Заданні па тэме “Фразеалогія” для падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяды па беларускай мове

- 13:08II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Матэрыялы да ўрокаў, Методичка, Подготовка к олимпиадам

Аўтар прапануе заданні па тэме “Фразеалогія”, якія можна выкарыстаць на ўроках беларускай мовы, факультатыўных занятках і ў пазакласнай працы пры падрыхтоўцы вучняў да алімпіяды.

Марыя КУЗЬМІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць

 

“Фразеалогія”– адзін з самых складаных раздзелаў мовазнаўства для ўсведамлення і засваення школьнікамі пры вывучэнні беларускай мовы, бо ён вывучае разнастайныя аспекты: значэнне фразеалагізмаў, іх структуру, адносіны да слова і словазлучэння, паходжанне – ужыванне фразеалагічных адзінак у маўленні. Паколькі фразеалогія складае спецыфіку мовы, асноўнай крыніцай беларускай фразеалогіі з’яўляецца жывая народная мова, вусная народная творчасць. Фразеалагічны склад мовы з’яўляецца непасрэдным кампанентам культуры, крытэрыем духоўнасці народа. Існаванне трапных выразаў сведчыць пра шматвяковую творчасць народа, яго светапогляд, культуру.

Прапаноўваю заданні па тэме, якія можна выкарыстаць на ўроках беларускай мовы, факультатыўных занятках і ў пазакласнай працы пры падрыхтоўцы вучняў да алімпіяды.

 

1. З пералічаных спалучэнняў падкрэсліце тыя, якія з’яўляюцца фразеалагізмамі:

а) трымаць за вуха;
б) трымаць вуха востра;
в) пусціць туман у вочы;
г) апусціўся туман;
д) малоць муку;
е) малоць глупства.

Адказ: б, в, е.

2. Адзначце радок, у якім значэнне фразеалагізма растлумачана няправільна.

а) Навастрыць вушы – прыслухацца;
б) кляваць носам – драмаць;
в) лынды біць – працаваць;
г) губы надзьмуць – пакрыўдзіцца.

Адказ: в.

3. Падбярыце словазлучэнні, каб выдзеленае слова было ў пераносным значэнні.

Глыбокая яма –     
чэрствы хлеб –       

снежная лавіна –
цесная сукенка –
калючы дрот –          
дзіцячыя шапкі –

Адказ: глыбокія веды, чэрствы чалавек, лавіна апладысментаў, цесная дружба, калючы смех, снежныя шапкі.

4. Да фразеалагізма “хоць на воўка ўзлезь” падбярыце фразеалагізм-антонім.

1. Хоць касой касі.
2. Хоць іголкі збірай.
3. Хоць гаць гаці.
4. Хоць вока выкалі.
5. Хоць заваліся.

Адказ: хоць іголкі збірай.

5. Аднавіце фразеалагізмы (устаўце патрэбныя словы).

Скруціць у ____ рог; паспрабаваць бярозавай _____; работы _____ край; як ______ языком злізала; з мухі _______ зрабіць.

Адказ: скруціць у барані рог; паспрабаваць бярозавай кашы; работы непачаты край; як карова языком злізала; з мухі слана зрабіць.

6. Растлумачце сэнс фразеалагізмаў:

1. Казу пасвіць.
2. Біць паклоны.
3. Плячо ў плячо.
4. Чортам падшыты.
5. Ход канём.

Адказ: 1. Казу пасвіць – адставаць у працы. 2. Біць паклоны – кланяцца. 3. Плячо ў плячо – побач. 4. Чортам падшыты – несумленны, нялюдскі. 5. Ход канём – спрытны, абходны манеўр, разлічаны на поспех.

7. Успомніце і запішыце фразеалагізмы са значэннем “вельмі многа” і “вельмі мала”.

Адказ: “вельмі многа” – хоць адбаўляй, хоць касой касі, колькі душа жадае, куры не клююць; “вельмі мала” – кропля ў моры, на пальцах палічыш, з макава зерне, кот наплакаў, з вераб’ёў нос, як бабе сесці.

8. Устанавіце адпаведнасць паміж рускімі і беларускімі фразеалагізмамі. Адказ запішыце ў форме літарна-лічбавага спалучэння.

Руская мова

Беларуская мова

А. По труду и честь

1. Зайцу на закуску

Б. Задавать тон

2. Збор каляда

В. Кот наплакал

3. Якая справа, такая і слава

Г. Всякая всячина

4. Жыццё на нітку павесіў

Д. В чем душа держится

5. Рэй весці

Адказ: А3Б5В1Г2Д4.

9. Знайдзіце ў сказах фразеалагізмы, выпішыце іх, вызначце сінтаксічную ролю.

Сказ

Фразеалагізм

Сінтаксічная роля

Яны баяліся зараз высунуць нос куды-небудзь за сяло.

 

 

І раней здаралася, што  бацька і маці давалі мне кухталя.

 

 

Нічога, я дакапаюся! Выведу на чыстую ваду.

 

 

Сам кату па пяту, а распараджаецца.

 

 

Але  ладны ўдаўся хлапчук, рос на лес гледзячы.

 

 

Адказ:

Сказ

Фразеалагізм

Сінтаксічная роля

Яны баяліся зараз высунуць нос куды-небудзь за сяло.

высунуць нос

дапаўненне

І раней здаралася, што бацька і маці давалі мне кухталя.

давалі кухталя

выказнік

Нічога, я дакапаюся! Выведу на чыстую ваду.

выведу на чыстую ваду.

выказнік

Сам кату па пяту, а распараджаецца.

кату па пяту

выказнік

Але  ладны ўдаўся хлапчук, рос на лес гледзячы.

на лес гледзячы

акалічнасць

10. На аснове прапанаванага фразеалагізма ўзнавіце прыказку.

1. Маўчанне золата.
2. Спатрэбіцца вады напіцца.
3. Пагнацца за двума зайцамі.
4. Конь на чатырох нагах.
5. Ранняя птушка.

Адказ: 1. Слова – серабро, а маўчанне – золата. 2. Не плюй у калодзеж – спатрэбіцца вады напіцца. 3. За двума зайцамі пагонішся – ніводнага не зловіш. 4. Конь на чатырох нагах, і то спатыкаецца. 5. Ранняя птушка зубкі цярэбіць, а позняя вочкі працірае.

Заўвага: Пры праверцы ўлічваюцца і варыянты прыказак, блізкія па значэнні да арыгіналаў.

11. Запоўніце пропускі ў табліцы. Запішыце індывідуальнае значэнне зыходных фразеалагізмаў.

Фразеалагізм і яго індывідуальнае значэнне

Фразеалагізм-антонім

1) белая костка
(‘___________________________________________’)

 

2) хоць на воўка ўзлезь
(‘___________________________________________’)

 

3) за маліну
(‘___________________________________________’)

 

4) пападаць пальцам у неба
(‘___________________________________________’)

 

5) адкрытым тэкстам
(‘___________________________________________’)

 

Адказ:

Фразеалагізм і яго індывідуальнае значэнне

Фразеалагізм-антонім

1) белая костка (‘чалавек дваранскага паходжання’)

чорная костка

2) хоць на воўка ўзлезь (‘зусім нічога не відаць з-за цемры’)

хоць іголкі збірай

3) за маліну (‘есці з вялікай ахвотай, са смакам’)

як на плот вешаць

4) пападаць пальцам у неба (‘гаварыць ці рабіць
што-н. неўпапад, недарэчна’)

пападаць у цэль; пацэліць у дзясятку; як у сук уляпіць

5) адкрытым тэкстам (‘гаварыць проста, шчыра, без хітрыкаў, не тоячыся’)

за вочы

12. Устаўце ў сказы прапушчаныя фразеалагізмы з кампанентамі-лічэбнікамі ў адпаведнасці з пазначанымі лексічнымі значэннямі.

Сказ

Значэнне фразеалагізма

1. Дзянёк быў сонечны, і апранутая ў цёплы кажух Маечка была _________________________________
ад радасці (У.Краўчанка)

“(быць) бязмерна шчаслівым, вельмі задаволеным”

2. Герасім у той час у размове з любой дзяўчынай не мог __________________
__________________, заікаўся, бляднеў і пацеў (І.Шамякін)

“(не магчы) звязна выказваць свае думкі”

3. – А я дзень пры дні сяджу ____________________________
і свету белага не бачу, – звычайна скардзіўся Пцічкін (І.Новікаў)

“не выходзячы з дому, з памяшкання”

Адказ: 1. на сёмым (дзясятым) небе. 2. звязаць двух слоў. 3. у чатырох сценах.

13. Пазнай фразеалагізм па апісанні.

1. Згодна традыцыі, мужчыны на Русі пры ўваходзе ў царкву здымалі шапкі і складвалі іх каля ўваходу, а пасля заканчэння службы забіралі. Той, хто спазніўся на богаслужэнне, прыходзіў ужо на шапачны разбор, і з тых часоў гэты выраз замацаваўся ў значэнні “прыйсці куды-небудзь вельмі позна, калі ўжо ўсё закончылася”.

2. Паводле старажытнага падання, перш чым з’есці сваю ахвяру, кракадзіл пралівае слёзы, нібы шкадуе яе. Пазней вучоныя даказалі, што кракадзілы сапраўды могуць плакаць. Але ніяк не ад пачуцця жалю, як сцвярджалася ў старажытнасці, а ад лішкаў солей, якія назапашваюцца ў арганізме і выходзяць праз пратокі вачэй. Апавяданні аб тым, што кракадзіл пралівае слёзы аб сваёй ахвяры, паслужылі асновай для абазначэння стану людзей, якія прыкідваюцца, што крануты няшчасцем блізкіх, якім самі ж рыхтуюць бяду.

3. У Маскоўскай Русі шываратам называўся расшыты каўнер баярскага адзення. У часы Івана Грознага баярына, які правініўся, садзілі на худую клячу спінай наперад, надзеўшы на яго адзенне навыварат. Так і вазілі па ўсяму гораду пад насмешкі вулічнага натоўпу. І зараз гэты выраз ужываецца ў значэнні задам наперад.

Адказы: 1. На шапачны разбор. 2. Кракадзілавы слёзы. 3. Шыварат-навыварат.

14. Прачытайце гісторыю паходжання некаторых запазычаных фразеалагізмаў, складзіце з імі невялікія звязныя тэксты і запішыце.

Воўк у авечай скуры. Выраз бярэ пачатак з байкі Эзопа пра ваўка, які трапіў у загон для авечак, накінуўшы на сябе авечую скуру, але быў выкрыты і схоплены пастухом. Выраз ужываецца для характарыстыкі небяспечнага ворага, які хавае свае намеры пад маскай дабрачыннасці.

Грошы не пахнуць. Выраз прыпісваецца рымскаму імператару (69–79 гг. н.э.) Веспасіяну. Сын Веспасіяна Ціт папракнуў бацьку тым, што той увёў падатак на грамадскія прыбіральні. У адказ Веспасіян паднёс да носа Ціта грошы і спытаў, ці пахнуць яны. Пачуўшы адмоўны адказ, Веспасіян сказаў, што гэтыя грошы атрыманы як падатак за прыбіральні.

На сёмым небе. Выраз узыходзіць да свяшчэннай кнігі мусульман Карана, паводле якога вакол зямлі існуе сем нябёсаў, прычым на сёмым, самым высокім небе, жывуць багі і анёлы. Азначае вышэйшую ступень радасці і шчасця.

 

Поделиться ссылкой:

0
Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий