Метад ілюстравання прадугледжвае дасканалае прачытанне тэксту, крэатыўны падыход і ўдумлівы аналіз зместу. Выбар фарбаў, пярэдні і задні план, наяўнасць дэталей дыктуюцца ўласным успрыняццем вобразаў. Кожны элемент нясе ў сабе змястоўную нагрузку. Нельга зашмат даваць волю фантазіі, каб пазбегнуць ілжэфактаў.
Таццяна БАТУРА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Навасёлкаўская базавая школа Гродзенскага раёна”,
Гродзенская вобласць
Праграмай па літаратуры прадугледжана выкананне такіх відаў творчых работ, як стварэнне ілюстрацый да мастацкіх твораў. Гэтай дзейнасцю з задавальненнем займаюцца вучні малодшых класаў, старшакласнікі ж – не так ахвотна, бо саромеюцца сваіх недасканалых мастацкіх здольнасцей. На самай справе, у малюнку, які рыхтуецца да ўрока літаратуры, галоўнае не тэхніка, а вобразы. Гэта значыць, важна правільна перадаць настрой і асноўную думку, вызначаныя пісьменнікам. І, несумненна, потым кожны элемент на карціне неабходна абгрунтаваць.
Метад ілюстравання прадугледжвае дасканалае прачытанне тэксту, крэатыўны падыход і ўдумлівы аналіз зместу. Выбар фарбаў, пярэдні і задні план, наяўнасць дэталей дыктуюцца ўласным успрыняццем вобразаў. Кожны элемент нясе ў сабе змястоўную нагрузку. Нельга зашмат даваць волю фантазіі, каб пазбегнуць ілжэфактаў.
Зараз, у век глабальнай камп’ютарызацыі, не абавязкова ўмець трымаць у руках пэндзлік ці аловак: на дапамогу прыйдуць спецыяльныя праграмы на дэвайсах. Існуе цэлы шэраг падобных графічных рэдактараў. Бадай, самы вядомы і распаўсюджаны – Paint. Ён лёгкі ў опцыях, падуладны пачаткоўцам, аднак маляўнічай карціны не варта чакаць, хутчэй атрымаецца ўмоўны сімвалізм.
Апраўдвае сябе метад калажу. Ён дазваляе злучыць некалькі эпізодаў апавядання ў адну сюжэтную лінію або аб’яднаць выявы на адну тэму. Тут можна працаваць як з уласнымі малюнкамі, так і з рэпрадукцыямі карцін прафесіянальных мастакоў. Адпаведныя рэдактары даступны анлайн, ва ўстаноўленых праграмах і ў мабільных дадатках. Гэтыя сэрвісы не толькі размяшчаюць на адным лісце некалькі малюнкаў, але і прапануюць накласці пэўны тэкст, дадаць узоры, эфекты, анімацыю і г.д. Шмат падобных рэдактараў можна спампаваць у Google Play.
Даволі распаўсюджаным з’яўляецца прыём кадраплана, калі ілюстрацыі размяшчаюцца ў храналагічнай паслядоўнасці ў выглядзе кінастужкі. Мэтазгодна даць вучням апераджальнае заданне намаляваць пэўныя эпізоды твора, якія потым падчас урока размясціць у адпаведнасці з ходам развіцця сюжэту.
Хто ўсё ж такі адчувае ў сабе творчы патэнцыял і прывык працаваць рукамі, той можа паспрабаваць стварыць аб’ёмны выраб. Папера, пластылін, палімерная гліна – любы матэрыял пойдзе ў ход. Крэатыўны падыход дазваляе атрымаць самабытныя вырабы. Гэта могуць быць героі (асабліва падыходзіць да казак) або дэкарацыі (калі важна апісанне мясцовасці).
Да стварэння ілюстрацый можна прыстасаваць нават самыя дзіўныя на першы погляд спосабы. Папулярная сярод школьнікаў камп’ютарная гульня “Майнкрафт” прадугледжвае пабудову простых прыстасаванняў. Дзеля ўзвядзення будынкаў і зялёных насаджэнняў яна добра падыходзіць, таму з поспехам можна ёю карыстацца, каб узвесці прыродна-побытавы фон твора. Атрымоўваюцца 3D-ілюстрацыі, якія можна праглядаць у розных ракурсах або зрабіць класічны скрыншот.
Напрыклад, пры вывучэнні п’есы Аляксея Дударава “Вечар” вучні падрыхтавалі ілюстрацыі ў розных тэхніках: ад графікі да віртуальнага 3D. Як вядома, у гэтым творы значымымі з’яўляюцца вобразы калодзежа, сонца і трох бярозак. Гэтыя моманты даволі ўдала адлюстраваліся ва ўсіх варыянтах.
Ілюстрацыі дазваляюць вобразна перадаць уласнае ўспрыманне тэксту, падзяліцца асабістым бачаннем аб напісаным. Тым самым вучань, які бярэцца за ілюстраванне, глыбока аналізуе змест, абгрунтавана выбірае кожны элемент на малюнку, каб найбольш поўна адлюстраваць асноўную ідэю пісьменніка.