Назоўнік. Стымулюючы занятак для падрыхтоўкі да алімпіяды па беларускай мове ў 6-м класе

- 11:08II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Мэта: замацаваць, сістэматызаваць і правесці карэкцыю ведаў вучняў па тэме “Назоўнік” у межах усіх раздзелаў мовазнаўства.

Галіна ЛЯВОН,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Радунская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Тэма: “Назоўнік”.

Мэта: замацаваць, сістэматызаваць і правесці карэкцыю ведаў вучняў па тэме “Назоўнік” у межах усіх раздзелаў мовазнаўства.

Задачы

Адукацыйная: удасканальваць уменні вучняў адрозніваць разнастайныя лексіка-граматычныя групы назоўнікаў у тэкстах, выяўляць іх сэнсава-граматычную ролю;

Развіваючая: фарміраваць уменне даваць поўную марфалагічную характарыстыку, правільна адбіраць назоўнікі пэўных тэматычных груп, замацоўваць і пашырыць веды вучняў, звязаныя з фанетычнымі, лексічнымі, словаўтваральнымі і сінтаксічнымі магчымасцямі назоўніка;

Выхаваўчая: выхоўваць пачуццё таварыскасці і калектывізму, пачуццё гонару за сваю вялікую і малую Радзіму.

Тып: занятак-падагульненне ў форме падарожжа.

Формы работы: работа ў парах, франтальнае апытванне, індывідуальныя заданні.

Эпіграф:

Ёсць у кожнага з нас незабыўны маленства куток,
Як у пташак, дзе вывелі дзетак, гняздоўе.
Борам стаў стагалосы за вёскай маленькі лясок
Ён у кожнага свой, ды адна для ўсіх нас – Радзіма.

 Яўген Крупенька

 

Ход занятку

1 Арганізацыйны момант. Настрой на працу

– Выберыце з прапанаваных смайлікаў той, які адпавядае вашаму настрою ў пачатку занятку.

 

2 Гутарка па змесце эпіграфа

– Пракаменціруйце сэнс прапанаваных радкоў.

 

3 Літаратурная размінка

– Успомніце назву верша і яго аўтара па прапанаваных радках.

4 Актуалізацыя ведаў вучняў

– Пачаць нашу працу я хачу з загадкі:

Што гэта за краіна такая?
Імя ўсё навокал тут мае:
Рачулка, расінка і зорка,
Пчала, аблачынка, вавёрка,
Дажджынка, сунічка, буслянка,
Бярозка, узгорак, палянка.
Па гэтай краіне нямала
З настаўнікам вы вандравалі.
Вы хуценька ўсё ўспамінайце
І назву яе адгадайце.

– Калі ласка, паспрабуйце разгадаць загадку з дапамогай крыжаванкі.

1. Галоўны член сказа.
2. Раздзел навукі аб мове, у якім словы вывучаюцца як часціны мовы.
3. Даданы член сказа.
4. Ён бывае мужчынскі, жаночы, ніякі і агульны.
5. Раздзел навукі аб мове, у якім вывучаюцца спосабы ўтварэння слоў.
6. Змяненне часцін мовы па склонах.
7. Можа быць адзіночным і множным.
8. У беларускай мове іх шэсць.

Адказы: 1. Дзейнік. 2. Марфалогія. 3. Азначэнне. 4. Род. 5. Словаўтварэнне. 6. Скланенне. 7. Лік. 8. Склон.

Па вертыкалі атрымоўваецца слова назоўнік.

– Паглядзіце, крыжаванка дала нам адказ, па якой краіне мы з вамі павандруем. Таму сёння мы яшчэ раз папрацуем над тэмай “Назоўнік”, выканаем алімпіядныя заданні па гэтай тэме. Давайце зараз вызначым задачы нашых заняткаў. (Адказы вучняў)

 

5 Тэарэтычная частка

– Перад вамі папера з намаляваным на ёй сонейкам. Вам неабходна запісаць на промнях сонца самыя складаныя для вас моманты па тэме “Назоўнік”. Менавіта да іх мы і паспрабуем звярнуцца. (Прыкладныя адказы вучняў: правапіс канчаткаў роднага склону, несупадзенне роду і ліку, зборныя, рэчыўныя назоўнікі, правапіс складаных назоўнікаў і інш.)

 

6 Размінка для вачэй

 

7 Хвілінка паўтарэння

8 Практычная частка

8.1 Праца з тэкстам “Родны край” (з часопіса)

Мой родны край, дарагое сэрцу месца, дзе я ведаю кожны куст, кожнае дрэўца! Мой родны край – найпрыгажэйшы ў свеце, дзе з кожным вулічным сабакам мы гаворым на адной мове. Тут усё мне роднае, усё зразумелае, усё звязана з маёй душой. Я тут нарадзіўся, пачаў хадзіць і гаварыць, дзівіцца навакольнаму свету і спазнаваць яго. Тут мае родныя, мая сям’я, тут гучыць родная мова. І я з радасцю адчуваю сябе гаспадаром гэтай зямлі, любуюся ёю і ганаруся. Цудоўная прырода майго краю, духмяныя густыя лясы, блакітныя азёры, шырокія палі, празрыстыя рэчкі ўражваюць ў любую пару года. Пахі свежага хлеб.., чабор.., маладога бярозавага бор.. – мае любімыя, яны заўсёды супакойваюць мяне, напаўняюць душу беспадстаўным шчасцем і лёгкасцю. Як і сябры з самага дзяцінств.., вобразы роднай зямлі заўсёды са мной у маёй душы. Калі падарожнічаю ў іншыя краіны, не магу знайсці нічога падобнага майму кра… Упэўнены, што вобраз радзімы дарагі кожнаму чалавеку, але таксама ведаю, што іншага такога краю, як родная гасцінная Беларусь, у свеце няма. 

Заданні да тэксту:

1) Знайсці тры назоўнікі, дзе колькасць літар і гукаў не супадае.

2) Растлумачыць правапіс арфаграм у падкрэсленых словах.

3) Дапісаць канчаткі назоўнікаў у родным склоне.

4) Знайсці назоўнік, у якога род у рускай і беларускай мове не супадае, прывесці прыклады такіх назоўнікаў. (Левае брыво, белы рамонак, прыгожая шыпшына).

5) Вызначыць стыль і тып тэксту. (Публіцыстычны, апавядальны з элементамі апісання).

6) Успомніць прыказкі са словамі край, зямля, Радзіма.

З роднага боку і варона мілая.
Родная зямелька – як зморанаму пасцелька.
Няма смачнейшае вадзіцы, як з роднае крыніцы.
Няма лепш за той куток, дзе вязалі пупок.
У чужой старонцы не так свеціць сонца.
На чужой старонцы рад сваёй варонцы.
У сваім краі, як у раі.
Родная зямля – матка, а чужая – мачыха.

7) Падабраць антонімы да слоў шчасце, лёгкасць.

8) Назавіце назоўнікі. Назавіце словазлучэнні з гэтымі назоўнікамі.

9) Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў выдзеленым сказе.

 

8.2 Моўная размінка

– Адгадайце моўныя загадкі.

1. Лясныя рыцары. (Партызаны) 2. Сейбіт разумнага, добрага, вечнага. (Настаўнік) 3. Людзі ў белых халатах. (Урачы) 4. Другі хлеб. (Бульба) 4. Цар пушчы. (Зубр)

Знаёмства з паняццем перыфраза. Перыфраза – гэта слова, у якім назва з’яў або прадметаў падаецца праз апісанне іх асобных вызначальных прымет.

 

9 Падагульненне пройдзенага

9.1 Падкрэсліце ў радку “лішні” назоўнік. Растлумачце, чаму падкрэсленае слова не ўпісваецца ў падборку назоўнікаў.

1) Рупнасць, пяшчота, дабрыня, ганарлівец, лянота.

2) Летапісец, весялун, будаўнік, багажнік, разумнік.

3) Галлё, лісты, насельніцтва, збожжа, птаства.

4) Цукар, мука, вада, кніга, цэмент.

9.2 Калі назоўнік абазначае назву посуду, пастаўце лічбу 1, калі элемент (частку) дома – лічбу 2.

10 Падвядзенне вынікаў

– Складзіце сінквейн да назоўніка Радзіма.

 

11 Рэфлексія

– Прадоўжыце фразу:

– На сённяшнія занятку я…

– У мяне добра атрымалася…

– Мне патрэбна яшчэ дапрацаваць…

– Мой настрой на занятку…

 

Поделиться ссылкой:

0
Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий