмся да творчасці пісьменніка.
Дарэчы, Якуб Колас і Дзядзька Карусь – гэта толькі два псеўданімы Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча. Былі іншыя: Тарас Гушча, Ганна Груд, Лесавік. Пад псеўданімам жа Дзядзька Карусь у газеце “Наша доля” (1906 год) пісьменнік надрукаваў апавяданне “Слабода”.
Станцыя “Шмат у нашым жыцці ёсць дарог”
Фурман. Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Мікалаеўшчына, Нясвіж, Палессе, Смалярня, Вільня, Мінск – няпоўны пералік тых мясцін, куды лёс закідаў Якуба Коласа.
Настаўнік паказвае на мультыбордзе населеныя пункты, звязаныя з жыццёвым шляхам Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча.
А мы з вамі рушым па дарозе на малую радзіму пісьменніка, дзе ён нарадзіўся і дзе прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады.
Знаўца. Дарога ў творчасці Якуба Коласа набывае самыя розныя значэнні. Яна як само жыццё, блуканне, падарожжа, перашкоды, сустрэчы, месца пазнання ісціны чалавечага існавання, выток творчасці, крыніца ўражанняў, гістарычны шлях народа.
Заданне “Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш”
Настаўнік прапануе ўставіць словы дарога, сцежка шлях у вершы Якуба Коласа (на мультыбордзе):
1 Прасторны …! // Калі ж, калі // Ты закрасуеш на зямлі // І злучыш нашы ўсе дарогі?
2 Мой родны кут, як ты мне мілы!.. // Забыць цябе не маю сілы! // Не раз, утомлены …, // Жыццём вясны мае убогай, // К табе я ў думках залятаю // І там душою спачываю.
3 Ой, дарога – …, // Вузкая, крывая! // І ты, жыццё наша, // Ты, доля, такая!
Адказы: 1. Шлях. 2. Дарога. 2. Сцежка.
Дзядзька Карусь. Эх, што за мясціны! (На мультыбордзе выява родных мясцін Якуба Коласа) Чуеце?
Вучні слухаюць, як спявае птушка, затым гучыць урывак з твора “На ростанях”:
“Снуючыся высока ў небе, раняла птушка мяккія, ласкавыя мелодыі, сатканыя са звону срэбраных струн, з булькання лясных ручайкоў, з зумкання пчаліных крыльцаў, шолаху красак. I ўсе гэтыя тоны спляталіся так гарманічна-своеасабліва ў песні ляснога …, што яна даходзіла да самых затоеных глыбінь сэрца і калыхала самыя тонкія струны душы”
Заданне “Вольны пясняр узлескаў”
Знайдзіце птушку, пра якую гаворыцца ў творы. Назавіце іншых птушак на малюнках.
Адказы: 1. Салавей. 2. Жаваранак. 3. Шпак.
Прыпынак “Тут пчолка ў вуллях гаманіла”
Дзядзька Карусь.
Парэчча – слаўная мясціна,
Куток прыгожы і вясёлы:
Як мора – лес, як неба – долы,
Зіхціць у кветках лугавіна…
А колькі ягад і парэчак!
Як пахне мёдам поле грэчак,
Калі пачнуць яны цвісці!..
Ну, як тут пчол не завясці:
Ім столькі выгад тут, прастору!
Знаўца. Леснікову пасаду паэт у паэме “Новая зямля” называе Парэчча, а сапраўды яна звалася Ласток (на фота).
Ласток – колішняя леснічоўка ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, цяпер мемарыяльная сядзіба Якуба Коласа.
Заданне “Пахне мёдам поле грэчак”
Фурман. Звярніце ўвагу на палі, якія раскінуліся вакол дарогі.
Уявіце, што вы пчалавод, якому неабходна накіраваць пчол на тое поле, дзе яны змогуць назбіраць мёду. На першае ці на другое поле неабходна накіраваць рой?
Адказ: На першае поле. Там цвіце грэчка. На другім полі расце пшаніца.
Заданне “А колькі ягад і парэчак!”
На якім кусце цвітуць парэчкі?
Адказ: 1. Журавіны. 2. Парэчкі.
Чаму Якуб Колас асобна вылучыў парэчкі ў радках “А колькі ягад і парэчак”, калі распавядаў пра пчол?
Адказ: парэчка – меданосная расліна.
Знаўца. Пчале – істоце мудрай і працавітай –Якуб Колас прысвяціў цэлы раздзел паэмы “Новая зямля” “Падгляд пчол”. Аўтар з павагай называе гурт пчол рой такоўскі, што азначае той, які заслугоўвае пахвалы, увагі.
Дарэчы, слова парэчка паходзіць ад слоў па рацэ, гэта значыць, што расліна расце каля ракі. А з якой ракой звязана дзяцінства Якуба Коласа? (Адказы вучняў).
Астравок каля ракі маленства Якуба Коласа “Дзе льецца Нёман срэбраводны”
Знаўца. Малая радзіма Якуба Коласа не ўяўляецца без Нёмана (фота на мультыбордзе) – ракі яго дзяцінства і юнацтва, апетай ў яго шматлікіх творах. Яе ён не забываў да апошніх сваіх дзён. Пісьменнік да дарагой яму назвы Нёман звяртаўся 152 разы, выкарыстоўваючы яе ў 29 паэтычных і празаічных творах, у перапісцы з сябрамі.
Заданне “Гой ты, Нёман, наша рэка! Поіш ты і корміш нас”
Прачытайце ўрывак “Былі ліны, язі і плоткі” з паэмы “Новая зямля” і суаднясіце назвы рыб з іх выявамі на малюнках:
Адказ: 1. Язь. 2. Лінь. 3. Плотка.
Прыпынак “Сярод трушчоб між ельнякамі, і “чортаў камень”, што вякамі над Азярком ляжыць, як хата…”
Знаўца творчасці Якуба Коласа. Значны ўплыў на Костуся аказаў дзядзька па бацьку – Антось (фота на мультыбордзе), ён абудзіў у падлетка цікавасць да прыроды, літаратуры. Дзядзька Антось у паэме “Новая зямля” часта вадзіў дзяцей у Ліпава, у Азярко, дзе ляжаў авеяны легендамі “чортаў камень”, пра які Якуб Колас напіша ў алегарычнай казцы “Чортаў камень”.
Заданне “Моцны як камень”
Фурман. Давайце зробім прыпынак, адпачнём і паслухаем урывак яшчэ аднаго алегарычнага твора пад назвай “Камень”: “Кажуць жа – моцны, як камень. І маўклівы, як камень”.
Выберыце з “воблака слоў” тыя рысы характару беларуса, якія дазваляюць сказаць пра яго – моцны як камень:
Знаўца. Дарэчы, у Акінчыцах (на фота) ля ўвахода ў леснічоўку гасцей сустракае незвычайны камень, на якім стаяў вадзяны млын у “Новай зямлі”. Людзі кажуць, што ён чароўны. Будзеце ў Акінчыцах – не забудзьце каля яго загадаць жаданне.
Мемарыяльны музей-сядзіба Якуба Коласа “Акінчыцы”
Фурман. А мы на нашай фурманцы рушым далей.
Сцяжынка “Эх, досвітак маленства, лета!”
Дзядзька Карусь.
Але паслухай, мілы дружа.
Эх, што за хваля і як дужа,
Разгонна, смела і агромна
Плыве па струнах тых з-пад Нёмна!
Ідуць касцы, звіняць іх косы…
Знаўца. Скончыўшы двухгадовае Мікалаеўшчынскае народнае вучылішча (1894), Канстанцін Міхайлавіч наступныя тры гады жыў у Альбуці (на фота), дапамагаў на гаспадарцы, шмат чытаў, рыхтаваўся да паступлення ў настаўніцкую семінарыю.
Мемарыяльная сядзіба “Альбуць”
Заданне “Адна работа за другою ідзе-плыве сваёй чаргою”
Размяркуйце сезонныя работы, якія апісвае Якуб Колас у раздзеле паэмы “Новая зямля” “Летнім часам”, у храналагічнай паслядоўнасці:
А. |
Баравічкі мае любыя! // Якою слаўнаю сям’ёю // Вы ўстаяце перада мною! |
|
Б. |
Гаворка, шум і коней ржанне – // касьбы вясёлае вітанне. |
|
В. |
Бяруцца людзі за сявенькі, // за плуг, за бораны, за сохі |
|
Г. |
На луг другая коціць хваля: // ідуць грабцы, жанкі, дзяўчата. |
|
Д. |
Цяпер увагу дайце хлебу, – // сярпок крывенькі просіць дзела. |
|
Адказ: 1 – В. 2 – Б. 3 – Г. 4 – Д. 5 – А.
Заданне “Краска, красачка мая, мілае стварэнне! Што ж на тварыку тваім легла задуменне?”
Збярыце на лузе травы ў гербарый, дайце ім назву:
Адказы: 1 – канюшына. 2 – мята палявая. 3 – пырнік паўзучы. 4 – святаяннік.
Заданне “Сілачом стаіць дуб разложысты”
Фурман. Павандруем па ваколіцах Альбуці, спынімся пад старым дубам і паслухаем урывак твора Якуба Коласа “Як птушкі дуб ратавалі”.
Дзядзька Карусь. Напэўна не скажу, над якою рэчкаю векаваў стары дуб… Год за годам на дуб навальвалася старасць.
– Будзем лячыць дуб. Перш за ўсё – павесіць посцілку, каб захаваць дуб ад паўночных вятроў. Дзе мы яе возьмем?
– Нарвем дзеразы і такую выштукуем заслону, што дуб аж ахне! – азваліся сарокі.
– Добра! – згадзіўся крумкач і дадаў: – Трэба ж і накррыць дуб.
Фурман. На якім малюнку дзераза?
Адказ: 1 – дзядоўнік. 2 – дзераза.
Знаўца. Пад дубам у Альбуці Якуб Колас напісаў свой першы верш і атрымаў ад бацькі ганарар – срэбны рубель.
Заданне “Цяпер разгорнем часаў шаты, бліжэй прыгледзімся да хаты”
Устаўце гаспадарчыя пабудовы ў твор: гуменца, хлявец, паветка, хата.
1 Пад … прылады: // Вазок, калёсы, панарады.
2 …, крытае саломай, // Ад доўгіх часаў пасівела.
3 З гнілой, вагнутаю страхою // Стаяў … якраз напроці.
4 У глыбі двара стаяла … // І выглядала зухавата.
Адказы: 1 – Паветка. 2 – Гуменца. 3 – Хлявец. 4 – Хата.
Канцавы прыпынак “Ну, проша ў хату!”
Дзядзька Карусь.
І стол тым часам накрываюць,
Гасцей шумлівых запрашаюць.
Заданне “Вось проша сыру. Проша мяска…”
Суаднясіце стравы першага слупка з другім, каб даведацца сакрэт прысмакаў з паэмы “Новая зямля”:
Тварог |
Сыта |
Верашчака |
Смятана |
Аладкі |
Мак |
Блінчыкі |
Грэцкая мука |
Квас |
Скварка |
Кісель |
Грыбы |
Адказы: тварог са смятанай, верашчака са скваркай, аладкі з грэцкай мукой, блінчыкі з макам, квас з грыбамі, кісель з сытой.
Знаўца. У паэме “Новая зямля” паказаны не толькі кулінарныя традыцыі беларускага народа, а таксама распавядаецца пра тое, як беларусы трымаліся за сталом, якія прысмакі рыхтавалі на Вялікдзень, Каляды.
Фурман. Ой, пара нам, госцікі, ой пара дахаты!
Юныя вандроўнікі выказваюць свае ўражанні ад гульні-падарожжа.
Спіс літаратуры:
1 Беларуская літаратура : вучэбны дапаможнік для 9 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / В.У.Праскаловіч [і інш.]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2019.
2 Колас Я. Новая зямля. Казкі жыцця : Паэма, апавяданні: Для сярэдн. і ст. шк. Узросту / Прадм. У.Казберука. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2001. – 374 с.