Канспект занятку па фарміраванні лексіка-граматычных сродкаў мовы і звязнага маўлення ў дзяцей старэйшага ўзросту з цяжкімі парушэннямі маўлення па тэме “Дзень Перамогі”

- 9:52КОРРЕКЦИОННАЯ ПЕДАГОГИКА, Коррекционная педагогика. Сценарии коррекционных уроков, Методичка

Алена ПРАКАПОВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Дубненскі дзіцячы сад” Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: пашырэнне ўяўленняў дзяцей пра свята Дзень Перамогі.

Праграмныя задачы

Адукацыйныя:

– актывізаваць пасіўны і актыўны слоўнік па тэме “Дзень Перамогі”;
– фарміраваць уменні ўжываць назоўнікі назоўнага і роднага склонаў;
– узгадняць лічэбнікі з назоўнікамі;
– падбіраць прыметнікі да назоўнікаў;

Карэкцыйныя:

– развіваць пачуццё рытму;
– развіваць лагічнае мысленне;
– развіваць агульную і дробную маторыку.

Выхаваўчыя:

– выхоўваць патрыятычныя пачуцці і любоў да Радзімы, гонар за Айчыну, павагу да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны;
– замацоўваць уяўленні аб славутасцях роднага аграгарадка.

Абсталяванне: барабаны з палачкамі, разразны малюнак помніка, малюнкі ваенных, малюнкі галаўных убораў, медалі, малюнак Ордэна Перамогі, алоўкі, размалёўкі стужак, мячыкі Су-Джоку.

Папярэдняя работа: гутарка пра помнік воінам-землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў аграгарадку Дубна; чытанне вершаў, апавяданняў пра Вялікую Айчынную вайну.

Метадычныя прыёмы: пытанні рознага тыпу, удакладненні, паведамленні дзяцей, паўторы слоў дзецьмі, выкарыстанне гульнявых момантаў – дыдактычныя гульні, рухомая гульня; тлумачэнне, высновы.

 

Ход занятку

 

Настаўнік-дэфектолаг чытае верш Леаніда Пранчака “Мір і шчасце”.

Мір і шчасце нам з табою
Даў не з казкі чараўнік.
Родны край наш –
Мужны воін
І сумленны працаўнік.
Ні віхуры,
Ні навалы
Нас адолець не змаглі.
Родны край –
Зямля Купалы.
І мілей няма зямлі.
Нам не вечна быць малымі.
Дзень за днём бяжыць жыццё.
Родны край наш!
Мы тваімі
Абаронцамі расцём.

 

Настаўнік: Якое свята адзначае наша краіна 9 Мая? (Дзень Перамогі). Так, гэта вялікае свята перамогі нашага народа над фашысцкімі захопнікамі. Яно адзначаецца па ўсёй краіне, а таксама і ў нашым аграгарадку Дубна. Як адзначаем мы гэта свята?  (Віншуем ветэранаў кветкамі, жадаем мірнага неба, моцнага здароўя, ускладаем кветкі да помніка воінам-землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны).

Гэты помнік знаходзіцца ў цэнтры нашага аграгарадка, таму каб да яго дайсці трэба арганізаваць шэсце.

 

Практыкаванне “Барабаншчыкі”

Настаўнік: Паўтарыце рытмічны малюнак:

На парад ідзе атрад
1, 2, 3. (Стукаем правай рукой)
Барабаншчык вельмі рад
1, 2, 3 (Стукаем левай рукой)
Барабаніць, барабаніць
Мы гучым усе ў лад.. (Стучкаем правай і левай рукой па чарзе)

 

Настаўнік: Вось мы і прыйшлі да помніка. Але пагядзіце, што з ім здарылася? Ён разбураны. Давайце разам адрамантуем яго.

 

Практыкаванне “Рамантуем помнік”

Патрэбна скласці разразны малюнак помніка воінам-землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, які знаходзіцца ў аграгарадку Дубна.

 

Настаўнік: На парадзе, у сталіцы нашай краіны, кожны год можна ўбачыць розныя войскі, якія заўсёды ідуць строем. Каб добра іх разгледзець нам неабходна зрабіць гімнастыку для вачэй.

 

Практыкаванне “Салдат”

На гарах высокіх, (паглядзець знізу ўверх)
На стэпавых прасторах (паглядзець злева направа)
Ахоўвае нашу Радзіму салдат.

Ён ляціць у неба, (паглядзець уверх)
Ён ідзе ў мора, (паглядзець уніз)
Не страшныя абаронцу (абвесці вачыма круг)
Дождж і снегапад. (паміргаць)

 

Практыкаванне “Каго мы бачым на парадзе” (малюнкі воінаў):

На парадзе мы бачым маракоў.

На парадзе мы бачым лётчыкаў.

На парадзе мы бачым танкістаў.

На парадзе мы бачым пагранічнікаў.

 

Практыкаванне “Палічы ваенных”

Настаўнік: На парадзе шмат ваенных. Давайце палічым, колькі іх:

Адзін танкіст (лётчык, пагранічнік, марак), два танкісты (лётчыкі, пагранічнікі, маракі), тры танкісты (лётчыкі, пагранічнікі, маракі), чатыры танкісты (лётчыкі, пагранічнікі, маракі), пяць танкістаў (лётчыкаў, пагранічнікаў, маракоў).

 

Практыкаванне “Падбяры галаўныя ўборы”

Настаўнік: Падбярыце галаўны ўбор да ваеннага, якому ён патрэбен.

Танкісту патрэбен танкавы шлемафон.
Пагранічніку патрэбен зялёны берэт.
Лётчыку патрэбен авіяшлем.
Мараку патрэбна бесказырка.

 

Настаўнік: Чым узнагароджвалі асабліва вызначыўшыхся ў баях салдат? (Медалямі). Давайце і мы возьмем медалі і назавём якасці саладата-абаронцы. Якім павінен быць салдат? (Адважным, рашучым, разумным, мужным, добрым, бясстрашным).

А якія стужкі прымацоўваюць жыхары Беларусі ў Дзень Перамогі? (Чырвона-зялёныя стужкі, упрыгожаныя кветкай яблыні).

Давайце і мы з вамі размалюем стужкі на парад. Але спачатку зробім самамасаж пальчыкаў з дапамогай мячыкаў Су-джоку.

 

Практыкаванне “Парад”

Па тэлевізары – парад! (Катаем мячыкам па кожным пальцы)
Тарам-папам-папам!

Байцы ідуць за радам рад,
Тарам-папам-папам!
Калі-небудзь прайду і я,
Адбіваючы крокі,
Няхай любуюцца сябры
І хмурацца ворагі!

 

Настаўнік: Вазьміце алоўкі і размалюйце стужкі. Куды прымацоўваюць стужкі? (На адзенне). Навошта гэта робяць? (Прымацоўваючы стужку, мы праяўляем пачуццё глыбокай пашаны да нашых ветэранаў, загінуўшых герояў, перадаём радасць усіх пакаленняў беларусаў у сувязі з Днём Перамогі). Давайце і мы прымацуем стужкі да адзення.

 

Рэфлексія

Настаўнік: Якое свята адзначае наша краіна 9 Мая? Якімі якасцямі павінен валодаць салдат? Дзе мы з вамі пабывалі? Каго бачылі? Малайчынкі, вы справіліся з усімі заданнямі. Вы сапраўдныя салдаты. За гэта я хачу ўзнагародзіць вас медалькамі.

Дзякуй за ўвагу.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий