Паняцце пра складаназалежны сказ. Урок беларускай мовы ў 9-м класе

- 9:04БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Мэта ўрока – павышэнне ўзроўню матывацыі вучняў праз выкарыстанне творчых заданняў.

Таццяна ГАГАРЫНА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Лапацінская сярэдняя школа” Гомельскага раёна,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

 

 

Мэта: павышэнне ўзроўню матывацыі вучняў праз выкарыстанне творчых заданняў пры вывучэнні тэмы “Паняцце пра складаназалежны сказ”.

Задачы:

– даць паняцце пра будову, значэнне і ўжыванне складаназалежных сказаў;
– актуалізаваць веды вучняў пра мастацкі стыль, яго адметныя якасці, моўныя асаблівасці, жанры;
– садзейнічаць выпрацоўцы ўменняў вучняў выяўляць у тэкстах складаназалежныя сказы, вызначаць іх ролю ў тэксце, інтанаваць; вызначаць галоўную і даданую часткі ў складаназалежных сказах, месца даданай часткі адносна галоўнай; будаваць схемы складаназалежных сказаў; развіваць вуснае і пісьмовае маўленне вучняў, актуалізаваць веды аб правапісе раздзяляльнага мяккага знака і апострафа;
– садзейнічаць развіццю творчых здольнасцей вучняў, выхаванню ў падлеткаў пачуцця адказнасці, павагі да людзей працы, да герояў Вялікай Айчыннай вайны; спрыяць замацаванню ў падлеткаў упэўненасці ў сваіх сілах.

Абсталяванне: відэапраектар, мультымедыйная прэзентацыя (Дадатак), заданне на картках (верш), тэставыя заданні, вучэбны дапаможнік для 9-га класа.

Тып урока: камбінаваны ўрок.

Эпіграф:

Той, хто жыў для багацця,
памрэ – і ўсімі забыты.
Той, хто жыў для людзей,
і па смерці з жывымі ідзе.
                          Вадзім Шэфнер

 

Ход урока

І Матывацыйна-арганізацыйны этап

Стварэнне псіхалагічнага настрою

Падрыхтаваны вучань чытае на памяць верш В.Шэфнера “Рэчы”. (У вучняў на сталах ляжыць раздрукаваны тэкст верша).

Гаспадар памірае, а рэчы яго застаюцца.
Рэчам што да людскіх незваротных аплаканых страт?
І талеркі, і шклянкі на шчасце па прымаўцы б’юцца,
А бывае ж праз рэчы і брат свайму брату не брат.
Рэчы – зменлівы ідэал. Няўжо для іх варта старацца,
Калі гэтак бяздумна кідае ўладальніка рэч?
Ты ўглядаўся ў трумо, і другі ў яго будзе ўглядацца,
І канапы твае ад другога не кінуцца прэч.
Ад таго, што цябе нейкім часам не стане на свеце,
Піяніна тваё не заплача ніводнай струной,
Тэлефон не знямее, і плёнка ўцалее ў касеце,
І ў слязах халадзільнік не пойдзе ўслед за труной.
Набывай, але помні, што рэч не галоўны набытак,
І не першае месца займае ў тваёй галаве.
Той, хто жыў для багацця, памрэ – і ўсімі забыты.
Той, хто жыў для людзей, і па смерці з жывымі ідзе.

 

Работа са зместам верша

– абмеркаванне з вучнямі праслуханага верша;
– вызначэнне вучнямі стылю, яго асаблівасцей, узнаўленне ведаў пра мастацкі стыль;
– вызначэнне асноўнай думкі верша, якая становіцца эпіграфам да ўрока;
– вызначэнне вучнямі выхаваўчай задачы на ўрок.

 

Актуалізацыя апорных ведаў па дамашнім заданні

(Схема, або кластар вывешваецца на дошцы).

Пастаноўка праблемнага пытання.

Узнавіце схему “Складаныя сказы”:

Калектыўнае запаўненне вучнямі кластара, наколькі гэта магчыма.

Вызначэнне вучнямі тэмы ўрока. Запіс тэмы на дошцы.

Вызначэнне вучнямі задач на ўрок (на дошцы запісана слова “працаваць”).

П – паглыбляць веды пра складаназалежны сказ;
Р – развіваць вуснае і пісьмовае маўленне;
А – адшукваць складаназалежныя сказы ў тэкстах;
Ц – цаніць кожнага чалавека;
А – апрацоўваць сказы;
В – вылучаць галоўную і даданую часткі ў складаназалежных сказах;
А – арфаграфію замацоўваць;
Ц – цікавіцца тэставымі заданнямі;
Ь – П  Р  А  Ц  А  В  А  Ц  Ь .

 

II Пазнаваўча-аперацыйны этап

Арфаграфічная хвілінка

Устаўце апостраф або раздзяляльны мяккі знак, растлумачце свой выбар.

Аб…ява, паштал…ён, парц….еры, інтэрв…ю, здароў…е, кап…ё, атэл…е, сям…я, салаў…і, ін…екцыя.

Узаемаапытванне вучнямі “Ты – мне, я – табе” па тэме “Складаныя сказы” (пытанні былі падрыхтаваны дома).

– У нас засталіся незапоўненыя клеткі ў кластары. Гэта тая інфармацыя, якую вы знойдзеце, прачытаўшы правіла.

Самастойнае азнаямленне вучняў з правілам у парах (§ 13).

Запаўненне кластара.

 

Замацаванне ведаў вучняў

Праца з вершам на дошцы (вучні павінны ў вершы “Рэчы” В.Шэфнера знайсці і выпісаць на дошцы складаназалежныя сказы, выдзеліць галоўную і даданую часткі сказа, вызначыць сродкі сувязі частак, пабудаваць схемы).

 

Фізкультхвілінка

Вучні ўстаюць з-за парт. Выконваюць каманды настаўніка:

– Падніміце рукі так высока, каб дацягнуцца да неба.
– Нахіліцеся так нізка, наколькі зможаце.
– Нахіліцеся ўбок так, каб дакрануцца рукамі да суседа.
– Заплюшчыце вочы і ўявіце сабе тую пару года, якая вам падабаецца.

 

– Што аб’ядноўвала ўсе мае каманды? (Гэта былі складаназалежныя сказы).

– Скажыце, калі ласка, як павінен пражыць чалавек, каб яго помнілі толькі добрым словам?

– Ці ведаеце вы такіх людзей?

– Пра свайго прадзеда (называецца імя) нам падрыхтавала невялічкае паведамленне (імя вучня).

Паказ прэзентацыі з каментарыямі вучаніцы (Дадатак).

 

Работа ў парах

Вучні павінны дапісаць сказы, каб яны сталі складаназалежнымі.

Кожны чалавек павінен жыць так, …..
Кожны з нас павінен здзяйсняць такія ўчынкі,…
Кожны дзень, кожную хвіліну памятай пра тых,…
Я хачу пабудаваць свой жыццёвы шлях так,…
Памяць аб героях будзе жыць столькі,…

 

Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага

Зварот да правіла.

Кожная пара рыхтуе і задае класу пытанне па вывучаным на ўроку правіле. Пытанні, якія не прагучалі, дапаўняе настаўнік.

 

III Дыягнастычна-карэкцыйны этап

Міні-тэст

1. Адзначце сродкі сувязі граматычных частак складаназалежнага сказа:

1) спалучальныя злучнікі;
2) размеркавальныя злучнікі;
3) падпарадкавальныя злучнікі;
4) злучальныя словы.

2. Адзначце складаназалежныя сказы:

1) У самае спякотнае лета лужкі перасыхалі, а гразь камянела і трэскалася.
2) Над маладзіком, які чырванеецца рожкамі ўгару, невысока блішчыць Венера.
3) Выйшлі з двара ўвечары, калі ўздоўж вуліцы ружавеў узняты каровамі пыл.
4) З-за лесу паказаліся хмары, і вецер таксама не прымусіў сябе доўга чакаць.

3. Адзначце складаназалежныя сказы, у якіх даданая частка знаходзіцца ў сярэдзіне галоўнай:

1) Кожнага чалавека цікава паслухаць, калі ён расказвае пра сябе і не хлусіць.
2) Кар’ер, да якога накіраваліся лыжнікі, знаходзіўся за тры кіламетры ад вёскі.
3) Над ускрайкам лесу, дзе пачыналіся жоўтыя пяскі, пачулася песня жаваранка.
4) Як толькі дзядзька адчыніў скрыпучыя дзверы, у хату хлынула румянае сонца.

4. Пазначце лічбамі граматычныя часткі сказаў, падкрэсліце граматычныя асновы, пабудуйце схемы.

1) У цішыні Васіль добра чуў, як звіняць рэйкі.
2) Калі вясна зусім прагоніць зіму, жураўлі вернуцца з выраю.
3) Ваня адчуў, як халадок прабег у грудзях, але не паказаў страху.
4) На вуліцы пасвятлела, хоць ужо надыходзіў вечар.

Пасля выканання задання вучні самі правяраюць сябе па адказах, змешчаных на дошцы. Праводзіцца карэкцыя ведаў.

 

IV Заключны этап. Рэфлексія

1) Зварот да задач, якія змешчаны на дошцы

– Ці ўсе пастаўленыя задачы вы выканалі?

2) Ацаніце сваю дзейнасць пры дапамозе прыказак, абгрунтуйце выбар.

– З разумнаю галавою і рукам добра (высокі ўзровень).
– Век жыві, век вучыся (сярэдні ўзровень).
– Вучыся, нябожа, вучэнне паможа (нізкі ўзровень).

3) Выхаваўчая рэфлексія

– Ці толькі знакамітыя людзі здольныя жыць для грамадства?
– Ці патрэбна быць героем, каб штосьці зрабіць для людзей?
– Людзі якіх прафесій здзяйсняюць подзвігі амаль кожны дзень?
– Што можаце зрабіць вы, каб стаць карыснымі для людзей, для Радзімы?

 

V Дамашняе заданне

§ 13, практыкаванне 69;

на 9–10 балаў – § 13, напісаць міні-сачыненне па тэме “Усё павінна след пакінуць…” з выкарыстаннем складаназалежных сказаў.

 

 

Дадатак

Прэзентацыя да выказвання вучаніцы 9-га класа на тэму “Як павінен пражыць чалавек, каб яго помнілі толькі добрым словам”

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий