Конкурсная праграма можа выкарыстоўвацца настаўнікамі пры абагульненні ведаў вучняў, набытых на ўроках літаратурнага чытання, пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў з мэтай выхавання цікавасці да моўнага багацця беларускага народа.
Ала ЦЕРАХ, Наталля ХМЯЛЕЎСКАЯ,
настаўнікі пачатковых класаў
ДУА “Махнавіцкая сярэдняя школа Мазырскага раёна”,
Гомельская вобласць
Мэта: развіццё пазнавальнага інтарэсу да беларускіх народных казак.
Задачы:
– стварыць умовы для абагульнення ведаў пра разнастайнасць беларускіх народных казак;
– развіваць назіральнасць, увагу, кемлівасць;
– выхоўваць пачуццё адказнасці за поспех каманды.
Абсталяванне: кніжная выстава “Казка – розуму падказка”; карткі з заданнямі.
Ход мерапрыемства
І Арганізацыйны момант
Настаўнік. Казкі ўзніклі вельмі даўно. Да з’яўлення пісьменнасці яны перадаваліся беларусамі ў вуснай форме: з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне, з веку ў век. Іх складалі таленавітыя людзі з народа. А вы любіце казкі? (Адказы вучняў)
Запрашаем, калі ласка,
У падарожжа разам з казкай.
ІІ Конкурсная праграма
Настаўнік прапануе вучням падзяліцца на дзве каманды, падабраць для іх назвы.
Конкурс “Слова ўзгадай – крыжаванку адгадай”
Настаўнік. Разгадайце крыжаванку і прачытайце ў выдзеленым слупку, як называецца твор вуснай народнай творчасці з шырокім выкарыстаннем выдумкі.
1. Вусная народная творчасць. (Фальклор.)
2. Словы, сказы, музычныя фразы, якія паўтараюцца ў літаратурным творы. (Паўтор.)
3. Казкі ў большасці пачынаюцца словамі “жылі-былі”. Як называецца такі пачатак? (Зачын.)
4. Заканчваюцца казкі словамі: “Тут і казцы канец”. Як называецца такі канец? (Канцоўка.)
5. Складальнік або расказчык казак. (Казачнік.)
Конкурс “Шыфравальшчыкі”
Настаўнік. Конкурс для тых, хто любіць шыфроўкі і ўмее іх расшыфроўваць. Расшыфруйце назвы беларускіх народных казак.
Заданне для 1-й каманды:
1. Стр бцьк (“Стары бацька”)
2. Рзмн дчк (“Разумная дачка”)
3. Гнрст врн (“Ганарыстая варона”)
4. Жрнц (“Жаронцы”)
5. З рг ўсг мнг (“З рога ўсяго многа”)
6. Зйкн хтк (“Зайкава хатка”)
Заданне для 2-й каманды:
1. Пргн бгцй (“Прагны багацей”)
2. Пшнчн клск (“Пшанічны каласок”)
3. Снк з клчк (“Сынок з кулачок”)
4. Хтр вл (“Хітры вол”)
5. к лсц вўк сдзл (“Як лісіца ваўка судзіла”)
6. Брн – бк бдрн (“Баран – бок абадран”)
Конкурс “Падказкі да казкі”
Настаўнік. Конкурс для самых кемлівых. Выкарыстаўшы падказкі Віктара Кажуры, успомніце назвы беларускіх народных казак.
Падказкі для 1-й каманды:
1. Жыў-быў пеўнік у бабулі –
Гаспадар руплівы.
Ён, забыўшыся на гулі,
Ходзіць клапатлівы.
Толькі неяк каля плоту
Адшукаў бабіну:
– Будзе Курцы з ёй турботы –
Лепш сабе пакіну. (“Як Курачка Пеўніка ратавала”)
2. Гаспадар касой махаў,
Прытаміўся, аж прыстаў.
Сеў пад кустам адпачыць,
Глядзь – аж лугам Воўк бяжыць.
– Што ясі ты, чалавеча?
– Хлеб, што выцягнуты з печы. (“Лёгкі хлеб”)
3. Кажуць, там дзе лозы,
Там пасуцца козы.
А вось дзедава каза
Па мянушцы Дзераза
Век жыла ў сваім хляве
Ці паслася на траве. (“Каза-манюка”)
4. Выхвалялася Варона:
– Мне між імі няма роўнай.
Ваша нудная сям’я
Мне спявачцы не раўня.
Палячу я лепш за мора,
Буду жыць я там без гора. (“Ганарыстая варона”)
Падказкі для 2-й каманды:
1. Селянін карчы капаў,
Цэлы мех сабе набраў.
Рады быў, што добрым часам
Дроў для печы назапасіў.
Толькі мех узяў на плечы,
Бачыць: Воўк стаіць на сцежцы …
– Чалавеча, памажы!
Паляўнічы там бяжыць. (“Як лісіца ваўка судзіла”)
2. Што блукаеш ты, кума,
Па лясах-палях дарма:
Столькі сцежак пратаптала,
Аж стамілася-прыстала.
Лепш прыходзь, свет-ягамосці,
Ты да жорава ў госці. (“Лісіца і жораў”)
3. Дзіва раз было такое:
Знесла яйка залатое
Курка ў бабіным двары –
Цуд! І што не гавары! (“Курачка-рабка”)
4. Пайшла бабка жыта жаць,
Не забыла яна ўзяць
Трошкі хлеба і сырка
Ды збаночак малака.
А з кустоў цікуе Ліска:
– Ой, нап’юся малака!
І, падбегшы да збанка,
Цап яго! Ды без дарогі,
Полем, лесам – дай Бог ногі! (“Лісіца і збанок”)
Конкурс “Ці ведаеце вы казкі?”
Настаўнік. Дайце як мага больш правільных адказаў на пытанні.
Пытанні для 1-й каманды:
1. Якая бяда здарылася з пеўнікам у казцы “Як курачка пеўніка ратавала”? (Праглынуў бобінку і падавіўся.)
2. Колькі разоў выкрадала Лісіца Пеўніка ў казцы “Коцік, пеўнік і лісіца”? (Тры.)
3. Хто жыў разам з курачкай Сакатушкай на адным двары? (Гусак Шыпун і індык Балбатун.)
4. Якія загадкі загадаў пан, каб рассудзіць мужыкоў у казцы “Разумная дачка”? (Што на свеце сыцейшае за ўсё? Што на свеце саладзейшае за ўсё? Што на свеце шпарчэйшае за ўсё?)
5. Як называў сын бацьку ў казцы “Недалікатны сын”? (Кузьма.)
Пытанні для 2-й каманды:
1. Куды сабралася ляцець варона з казкі “Ганарыстая варона”? (За мора.)
2. Чым любіў займацца Піліпка з казкі “Піліпка-сынок”? (Лавіць рыбу.)
3. Хто дапамог лісічцы выгнаць барана з яе нары ў казцы “Баран – бок абадран”? (Пчолка.)
4. Каго знайшоў бядняк у кустах, калі пайшоў на рэчку па ваду ў казцы “Разумная дачка”? (Цялушачку.)
5. За што даў пан хлопцам поўны воз збажыны ў казцы “Зайздросны дзядзька”? (За цудоўны камень.)
“З якой казкі згубіўся прадмет?”
Настаўнік. У любой казцы ёсць прадметы, якія дапамагаюць або перашкаджаюць героям у іх прыгодах. Узгадайце з апорай на словы, назвы казак.
Словы-назвы для 1-й каманды:
1. Лапата і печ (“Піліпка-сынок”).
2. Дудачка (“Музыка-чарадзей”).
3. Бобінка (“Як курачка пеўніка ратавала”).
4. Скрыпачка (“Коцік, пеўнік і лісіца”).
5. Каласок (“Пшанічны каласок”).
Словы-назвы для 2-й каманды:
1. Каляска (“Муха-пяюха”).
2. Мяшок (“Як лісіца ваўка судзіла”).
3. Лапаць (“Сынок з кулачок”).
4. Каса (“Зайкіна хатка”).
5. Пярсцёнак (“Прагны багацей”).
Конкурс “Казкі водзяць карагод”
Настаўнік. Па пачатку ўспомніце назву беларускай народнай казкі.
Заданне для 1-й каманды:
1. Жылі дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі не было – толькі пеўнік і жаронцы. (“Жаронцы”.)
2. Жылі дзед і баба. Мелі яны сына і ката. Сына звалі Марцінам, а ката – Максімам. (“Кот Максім”.)
3. Жылі-былі ў адным лесе лісіца і заяц. Жылі яны адзін каля другога блізка. Прыйшла восень, стала холадна, уздумалі яны сабе хаткі збудаваць. (“Зайкава хатка”.)
4. Жылі-былі коцік і пеўнік. Добра жылі, дружна. Коцік на паляванне хадзіў, а пеўнік есці варыў, хатку падмятаў, песні спяваў. (“Коцік, пеўнік і лісіца”.)
5. Жылі два браты: багаты і бедны. Багаты сам нічога не рабіў, бо меў шмат парабкаў. А бедны лавіў вудаю ў возеры рыбу – з гэтага і жыў. (“Прагны багацей”.)
Заданне для 2-й каманды:
1. Быў адзін дурнаваты чалавек. Захацелася яму пайсці на кірмаш. Злавіў ён белага пеўня, засунуў за пазуху ды пайшоў. (“Людзей слухай, а свой розум май”.)
2. Жыў адзін бедны чалавек з жонкаю. Нарадзілася ў іх дачка. Прыйшлося спраўляць радзіны. А ў чалавека таго ні хлеба, ні да хлеба. Чым гасцей частаваць? (“Разумная дачка”.)
3. Жылі дзед і баба. I быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. Не большы за кулак. (“Сынок з кулачок”.)
4. Жыў дзед ды баба з дачкою. І была ў іх каза. Пагнала дачка пасвіць казу. (“Каза-манюка”.)
5. Жыў адзін цікавы хлопец Андрэй. Хацеў ён усё ведаць. Куды ні гляне, што ні ўбачыць – аб усім у людзей распытваецца, да ўсяго дапытваецца. (“Андрэй за ўсіх мудрэй”.)
Конкурс “Адгадай, хто гэта сказаў?”
Настаўнік. Конкурс для самых начытаных. Успомніце, якому казачнаму герою належаць наступныя словы.
Заданне для 1-й каманды:
1. Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі… (Каза з казкі “Каза-манюка”.)
2. Вось добра, што трапіў у дзюбу не якой-небудзь чорнай галцы або граку, а самой пані вароне. (Рак з казкі “Ганарыстая варона”.)
3. Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Я лячу іх сыскваць. (Певень з казкі “Жаронцы”.)
4. Як жа мне не плакаць? Жылі мы з ліскай блізка. Прыйшла восень, пабудавалі мы сабе хаткі. (Заяц з казкі “Зайкіна хатка”.)
5. Каты ловяць мышэй, каб гуляць з імі ў ката і мышку. Хочаш, навучу цябе? (Мышка з казкі “Коцік Петрык і мышка”.)
Заданне для 2-й каманды:
1. Калі ты такі бедны, дык засунь руку мне ў рот і дастань адтуль залаты пярсцёнак. (Рыбіна з казкі “Прагны багацей”.)
2. Тылі-тылі, скрыпіца,
Тут сядзела лісіца,
А ў лісіцы новы двор.
Сем дачушак на выбор,
Восьмы пеўнік – гэта мой! (Коцік з казкі “Коцік, пеўнік і лісіца”.)
3. Схітрыў ці не схітрыў, а стог сена за пагодай накасіў. Ды і шкура ад вашых воўчых зубоў цэлая засталася. (Вол з казкі “Хітры вол”.)
4. Дык вось, каму слава, таму і булкі. А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль! (Курачка з казкі “Пшанічны каласок”.)
5. Я заплаціў за вала гаспадару і еў, як свайго. Таму я і пасыцеў. (Бацька з казкі “Ад крадзенага не пасыцееш”.)
Конкурс “Казачны перапалох”
Настаўнік. Пераблыталіся назвы казак. Пачаўся перапалох. Знайдзіце і злучыце пачатак і канец назваў казак.
Заданне для 1-й каманды:
Лёгкі з кулачок
Каша хлеб
Сынок з сякеры
Хітры багацей
Прагны вол
Заданне для 2-й каманды:
Пшанічны варона
Музыка залаты лабок
Ганарыстая гусак
Каток – чарадзе
Лісіца і каласок
Конкурс “Знайдзі памылкі”
Настаўнік. Конкурс для самых знаходлівых. Выправіце памылкі і правільна прачытайце назву беларускай народнай казкі.
Заданне для 1-й каманды:
1. “Малады бацька” (“Стары бацька”).
2. “Філіпка-сынок”; (“Піліпка-сынок”).
3. “Добрая дачка” (“Разумная дачка”).
4. “Як курачка індыка ратавала” (“Як курачка пеўніка ратавала”).
5. “Аляксей за ўсіх мудрэй” (“Андрэй за ўсіх мудрэй”).
Заданне для 2-й каманды:
1. “Коцік Петрык і шышка” (“Коцік Петрык і мышка”).
2. “Жытнёвы каласок” (“Пшанічны каласок”).
3. “Як мужык курэй дзяліў” (“Як мужык гусей дзяліў”).
4. “Коцік, пеўнік і сястрыца” (Коцік, пеўнік і лісіца”).
5. “Як лісіца мядзведзя судзіла” (“Як лісіца ваўка судзіла”).
Конкурс “Знайдзі персанажаў казак”
Настаўнік. Знайдзіце персанажаў казак і ўзгадайце назву казкі, у якой яны сустракаюцца.
Адказы: музыка – “Музыка-чарадзей”; муха – “Муха-пяюха”; заяц – “Зайкава хатка”; каток – “Каток – залаты лабок”; курачка – “Пшанічны каласок”; ліса – “Як лісіца ваўка судзіла”; карова – “Разумная дачка”; певень – “Коцік, пеўнік і лісіца”, воўк – “Лёгкі хлеб”; варона – “Ганарыстая варона”; каза – “Каза-манюка”; Піліпка – “Піліпка-сынок”; вол – “Хітры вол”.)
ІІІ Падвядзенне вынікаў
Настаўнік. Шаноўныя сябры! Вось і скончылася конкурсная праграма. Яна паказала, што вы многа ведаеце, любіце казкі, чытаеце іх уважліва і з захапленнем.
Давайце любіць сваю родную мову, чытаць казкі на беларускай мове, а галоўнае – размаўляць на ёй! Не забывайце, што казкі ёсць у нашай школьнай бібліятэцы. Чытайце, калі ласка. Дзякуй за ўвагу.
Дзякуем казцы за добрае слова,
Што падарыла нам родная мова.
Матчын дарунак ад самай калыскі,
За гэта ад дзетак паклон табе нізкі.
Узнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў.