У матэрыяле прадстаўлены канспект занятку для выхаванцаў 5–6 гадоў па адукацыйнай галіне “Выяўленчае мастацтва. Маляванне”.
Алена БІСЛЮК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі,
ДУА “Асінаўшчызненская пачатковая школа” Смаргонскага раёна,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы:
– фарміраваць уменні выкарыстоўваць спосабы малявання прадметаў (адлюстроўваць іх характэрныя прыметы);
– перадаваць у малюнку форму, велічыню, прапорцыі прадметаў;
– развіваць выяўленчыя і творчыя здольнасці, пазітыўнае стаўленне да малявання;
– выхоўваць эстэтычныя пачуцці, паважлівае стаўленне да прыроднага сімвала Беларусі – васілька.
Матэрыялы: канверт з лістом для сюрпрызнага моманту, выява васілька, узор гатовага малюнка, гуаш зялёнага, блакітнага і фіялетавага колераў, надрэзаныя трубачкі (па колькасці дзяцей), ватныя палачкі, альбомныя лісты, размаляваныя ў жоўты колер (па колькасці дзяцей), фанаграма песні А.Ланской “Васільковае неба” (прыпеў).
Папярэдняя работа: гутарка пра васілёк як прыродны сімвал Беларусі; чытанне верша А.Дзеружынскага “Васілёк”; адгадванне загадак пра васілёк, д/г “Знайдзі васілёк”, “Прыродныя сімвалы Беларусі”.
Ход занятку
І Уступная частка
Арганізацыйны момант
Дзеці стаяць у крузе.
Вочкі, вочкі, вы гатовы?
Так-так-так! (Міргаем вочкамі)
Вушкі, вушкі, вы гатовы?
Так-так-так! (Гладзім вушы)
Ручкі, ручкі, вы гатовы?
Так-так-так! (Пляскаем у ладкі)
Дзеткі, дзеткі, вы гатовы?
Так-так-так! (Рукі падымаем уверх)
ІІ Асноўная частка
Сюрпрызны момант “Пісьмо з далёкай краіны”
– Сёння ранкам паштальён перадаў мне ліст ад дзяцей з вельмі далёкай краіны. Давайце я вам яго зачытаю.
“Прывітанне, хлопчыкі і дзяўчынкі. Нядаўна мы пачулі вельмі прыгожую песню. Аўдыязапіс гэтай песні мы даслалі вам. Паслухайце яе, калі ласка. Песня нам вельмі спадабалася, спадзяёмся, што і вам таксама. Але вось няўдача: мы не разумеем, пра якія васількі ў ёй спяваецца. Што гэта такое? Чаму для беларусаў яны такія важныя? Дапамажыце нам, калі ласка, зразумець, што за дзіва гэтыя васількі”.
Дзеці слухаюць прыпеў песні А.Ланской “Васільковае неба”.
Праблемная сітуацыя
– Дзеткі, а вы ведаеце, што такое васількі?
Актывізуючыя зносіны “Васілёк – прыродны сімвал Беларусі”
– Вы добра ведаеце, што васілёк – гэта адзін з прыродных сімвалаў Беларусі. І дзе б ні знаходзіўся беларус, ён заўсёды бузе памятаць і захоўваць у сваім сэрцы тое, што напамінае яму пра Радзіму. Так і вы павінны паважаць сімвалы сваёй краіны, берагчы іх.
– Ці зможаце вы дапамагчы дзецям, якія напісалі вам ліст? Як?
– Так, мы з вамі можам намаляваць васількі і пасля адправіць ліст з малюнкам.
Але спачатку давайце разгледзім малюнак васілька.
Разглядванне выявы васілька і гатовага вырабу
– З якіх частак складаецца васілёк? Так, у яго ёсць кветка, сцябло, лісточкі.
– Якога колеру пялёсткі ў васілька?
– Якое сцябло?
– Якія лісточкі?
– А зараз паглядзіце на гатовы малюнак. Чаму васількі намаляваныя на жоўтым фоне?
Паказ спосабу малявання
– Для таго каб намаляваць кветачкі, вазьміце трубачкі, разагніце пальчыкамі нарэзаныя часткі (паказаць). Паглядзіце, на што стала падобная трубачка. Гуашшу якога колеру будзеце маляваць пялёсткі васілька?
– Так, апускаем трубачку ў гуаш, прыціскаем да талерачкі, а пасля прыкладаем да паперы. Прыміце, павярніце і зноў у тое ж месца прыкладзіце, пакуль не атрымаецца кветка. І так малюем яшчэ некалькі кветак.
Пальчыкавая гімнастыка
Рос у полі васілёк (паказаць пальчыкамі кветкі),
Добра бачны ён здалёк (прыкласці па чарзе рукі да вачэй).
Васілёчкі ты не рві (памахаць пальцамі “нельга”),
Лепш сябрам іх пакажы (“пазваць” сяброў).
Самастойная выяўленчая дзейнасць дзяцей (Пад “мінус” песні А.Ланской “Васільковае неба”)
Дынамічная паўза “Васількі і каласкі”
Дзеці выходзяць з-за сталоў. Становяцца хаатычна.
– А дзе звычайна растуць васількі?
Зараз хлопчыкі ператвараюцца ў каласкі, а дзяўчынкі ‒ у васількі.
Вясной у зямлі ляжыць насенне жыта і васількоў (дзеці прыселі). Вось насенне пачынае прарастаць (дзеці павольна ўстаюць). Пачынаюць каласіцца каласкі (хлопчыкі паднімаюць рукі), потым зацвітаюць васількі (дзяўчынкі паднімаюць рукі). Падзьмуў невялічкі ветрык. Каласкі і васількі пачалі павольна хістацца (дзеці хістаюцца). Пасля вецер стаў мацнейшым (дзеці хістаюцца хутчэй). Раптам наляцеў моцны-моцны вецер, ён гне каласкі і васількі амаль да зямлі (дзеці хістаюцца і нахіляюцца да зямлі). Вось вецер пачаў супакойвацца (хістаюцца павольней і павольней) і зусім сціх.
Малайцы, адпачылі, цяпер сядайце на свае месцы. Будзем працягваць маляванне.
Паказ спосабу малявання
– Чаго не хапае нашым кветкам? Так, сярэдзінкі? Якім колерам намалюем сярэдзінку? Маляваць будзем ватнай палачкай. Мачаем палачку ў фіялетавую гуаш і ў сярэдзіне кожнай кветачкі ставім некалькі кропачак.
– Далей будзем маляваць сцябло і лісточкі. Якім колерам? Так. Малюем таксама ватнай палачкай. Помнім, што сцябло і лісточкі ў васілька доўгія і тонкія. Сцябло малюем зверху ўніз, а лісточкі знізу ўверх, мацней прыціскаючы палачку, каб лісточкі атрымаліся шырэйшымі за сцябло. Не забудзьце, што сцябло доўгае, а лісточкі карацейшыя.
Працяг самастойнай выяўленчай дзейнасці дзяцей
Арганізацыя выставы дзіцячых работ
– Якія прыгожыя ў вас атрымаліся васількі!
Пазней мы пакладзём вашы малюнкі ў канверт і адправім іх.
ІІІ Заключная частка
Вынік
– Якія кветкі мы сёння малявалі?
– Якога колеру васількі?
– Чым мы малявалі? Чым вам больш спадабалася маляваць?
– Сімвалам якой краіны з’яўляюцца васількі?
– Як вы лічыце, ці зразумеюць дзеці з далёкай краіны дзякуючы вашым малюнкам, што такое васількі?
Рэфлексія “Смайлікі”