На працягу мерапрыемства навучэнцы зразумеюць сэнс важнай асветніцкай і гуманістычнай місіі першадрукара, усвядомяць, чаму трэба захоўваць памяць пра імя Францыска Скарыны, і адкажуць на тры самыя важныя пытанні: “Чаму кніга – гэта лекі для душы?”, “Чаму кніга – гэта загадка?”, “Чаму кніга – гэта крыніца мудрасці, ведаў і навукі?”
Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа”
Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць
Калектыўная творчая справа “Кніга – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы” прымеркавана да 535-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Гэта мерапрыемства, на працягу якога навучэнцы зразумеюць сэнс важнай асветніцкай і гуманістычнай місіі першадрукара, усвядомяць, чаму трэба захоўваць памяць пра імя Францыска Скарыны, і адкажуць на тры самыя важныя пытанні: “Чаму кніга – гэта лекі для душы?”, “Чаму кніга – гэта загадка?”, “Чаму кніга – гэта крыніца мудрасці, ведаў і навукі?”
Мэта: пашырэнне ведаў вучняў аб кнізе як агульначалавечай каштоўнасці і крыніцы ведаў праз сумесную дзейнасць дзяцей і бацькоў.
Задачы:
– паразважаць над сэнсам выказванняў пісьменнікаў і беларускіх прыказак пра кнігу, веды і слова; павысіць цікавасць вучняў да кнігі;
– вызначыць, якую ролю адыгрывае чытанне ў жыцці чалавека;
– пашырыць кругагляд праз знаёмства з рознымі відамі кніг;
– пазнаёміцца з незвычайнымі кнігамі свету;
– развіваць чытацкую граматнасць вучняў;
– стварыць умовы для інтэлектуальнага развіцця дзяцей праз спаборніцтва;
– садзейнічаць выхаванню каштоўнасных арыенціраў.
Абсталяванне: партрэт Ф.Скарыны, чорная скрыня, выстава любімых кніг, карткі з заданнямі, лісты паперы, ручкі, мультыборд.
Эпіграф: “Любіце кнігу, бо яна крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы” (Францыск Скарына).
Ход мерапрыемства
І. Кніга – гэта лекі для душы!
Уступнае слова настаўніка. “Калі я чытаю добрую кнігу, не папракайце мяне ў гультайстве. Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся – Слову”, – гаварыў беларускі пісьменнік Янка Брыль. Праз свой жыццёвы вопыт ён ведаў, што чалавек, адлучаны ад кнігі, мала на што здольны і мала каму цікавы.
Максім Горкі, які закончыў толькі пачатковую школу, але ўсё жыццё не разлучаўся з кнігай, стаў самым выдаваемым пісьменнікам, раіў: “Любіце кнігу – крыніцу ведаў; толькі веды выратавальныя, толькі яны могуць зрабіць нас духоўна моцнымі, сумленнымі, разумнымі людзьмі, якія здольны любіць чалавека, паважаць яго працу і сардэчна любавацца пладамі яго бесперапыннай вялікай працы”.
Настаўнік прапануе прачытаць эпіграф (на дошцы) і растлумачыць яго значэнне.
Веер меркаванняў
Выслухваюцца адказы ўдзельнікаў мерапрыемства на наступныя пытанні.
1. Што дазволіла рускаму пісьменніку Максіму Горкаму ўзняцца на літаратурны Парнас? (Пытанне для дзяцей).
2. Як вы разумееце выраз Я.Брыля: “Дык думайце, што я малюся – Слову”? (Пытанне для бацькоў).
3. Чаму, на думку Францыска Скарыны, неабходна любіць кнігу? (Пытанне для вучняў і бацькоў).
Абагульненне настаўніка. Друкаваная кніга – унікальнае вынаходства чалавека, да якога непасрэднае дачыненне меў беларус Францыск Скарына. Ён першы на ўсходнеславянскіх землях паклаў пачатак кнігадрукаванню: у 1517 годзе ў Празе выдаў кнігу “Псалтыр”.
Увогуле кніга дапамагае чалавеку дасягнуць розных вышынь: творчых, навуковых, прафесійных. Праз кнігі мы спасцігаем глыбінную сутнасць жыцця, мудрасць і веды мінулых пакаленняў. Наша сумесная сустрэча яшчэ раз дапаможа пераканацца ў тым, які цуд – кнігу – адкрыў нам Францыск Скарына!
Матывацыя. Вучні па апорных словах на дошцы (пазнаёміцца; даведацца; развіваць; далучыцца; выхоўваць) вызначаюць, чаго яны чакаюць ад мерапрыемства. Настаўнік паведамляе, што мерапрыемства прысвечана памяці Францыска Скарыны, што пісьменнікі – гэта прадаўжальнікі ганаровай справы Скарыны ў распаўсюджанні навукі, асветы і культуры.
Заданне ад настаўніка “Знайдзі пару”
Удзельнікі мерапрыемства атрымоўваюць частку прыказкі. Бацькам і дзецям неабходна адшукаць пару: скласці прыказку і растлумачыць яе.
Кніга – маленькае акенца, … |
… той шмат ведае. |
Хто многа чытае, … |
… азбукі пачынаюцца. |
У каго веды, … |
… а праз яе ўвесь свет відаць. |
Дзе розумам не дайду, … |
… у таго і сіла. |
Усе веды з … |
… дык у кніжцы знайду. |
Што ведаеш … |
… што птушка без крылаў. |
Смелы і разумны … |
… насіць не цяжка. |
Чалавек без ведаў, … |
… а вучоны тысячы. |
Як навучышся, … |
… жывуць два жыцці. |
Вастры зуб аб зуб, … |
… а розум аб розум. |
Дужы перамагае аднаго, … |
… так і ведаць будзеш. |
Адказы: Кніга – маленькае акенца, а праз яе ўвесь свет відаць. Хто многа чытае, той шмат ведае. У каго веды, у таго і сіла. Дзе розумам не дайду, дык у кніжцы знайду. Усе веды з азбукі пачынаюцца. Што ведаеш насіць не цяжка. Смелы і разумны жывуць два жыцці. Чалавек без ведаў, што птушка без крылаў. Як навучышся, так і ведаць будзеш. Вастры зуб аб зуб, а розум аб розум. Дужы перамагае аднаго, а вучоны тысячы.
Гульня “Веру – не веру”. Займальныя факты, звязаныя з кнігай і чытаннем
Настаўнік прапануе падзяліцца на дзве каманды і адказаць на пытанні. Калі факт існуе ў рэчаіснасці, удзельнікі адказваюць “веру”, калі не – “не веру”.
1. Выява Нацыянальнай бібліятэкі размешчана на банкноце наміналам 50 беларускіх рублёў. (Не веру. Правільны адказ: на банкноце наміналам 500 беларускіх рублёў).
2. У старажытнасці кнігі былі доўгімі скруткамі, дасягалі 50-метровай даўжыні і называліся манускрыптамі. (Веру).
3. Друкаваная кніга вялікага памеру (сучасны фармат А3) ХV–ХVІІІ стагоддзяў называецца фаліянт. (Веру).
4. У бібліятэках сярэдневяковай Еўропы кнігі прыкоўваліся да паліц ланцугамі. (Веру. Кнігі былі каштоўнасцю).
5. Самая папулярная кніга ў свеце – гэта геаграфічны атлас. (Не веру. Правільны адказ: Біблія).
6. Пасля Бібліі часцей за ўсё чытаюць “Кнігу рэкордаў Гінэса”. (Веру).
7. За ўвесь перыяд кніжных продажаў прадалі больш за 140 мільёнаў экзэмпляраў кнігі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы “Маленькі прынц”. (Веру).
8. У працэсе чытання вочы чалавека разыходзяцца ў розныя бакі. (Веру).
9. Услых чалавек чытае тэкст намнога хутчэй, чым сам сабе. (Не веру).
10. Радзімай кнігі з’яўляецца Германія. (Не веру. Правільны адказ: Кітай).
11. Кніга М.Твэна “Прыгоды Тома Соера”, якая выйшла ў свет у 1876 годзе, – гэта першая кніга, надрукаваная аўтарам на друкарскай машынцы.
12. Вялікі французскі палкаводзец Напалеон Банапарт прачытваў тэксты з хуткасцю 200 слоў у хвіліну. (Не веру. Ён чытаў 2000 слоў у хвіліну).
13. Навукоўцы сцвярджаюць, што бацькі могуць прывіць любоў да чытання сваім дзецям праз сумеснае чытанне кніг. (Веру).
Веер меркаванняў
Настаўнік прапануе адказаць на пытанне: “Чаму кніга – гэта цуд?”
ІІ Кніга – гэта загадка
Творчае заданне ад бацькоў “Чорная скрыня”. Бацькі загадзя рыхтуюць кнігі і невялікія гісторыі, звязаныя з імі. Дзецям неабходна адгадаць.
Прыклады кніг: буквар, энцыклапедыя, падручнік, слоўнік, комікс, каляндар, даведнік, электронная кніга, Біблія, Чырвоная кніга.
Гісторыя загаданых кніг, якія неабходна адгадаць дзецям
1. Гэта ўнікальная кніга, якая пісалася на працягу 1600 гадоў. Яе аўтарамі былі і пастухі (Амос), і рыбакі (Пётр, Іаан), і прарокі (Маісей, Ісай, Данііл), і палкаводзец (Ісус Навін), і нават цар Саламон. Усяго сорак чалавек. Унікальнасць гэтай кнігі заключаецца ў тым, што аўтары яе жылі ў розны час, але пры напісанні не супярэчылі адзін аднаму. Сёння яна перакладзена на 2036 моў свету. Гэта жывая кніга, бо зараз у свеце кожную секунду друкуецца адна такая кніга. (Біблія).
2. Назва гэтай кнігі паходзіць ад старажытнарымскага слова “календы”, якое азначала першыя лікі кожнага месяца – дзень пагашэння даўгоў і працэнтаў. (Каляндар).
3. Назва кнігі паходзіць ад англійскага слова, якое азначае “смешны”. Гэта намаляваная гісторыя, апавяданне ў малюнках. (Комікс).
4. Выданне практычнага прызначэння з кароткім выкладам звестак у сістэматычнай форме, з разлікам на выбарачнае чытанне, на тое, каб можна было лёгка і хутка навесці па ім даведку. (Даведнік).
5. Кніга, якая ўтрымлівае сістэматычны выклад ведаў у пэўнай галіне і выкарыстоўваецца як правіла ў сістэме адукацыі на розных яе ўзроўнях. (Падручнік).
6. Дапаможнік для навучання пісьму і чытанню. Ён дапамагае засвоіць друкаваныя і рукапісныя літары. (Буквар).
7. Назва гэтай кнігі ў перакладзе са старажытнагрэчаскай мовы азначае “навучанне і круг”, што азначае прывядзенне ў сістэму ўсіх галін ведаў. (Энцыклапедыя).
8. Кніга, інфармацыя ў якой упарадкавана з дапамогай разбіўкі на невялікія артыкулы па назве або тэматыцы. (Слоўнік).
9. Версія кнігі ў лічбавым фармаце. (Электронная кніга).
10. Кніга, якая ўяўляе сабой афіцыйны дакумент, які змяшчае сістэматызаваныя звесткі пра пэўныя віды жывёл і птушак, што з’яўляюцца рэдкімі або знаходзяцца пад пагрозай знікнення. (Чырвоная кніга).
Абагульненне настаўніка. Існуе шмат розных відаў кніг. У адпаведнасці з фарматам бываюць папяровыя кнігі, электронныя кнігі, інтэрактыўныя кнігі (кнігі-гульні). У адпаведнасці з літаратурным жанрам – лірычныя, эпічныя і драматычныя. Іншыя віды кніг: даведнікі, інфармацыйныя і навучальныя кнігі, дакументальная літаратура, ілюстраваная літаратура, святыя кнігі, кішэнныя кнігі, коміксы, сагі (трылогіі), нотныя кнігі. Толькі прачытаўшы якую-небудзь з гэтых кніг, можна разгадаць яе таямніцы.
Вуснае апавяданне па апорных словах “Скарына – бацька друкаванай кнігі” (выконваецца на аснове кластара і апорных тэкстаў).
Першы тэкст
Ф.Скарына нарадзіўся ў сям’і полацкага купца Лукаша Скарыны, які вёў гандаль у многіх гарадах Вялікага Княства Літоўскага. Першапачатковую адукацыю Скарына атрымаў у доме бацькоў, дзе навучыўся чытаць і пісаць. Атмасфера купецкага дома абудзіла ў яго ахвоту да пазнання свету, розных навук, таямніц прыроды. Каб заняцца навукай, Скарыне неабходна было засвоіць латынь – тагачасную мову адукаваных людзей. Вучыўся спачатку ў Кракаве, затым у Падуі, дзе бліскуча здаў экстэрнам экзамен на званне доктара медыцыны.
Другі тэкст
У чэшскай Празе Ф.Скарына стварыў першае ў гісторыі Беларусі выдавецтва, дзе надрукаваў на працягу 1517–1519 гадоў. 23 ілюстраваныя кнігі Старога Запавету на старабеларускай мове.
Трэці тэкст
Ф.Скарына перакладаў кнігі з царкоўнаславянскай мовы на старабеларускую. Так ён даў усім людзям зразумелую кнігу, па якой можна было вучыцца чытаць і пісаць.
Абагульненне настаўніка. Кнігі Скарыны аказалі вялікі ўплыў не толькі на развіццё духоўнай культуры Беларусі, але і стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай дзяржаве. У Беларусі шануюць памяць пра вялікага першадрукара. Многія вуліцы ў нашай краіне, а таксама Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт носяць яго імя, устаноўлены помнікі ў Полацку, Мінску, Лідзе. Імем Скарыны названа малая планета № 3283, адкрытая 27 жніўня 1979 года савецкім астраномам Мікалаем Чарных.
Творчае заданне ад дзяцей “Топ-10. Самыя незвычайныя кнігі свету”. Вучні павінны сабраць інфармацыю і расказаць пра незвычайныя кнігі свету (на мультыбордзе).
Веер меркаванняў
Выслухваюцца адказы ўдзельнікаў мерапрыемства на пытанні:
1. Чаму ў свеце з’яўляюцца незвычайныя кнігі? (Павысіць цікавасць да папяровай кнігі, пашырыць кругагляд).
2. Якім кнігам, электронным або папяровым, вы аддаяце перавагу? Чаму?
Фізкультхвілінка “Так – не”
Дзеці і бацькі адказваюць на пытанні, якія задае настаўнік. Калі адказ станоўчы, трэба стаць каля дошкі з надпісам “Так”. Калі адказ адмоўны, неабходна падысці да адказу “Не”.
1. Я чытаю кнігі на беларускай і рускай мовах.
2. Я чытаю творы на замежных мовах.
3. Я купляю кнігі ў кнігарні.
4. Я хаджу ў бібліятэку.
5. Я чытаю электронныя кнігі.
6. Я больш люблю мастацкую літаратуру.
7. Я больш люблю навукова-папулярную літаратуру.
8. Я аддаю перавагу газетам, часопісам.
9. Я чытаю некалькі кніг адразу.
10. У мяне ёсць любімая кніга, якую я магу параіць іншым.
Дзеці і бацькі звяртаюцца да выставы любімых кніг, слухаюць аповед пра 3–4 кнігі розных жанраў.
Веер меркаванняў
Настаўнік прапануе адказаць на пытанне: “Чаму кніга – гэта загадка?”
ІІІ Кніга – крыніца мудрасці, ведаў і навукі
Творчыя заданні ад настаўніка
1. “Самы кемлівы чытач”
Дзеці выконваюць заданні на картках.
1. Як на самай справе напісала беларуская пісьменніца Алена Масла: “З крамы ў хату прынеслі кілім і кінулі на столь у вітальні”? (З крамы ў хату прынеслі кілім і кінулі на падлогу ў вітальні).
2. Прачытайце верш Дануты Бічэль і скажыце, што мае на ўвазе паэтка? Нібы сапраўднага страуса шапка! / – Дзедка ці бабка? / Можа, паставіць на бабку – / Выйграю страуса шапку. / Можа, даверыцца дзедку? / Ці шчасце ў адзетку? (Дзьмухавец).
3. Прачытайце ўрывак казкі, устаўце замест кропак назву беларускай нацыянальнай стравы. “Цешча ўзяла кубачак і наліла ў яго крыху … . Узяў зяць той кубачак у правую руку і паехаў. Цяпер яму ўжо не было патрэбы бубніць сабе пад нос: … “Вось, – думае зяць,– пакажу жонцы кубачак з гэтым куляшом, яна і здагадаецца, што трэба наварыць”. Якую страву прыгатавала жанчына свайму зяцю ў аднайменнай казцы, назву якой той пастаянна забываў? (Кісель).
4. “Ён для мяне не вельмі важны. Гэта проста вяроўка, на якой развешваецца бялізна”. Як вы думаеце, што параўнала з вяроўкай для бялізны англійская пісьменніца Айве Камптан-Бернэт? Варыянты адказу: вобраз або сюжэт. (Адказ: сюжэт).
5. “Я вывудзіў з яе мора легенд і паданняў, шмат … метафар, параўнанняў, вобразаў. Гэту цікавую кнігу трэба было б вывучаць у школах…” (Максім Танк). (Адказ: Біблія).
6. “…Скардзяцца часам некаторыя пісьменнікі, што яе не могуць знайсці. А як ты яе знойдзеш, калі яе ніхто не губляе? Зноў жа – яны не грыбы, у лесе не растуць, дык і назбіраць іх нельга… А ты бяры дый пішы аб тым, што чуў, што бачыў або й сам выдумаў…” (Адказ: тэма).
2. Рэкламны праспект “Роля кнігі ў жыцці чалавека”
Выконваюць бацькі на лістах паперы. Настаўнік можа прапанаваць гатовыя меркаванні, якія бацькі могуць паставіць у парадку ўзрастання іх важнасці для дзяцей.
– Чытанне супакойвае, дапамагае зняць стрэс. Гэта дасягаецца тым, што чалавек адцягваецца ад негатыўных думак.
– Людзі, якія часта чытаюць кнігі, маюць больш высокі IQ, чым тыя, хто грэбуе гэтым карысным заняткам.
– Чытанне падаўжае жыццё. Каб пражыць даўжэй, трэба штодня чытаць кнігі на працягу 30-ці хвілін.
– Чытанне пашырае кругагляд, развівае слоўнікавы запас.
– Чытанне спрыяе павышэнню пісьменнасці: чалавек, які чытае, дапускае значна менш памылак, чым той, хто не чытае.
– Кніга развівае ўяўленне, творчыя здольнасці. А без творчасці няма самарэалізацыі, няма шчаслівага чалавека.
– Кнігі і чытанне натхняюць на дасягненне непасрэднага вопыту.
– Кніга дапамагае пазбегнуць многіх жыццёвых памылак.
– Кніга – сродак развіцця асобы.
– Кніга спрыяе прафесійнаму росту.
Абмеркаванне адказаў дзяцей і бацькоў.
3. Батл “Дарослыя і маладыя”
Дзеці і бацькі спаборнічаюць у ведах. У першым туры дзеці і бацькі на хуткасць адказваюць на пытанні, якія добра вядомы абедзвюм катэгорыям удзельнікаў. У другім туры дзецям прапануецца адказаць на пытанні, якія добра вядомы бацькам. У трэцім туры наадварот.
Першы тур. “Дарослыя і дзеці”
1. Як называецца геніяльны літаратурны твор, які трапіў у спіс найбольш прадаваемых? (Бестселер).
2. Хто з беларусаў стварыў у чэшскай Празе першае ў гісторыі Беларусі выдавецтва, дзе надрукаваў на працягу 1517–1519 гг. 23 ілюстраваныя кнігі Старога Запавету на старабеларускай мове? (Ф.Скарына).
3. Якую паэму Якуба Коласа на памяць вывучыў Рыгор Барадулін, калі быў студэнтам? (“Новая зямля”).
4. Што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае слова “бібліятэка”? (Кнігі).
5. Які беларускі паэт падпісваў свае творы псеўданімам Максім Кніжнік? (Максім Багдановіч).
Другі тур. “Дзеці”
1. Што азначае тэрмін “букіністыка”? (Гандаль старымі кнігамі і іншымі друкаванымі антыкварнымі выданнямі).
2. Як называюць чалавека, які збірае рэдкія і каштоўныя выданні кніг? (Кнігаман, кнігалюб, бібліяфіл).
3. Для якіх людзей напісаны кнігі шрыфтам Брайля? (Для людзей, якія не бачаць).
4. Каго мае на ўвазе ў апавяданні “Партызанка Кніга” Алена Васілевіч? (Гнядую кабылу).
5. Як называўся дадатак да часопіса “Вясёлыя карцінкі” ў выглядзе самастойных апавяданняў або казак? (Кніжка-малышка).
Трэці тур. “Дарослыя”
1. Калі адзначаецца Міжнародны дзень дзіцячай кнігі? Чый гэта дзень нараджэння? (2 красавіка, казачніка Г.К.Андэрсэна).
2. Якія старажытныя кнігі называюцца кітабамі? (Кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом).
3. Як называецца кароткі відэаролік, які распавядае ў адвольнай мастацкай форме аб якой-небудзь кнізе? (Буктрэйлер).
4. Што азначае тэрмін буккросінг? (Абмен кнігамі).
5. Кніжны чэлендж – гэта абяцанне прачытаць кнігі з спісу за пэўны прамежак часу або кніжны кірмаш? (Абяцанне прачытаць кнігі з спісу за пэўны прамежак часу).
Веер меркаванняў
Настаўнік прапануе адказаць на пытанне: “Чаму кніга – гэта крыніца мудрасці, ведаў і навукі?”
Памятка “Як выбраць цікавы твор у кнігарні і не памыліцца”. (настаўнік раздае памяткі ў канцы мерапрыемства):
1. Прыйшоўшы ў кніжны магазін, вызначце, які жанр вас цікавіць. Цікавы сюжэт прымушае прачытаць твор хутка, захапіцца гэтым працэсам, пасля чаго вам захочацца акунацца ў яго зноў і зноў.
2. Звярніце ўвагу на кароткі змест кнігі ў анатацыі.
3. Прачытайце старонку-другую. Адкажыце сабе на пытанні: ці ўсё вы зразумелі? Ці было вам лёгка чытаць?
4. Чым больш у кнізе дыялогаў, чым карацейшыя абзацы, чым менш мудрагелістых слоў і фраз выкарыстоўваецца, тым лепш яна ўспрымаецца.
5. Пазнаёмцеся з водгукамі чытачоў аб кнізе ў інтэрнэце або ў знаёмых і сяброў.
6. Пацікаўцеся тыражом кнігі.
7. Пацікаўцеся годам напісаная кнігі. Калі кніга напісана 10–15 гадоў назад, а перад вамі перавыданне ад цяперашняга года, то гэта добра. Хутчэй за ўсё ў вас у руках кніга, якая стала класікай.
Рэфлексія
Вучням і бацькам прапануецца напісаць свае асацыяцыі да слова “Скарына” на кожную літару:
С (Святое Пісанне, слаўны сын Радзімы)
К (кніга, крыніца ведаў)
А (“Апостал”, адукацыя)
Р (розум, Радзіма)
Ы (вучоны, медык)
Н (навучанне, новыя таямніцы)
А (Адраджэнне, асвета).
Падвядзенне вынікаў мерапрыемства.
– Ці апраўдаліся вашы чаканні ад мерапрыемства?
– Як сёння ў Беларусі і свеце ўшаноўваецца памяць пра Францыска Скарыну?
– Якія факты вам здаліся незвычайнымі і ўнікальнымі?
– З кім бы вы хацелі падзяліцца гэтымі кніжнымі фактамі?
– Як сяброўства з кнігай дапаможа вам дасягнуць творчых, навуковых, прафесійных вышынь?
Спіс літаратуры
1 Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / уклад. Я. Рапановіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1974. – 381 с.
2 Самые необычные книги в мире [Электронный ресурс] / langalex.com›blog/samye-neobychnye-knigi-v-mire/ – Дата доступа : 05.01.2025.