Адна з задач занятку – вучыцца арыентавацца ў змесце твора па пытаннях настаўніка. Канспект можна выкарыстоўваць на занятках, прысвечаных святу 8 Сакавіка.
Наталля ЯЗУБЕЦ,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Лелюкінская сярэдняя школа Іўеўскага раёна”,
Гродзенская вобласць
Тэма: Эдзi Агняцвет “Маме”.
Задачы:
– фарміраваць уменне арыентавацца ў змесце твора па пытаннях настаўніка;
– выказваць свае адносіны да прачытанага; вызначаць галоўную думку твора;
– развіваць уменне выбіраць адпаведны тон і выдзяляць з дапамогай лагічнага націску важныя словы ў вершы пры чытанні ўслых; развіваць навык правільнага, свядомага чытання;
– выхоўваць любоў да роднай мовы, пачуццё любві і павагі да бацькоў, да Радзімы.
Тып урока: камбінаваны.
Абсталяванне: падручнік, фотаздымак сям’і, “лесвічка поспеху”, папяровыя сэрцы.
Ход урока
I Арганізацыйны этап
Вось ужо звінеў званок,
Запрасіў нас на ўрок.
Добры дзень, я вас вітаю,
Да заняткаў запрашаю.
– Добрай раніцы. Сядайце, калі ласка.
ІІ Моўная, артыкуляцыйная і дыхальная размінка
– А каб ваша чытанне было правільным і прыгожым, пачнём наш урок, як заўсёды, з дыхальнай гімнастыкі.
Практыкаванні для развіцця правільнага дыхання
1 “Надзімайся, шарык”
– Складзіце з кулачкоў трубачку і дзьміце ў яе, як быццам мы надзімаем шарык.
2 “Шарык, здзімайся!”
– Набярыце праз нос паветра і паўтарайце гук шарыка, які здзімаецца, – “С-с-с-с”.
3 “Рэха”
Рукі складзіце трубачкай і паклічце заблукаўшага ў лесе –“А-у-у-у”.
Артыкуляцыйная гімнастыка
– Зараз праспяваем песеньку галосных. Праспявайце спачатку расцягнута, а потым коратка:
І – Э – А – О – У – Ы
Э– А – О – У – Ы – І
О– У – І – Ы –Э – А
– Вымавіце спалучэнні гукаў.
ПТА – ПТО – ПТУ – ПТЭ – ПТЫ
ХТА – ХТО – ХТУ – ХТЭ – ХТЫ
IIІ Праверка дамашняга задання. Актуалізацыя ведаў
Выразнае чытанне верша Ю.Свiркі»Свята».
– Пра якое свята ідзе гаворка ў вершы?
– Як вы рыхтуецеся і святкуеце гэта свята?
ІV Этап фарміравання новых ведаў
– Сапраўды, кожная мама заслугоўвае ўвагі і павагі. Для кожнага з нас няма больш дарагога, роднага і светлага чалавека, чым маці, мама, матуля! Мама – самы дарагі, і самы ласкавы, і самы лепшы, і самы-самы чалавек на свеце. Ніхто не можа лепш параіць, дапамагчы ў бядзе, як маці. Нічыё сэрца не баліць так за сваё дзіця, як матуліна. І вядoма, ніхто не ўмее так любіць, як маці. Сваю Радзіму мы таксама называем маці. Можа ведаеце чаму? (Таму што наша Радзіма, дзяржава клапоціцца пра кожнага з нас, як родная маці).
– Галоўнае ў дзень свята – не падарунак, а добры настрой. Старайцеся стварыць яго для мамы. Зрабіце ёй прыемнае.
Сёння мы працягнем знаёміцца з творамі беларускіх пісьменнікаў, якія прысвечаны нашым самым любімым матулям. Але спачатку …
Маўленчая размінка
– Паўтараем словы разам павольна. Потым у хутчэйшым тэмпе.
Вя-сёл-ка Хмар-ка Пе-сень-ку
Лас-ка Па-да-ры-ла Ма-ту-ля
Слоўнікавая работа
– А зараз растлумачым такія словы. (На дoшцы запiсаны незразумелыя словы. Дзеці з дапамогай настаўніка тлумачаць іх значэнне.)
Дыван
Вясёлка
Чытанне настаўнікам верша Эдзі Агняцвет “Маме”
Настаўнік чытаe верш, а вучні ўважліва слухаюць. Потым адказваюць на пастаўленыя пытанні.
– Каму прысвечаны верш?
– Чытанне верша вучнем услых
– Што хоча падарыць дзяўчынка маме?
Самастойнае чытанне верша
V Фiзкультхвілінка для вачэй з выкарыстаннем трэнажора
VІ Аналiз верша па пытанняx
– Якія радкі ў вершы паўтараюцца? Як вы думаеце, чаму?
– Прачытайце апошнія тры радкі. Што матуля падарыла сваёй дачушцы?
“Конкурс чытальнікаў”
Выразнае чытаннe верша кожным вучнем (некалькіх вучняў)
– Паразважайце, ці любяць адна адну мама і дачка?
– Каму хочацца дарыць самае лепшае?
VІІ Фiзкультхвiлiнка
Устаньце, дзеткі, усміхніцеся,
Зямлi нашай пакланіцеся
За шчаслівы дзень учарашні.
Усе да сонца пацягніцеся,
Улева, управа нахіліцеся,
Верацёнцам пакруціцеся.
Раз прысядзьце, два прысядзьце
І за парты ціха сядзьце.
Работа з вершам (прыём “Закладка”)
– чытанне хорам;
– чытанне па ланцужку;
– чытанне з рознай інтанацыяй голасу;
– выбарачнае чытанне;
– выразнае чытанне.
Самаацэнка.
VIІІ Падвядзенне вынікаў (прыём “Мікрафон”)
Настаўнік прапануе адказаць на пытанні ў цацачны мікрафон.
– Як называецца верш, з якім мы пазнаёміліся?
– Хто аўтар верша?
– Якія падарункі хоча падарыць дзяўчынка маме?
IX Рэфлексія
– Я прасіла прынесці фотаздымкі вашых сем’яў. Некаторыя з вас прынеслі многа фотаздымкаў сваёй матулі. Па ўсім бачна, што гэта самы дарагі для вас чалавек, самы блізкі, самы добры на зямлі.
– У кожнага з вас на стале ляжыць невялічкі сімвал любві – сардэчка. Напішыце на ім пажаданне – і вы можаце падарыць яго сваёй маме.
– Ацаніце, калі ласка, сваю работу на працягу ўсяго ўрока з дапамогай “лесвічкі поспеху”.
X Падвядзенне выніку ўрока. Ацэньванне работы на ўроку
– Скажыце, які верш мы з вамі чыталі?
– Чаму навучыў нас гэты твор?
– Што карыснага кожны з вас узяў сабе з нашага ўрока?
Малайцы. Вы стараліся працаваць на ўроку, правільна адказвалі на пытанні па прачытаным вершы. Чыталі яго выразна. (Канкрэтны аналіз работы кожнага вучня і выстаўленне адзнак.)
Адносьцеся з любоўю і павагай да сваіх бацькоў і Радзімы.
XІ Дамашняе заданне
Вывучыць верш на памяць.