Стварыць умовы для далучэння дзяцей да вытокаў народнай культуры, беларускай спадчыны ў працэсе знаёмства з рознымі формамі фальклору, беларускай народнай творчасцю.
Святлана МАСЮК,
музычны кіраўнік
ДУА “Дзіцячы сад № 6 г. Слоніма”,
Гродзенская вобласць
Задачы:
– стварыць умовы для далучэння дзяцей да вытокаў народнай культуры, беларускай спадчыны ў працэсе знаёмства з рознымі формамі фальклору, беларускай народнай творчасцю;
– развіваць музычныя здольнасці дзяцей, слыхавую ўвагу, пачуццё мовы, эмацыянальную чуласць да музыкі рознага характару;
– выхоўваць любоў і павагу да роднага краю і гонар за яго, эмацыйную спагадлівасць на падзеі грамадскага жыцця.
Абсталяванне: зала ўпрыгожана ў стылі беларускай хаткі; дарослыя і дзеці ў беларускiх нацыянальных касцюмах, касцюмы для Несцеркі і Бусла, мультымедыйная ўстаноўка, экран, лыжкі, бульба, кошыкі, музычныя інструменты, каравай, пачастункі.
Ход свята
Пад песню “Добры вечар” (гурт “Харошкі”) у залу ўваходзяць дзеці і Вядучая з караваем.
Вядучая.
Добры дзень, мае сябры! Я чакаю вас заўжды!
Кіслых твараў не прымаю, да актыўных прагу маю.
Хай падорыць кожны госць, любату і весялосць!
Выконваецца песня “Прывітальная песенька” (сл. С.Засідкевіч, муз. народная)
Вядучая. Рабяты, сёння ў нас незвычайнае свята, яно прысвечана нашай Радзіме. У народзе кажуць: «Дарагая тая хатка, дзе нарадзіла мяне матка». Сапраўды, дзе маці нарадзіла, там і Радзіма. Прыгожую назву мае наша Радзіма, светлае ў яе імя – Беларусь. І кім бы вы не сталі ў жыцці, дзе б ні былі – вы заўсёды будзеце памятаць сваю бацькаўшчыну, свой дом, сваіх першых сяброў, свой дзіцячы садок.
1-е дзіця.
Над зямлёй крылае бусел, скачуць конікі ў траве,
Дзед жыве ў Беларусі, і бабуля тут жыве.
Тут жывуць і тата з мамай, брацік мой, мая сястра,
Тут жыву і я таксама, Беларусь – мая страна.
2-е дзіця.
Мая Радзіма – горад мой, раскінуўся над Шчарай,
Дзіцячы сад, куды хаджу, сябры, сяброўкі з кім дружу,
Сям’я і дом, дзе я жыву, усё Радзімаю заву.
3-е дзіця.
Блакіт нябёс, і белы бусел, і кветкі ў поле, як абрус,
Мой край завецца Беларуссю, а сам я хлопчык – беларус!
4-е дзіця.
Беларусам я радзіўся, беларусам буду жыць,
Мову родную вучуся шанаваць, цаніць, любіць.
5-е дзіця.
Каля лесу, каля бору, дзе жывыя ўсе азёры,
Край мой рассцілаецца, прыгажосцю славіцца.
6-е дзіця.
І ганаруся ўсюды смела я, што вырасла на той зямлі,
Якую клічуць Руссю Белаю, што тут дзяды мае жылі.
7-е дзіця.
Святы беларускія любім і чакаем,
З танцамі, прыпеўкамі мы іх сустракаем!
Чаравічкі тупаюць, рытмы адбіваюць,
У хаце будзе горача, сёння мы гуляем.
Выконваецца песня “Мы жывём у Беларусі” (сл.і муз. Л.Смык)
Вядучая. У якой прыгожай і дзіўнай краіне мы жывём! Колькі ў ёй цікавага, дарагога, што трэба любіць і чым ганарыцца. А ў нас у садку не ганарацца, дзе стаяць, там і садзяцца.
Дзеці сядаюць на лавы.
Прагляд відэароліка “Я – беларус” https://fb.watch/vwbhsS1I90/
Вядучая.
У нашым садку ўсе ёсць і для працы, і для адпачынку.
Кожны знойдзе сабе справу для душы.
Калі хочаш – павяжы, калі хочаш – папляшы.
Калі хочаш – пагуляй, хочаш, госця сустракай.
Гучыць бел.нар. мелодыя “Мікіта”. Уваходзіць Несцерка.
Несцерка. Добры дзень! Прывiтанне шаноўным людзям! Праходзіў я непадалёк ад вас ды пачуў, што тут хораша спяваюць, вершы хораша чытаюць, мову і Радзіму праслаўляюць. Э-ге-гей! Я, Несцерка, падарожнiчаў па беларускай зямлi, збiраў казкi, жарты, дражнілкі, забаўлянкі, загадкі, прыказкі, прымаўкі – гэта ўсё скарб нашага народа. А чаго вы ўсе сабраліся?
Вядучая. Весяліцца мы прыйшлі. Добра ўсе падрыхтаваліся – дзяцей прыгожых прывялі: дзяўчаты – вось каманда «Васілінка», а хлопцы – вось каманда «Васілёк».
Несцерка.
Вельмі добрыя каманды, гэта бачу і здалёк.
Тады, каб час не марнаваць, танцы будзем пачынаць!
Выконваецца танец “Беларусь – мой дом” (сл. і муз. І.Бейня)
Несцерка. Мы – беларусы, а наша родная мова – беларуская. Яна прыгожая, сакавітая, лагодная і нагадвае ручайкоў перазвон, шчэбет птушак. А колькі ў ёй мілагучных, прыгожых слоў; гучаць, як песня льецца.
Вядучая. Нашы рабяты, вельмі любяць сваю родную мову, вось паслухай.
8-е дзіця.
Я – беларус, і я шчаслівы, што маці мову мне дала.
Што родных песень пералівы і зблізку чую, і здаля.
9-е дзіця.
Я – дзяўчынка-беларуска, з васільковымі вачыма.
Хоць малая, але знаю: Беларусь – мая Радзіма.
Я на роднай мове размаўляць вучуся,
Вы прабачце людзі, мо дзе памылюся.
10-е дзіця.
Мову родную беражы. Мовай роднаю даражы.
Мову родную шануй. Мовай роднай не гандлюй.
Мовы роднай не кідай. Мову другу перадай.
Мову не аддай на здзек. Толькі з ёю жыцця век.
11-е дзіця.
Каб белы свет не здаўся вузкім, каб годна жыць паміж людзей,
Любіце мову беларускую, любіце з кожным днём мацней.
12-е дзіця.
Вось бы зрабіць, каб на нашай планеце,
Гора не ведалі розныя дзеці.
Вось бы зрабіць, каб у розных дзяцей,
Радасць гасціла даўжэй і часцей.
Несцерка. Пачынаем! Першае заданне. Паглядзім, хто лепш справіцца, каманда дзяўчынак або хлопчыкаў. Ласкава i прыгожа гучаць словы, словы не простыя, а ветлiвыя. А хто пачне першы?
Вядучая. Давай палічымся, каму першаму пачынаць.
Лічылкай выбіраецца, хто першы пачне выконваць заданне, хлопчыкі ці дзяўчынкі.
13-е дзіця.
Опа, опа, опа, Амерыка, Еўропа,
Азія, Афрыка, Iндыя, Кітай.
А дзе наш край?
Павядзі да мяжы
І ўсім дзецям пакажы.
Вось яна – відна здаля,
Беларуская зямля.
Несцерка. Пачынае (Імя дзіцяці). А зараз скажыце ласкава.
Адказваюць дзяўчаты: мама, дачка, баба, сонца, кветка.
А зараз адказваюць хлопцы: тата, сын, дзед, цукерка, агонь.
Несцерка.
Я плясун і весялун. Усім у бядзе дапамагаю,
I народ забаўляю, шмат інструментаў маю.
Вядучая. Можа нам інструменты прадасi?
Несцерка. Інструменты не прадаюцца, а за ўсмешку так аддаюцца.
Вядучая. Паглядзi, нашы дзеці вельмі добра ўсміхаюцца.
Несцерка. Добра? А хто мае загадкі адгадае, адразу інструменты атрымае. Слухайце загадкі. Для дзяўчат:
1 Можа, гэта тры сасны? Можа, гэта тры струны? Хто так міла грае? Хто з вас, дзеткі адгадае? (Балалайка).
2 Сам я голы і пусты, але голас мой густы. Дроб выбівае, людзей збірае. (Барабан).
Для хлопчыкаў:
3 Гэта што за скрынка, скрынка-весялінка? Як яе я расцягну, то адразу заскачу. (Гармонік)
4 У лесе выразана, гладка вычасана, ажно заліваецца, як называецца? (Дудка)
Несцерка. Ай, якія ж дзеткі, што тыя кветкі, разумненькія ды ладненькія. Столькі цудоўных загадак адгадалі.
Вядучая.
Гэй, музыкi, дружна грайце, праганяйце з хаты сон.
I ляноту праганяйце, дзiлi-дзiлi, дзiлi-дон!
Дзеці бяруць музычныя інструменты.
Выконваецца аркестр “Полька Слонімская” (Папуры з беларускіх народных мелодый)
Несцерка.
Прынёс я мех, а ў мяху – смех!
Дзеткам на пацеху лопнуў мех ад смеху.
Хутка дзеці выхадзіце, і смяшынкі раскажыце.
Выходзяць 4 пары дзяцей
14-я дзяўчына.
Беларускія рабяты – знаюць з кім знаёміцца,
У каго падвал картоплі і карова доіцца.
15-ы хлопец.
Ой, мая ты дарагая, салодзенькая душка,
Сядзь, галубка, да мяне, пашапчу на вушка.
16-я дзяўчына.
Ой, бяда, бяда, бяда, хлопцаў з’ела машкара,
Толькі тыя засталіся, што парфумай паліліся.
17-ы хлопец.
Сядзіць голуб на галіне, верабей на ветцы.
З адной дзеўчынай гуляю, другая – у прыкметцы.
18-ы хлопец.
Беларуская старонка славіцца абрусамі.
Салам, бульбай, пачастункам ды хлапцамі русымі.
Вядучая. Вось якія ў нас добрыя дзяўчаты, а хлопцы яшчэ лепей. Чым хата багатая, тым і рада, а самая багацейшая тая, у якой гучыць музыка.
Несцерка.
Праца гатова, пацеха – для смеха.
Праз пень-калоду, часному народу.
Грыва ды рагі, аб’яўляю вясёлыя бягі.
Вядучая. А з чым будзем бегаць?
Несцерка. А вось з бульбай!
Вядучая. Пакуль музыка іграе, бульба з лыжкай пагуляе.
Несцерка. Падыходзьце к нам хутчэй будзем мы гуляць далей. Паглядзім, хто спрытней, хлопцы ці дзяўчаты?
Праводзіцца гульня “Перанясі бульбу ў лыжкі”.
Дзеці становяцца ў дзве каманды. У першых удзельнікаў у руках лыжка. Удзельнікі каманд атрымліваюць заданне – па сігнале вядучага перанесці ў лыжцы па адной бульбіне, з аднаго кошыка ў другі, які стаіць на адлегласці, вярнуцца да сваёй каманды, перадаць лыжку наступнаму ўдзельніку, устаць у канец строю. Перамагае каманда, якая справілася з заданнем першая.
Вядучая. А зараз мы з вамі пагуляем у цікавую гульню.
Дзеці робяць кола вакол Несцеркі. Несцерка бярэ лапату.
Несцерка. Я нясу лапату.
Дзеці. А нашто лапата?
Несцерка. Каб бульбу капаць!
Дзеці. А нашто бульба?
Несцерка. Каб суп варыць.
Дзеці. А нашто суп?
Несцерка. А каб дзяцей карміць!
Дзеці. А нашто тыя дзеткі?
Несцерка. А каб іх лавіць.
Несцерка ловіць дзяцей, у канцы ён падае.
Вядучая. Ай, што вы нарабілі, Несцерку пагубілі. Можа даць табе сала?
Несцерка. Сала будзе мала!
Вядучая. Можа хочаш мёду?
Несцерка. Мёд не еў я з роду.
Вядучая. Так цукерак можа даць!
Несцерка. Лепей песню праспяваць.
Вядучая. Раз, два, тры, чатыры, пяць, будзем Несцерку спяваць.
Выконваецца песня “Музыканты” (сл. Э.Агняцвет, муз. А.Рэмізоўскай)
Несцерка.
А зараз, паслухайце ўважліва загадку:
Плаўна памахаў крыламі над палямі.
Вось вясёлы клекатун, цапнуў жабу за каўтун.
Белы сімвал Беларусі, як жа ён завецца?..
Дзеці. Бусел!
Гучыць музыка І.Лучанка “Белы бусел”, у залу ўваходзіць Бусел. Яго сустракае хлопчык.
Xлопчык. Бусел, бусел, клёка-клёка, дзе ты жыў?
Бусел. Я жыў далёка: за гарамі, за лясамі. Там, дзе Ніл, на поўдні самым.
Xлопчык. Што за Ніл?
Бусел. Рака такая, нібы мора – гаманкая. А ў тым Ніле, хлопча мілы, ёсць страшыдлы-кракадзілы.
Xлопчык. Як жа ты там, бусел, жыў?
Бусел. А не жыў я, усё тужыў. Дзе б ні быў, дзе б ні лятаў, родны край успамінаў.
Вядучая. Па легендзе, там дзе гняздзіцца бусел – там заўсёды дабро вядзецца. Існуе нават такое павер’е, што ўбачыць бусла ў небе – на шчасце. Пісьменнік Уладзімір Караткевіч назваў нашу Беларусь “Зямлёй пад белымі крыламі, пад крыламі бусла”. Усе бусла мы паважаем, яго да сябе запрашаем!
Бусел.
Добры дзень, добрым людзям! Няхай вам радасці прыбудзе!
Вось якія ў нас добрыя дзяўчаты, а хлопцы яшчэ лепей.
Паслухайце мае пытанні. Трэба сказаць адным словам.
Для дзяўчат:
Страказа, муха, чмель (насякомыя)
Ружа, рамонак, валошка (кветкі)
Стрыж, ластаўка, верабей (птушкі)
Для хлопцаў:
Фуфайка, спадніца, сукенка (адзенне)
Ліса, воўк, бабёр (звяры)
Чаравікі, боты, туфлі (абутак)
Бусел. Ўсё ў вас добра атрымалася, і дзеткі вашы спадабаліся.
Вядучая. Буслік, пагуляй з намі, дзеці так цябе чакалі.
Бусел.
Па балоце я хаджу, жабак есці я люблю.
Запрашаю, дзеткі, вас, на вясёлую гульню!
Праводзіцца гульня “Бусел і жабкі”
Дзеці становяцца ў кола. Лічылкай выбіраем чацвёра дзяцей, якія стаяць па-за колам, яны “жабкі”.
Лічылка:
Хадзіў буська па балоту, ён шукаў сабе работу.
Шукаў, шукаў – не знайшоў, і заплакаў і пайшоў!
Астатнія дзеці ідуць па колу і спяваюць.
У чырвоных ботах ходзіць па балотах
Бусел даўганосы жабы сабе носіць!
Спыняюцца і чытаюць дражнілку:
Бусел, Бусел – клекатун схапіў жабак за каўтун,
Па балоце валачыў – нагавіцы прамачыў!
Раз, два, тры – лаві….
Дзеці робяць варотцы, праз якія прабягаюць «жабкі», а Бусел іх ловіць.
Вядучая.
Добра дзеці весяліліся, але ж трошачкі стаміліся!
Сядзем разам пасядзім, фільм прыгожы паглядзім.
Дзеці сядаюць на лавы.
Прагляд відэароліка “Беларусь моя страна. Моя родина”
https://www.youtube.com/watch?v=JH8wLPKMORI
Бусел.
Добра вы падрыхтаваны!
Не марнуйце дарма час, пачынайце перапляс!
Вядучая.
Грайце полечку, музыкі, хай паскачуць чаравікі.
Хлопцы запрашайце дзяўчат.
Выконваецца танец “Беларуская полька” (Бел. нар. песня“Чаму ж мне ня пець”, у выкананні А.Агурбаш)
Вядучая. Вось і скончыліся нашы гулі, дзякуй, госці, што не паснулі!
Бусел. Дружна жывіце, край свой любіце, на роднай мове часцей гаварыце!
Несцерка.
У гасцях добра, а дома лепей. Добрага вам здароўя.
Дзякуй за бяседу, паедзем да другога суседа.
Вядучая. Бывайце здаровы, жывіце багата, жадаю вам шчасця ў кожную хату.
Выконваецца песня “Бывайце здаровы” (сл.А.Русака, муз. І.Любана)
Дзеці і героі фатаграфуюцца, выходзяць з залы, свята скончылася.