Дыдактычны дапаможнік “Вандроўка па Беларусi”

- 17:23ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Авторские пособия, Методичка

Дыдактычны дапаможнік “Вандроўка па Беларусі” ўяўляе сабой інтэрактыўную цацку ў выглядзе цягніка, выкананага з дрэва і паперы. Дапаможнік стаў вынікам калектыўнай працы выхавальнікаў дзіцячага сада аграгарадка Падлабенне.

 

Людміла ДАРАШКЕВІЧ,
выхавальнік
ДУА “Дзіцячы сад аг. Падлабенне”,
Гродзенская вобласць

 

Грамадзянскае выхаванне падрастаючага пакалення неабходна пачынаць з маленства. Ужо ў дашкольным узросце дзеці знаёмяцца з адметнасцямі роднай краіны, спасцігаюць яе здабыткі, далучаюцца да культуры. Найбольш эфектыўна засвойваецца матэрыял у гульнявой форме, таму варта прыцягваць выхаванцаў у інтэрактыўную дзейнасць, дзе яны маюць магчымасць уключыцца ў дыскусію, прапанаваць свае меркаванні, разгледзець нагляднасць, выканаць заданні.

Улічваючы актуальнасць ранняга грамадзянскага выхавання, мы стварылі дыдактычны дапаможнік “Вандроўка па Беларусі”, які ўяўляе сабой інтэрактыўную цацку ў выглядзе цягніка, выкананага з дрэва і паперы.

Маляўнічыя кардонныя вагоны злучаны паміж сабой і пасаджаны на колы, што дазваляе гэтаму транспарту рухацца. Кожны імправізаваны вагон абсталяваны асобнай тэматычнай гульнёй.

Цягнік накіроўваецца ўлева, бо заданні зручна выконваць па чарзе злева направа. Вагоны не расчапляюцца, каб не перарываць сістэмнасць комплексу, а таксама гэты факт нясе ў сабе сімвалічную нагрузку: Беларусь адзіная, павінна ўспрымацца суцэльна. Сімвалы, славутыя мясціны, традыцыі – усё моцна знітавана.

Мэта дыдактычнага дапаможніка – фарміраванне першапачатковых уяўленняў пра родную краіну.

Задачы:

– садзейнічаць выхаванню пачуццяў грамадзянскасці і патрыятызму;
– пазнаёміць з дзяржаўнымі сімваламі, славутасцямі і традыцыямі;
– развіваць інтарэс да самабытнасці роднай краіны.

Гульня разлічана на ўзроставую катэгорыю старшай групы: 5–6 гадоў, калі ў дзяцей ужо фарміруецца ўменне свядомага ўспрымання інфармацыі і спроб яе крытычнага аналізу.

Дыдактычны дапаможнік створаны ў форме комплексу гульняў, выкарыстоўваць якія рэкамендуецца не адначасова, а паступова, на працягу пэўнага адрэзку часу.

 

Паравоз. Гульня “Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь”.

Матэрыялы: герб, сцяг (карткі з выявамі), запіс гімна Рэспублікі Беларусь, карткі з выявамі прыродных сімвалаў Беларусі.

Ход гульні: дзеці разглядаюць выявы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, аналізуюць выкарыстаныя на іх колеры і прадметы. З прапанаваных картак выбіраюць прыродныя сімвалы Беларусі. У канцы ўрачыста спяваюць Дзяржаўны гімн Рэспублік Беларусь і адчыняюць дзверы для пераходу ў наступны вагон. (Дадатак 1)

 

Вагон 1. Гульня “Славутыя мясціны”

Матэрыялы: гульнявое поле, карткі межаў абласцей (6 шт.), канверт, барабан.

Ход гульні: пакруціўшы барабан, звярнуць увагу на выяву архітэктурнага помніка, якая з’явіцца ў акенцы. Трэба назваць, да якой вобласці ён адносіцца і размясціць на карту гульнявога поля. Выхавальніку рэкамендуецца паралельна расказваць пра гэтыя славутасці і пра адметнасці кожнага рэгіёна. (Дадатак 2)

 

Вагон 2. Гульня “Арнамент на ручніку”

Матэрыялы: карткі з арнаментам, шнуроўка.

Ход гульні: спачатку па арнаменце, колеры і размяшчэнні ўзору вызначыць назву народнага строю. Потым з дапамогай умоўных абазначэнняў выканаць шнуроўку арнаменту на ручніку (чорны значок – чорная вяроўка, чырвоны – чырвоная вяроўка). Выхавальнік знаёміць з сэнсам узораў арнаменту і прызначэннем ручнікоў.

Вагон 3. Гульня “Народныя гульні”

Матэрыялы: кубік-шасціграннік, гульнявое поле, карткі з выявамі гульняў, куфэрак з нумаркамі, скрынка з атрыбутыкай (званочак, свісцёлка, хустачка).

Ход гульні: кідаецца кубік, які вызначае нумар купінкі на гульнявым полі. Гэты нумар адпавядае пэўнай народнай гульні, назву якой знаходзім у куфэрку. Пасля знаёмства з правіламі абранай гульні і выявай на картцы, удзельнікі бяруць са скрынкі неабходныя атрыбуты і пачынаюць гуляць (Дадатак 3). Адначасова можна пазнаёміць з гісторыяй з’яўлення гульні, мясцовасцямі, дзе яна была распаўсюджана.

Дзякуючы комплекснаму падыходу пры стварэнні дыдактычнага дапаможніка “Вандроўка па Беларусі” дзеці не толькі атрымоўваюць веды ў галіне гісторыі роднай краіны, але і развіваюць дробную маторыку, згуртоўваюцца, разнявольваюцца, трэніруюць памяць, кемлівасць і дасціпнасць.

Здзяйсняючы займальную вандроўку па Беларусі на нашым цягніку, дашкольнікі маюць магчымасць атрымаць і замацаваць веды пра родную краіну, навучыцца адчуваць за яе гонар; мы можам гаварыць пра пачатковае фарміраванне пачуццяў патрыятызму і грамадзянскасці.

ДАДАТКІ 

Дадатак 1

Гульня-занятак “Якая наша краіна?”

Дзеці па чарзе атрымліваюць мячык ад вядучага і называюць прыметнікі-асацыяцыі да слова “Беларусь”. Напрыклад: сінявокая, гасцінная, прыгожая, мірная, любімая, непаўторная, дзіўная, цікавая, старажытная, гістарычная, цудоўная.

Выхавальнік: Дзеці, паглядзіце, што прынеслі нам Алесь і Алеся? (канверт) Давайце зазірнём, што ўнутры. (Выявы сцяга, герба, гімн).

Дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца дзяржаўныя сцяг, герб і гімн. Давайце ўважліва паглядзім на сцяг. З якіх колераў ён складаецца? Давайце падумаем, што абазначае кожны колер. (Дзеці называюць варыянты).

Чырвоны колер са старажытных часоў служыць знакам Сонца. Гэта знак шчасця, жыцця і надзеі. Зялёны колер – колер прыроды. Гэта колер палёў, лугоў і лясоў, якія займаюць амаль усю тэрыторыю нашай краіны. Белы колер – колер свабоды і незалежнасці. Нездарма нашу краіну яшчэ называюць Белая Русь, бо беларускі народ заўжды імкнуўся да свабоды. Разам з тым белы колер – гэта колер чысціні, кахання і мудрасці. На белы колер накладзены беларускі нацыянальны арнамент, які аб’ядноўвае чырвоны і зялёны колеры. Гэты беларускі арнамент быў створаны больш за сто гадоў таму.

Заданне “Складзі сцяг Рэспублікі Беларусь”

Дзеці падыходзяць да паравоза. Перад імі ляжаць часткі беларускага сцяга. Задача – у парах скласці пазл з выявай беларускага сцяга.

Выхавальнік: Другім сімвалам Беларусі з’яўляецца Дзяржаўны герб. Што намалявана на гербе нашай краіны? (канюшына, прамяні сонца, кветкі лёну, сцяг і г.д.) Каласы – сімвал працоўных поспехаў. Канюшына – гэта знак сувязі са стваральным светам жывёл: канём, каровай, авечкай, для якіх ён лепшы корм. Лён – гэта выдатны матэрыял для адзення. Здаўна з ільну вырабляліся прыгожыя і трывалыя тканіны. Ніжэй контуру межаў Рэспублікі Беларусь змешчаны зямны шар з узыходзячым над ім сонцам і залатымі промнямі. Зямны шар – гэта знак таго, што Рэспубліка Беларусь успрымае ўсе народы зямлі як раўнапраўных сяброў і партнёраў, гатова з імі сябраваць і гандляваць, абменьваючыся вырабамі і ведамі. Яднанне Зямлі і Сонца – галоўны знак жыцця. З элементаў герба вылучаецца зорка. Пяціканцовая зорка – сімвал чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх памкненняў. Герб абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой унізе зроблены надпіс – “Рэспубліка Беларусь”.

Заданне “Выберы герб Рэспублікі Беларусь”

Дзеці падыходзяць да стала, дзе ляжаць сімвалы гербаў розных краін і шукаюць выявы герба сваёй Радзімы.

Выхавальнік: Дзяржаўным сімвалам Беларусі таксама з’яўляецца гімн. Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь можа выконвацца на ўрачыстых сходах і святах, на міжнародных мерапрыемствах, калі група людзей прадстаўляе сваю краіну (напрыклад, на футбольным матчы). Пры афіцыйным выкананні Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь прысутныя слухаюць яго стоячы (мужчыны – без галаўных убораў).

 

Дадатак 2

Славутыя мясціны

Выхавальнік расказвае дзецям пра славутыя мясціны кожнага абласнога цэнтра. Дзеці дадаюць цікавую інфармацыю, якую ведаюць. Выхавальнік у ходзе апавядання паказвае фотаздымкі.

Горад Гродна. Драматычны тэатр

Будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра па праве лічыцца візітнай карткай горада. Таксама яго назвалі адным з самых фантастычных збудаванняў савецкай архітэктуры.

Горад Брэст. Брэсцкая крэпасць

Брэсцкая крэпасць з’яўляецца адной з тых мясцін, якія трэба наведаць у Беларусі, і самай буйной турыстычнай славутасцю ў горадзе Брэсце. Пасля вайны крэпасць не была поўнасцю адноўлена. На яе тэрыторыі для ўвекавечання подзвігу абаронцаў быў створаны мемарыяльны комплекс. Скульптурная кампазіцыя “Смага” адлюстроўвае савецкага салдата, які, абапіраючыся на аўтамат, з апошніх сіл спрабуе дацягнуцца да ракі і зачэрпнуць каскай вады. Помнік прысвечаны мужнасці абаронцаў крэпасці, якія без ежы і піцця на працягу многіх дзён трымалі абарону ад фашысцкіх захопнікаў у час Вялікай Айчыннай вайны.

Горад Мінск. Нацыянальная бібліятэка

Нацыянальная бібліятэка – візітная картка Беларусі. Сёння гэта не толькі найбагацейшы збор кніг, але і вялікі цэнтр, дзе сумясціліся высокія тэхналогіі, сучасны дызайн і незвычайная архітэктура.

Галоўная бібліятэка краіны была заснавана ў 1922 годзе пры Беларускім дзяржаўным універсітэце і атрымала назву Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі. Новы будынак у выглядзе алмаза быў пабудаваны ў 2006 годзе.

Горад Віцебск. Сафійскі сабор

У цяперашні час Сафійскі сабор – адзін з найбуйнейшых культурных цэнтраў Беларусі. Тут праводзяцца богаслужэнні і абрады, праходзяць экскурсіі, канцэрты і творчыя вечарыны. Сафійскі сабор як музей гісторыі архітэктуры і канцэртная зала ўваходзіць у склад Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Горад Гомель. Палац Румянцавых і Паскевічаў

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль – адзін з найпрыгажэйшых помнікаў архітэктуры Беларусі. Сёння ўнікальны музейны комплекс у цэнтры Гомеля аб’ядноўвае палац Румянцавых і Паскевічаў, капліцу-пахавальню, зімовы сад, назіральную вежу і цудоўны старадаўні парк. Першы паверх цэнтральнай часткі палаца – гістарычная рэканструкцыя памяшканняў дваранскага маёнтка. Як і ў даўнія часы, тут размешчаны Калонная зала, Белая гасцёўня, Чырвоная гасцёўня, зала ўрачыстых прыёмаў.

Горад Магілёў. Ратуша

Вежа магілёўскай ратушы, узведзеная на вышыню 47-мі метраў, мае назіральную пляцоўку, з якой адкрываецца маляўнічы від на Дняпро. На самым версе вежы ўсталяваны ўнікальны механічны гадзіннік, выраблены магілёўскім гадзіншчыкам Г.Галоўчыкам. Стрэлка на адным з цыферблатаў праходзіць круг адзін раз за 500 год.

Дадатак 3

ГУЛЬНІ: ДАДАТАК-3

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий