Мэта: стварыць умовы для абуджэння цікавасці да беларускай літаратуры, гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі і развіцця пазнавальнай актыўнасці праз арганізацыю інтэрактыўнага ўзаемадзеяння; выхоўваць гонар і адказнасць за родны край; удасканальваць навыкі групавой працы.
Тэрэса АЎТУШКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Войстамская базавая школа”
Смаргонскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта: стварыць умовы для абуджэння цікавасці да беларускай літаратуры, гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі і развіцця пазнавальнай актыўнасці праз арганізацыю інтэрактыўнага ўзаемадзеяння; выхоўваць гонар і адказнасць за родны край; удасканальваць навыкі групавой працы.
Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя з ілюстрацыйным матэрыялам, карткі з заданнямі.
Эпіграф: “Жывёлы, якія ходзяць у пустыні ведаюць ямы свае, птушкі, якія лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, рыбы, якія плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае, пчолы і ім падобныя бароняць вуллі свае. Таксама і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены былі, да таго месца вялікую ласку маюць”. Францыск Скарына.
У мерапрыемстве прымаюць удзел дзве каманды. Колькасць удзельнікаў адной каманды – 7 чалавек. Каманды загадзя прыдумваюць назву і эмблему. Да мерапрыемства кожная каманда рыхтуе адзін нумар мастацкай самадзейнасці (песню, верш, танец).
Ход мерапрыемства
1 Арганізацыйны момант
2 Паведамленне мэты мерапрыемства. Уступнае слова
Вядучы. “Жывёлы, якія ходзяць у пустыні ведаюць ямы свае, птушкі, якія лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, рыбы, якія плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае, пчолы і ім падобныя бароняць вуллі свае. Таксама і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены былі, да таго месца вялікую ласку маюць”, – гэта словы нашага славутага земляка, вялікага беларуса Францыска Скарыны.
Безумоўна, мы павінны ведаць свой родны край, яго прыроду, мову, гісторыю, традыцыі. Наша Беларусь – гэта свет дабрыні і пяшчоты, багацце легендаў і казак, край таленавітых, добрых і шчырых людзей.
Сёння мы правядзём конкурс інтэлектуалаў. Яго назва – “Краязнаўчы калейдаскоп”. Падчас конкурсу камандам неабходна будзе праявіць свой спрыт, знаходлівасць і розум.
3 Гульня “Алітарацыя імені”
Вядучы. Для таго каб настроіцца на сумесную працу, стварыць атмасферу добразычлівасці і добрага саперніцтва, прапаную паўдзельнічаць у гульні “Алітарацыя імені”. Умовы гульні наступныя: усе садзяцца ў адзін круг. Неабходна назваць імя свайго суседа і даць яму характарыстыку на тую ж літару, з якой пачынаецца яго імя. Напрыклад, Сяргей – смелы, Маша – мілая, Аксана – акуратная, Святлана – сур’ёзная, Таня – таленавітая і гэтак далей.
Прадстаўленне членаў журы. Журы таксама ўдзельнічае ў гульні “Алітарацыя імені”.
4 Правядзенне конкурсу
Вядучы. Паважаныя ўдзельнікі конкурсу, якія эпітэты вы можаце падабраць да назвы нашай краіны? Працягніце ланцужок. (Эпітэты запісваюцца на ватмане, які вісіць на дошцы).
Беларусь – …. (велічная, дарагая, мілая, родная, пяшчотная, баявая, мужная, сінявокая, зямля пад белымі крыламі, край дзівосаў і цудаў, азёрны край, святая зямля, гасцінная, старажытная, вольная…)
І сапраўды, які ж цудоўны і непаўторны край – наша Беларусь! Я прапаную вам узнавіць у памяці родныя куточкі, праглядаючы прэзентацыю “Мая цудоўная Беларусь”.
А зараз слова нашым камандам.
Капітаны прадстаўляюць назву каманды, эмблему і дэвіз.
Вядучы.
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
Ты самацветаў яскравая нізка…
Гэтак цудоўна сказаў пра нашу мову Уладзімір Дубоўка. Без нашай мовы не было б і нас, беларусаў, як нацыі, без яе не адбыўся і сённяшні наш конкурс. Таму першыя заданні прысвечаны беларускай мове.
Першы тур. “Залацінкі народнай мудрасці”
Вядучы. Звернемся да залатога фонду нашай мовы, да тых адзінак, якія называюць залацінкамі народнай мудрасці. Гэта прыказкі і прымаўкі, фразеалагізмы, якія робяць нашы выказванні больш яркімі, каларытнымі, “смачнымі”. Мы выкарыстоўваем іх у маўленні, аднак ці заўсёды правільна і дарэчы? Высветлім, што вы ведаеце пра гэтае моўнае багацце.
Вядучы кажа пачатак прыказкі, а ўдзельнікі запісваюць яе заканчэнне. За кожную правільную прыказку каманда атрымлівае 1 бал.
Ваўкоў баяцца… (у лес не хадзіць).
У чужым воку саломку бачым… (у сваім бервяна не заўважаем).
Хто апарыцца на малацэ… (той і на ваду дзьмухае).
Было б балота… (а чэрці знойдуцца).
Век жыві… (век вучыся).
Гром не грымне… (мужык не перахрысціцца).
Гультай за работу… (мазоль за руку).
Каб ведаў, дзе ўпадзеш… (то саломкі падаслаў бы).
З ваўкамі жыць… (па-воўчы выць).
Бадлівай карове… (бог рог не дае).
Ведае кошка… (чыё сала з’ела).
Добрая слава на палічцы ляжыць… (а дрэнная па дарожцы бяжыць).
Вядучы. Фразеалагізмы ўзніклі і ўзнікаюць па-рознаму. Часта здаралася так, што ў выніку нейкай падзеі або на аснове міфа ці літаратурнага твора ствараўся выраз, які потым замацоўваўся і ўжываўся наступнымі пакаленнямі. Вам неабходна вызначыць фразеалагізмы, якія ўзніклі з прычыны згаданых падзей. За правільны адказ каманда атрымлівае 2 балы.
1) Аднойчы, паводле старажытнагрэчаскага міфа, цар Крыта Мінас наклаў на Афіны пакаранне за забойства свайго сына: кожныя дзевяць гадоў афіняне павінны былі дасылаць па сямёра хлопцаў і дзяўчат на Крыт, дзе іх з’ядаў пачварны Мінатаўр, які жыў у лабірынце, з якога немагчыма было знайсці выйсце. Афінскі герой Тэсей вызваліў свой край ад гэтай бяды. Але ён не змог бы перамагчы Мінатаўра без дапамогі дачкі Мінаса. Яна дала яму меч і клубок нітак, які вывеў яго з лабірынта. А з гэтага міфа нарадзіўся фразеалагізм. Які? (Нітка Арыядны)
2) Як вы ведаеце з гісторыі, у ноч на 24 жніўня 1572 года ў Парыжы адбылося масавае знішчэнне гугенотаў-пратэстантаў каталікамі. Гэтая разня працягвалася некалькі дзён і прынесла безліч ахвяр. А пачалася яна перад днём аднаго святога, імя якога ўвайшло ў склад устойлівага спалучэння, што ўзнікла на аснове той гістарычнай падзеі. Назавіце гэты фразеалагізм. (Варфаламееўская ноч)
3) Наступны ўстойлівы выраз паходзіць з кельцкіх легендаў пра караля Артура. Паводле падання, для таго, каб усе рыцары адчувалі сябе ў караля роўнымі, яны сядзелі не за прамавугольным сталом, а за сталом іншай формы. Якому фразеалагізму дала пачатак гэтая легенда? (Круглы стол)
4) Калісьці існаваў адзін старажытнаяўрэйскі абрад: раз на год на казла сімвалічна перакладалі грахі ўсяго народа, пасля чаго жывёліну праганялі ў пустыню. Які выраз узнік на аснове гэтага звычаю. (Казёл адпушчэння)
5) Гэты фразеалагізм з’явіўся пасля выхаду ў свет аднайменнага рамана Фенімара Купера пра трагічныя падзеі каланізацыі Паўночнай Амерыкі і пра апошняга прадстаўніка аднаго з індзейскіх плямёнаў, вынішчанага еўрапейскімі захопнікамі. (Апошні з магікан)
6) Устойлівыя моўныя адзінкі ствараліся і беларускімі пісьменнікамі. Назавіце выраз, які пайшоў з п’есы Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім»і абазначае нахабніка, няўдзячнага чалавека. (Свінтус грандыёзус)
Вядучы. Амаль усе згаданыя выразы, як і шэраг іншых, належаць да міжнародных: яны захоўваюць у розных мовах такую самую вобразнасць, значэнне, граматычную структуру, стылістычную афарбоўку і адрозніваюцца толькі гучаннем, кампанентавым складам, а ў роднасных мовах блізкія па гучанні. Напрыклад, на рускай мове “ариаднина нить”, а на украінскай мове – “аріаднина нитка”.
Другі тур. “Свет роднага слова”
Вядучы. Цяпер звернемся да іншых бакоў народнай культуры. З дзяцінства ўсе мы ведаем гульню “Апрані ляльку”. Уявім сабе гэту ляльку і паспрабуем апрануць яе. На картках – назвы розных відаў беларускага народнага адзення і абутку: мужчынскага і жаночага (Дадатак 2). Але між імі схаваліся словы – “самазванцы”. Вам трэба выбраць усе віды адзення. Будзьце пільныя: не апраніце вашу ляльку ў нешта недарэчнае. За кожнага “злоўленага самазванца” каманда пазбаўляецца 1 бала.
Панёва, світка, пас, саян, бурнос, выжал, жупан, вапняк, андарак, бурдзюк, каптур, гэбель, сурдут, нагавіцы, адрына, убрус, пасталы, магерка, вёрстка, кабат, боты, абрус, намітка, абліваха, фартух, жлукта, кашуля. (Вылучаныя словы не адносяцца да адзення).
Вядучы. Лялька апранутая. Трэба накарміць яе. Умовы тыя ж самыя. На картках – назвы беларускіх народных страў і словы – “самазванцы» (Дадатак 2).
Жур, пячыста, мачанка, конаўка, верашчака, хрусты, пячурка, мянташка, локшыны, ламанцы, мачыльня, наліснікі, лядоўня, панцак, калдуны, жырандоль, капытка, жвір, узвар, збінец, палукашак. (Вылучаныя словы не адносяцца да страў).
Трэці тур. “Славутыя імёны”
Вядучы. Культура не ствараецца сама па сабе, культуру ствараюць людзі. Наколькі добра вы ведаеце знакамітых людзей, якімі ганарыцца Беларусь? Вы атрымалі карткі з пераблытанымі звесткамі. За дзве хвіліны вам патрэбна прывесці іх у парадак. За правільны адказ – 1 бал (Дадатак 2).
1) Янка Купала, 2) Францыск Скарына, 3) Ігнат Буйніцкі, 4) Мікола Ермаловіч, 5) Стэфанія Станюта, 6) Эмілія Плятэр, 7) Ігнат Дамейка, 8) Лявон Вольскі, 9) Браніслаў Тарашкевіч, 10) Яўхім Карскі, 11) Барбара Радзівіл, 12) Вацлаў Ластоўскі, 13) Вітаўт.
а) вучоны, геолаг; б) прарок беларускай нацыі; в) актрыса; г) стваральнік беларускай граматыкі; д) першадрукар; е) гісторык; ё) удзельніца паўстання 1830-1831 гг.; ж) стваральнік нацыянальнага тэатра; з) гісторык, пісьменнік, палітычны дзеяч; і) удзельнік рок-гурта NRM; к) вялікі князь; л) лінгвіст; м) жонка караля Жыгімонта Аўгуста.
Адказы: 1б, 2д, 3ж, 4е, 5в, 6ё, 7а, 8і, 9г, 10л, 11м, 12з, 13к.
Вядучы. А зараз я вам прыгадаю некалькі выбітных асоб Беларусі і дам па сем падказак. Каманда, якая адгадае з першай падказкі, атрымае 7 балаў, з другой – 6 балаў і гэтак далей.
Першая асоба
1) Слынны беларускі паэт.
2) Яго бацька быў вядомым фалькларыстам і этнографам.
3) Большую частку жыцця ён пражыў не ў Беларусі, але самастойна вывучыў беларускую мову і пісаў на ёй вершы.
4) У раннім дзяцінстве жыў у Гародні.
5) Пісаў вершы класічных формаў, чым узняў беларускую літаратуру на сусветны ўзровень.
6) Памёр на 26 годзе жыцця ў Ялце.
7) Аўтар зборніка “Вянок”.
Адказ: Максім Багдановіч.
Другая асоба
1) Жыў у ХІІ стагоддзі.
2) Сын вельмі багатых бацькоў.
3) Быў манахам і займаўся літаратурнай дзейнасцю.
4) Праведнае жыццё зрабіла яго настолькі паважаным, што людзі прасілі яго стаць епіскапам.
5) Быў цудоўным прамоўцам.
6) Нашы продкі называлі яго Златавустам.
7) Нарадзіўся ў Тураве.
Адказ: Кірыла Тураўскі.
Трэцяя асоба
1) Полацкая князёўна надзвычайнай прыгажосці.
2) Яе бацька першы вядомы нам полацкі князь.
3) У канцы жыцця пайшла ў манастыр.
4) Яе другое імя Гарыслава.
5) Праз яе сына Ізяслава была адноўлена дынастыя полацкіх князёў.
6) Яе праўнук – Усяслаў Чарадзей.
7) Князь Уладзімір прымусіў яе выйсці за сябе замуж пасля таго як захапіў Полацк і забіў яе бацькоў і братоў.
Адказ: Рагнеда.
Чацвёртая асоба
1) Полацкая князёўна.
2) Унучка Усяслава Чарадзея.
3) У 12 гадоў пастрыглася ў манашкі.
4) Настаўніца, асветніца, перапісчыца.
5) Мецэнатка, фундатарка Спаскага сабора.
6) Адна з першых жанчын на ўсходнеславянскіх землях, якая была абвешчана святой.
7) Нябесная заступніца Беларусі.
Адказ: Еўфрасіння Полацкая.
Чацвёрты тур. “Ведай сваю гісторыю”
Вядучы. На гэтым этапе вы атрымаеце чатыры пытанні па гісторыі Беларусі. На іх неабходна адказаць пісьмова. За кожны правільны адказ – 3 балы.
Усе вы чулі пра род беларускіх магнатаў – Радзівілаў. Гэта былі вельмі магутныя і багатыя людзі. А як ва ўсіх багатых і магутных, у іх былі свае дзівацтвы. Аднаму з іх аднойчы захацелася праехацца на санях. Але на дварэ стаяла лета. Што зрабіў гэты багаты чалавек, каб задаволіць сваю прыхамаць?
Адказ: засыпаў дарогу соллю.
Вядучы. Аднойчы Ягайла зняволіў Вітаўта ў Крэўскім замку (як сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, з намерам забіць яго) і загадаў моцна пільнаваць. Аднак Вітаўт уцёк. Яму дапамагала яго жонка Ганна, якая кожны вечар з прыслугай прыходзіла да мужа. Якім чынам Вітаўту ўдалося збегчы, ды яшчэ так, што вартаўнікі толькі праз некалькі гадзін заўважылі, што князя і след прастыў?
Адказ: Вітаўт пераапрануўся ў адзенне прыслугі, а тая засталася замест яго ў крэпасці.
Вядучы. Назавіце гарады Беларусі, якія ўзніклі да сярэдзіны XVII стагоддзя?
Адказ: Мінск, Брэст, Віцебск, Орша, Пінск, Полацк, Браслаў, Ваўкавыск, Дзісна, Дзяржынск, Лагойск, Слуцк, Тураў.
Вядучы. Пералічыце як мага больш назваў народных свят, якія дайшлі да нас з язычніцкага часу.
Адказ: Грамніцы, Масленка, Гуканне вясны, Саракі, Камаедзіца, Пахаванне стралы, Купалле, Дзяды, Багач і інш.
Пяты тур. “Падарожжа па карце Беларусі”
Вядучы. Капітаны каманды выходзяць па чарзе да экрана, на якім змешчана контурная карта Беларусі. Заданне для першай каманды – назваць як мага больш рэк і паказаць іх на карце, для другой каманды – назваць беларускія азёры і паказаць іх на карце. Можна браць дапамогу каманды, прычым дапамагаць можа толькі адзін член каманды і толькі адзін раз.
Адказы: Рэкі: Бярэзіна, Дняпро, Заходняя Дзвіна, Нёман, Прыпяць, Сож, Пціч, Свіслач, Вілія, Шчара, Вісла і інш.
Азёры: Нарач, Мядзел, Асвейскае, Мястра, Баторына, Блакітныя азёры, Пастаўскія азёры, Ушацкія азёры, Браслаўскія азёры і інш.
Шосты тур. “Самыя-самыя”
Вядучы. А цяпер каманды будуць даваць адказы на хуткасць. Першай мае права адказаць тая каманда, якая хутчэй уздыме сваю эмблему. Адказвае капітан.
Самы старажытны горад Беларусі – … Полацк (Заснаваны ў 862 г.).
Самая буйная драпежная птушка – … грыф.
Самая высокая кропка краіны – … гара Дзяржынская (346 м над узроўнем мора).
Самае глыбокае беларускае возера – … Доўгае (537 м у глыбіню).
Самае вялікае беларускае возера – … Нарач (79,6 км кв.).
Самая доўгая беларуская рака – … Бярэзіна (613 км).
Самы першы беларускі прафесійны пісьменнік – … Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
Самая транзітная беларуская рака – … Дняпро (700 км).
Самы першы трамвай на Беларусі быў пушчаны ў горадзе … Віцебску (у 1898 г.).
Самая буйная жывёла, якая жыве ў беларускіх лясах, – … зубр (вага да 1 т).
Самы вялікі нацыянальны парк – … Белавежская пушча (87,6 га).
Самыя высокія дрэвы беларускага лесу – … ёлка і сасна (да 50 м).
Самая вялікая птушка – … лебедзь (да 10 кг).
Самая малая птушка – … жаўтароты каралёк (6 г).
Самая першая лінія метро ў Мінску пушчана ў … 1984 г.
Самы першы касманаўт-беларус – … Пётр Клімук.
5 Падвядзенне вынікаў конкурсу
Журы падводзіць вынікі конкурсу. Каманда-пераможца ўзнагароджваецца, адзначаюцца самыя актыўныя ўдзельнікі каманд.
6 Рэфлексія “Завяршы фразу”
– Беларусь для мяне – гэта …
– Літаратуру і гісторыю трэба ведаць, таму што …
– Сярод конкурсаў мне найбольш спадабаўся …
– У час гульні я даведаўся новае пра …
Дадатак 1
Тлумачальны слоўнік
Абліваха – галалёд, зімовы дождж, які замярзае на зямлі, на дрэвах.
Абрус – жаночы галаўны ўбор, які надзявалі замужнія жанчыны паверх чапца.
Абрус – кавалак тканіны спецыяльнага вырабу, якім засцілаюць стол; настольнік.
Адрына – халодная будыніна для захоўвання кармоў, інвентару.
Андарак – саматканая паласатая або ў клетку спадніца.
Боты – скураны абутак з высокімі халявамі.
Бурдзюк – мяшок са скуры жывёлы для захоўвання і перавозкі віна, кумысу.
Бурнос – даўгаполая з шырокімі рукавамі сялянская вопратка з саматканага сукна.
Вапняк – асадкавая горная парода, якая мае ў сабе вапну.
Верашчака – рэдкая мучная страва з мясам, каўбасой і рознымі прыправамі.
Вёрстка – размяшчэнне друкарскага набору па старонках.
Выжал – гончы сабака.
Гэбель – сталярскі інструмент для стругання дрэва.
Жвір – асадачная горная парода ў выглядзе дробных каменьчыкаў, ужываецца ў будаўнічых работах.
Жлукта – выдзеўбаная з драўлянай калоды пасудзіна для запарвання бялізны.
Жупан – верхняе мужчынскае адзенне з каляровага сукна.
Жур – негусты аўсяны кісель.
Жырандоль – фігурны падсвечнік для некалькіх свечак.
Збіцень – гарачае пітво з мёдам і спецыямі.
Кабат – верхняе мужчынскае і жаночае адзенне з цёмнага валенага сукна або футра; безрукаўка.
Калдуны – клёцкі, начыненыя мясам або іншым фаршам.
Каптур – дзіцячы або жаночы вязаны галаўны ўбор, які завязваецца пад падбароддзем.
Кашуля – адзенне з лёгкай тканіны на верхнюю частку цела.
Магерка – мужчынскі галаўны ўбор, які меў выгляд каўпака ці ўсечанага конуса.
Нагавіцы – споднікі, кальсоны.
Намітка – доўгі вузкі кусок кужэльнага палатна, звычайна з каймой або вышыўкай; галаўны ўбор замужніх жанчын.
Панёва – даўняе жаночае паясное адзенне (спадніца, сшытая з 2 ці 3, 4 полак).
Пас – тое, што і пояс.
Пасталы – скураны абутак накшталт лапцей.
Саян – спадніца з прышыўным ліфам-гарсэтам.
Світка – доўгая сялянская верхняя вопратка з даматканага сукна.
Сурдут – мужчынская двухбортная вопратка з доўгімі поламі, якая аблягае цесна цела.
Фартух – жаночая адзежа, якую надзяваюць спераду на сукенку, спадніцу.
Дадатак 2
Апрані ляльку
Панёва, світка, пас, саян, бурнос, выжал, жупан, вапняк, андарак, бурдзюк, каптур, гэбель, сурдут, нагавіцы, адрына, абрус, пасталы, магерка, вёрстка,
кабат, боты, абрус, намітка, абліваха, фартух, жлукта, кашуля.
Накармі ляльку
Жур, пячыста, мачанка, конаўка, верашчака, хрусты, пячурка, мянташка, локшыны, ламанцы, мачыльня, наліснікі, лядоўня, панцак, калдуны, жырандоль, капытка, жвір, узвар, збінец, палукашак.
Славутыя імёны
1) Янка Купала, 2) Францыск Скарына, 3) Ігнат Буйніцкі, 4) Мікола Ермаловіч, 5) Стэфанія Станюта, 6) Эмілія Плятэр, 7) Ігнат Дамейка, 8) Лявон Вольскі, 9) Браніслаў Тарашкевіч, 10) Яўхім Карскі, 11) Барбара Радзівіл, 12) Вацлаў Ластоўскі, 13) Вітаўт.
а) вучоны, геолаг; б) прарок беларускай нацыі; в) актрыса; г) стваральнік беларускай граматыкі; д) першадрукар; е) гісторык; ё) удзельніца паўстання 1830-1831 гг.; ж) стваральнік нацыянальнага тэатра; з) гісторык, пісьменнік, палітычны дзеяч; і) удзельнік рок-гурта NRM; к) вялікі князь; л) лінгвіст; м) жонка караля Жыгімонта Аўгуста.
Спіс літаратуры
1 Аляхновіч, А.М. Фальклор у выхаванні школьнікаў / А.М.Аляхновіч. – Мінск : Чатыры чвэрці, 2008. – 200 с.
2 Крук, Я. Сімволіка беларускай народнай культуры / Я.Крук. – 2-е выданне. – Мінск : Беларусь, 2003. – 350 с.
3 Ленсу, Я.Ю. Таямніца беларускай хаты / Я.Ю.Ленсу. – Мінск : Беларусь, 2007. – 167 с.
4 Лепешаў, І.Я. Слоўнік беларускіх прыказак / І.Я.Лепешаў. – Мінск : ГА “Беларус. Асацыяцыя “Конкурс”, 2006. – 544 с.
5 Этнаграфія Беларусі: энцыкл. / рэдкал. : І.П.Шамякін (гал. рэд.). – Мінск : Бел СЭ, 1989. – 575 с.