Пачуццё любові да роднай краіны, пераемнасць пакаленняў фарміруюцца ў дзяцей дашкольнага ўзросту паступова, у працэсе назапашвання ўяўленняў аб грамадскім жыцці ў Рэспубліцы Беларусь, працы людзей, навакольнай прыродзе, беларускай народнай творчасці. Рэгулярныя заняткі па фізічнай культуры, спартыўныя святы і забаўкі дазваляюць не толькі авалодаць рухальнымі навыкамі і развіць фізічныя якасці, але і садзейнічаюць выхаванню патрыятызму, дапамагаюць загартаваць характар. Найбольшы выхаваўчы эфект аказваюць спартыўныя святы і забаўкі. У народных беларускіх казках і гульнях ёсць багаты арсенал неабходных сродкаў для фармавання чалавека-грамадзяніна.
Наталiя ВОЙЦЮЛЬ,
кіраўнік фізічнага выхавання
ДУА “Дзіцячы сад № 28 г. Гродна”
Задачы:
– далучаць дзяцей да здаровага ладу жыцця праз беларускія народныя гульні;
– замацоўваць навыкі выканання гімнастычных практыкаванняў (бег “змейкай” паміж прадметамі, хадзьба па ніжняй рэйцы гімнастычнай лесвіцы прыстаўным крокам, прапаўзанне ў абруч “тунэль”, скачкі праз “лужы”, хадзьба па канаце прыстаўным крокам);
– падтрымліваць сяброўскія адносіны ў час фізічнай дзейнасці;
– выклікаць ў дзяцей станоўчыя эмоцыі, бадзёры і жыццярадасны настрой, устойлівую цікавасць да беларускай мовы і культуры.
Абсталяванне: мультымедыйная ўстаноўка, стойкі (10 шт.), лесвіца, абруч “тунэль”, лапці (12–13 шт.), мяшочкі з пяском (12–13 шт.), “лужы” (6 шт.), галінка, хустка, канат, гімнастычныя маты, медалі, аўдыязапісы беларускай народнай музыкі.
Папярэдняя работа: чытанне беларускіх казак.
Ход занятку
Спартыўная зала прыбрана адпаведна зместу занятку. Дзеці бадзёрым крокам уваходзяць у залу пад беларускую музыку. Іх сустракае кіраўнік фізічнага выхавання. Дзеці стаяць у адной шарэнзе.
Вядучы. Добрай раніцы!
Дзеці. Добрай раніцы!
Вядучы.
Запрашаю вас на гульні,
Каб павесяліцца.
Тут і спрыт, і ваша лоўкасць
Вельмі прыгадзіцца.
Сёння, дзеці, мы з вамі накіруемся ў падарожжа па беларускіх гульнях і казках, якія цесна звязаны з традыцыямі і абрадамі нашых продкаў. Згодны адправіцца ў такое падарожжа?
Добра! Ну тады, пачынаем! А ў падарожжы нас чакаюць розныя іспыты. І першае, што нам трэба будзе зрабіць, прабегчы па звілістай дарожцы.
Бег “змейкай” паміж стоек
Дзеці спыняюцца каля мультымедыйнай устаноўкі.
Вядучы. Гляньце, дзеці, калі ласка, трапілі мы з вамі ў казку. У якую казку мы з вамі трапілі?
Дзеці. У казку “Лёгкі хлеб”.
Вядучы. Так. Малайцы! А якую мы з вамі ведаем гульню, дзе таксама сеюць зерне?
Дзеці. Гульня “А мы проса сеялі…”
Гульня “А мы проса сеялі…”
Апісанне гульні: дзеці стаяць двума шарэнгамі, тварам адзін да аднаго. У адной шарэнзе хлопчыкі, а ў другой – дзяўчынкі. Хлопчыкі шарэнгай ідуць да дзяўчынак і гавораць словы. А потым дзяўчынкі.
Хлопчыкі. А мы проса сеялі, сеялі, сеялі! (Ідуць наперад і робяць махі рукамі)
Дзяўчынкі. А мы проса вытапчам, вытапчам, вытапчам! (Тапатушкі)
Хлопчыкі. Ды чым жа вам вытаптаць, вытаптаць, вытаптаць? (Рукі на поясе, тупаюць адной нагой)
Дзяўчынкі. А мы коней выпусцім, выпусцім, выпусцім! (Падскокі)
Хлопчыкі. А мы коней пераймём, пераймём, пераймём! (Бег на месцы, рукі на поясе)
Дзяўчынкі. Ды чым жа вам пераняць, пераняць, пераняць? (“Нажніцы” нагамі, рукі на поясе)
Хлопчыкі. А шаўковым повадам, повадам, повадам! (Спружынкі)
Дзяўчынкі. А мы коней выкупім, выкупім, выкупім! (Нахілы ў бок)
Хлопчыкі. Ды чым жа вам выкупіць, выкупіць, выкупіць? (Павароты ў бок, рука каля лба “казырок” – глядзяць уперад)
Дзяўчынкі. А мы дадзім сто рублёў, сто рублёў, сто рублёў (Нахілы ўперад, рука ўперад).
Хлопчыкі. Не трэба нам тысячы, тысячы, тысячы (Павароты галавы ў бакі).
Дзяўчынкі. А мы дадзім дзеўчыну, дзеўчыну, дзеўчыну (Ідуць дзяўчынкі наперад. Адна дзяўчынка застаецца, а астатнія вяртаюцца на месца).
Хлопчыкі. Вось гэта трэба нам, трэба нам, трэба нам (Хлопчыкі падыходзяць да дзяўчынкі і становяцца кругам вакол яе. Дзяўчынка танчыць, а хлопчыкі пляскаюць у далоні).
Вядучы. Вось у якую цудоўную гульню мы з вамі пагулялі. Але ж нам трэба ісці далей. І наступны іспыт, які нам трэба пераадолець, гэта горы.
Хада па ніжняй рэйцы лесвіцы прыстаўным крокам
Вядучы. Гляньце, дзеці, калі ласка, зноў мы трапілі ў казку. Ці ведаеце, што гэта за казка?
Дзеці. Казка “Лісіца-хітрыца”.
Вядучы. Так. А якую мы з вамі ведаем гульню, дзе таксама прысутнічае ліса?
Дзеці. Гульня “Ліскі”.
Вядучы. Давайце ў яе зараз пагуляем.
Гульня “Ліскі”
Апісанне гульні: удзельнікі па лічылцы выбіраюць “ліса” – вядучага. Дзеці ўтвараюць круг. Кожны кладзе перад сабой невялікі прадмет – “ліску”. Ліс падыходзіць да аднаго з удзельнікаў і пытаецца:
– Дзе быў?
– У лесе.
– Каго злавіў?
– Ліску.
– Вярні ліску маю.
– За так не аддаю.
– За што аддасі, скажы сам.
– Калі абгоніш, тады аддам!
Пасля гэтых слоў абодва бягуць па кругу ў процілеглыя бакі. Гаспадаром “ліскі” становіцца той, хто зойме свабоднае месца ў крузе і возьме ў рукі прадмет. Ролю “ліса” выконвае ўдзельнік, які адстаў і застаўся без “ліскі”.
Вядучы. Якія вы малайцы. Былі такія хуткія і спрытныя. Працягнем наша падарожжа. І каб трапіць у наступную казку, нам трэба прайсці праз тунэль.
Дзеці выконваюць заданне “Тунэль”
Вядучы. Вось мы трапілі і ў наступную казку. У якую?
Дзеці. Казка “Сынок з кулачок”.
Вядучы. Правільна. Ці здагадаліся вы ў якую гульню мы будзем зараз гуляць?
Дзеці. Гульня “Міхасік”.
Гульня “Міхасік”
Апісанне гульні: па кругу ставяць 12–13 пар лапцей, 13–14 удзельнікаў становяцца вакол “лапцей”.
Дзеці.
Едзе Міхасік у сярэду,
Спяшаецца да бабы з дзедам.
Вядучы. Ты, Міхасік, не зявай, хутка лапці абувай!
На слове “абувай” дзеці спыняюцца і кожны стараецца хутка абуць “лапці” (стаць на іх). Дзеці, якія засталіся без лапцей, выбываюць з гульні.
Вядучы прымае 1–2 пары лапцей, і гульня працягваецца да таго часу, пакуль не застанецца адзін удзельнік.
Вядучы. Добра гулялі. Але ж трэба накіроўвацца далей. І зараз нам трэба будзе пераскочыць праз лужыны і не намачыць ног.
Скачкі праз лужыны
Вядучы. Малайцы! І гэты іспыт вы пераадолелі. І ў якой казцы мы апынуліся?
Дзеці. Казка “Піліпка-сынок”.
Вядучы. Малайцы, усё вы ведаеце. А якая ёсць гульня, дзе прысутнічае Баба Яга?
Дзеці. Гульня “Баба-Яга”.
Вядучы. Так. І зараз я хачу з вамі ў яе пагуляць. Я буду Бабай-Ягой, а вы будзеце мяне дражніць, а потым уцякаць. Да каго я галінкай дакрануся, той ідзе да мяне ў хатку.
Гульня “Баба-Яга”
Апісанне гульні: дзеці робяць круг вакол дарослага. Баба-Яга з галінкай у руках стаіць пасярэдзіне круга. Дзеці ідуць па крузе і дражняць Бабу Ягу.
Бабка Ёжка – касцяная ножка,
Печку паліла, курку варыла, нос прышчапіла.
Пасля слова “прышчапіла”дзеці ўцякаюць ад Бабы-Ягі. Яна даганяе дзяцей і спрабуе дакрануцца галінкай да каго-небудзь з іх. Калі гэта ёй удаецца, той, да каго яна дакранулася, становіцца каля лесвіцы на адной назе і чакае, пакуль гульня скончыцца.
Вядучы. Якія вы спрытныя. Я нават замарылася, ловячы вас. Але нам трэба працягваць наша падарожжа. І наступны іспыт, які нам трэба прайсці, вельмі складаны. Трэба прайсці па масту.
Хада па канату
Вядучы. Дзеці, а ці ў казку мы з вамі трапілі?
Дзеці. Не.
Вядучы. А куды мы з вамі трапілі?
Дзеці. У калыханку.
Вядучы. А калі гучыць калыханка?
Дзеці. Калі кладзёмся спаць.
Вядучы. Так. А якая ў нас ёсць гульня пра дрымоту?
Дзеці. Гульня “Дрома”.
Вядучы. Добра. Давайце ў яе пагуляем.
Гульня “Дрома”
Апісанне гульні: дзеці ўтвараюць круг. Па лічылцы выбіраюць “дрому”, які заходзіць у сярэдзіну круга і хаваецца пад кудзеляй (хусткай). Дзеці, узяўшыся за рукі, ідуць па крузе і спяваюць:
Дрэмле дрома ў карагодзе
Пад кудзеляй, пад шаўковай,
Седзячы.
Дзеці ідуць у другі бок і таксама спяваюць гэтыя словы. Потым яны ідуць у сярэдзіну круга і ціха спяваюць:
Устань дрома, прадраміся пад кудзеляй,
пад шаўковай абудзіся.
На слове “абудзіся” дрома здымае кудзелю і пад музыку танчыць. А дзеці ў карагодзе пляскаюць у далоні. Затым выбіраецца другі “дрома”, і гульня працягваецца.
Вядучы. Малайцы! (Дзеці стаяць у адной шарэнзе).
Вось і скончылася наша падарожжа па беларускіх казках і гульнях.
У якія казкі мы сёння з вамі трапілі? (Адказы дзяцей)
У якія гульні пагулялі? (Адказы дзяцей)
А якая гульня вам больш за ўсё спадабалася? (Адказы дзяцей)
Добра! Вы ўсе іспыты прайшлі, усе казкі адгадалі, у гульні пагулялі. І таму заслужылі за свае веды, лоўкасць, спрытнасць, старанне, узнагароду.
Дзеці атрымліваюць медалі і пад музыку выходзяць са спартыўнай залы.