Матэрыялы даследаванняў былі прадстаўлены для ўдзелу ў абласным конкурсе “Упрыгожым Беларусь кветкамі” у намінацыі “Сад для насякомых”.
Людміла БАРЫСЕВІЧ,
біялогіі і хіміі
ДУА “Войстамская базавая школа”
Смаргонскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта даследавання:
Вызначэнне спосабаў аховы дэкаратыўных раслін прышкольнай тэрыторыі ад шкоднікаў біялагічнымі метадамі барацьбы
Задачы:
падабраць асартымент дэкаратыўных раслін, якія ўпрыгожаць кветнік прышкольнай тэрыторыі, дапамогуць прывабіць карысных насякомых, зменшыць колькасць шкоднікаў раслін;
падабраць матэрыялы для афармлення кветніка, якія будуць служыць сховішчамі для карысных насякомых;
устанавіць біялагічную разнастайнасць відаў насякомых-энтамафагаў і насякомых-апыляльнікаў, якія часцей наведваюць расліны кветніка;
высветліць, якім раслінам аддаюць перавагу энтамафагі і апыляльнікі;
правесці назіранні, зрабіць фотаздымкі і вызначыць віды насякомых, якіх выявілі на кветніку.
Актуальнасць тэмы даследавання:
Заўсёды прыцягвае ўвагу прыгожы кветнік з яркімі духмянымі кветкамі і сакавітай зелянінай. Кожны чалавек імкнецца ўпрыгожыць свой участак, сваю малую радзіму, сваю родную школу. Але мы не заўсёды задумваемся над тым, што гэтай прыгажосцю мы абавязаны не толькі сваёй працы, але і працы нашых маленькіх крылатых памочнікаў – насякомых. Яны дапамагаюць нам не толькі забяспечыць прыгожае цвіценне з году ў год, апыляючы расліны. Многія насякомыя дапамагаюць змагацца са шматлікімі шкоднікамі раслін без выкарыстання хімікатаў, захоўваючы тым самым біяразнастайнасць жывых арганізмаў. Важна зразумець, што паміж жывымі арганізмамі існуе цесная сувязь
Асноўная частка
Расліны на клумбах з’яўляюцца ўпрыгажэннем нашай прышкольнай тэрыторыі. Аднак, здараецца, што нашы кветкавыя кампазіцыі псуюць насякомыя-шкоднікі. Час ад часу прыгожыя расліны ў перыяд вегетацыі і цвіцення нават гінуць. Імкнучыся захаваць тэрыторыю вакол школы экалагічна чыстай, мы не раім выкарыстоўваць інсектыцыды, таму што гэта небяспечна не толькі для чалавека, але і знішчае карысных насякомых. Акрамя таго, важна захоўваць біяразнастайнасць відаў жывых арганізмаў.
Рашэнне гэтай праблемы мы ўбачылі ў прыцягненні на нашы кветнікі карысных насякомых, якія не толькі будуць апыляць расліны, але і ахоўваць іх ад шкоднікаў. Каб карысныя для раслін насякомыя затрымаліся на працяглы час, патрэбна стварыць для іх камфортныя ўмовы: кармавую базу, месцы для сховішчаў і размнажэння.
Для размнажэння і павелічэння колькасці відавога складу карысных насякомых з ліку драпежных (энтамафагаў), патрэбна ўлічваць некаторыя асаблівасці іх біялогіі. Так, напрыклад:
1) драпежных насякомых прыцягваюць расліны, якія цвітуць, а не насякомыя-шкоднікі (фітафагі);
2) драпежныя насякомыя выкарыстоўваюць для размнажэння і знішчаюць той від шкодніка, на якім развіваліся самі [5].
Улічваючы гэта, наяўнасць на кветніку раслін-нектараносаў дазволіць драпежным насякомым знайсці дадатковае харчаванне на стадыі лічынкі і дарослага насякомага. Акрамя таго, даказана, што драпежныя насякомыя здольны эфектыўна размнажацца, калі сумяшчаюць харчаванне нектарам ці паддзю раслін і насякомымі-ахвярамі. Вучоныя лічаць, што на тэрыторыі, на якую прыцягваюцца драпежныя насякомыя, павінна быць некаторая колькасць розных відаў шкоднікаў, каб паспяхова выжывалі карысныя віды [5].
З літаратурных крыніц мы даведаліся, што спецыялізаваныя драпежныя насякомыя здольны адшукаць шкодніка, якога яны знішчаюць, пры любой яго колькасці. Таму на ўчастку заўсёды павінны быць некалькі розных відаў шкоднікаў [5]. Мы выказалі меркаванне, што на кветнік неабходна высадзіць расліны, на якіх развіваюцца шкоднікі і выжываюць драпежныя насякомыя. У гэтым выпадку апошнія могуць прадухіліць успышкі размнажэння шкоднікаў. Мы можам выкарыстаць драпежных насякомых не для поўнага знішчэння шкоднікаў, а з мэтай кантралявання іх колькасці.
Для пашырэння відавога складу і размнажэння драпежных насякомых патрэбна высяваць кармавыя расліны-нектараносы [1]. Гэта, у першую чаргу, складанакветныя расліны, якія ўтвараюць вялікую колькасць нектару, з’яўляюцца месцам сховішча для карысных насякомых.
Такім чынам, каб забяспечыць развіццё здаровых дэкаратыўных раслін, іх якаснае апыленне, атрыманне насення для размнажэння адналетнікаў, мы вырашылі падабраць асартымент раслін, якія будуць прыцягваць на кветнік карысных насякомых (энтамафагаў і апыляльнікаў) і адпужваць шкоднікаў.
Для вырашэння гэтай задачы мы вывучалі літаратуру, шукалі пэўныя крыніцы інфармацыі аб раслінах, якія з’яўляюцца добрымі меданосамі, маюць прывабны для насякомых водар і афарбоўку венчыкаў [4; 5]. Акрамя таго, яны павінны быць дэкаратыўнымі і ўпрыгожваць прышкольную тэрыторыю.
Для стварэння месцаў для сховішчаў ад ворагаў, для размнажэння карысных насякомых, а таксама для забеспячэння зімоўкі іх на школьным участку мы вырашылі размясціць на кветніку хатку для насякомых, зробленую сваімі рукамі. Мы шукалі інфармацыю ў інтэрнэт-рэсурсах [2].
Кветнік плошчай 50 м2 на прышкольнай тэрыторыі размешчаны на паўднёвым баку ўчастка, з паўночнага і ўсходняга бакоў размешчаны будынак школы. Такім чынам, расліны ахаваны ад уздзеяння халоднага ветру і нізкіх тэмператур. Такія ўмовы з’яўляюцца спрыяльнымі і для насякомых у перыяд зімоўкі.
Практычная частка
Такім чынам:
1) мы высадзілі на кветнік расліны-меданосы: аднагадовыя – фацэлія піжмалісная, тагетэс, календула, астры, сланечнік, барага; шматгадовыя – мята перачная, ружы. Усе нектараносныя расліны прыцягваюць чмялёў, пчол, вос, наезнікаў, мух. Неабходна прадугледзець цвіценне меданосаў на працягу ўсяго сезона, каб расліны цвілі ў розныя тэрміны. Перавагу мы аддавалі раслінам з жоўтай афарбоўкай кветак, так як гэты колер найбольш прывабны для насякомых;
2) расліны, якія адпужваюць шкодных насякомых: мацярдушка, чабор, календула, тагетэс;
3) зрабілі дэкаратыўную адсыпку са шчэпак і гравію, нятканых матэрыялаў; размясцілі камяні для сховішчаў, якія дапамогуць насякомым схавацца ад дзённага святла, на зімоўку;
4) зрабілі спецыяльную хатку для прываблівання карысных насякомых і іх зімоўкі.
Усяго на кветніку высаджана 26 відаў дэкаратыўных раслін. Адзначым тыя, якія прывабліваюць карысных насякомых ці адпужваюць шкоднікаў.
Назва расліны |
Значэнне для насякомых |
Фацэлія піжмалісная |
Аднагадовая расліна сямейства Вадаліснікавыя вышынёй да 1 м утварае пышны кусцік, у маі зацвітае шыза-блакітнымі кветкамі, якія сабраны ў аднабаковае коласападобнае суквецце ў выглядзе завітка. Маюць моцны мядовы водар. Прываблівае пчол, чмялёў |
Бурачнік лекавы |
Аднагадовая расліна сямейства Бурачнікавыя, венчык цёмна-блакітны з кароткай трубачкай. Прываблівае пчол і чмялёў водарам і нектарам |
Сланечнік аднагадовы |
Аднагадовая расліна сямейства Астравыя. Кветкі сабраны ў буйныя суквецці – кошыкі, афарбоўка кветак ад светла-жоўтай да цёмна-памаранцавай. Добры меданос, прываблівае пчол |
Астра рамонкавая |
Аднагадовая расліна сямейства Астравыя. Суквецці – кошык, краявыя кветкі – язычковыя, іх афарбоўка разнастайная; цэнтральныя – трубчастыя, жоўтага колеру. Прываблівае пчол, чмялёў, матылькоў, мух |
Мята перачная |
Шматгадовая травяністая расліна сямейства Ясноткавыя. Вышыня расліны дасягае 1 м, мае характэрны пах ментолу з перцам. Венчык ружовы ці фіялетавы. Перыяд цвіцення – з канца чэрвеня да верасня, добры меданос, ахвотна наведваюць пчолы, якія збіраюць нектар і часткова пылок |
Календула лекавая |
Аднагадовая расліна сямейства Астравыя вышынёй ад 20 да 75 см. Язычковыя кветкі – жоўтыя, памаранцавыя, ружовыя; трубчатыя жоўтыя ці цёмна-карычневыя. Суквецці – кошык, цвіце з чэрвеня да асенніх замаразкаў. Прываблівае матылькоў, пчол, чмялёў. Адпужвае вусеняў матыля бражніка пяцікропніка, спаржавую трашчалку, мядзведку |
Шалфей лекавы |
Травяністая шматгадовая расліна сямейства Губакветныя вышынёй да 75 см. Цвіце ў чэрвені-ліпені. Добры меданос, прываблівае пчол, чмялёў, матылькоў |
Чабор паўзучы |
Шматгадовы паўхмызняк сямейства Губакветныя да 15 см вышынёй, заканчваецца ляжачым парасткам. Утварае дзернавінкі. Цвіце, у залежнасці ад асяроддзя пражывання, з канца мая да канца жніўня. Добры меданос, прываблівае чмялёў, пчол |
Пятунія гібрыдная |
Травяністая расліна сямейства Паслёнавыя вышынёй ад 10 см до 1м. Цвіце ўсё лета і восень варонкападобнымі кветкамі. Адпужвае тлю і лістагрызучых насякомых, з’яўляецца прыродным пестыцыдам. Прываблівае пчол |
Ружа (шыпшына) |
Шматгадовая расліна сямейства Ружавыя, належыць да роду Шыпшына. Утварае шмат культурных форм. У залежнасці ад групы зацвітае ў канцы чэрвеня, цвітуць паўторна да самых замаразкаў. Прывабліваюць пчол |
Манарда двойчатая |
Шматгадовая расліна, па форме ўтварае шчыльны кусцік вышынёй 60-80 см. Цвіце ў чэрвені-верасні, больш за месяц. Кветкі ярка-чырвонага ці ружовага колеру сабраны ў суквецце 6-9 см у дыяметры, акружана буйнымі прыкветнікамі. Прываблівае пчол |
Аксаміткі прамастойныя |
Аднагадовая расліна сямейства, суквецці – кошык, простыя ці махровыя, жоўтай, памаранцавай, карычневай афарбоўкі. Цвіце ўсё лета і восень. Прываблівае пчол, чмялёў, вос, з’яўляецца ежай для некаторых вусеняў матылькоў, крыніцай нектара для матылькоў. У дзікай прыродзе апыляецца жукамі. Добра ахоўваюць ад шкодніка даўганосіка, соўкі, цыбульнай мухі і капуснага бяляна. |
Эхінацэя пурпурная |
Шматгадовая расліна, належыць да сямейства Астравыя вышынёй да 1 м з суквеццямі – кошык дыяметрам да 15 см. Цвіце ў другой палове ліпеня – жніўні. Кветкі пурпуровага ці малінавага колеру, шчодра выдзяляюць нектар, прываблівае пчол, матылькоў |
Мацярдушка звычайная
|
Шматгадовая расліна сямейства Губакветныя вышынёй 50—70 см. Кветкі дробныя, сабраныя ў шчыткова-мяцельчатыя суквецці. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пачынаючы з другога года жыцця. Прываблівае пчол, чмялёў, добры меданос |
Мяліса лекавая
|
Шматгадовая эфірнаалейная расліна сямейства Губакветныя вышынёй 30—120 см. Цвіце ў ліпені-жніўні. Каштоўны меданос, дае шмат нектару. Мае водар лімона, які заспакаяльна дзейнічае на пчол |
Лаванда вузкалісная
|
Шматгадовы паўхмызняк сямейства Губакветныя вышынёй да 60 см. Дробныя кветкі сіняга ці бэзавага колеру сабраныя ў коласападобныя суквецці, маюць моцны пах, вылучаюць фітанцыды. Адпужвае тлю, мурашак, моль. Перыяд цвіцення – ліпень-жнівень, добры меданос, прываблівае чмялёў, пчол |
У час правядзення назіранняў былі выяўлены 9 відаў насякомых, якія пастаянна наведвалі кветкі раслін на нашым кветніку:
Назва насякомага |
Значэнне для раслін |
Сямікропкавая кароўка (Coccinella septempunctata) |
Насякомае-энтамафаг. Знішчае за дзень да 150 тлей, лічынка – да 800 тлей. Зімуе пад апалым лісцем |
Муха журчалка (Episyrphus balteatus) |
Харчуецца кветкавай расой і паддзю, сакрэцыямі тлі. Лічынкі паядаюць тлю. Адна муха за суткі знішчае да 700 тлей. Прываблівае іх жоўты колер |
Чмель звычайны (Bombus proteus) |
Апыляе расліны, павышаючы ўраджай прыкладна на 1/3. У адрозненне ад іншых апыляльнікаў, добра пераносяць холад і выжываюць ва ўмовах поўначы. Падоўжаная форма хабатка дазваляе апыляць трубчастыя кветкі і кветкі з вузкім венчыкам. Пачынаюць працаваць з усходам сонца і актыўныя да позняй ночы, практычна ў любое надвор’е. Адзін чмель замяняе 3-5 пчол. Мае лепшы зрок, лепш арыентуецца ў прасторы |
Паўлінава вока (Aglais io) |
Матылі займаюць другое месца сярод апыляльнікаў раслін пасля пчол. Могуць браць нектар з кветак, у якіх ён знаходзіцца глыбока, дзякуючы доўгаму хабатку. Прываблівае іх вялікая колькасць яркіх кветак з вялікай колькасцю нектару і салодкім водарам |
Аса звычайная (Vespula vulgaris) |
Выкормлівае сваіх лічынак шкоднымі насякомымі. Адна аса знішчае некалькі дзясяткаў дарослых шкоднікаў, забяспечваючы сваё патомства бялковай ежай. Дарослыя восы харчуюцца толькі нектарам і садавіной |
Пчала меданосная (Ápis melliféra) |
Прывабліваюць яркія венчыкі кветак, але перавагу аддаюць жоўтым і сінім колерам. Акрамя таго, ім падабаецца водар кветак |
Мэтай даследавання было не толькі выявіць віды карысных насякомых, але стварыць умовы для іх зімоўкі і размнажэння на тэрыторыі кветніка. Для таго, каб карысныя насякомыя не загінулі з надыходам халадоў, мы змайстравалі хатку для іх зімоўкі, выкарыстаўшы рэкамендацыі літаратурных крыніц. Высветлілі, якія неабходна ўлічыць асаблівасці пабудовы і размяшчэння хаткі [3]:
1) змайстравалі каркас з асінавай драўніны, каб засцерагчы насякомых ад дажджу, снегу і ветру;
2) у якасці напаўняльніка выкарысталі сухую траву, так як лісце можа служыць асяроддзем развіцця хваробатворных грыбкоў;
3) напаўняльнік замацавалі сеткай ад птушак і магчымага выпадзення;
4) падзялілі ўнутраную прастору хаткі на ячэйкі і расклалі ў іх розныя віды напаўняльнікаў (яловыя і сасновыя шышкі, мох сфагнум, кавалкі кары дрэў, галінкі раслін, саломіны, абрэзкі палення з прасвідраванымі адтулінамі), так як розныя віды насякомых аддаюць перавагу розным сховішчам;
6) адкрытым бокам размясцілі хатку на поўдзень, глыбіня хаткі – 30 см.
У цёплы перыяд года хатка выконвае больш дэкаратыўную функцыю (з’яўляецца малой архітэктурнай формай і ўпрыгожвае наш кветнік), а зімой насякомыя выкарыстаюць яе па прызначэнню. фото
Заключэнне
Вывады і рэкамендацыі:
Дэкаратыўныя расліны, насякомыя-энтамафагі і шкодныя насякомыя знаходзяцца ў цесных узаемаадносінах паміж сабой. Паколькі кветнік з’яўляецца штучнай экасістэмай невялікіх памераў, неабходна стварыць пэўныя ўмовы для падтрымання гэтых сувязей паміж жывымі арганізмамі і асяроддзем іх пражывання.
З мэтай аховы раслін ад шкоднікаў і забеспячэння дэкаратыўнасці кветніка на працягу ўсяго вегетатыўнага сезона неабходна прывабліваць карысных насякомых, так як выкарыстанне інсектыцыдаў зніжае колькасць не толькі шкодных насякомых, але і карысных; забаронена на прышкольнай тэрыторыі.
Вынікі назіранняў могуць выкарыстоўвацца ў навучальным і выхаваўчым працэсе: пры правядзенні ўрокаў біялогіі, чалавек і свет, геаграфіі, правядзенні заняткаў гурткоў краязнаўчага напрамку, факультатыўных заняткаў, пазакласнай рабоце. Таксама плануецца працягваць назіранні за насякомымі, якія выкарысталі хатку для зімоўкі, высветліць, якім напаўняльнікам насякомыя аддавалі перавагу, якім чынам павялічваць колькасць відаў насякомых-энтамафагаў на кветніку.
Распрацаваны лістоўкі аб ролі насякомых у прыродзе з мэтай папулярызацыі біялагічных метадаў аховы дэкаратыўных раслін ад шкоднікаў, лістоўкі распаўсюджаны сярод насельніцтва суседніх населеных пунктаў.
Спіс выкарыстанай літаратуры:
- Биологические методы борьбы с вредителями и болезнями сельскохозяйственных культур. Применение энтомофагов и биопрепаратов. [Электронный ресурс] // www.fao.org – Режим доступа: https://www.fao.org/3/CA0854RU/ca0854ru.pdf. Дата доступа: 12.02.2023.
- Володихин, А. Домики для насекомых своими руками [Электронный ресурс] / А.Володихин// supersadovnik.ru. – Режим доступа: https://www.supersadovnik.ru/text/domiki-dlja-nkasekomyh-1006091. Дата доступа: 12.02. 2023.
- Герасименко, М. Как построить домик для букашек [Электронный ресурс] / М.Герасименко// 7dach/ru. – Режим доступа: https://7dach.ru/MarinaGerasimenko/kak-postroit-domik-dlya-bukashek-5436.html. Дата доступа: 12.02.2023.
- Семёнова, Л. Как использовать биологические методы защиты растений [Электронный ресурс]/ Л.Семёнова // Энциклопедия садовода и дачника. – Режим доступа: https://floraprice.ru/articles/sad/poleznye-nasekomye-v-sadu-2.html. Дата доступа: 12.02.2023.
- Пцкиаладзе, С. Полезные насекомые в саду [Электронный ресурс] / С.Пцкиаладзе// Ботаничка. – Режим доступа: https://handmade-garden.ru/agrotekhnika/5595-7-poleznykh-nasekomykh-v-sadu-i-na-ogorode-kotorykh-nuzhno-berech. Дата доступа: 12.02.2023.