Андрэй Федарэнка. “Падслуханая казка”. Аўтарская інтэрпрэтацыя гісторыі паходжання кветак маргарытак у розных краінах Еўропы. Урок беларускай літаратуры ў 5-м класе

- 11:07II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

“Я зноў расту паўсюль, дзе толькі могуць умацавацца карані, і я хачу, каб бегалі па мне басанож, каб зрывалі мяне і варажылі на маіх пялёстках шчаслівыя дзеці, хачу радаваць вочы і адаграваць душы дарослых…” (Андрэй Федарэнка).

Таццяна ПАСЬ,
настаўнік беларускай літаратуры
ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”
Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

Мэта і задачы:

– дапамагчы вучням асэнсаваць змест казкі; акрэсліць адрозненні літаратурнай казкі ад народнай;
– развіваць творчае мысленне, садзейнічаць узбагачэнню слоўнікавага запасу вучняў;
– выхоўваць пачуццё прыгажосцi, звяртаць увагу на прыгажосць прыроды нашай краіны, патрыятызм, гонар за сваю Айчыну.

Вучэбна-метадычнае забеспячэнне: вучэбны дапаможнік, ч. 1; тэматычны кантроль; партрэт А.Федарэнкі; аўдыязапіс “Вальс кветак” П.Чайкоўскага; карткі; прэзентацыя, малюнак рамонка, QR-код.

Форма правядзення: завочнае падарожжа з элементамі мастацкай творчасці.

Эпіграф: “Я зноў расту паўсюль, дзе толькі могуць умацавацца карані, і я хачу, каб бегалі па мне басанож, каб зрывалі мяне і варажылі на маіх пялёстках шчаслівыя дзеці, хачу радаваць вочы і адаграваць душы дарослых…” (Андрэй Федарэнка).

 

Ход урока

І Арганізацыйны момант

Праверка прысутнасці вучняў у класе.

Самарэгуляцыя. Псіхалагічны настрой вучняў на працу.

– Я хачу вас запэўніць у тым, што сёння ў нас на ўроку абавязкова ўсё атрымаецца. Перадаю вам іскрынку сваёй упэўненасці і жадаю поспехаў на ўроку.

Настаўнік паціскае руку першаму вучню, а ён у сваю чаргу перадае іскрынку другому і г. д. Затым дзеці бяруцца за рукі і гавораць: “У нас абавязкова ўсё атрымаецца!”

 

ІІ Праверка дамашняга задання

Міні-тэст па творы “Нямоглы бацька”. (Дадатак 1)
Ацэньванне адказаў вучняў па ключы. (Слайд 2)

 

ІIІ Мэтаматывацыйны этап

– Прачытайце тэму і эпіграф да ўрока і давайце разам паразважаем. (Слайд 3)

– Пра што пойдзе гаворка на ўроку?

– Чым будзем займацца? Што будзем вывучаць? Што трэба ведаць сёння на ўроку?

 

ІV Вывучэнне новай тэмы

Настаўнік просіць сесці зручна, заплюшчыць вочы і ўявіць сябе на летнім лузе.

– Ласкава грэе сонейка. Спяваюць птушкі, гучыць цудоўная музыка і паэтычныя радкі.

Летам клiчуць сiнія азёры,
І душу мілуе плынь ракі,
Залаты пясочак, як на моры,
Вабяць з iзумруду мурагi.
Як нявеста, цягне к сабе лета,
Спеў яго адвечна малады.
Душа летняй радасцю сагрэта.
Хай бы лета доўжылась заўжды!     
                    (Анатоль Балуценка)

– Нягледзячы на тое што за вокнамі зіма, я прапаную вам зрабіць падарожжа ў лета. На прыгожы летні луг, густа пакрыты разнастайнымі кветкамі.

– Вы любіце гуляць па лузе? А кветкі, што растуць на ім, ведаеце? Давайце праверым.

Работа ў парах. “Злучы назвы кветак з малюнкам” (Слайд 4)

– Як вы здагадаліся, мы будзем вывучаць твор, у якім размова пойдзе пра кветку. Што гэта за расліна?

Дадатковы даведачны матэрыял

Гэтая кветка валодае лекавымі здольнасцямі: яна лечыць раны, дапамагае пры паралічах. Каб пазбавіцца плям на целе, неабходна закіпяціць гэтую траву з карэннем у дажджавой вадзе, вымыць ёю плямы – яны пройдуць. Лічыцца, што калі маці будзе дабаўляць у грудное малако сок гэтай расліны, то дзіця вырасце моцным і здаровым.

– Пра якую кветку ідзе аповед? Адказаць на гэтае пытанне нам дапаможа твор А.Федарэнкі “Падслуханая казка”.

– Падчас чытання твора падумайце, чаму пісьменнік сваёй казцы дае менавіта такую назву.

Выразнае чытанне казкі загадзя падрыхтаванымі вучнямі па ролях (казка чытаецца пад Вальс кветак П.Чайкоўскага).

Франтальная гутарка

– Пра якую кветку вядзе аповед А.Федарэнка?

– Чаму А.Федарэнка даў свайму твору назву “Падслуханая казка”? Чым адрозніваецца літаратурная казка ад вуснай народнай?

Фізкультхвілінка  

Наша Беларусь
Хто любіць нашу Беларусь –
Падыміцеся,
Нізка зямлі нашай пакланіцеся –
За шчаслівы дзень учарашні,
І сённяшні, і за заўтрашні.
Да сонца пацягніцеся.
Улева, управа павярніцеся.
А цяпер сядайце,
І да працы прыступайце!

Слоўнікавая работа (Слайд 5)

Незразумелыя словы:

дзьмухавец – одуванчик; лотаць – кувшинка, калужница; валошка – василёк; вяргіня – георгин; поплаў – заливной луг; стракаты – пёстрый; шыпулькі – колючки; парцалянавы – фарфоровый; вабнасць – привлекательность; сухоты – туберкулёз; саха – сельскохозяйственное орудие для вспашки земли; стакротка – маргаритка.

Праверце, наколькі вы засвоілі незразумелыя словы. Сканіруйце тэлефонам QR-код. (Слайд 6) Перайдзіце на старонку гульні. Коды вы атрымаеце напрыканцы ўрока.

 

V Замацаванне вывучанага

– Якое заданне атрымала Марыйка ад настаўніка? Як дзяўчынка паставілася да яго выканання?

– Якія кветкі сустрэліся ў творы? Пра якую кветку аўтар гаворыць найбольш?

Ці толькі дзеля прыгажосці яе вырошчваюць? Адказ пацвердзіце цытатамі з тэксту.

– Зараз я прапаную вам узгадаць па назве краіны, якія традыцыі звязаны з гэтай кветкай. (Слайд 7)

– Уявіце, што вы прыехалі ў Германію. Што трэба зрабіць з маргарыткай, якую вам падораць там? (Загадаць жаданне і паваражыць на пялёстках.)

– А калі б вы прыехалі ў Францыю, што б вы даведаліся пра французскую маргарытку? (Што рыцары дарылі сваім дамам букеты з гэтых кветак.)

– А што мы ўбачылі б у Аўстрыі? (Што на помніку імператрыцы Лізаветы ёсць выява букеціка маргарытак, як сімвалу яе дабрыні.)

– Што трэба зрабіць у Англіі, каб раней надышла вясна? (Наступіць адразу на дванаццаць маргарытак.)

– Вы бачыце, што ў многіх краінах кветка маргарытка ўслаўлялася, ёй надавалася вялікае значэнне. А што мы ведаем з твора пра нашу беларускую маргарытку? (У яе быў цяжкі лёс: яе тапталі чужацкія коні і людзі, сохі і плугі зразалі яе карані, праязджалі танкі.)

– А.Федарэнка звяртае нашу ўвагу на цяжкі лёс нашай краіны: частыя войны, складанае жыццё людзей, якія мусілі цяжка працаваць на зямлі, каб мець хлеб. Але наша краіна, як і маргарыткі, выстаяла.

– Давайце мы таксама ўславім нашу беларускую маргарытку – стакротку і паслухаем, чым жа яна карысная.

– Аповед якой з кветак падаўся вам найбольш запамінальным? Чаму?

– Наколькі вы ўважліва чыталі нашу казку, мы праверым пры дапамозе гульні.

Гульня “Хто хутчэй”

Тэст па прачытаным. (Дадатак 2)

Хвіліна творчасці (пад “Вальс кветак” П.Чайкоўскага).

Перавесці і скласці філворд. (Дадатак 3)

Прадстаўленне творчых работ, іх сама- і ўзаемаацэнка.

 

VІ Абагульненне і сістэматызацыя вывучанага

– Падкажыце, а якая наша беларуская маргарытка, апішыце яе? Давайце вернемся ў пачатак урока да нашага эпіграфа. Чаго хацела наша маргарытка? Каб вы, дзеці, і мы, дарослыя, былі заўсёды шчаслівымі, каб вы заўважалі прыгажосць вакол сябе, радаваліся кожнаму сонечнаму дзяньку, а магчыма не толькі сонечнаму. Каб кожны ваш дзень быў напоўнены новымі цікавымі рэчамі, звесткамі.

 

VIІ Дамашняе заданне

С. 117–122 (вучэбны дапаможнік, ч. 1) – выразнае чытанне, пераказ.

Дадатковае заданне: намалюйце вашу любімую кветку.

Разгляд рэпрадукцыі карціны Віктара Барабанцава “Кветкі Радзімы”.

 

VІIІ Падвядзенне вынікаў. Выстаўленне і каменціраванне адзнак

– Ці атрымалі вы ад урока тое, чаго жадалі?

– Што было самым цікавым на ўроку?

– Што не атрымалася?

 

ІX Рэфлексія

– Напрыканцы ўрока я хачу паказаць вам кветку, якую я намалявала, калі разважала, якую я люблю кветку, прачытаўшы гэты твор.

– Гэта рамонак. Я абрала менавіта гэтую кветачку, бо яна, на першы погляд, простая, але таксама, як і маргарытка, мае сваю гісторыю, валодае лекавымі якасцямі, а галоўнае – рамонак вяртае мяне ў дзяцінства, калі мая бабуля гатавала для мяне рамонкавы чай. Ён быў самы смачны на свеце.

– Прапаную вам дапрацаваць мой малюнак. На пялёстках напішыце свае ўражанні ад нашага ўрока. Магчыма, вы напішаце яшчэ і пажаданні на наступны ўрок, некалькі слоў адно аднаму.

 

Дадатак 1

Тэст па творы “Нямоглы Бацька”

1. Пра які звычай расказвае ў творы У.Караткевіч?

а) Паважаць і шанаваць старых бацькоў.
б) Не карміць сваіх бацькоў.
в) Даглядаць старых і нямоглых бацькоў.

2. Хто з герояў твора адмовіўся выконваць закон карысці?

а) Максім.    
б) Гнат.    
в) Пятро.

3. Хто дапамог сялянам знайсці выйсце са складаных становішчаў, падрыхтаваных жыццём?

а) Гнат.       
б) Пятро.      
в) Стары бацька.

4. Гэты герой вызначыўся грубасцю і нахабнасцю, а таксама вялікай непрыязнасцю да людзей

а) Максім     б) Гнат      в) Пятро

5. З дапамогай чаго вёска справілася з Веліканам?

а) Сірочых слёз. 
б) Незлічоных падарункаў. 
в) Сілы.

6. Чые гэта словы: “Тут буду сядзець. Збожжа збераце – з’ем. З-пад казлоў збераце, засееце – і тое з’ем…”

а) Стары бацька.     
б) Гнат.   
в) Велікан.

 

Дадатак 2

Гульня “Хто хутчэй”

Адзначце правільны адказ.

1. Якое хатняе заданне даў настаўнік вучням?

а) Зрабіць аплікацыю;
б) Падрыхтаваць гербарый;
в) Намаляваць якую-небудзь кветку.  

2. Якія кветкі Марыйка любіла ўлетку?

а) Дзьмухаўцы і лотаць;
б) Смолкі і валошкі;
в) Вяргіні і астры.  

3. У якую пару года адбываецца дзеянне ў творы?

а) Летам;
б) Увесну;
в) Зімой.

4. Якія з прыведзеных ніжэй слоў належаць нашай беларускай маргарытцы?

а) “…Мы ніколькі не горшыя за іншыя кветкі. Гэта ж акурат мы здавён-даўна прыносім дзецям і дарослым радасць, стараючыся прадказаць іхні лёс. Можна загадаць любое жаданне, потым абрываць па чарзе пялёсткі, і тое слова, пры якім будзе абарваны апошні пялёстак, і павінна азначаць: збудзецца ці не збудзецца апошняе жаданне”.

б) “…І толькі мы, маргарыткі, ніколі ні аб чым не прасілі, заўсёды адчувалі сябе шчаслівымі, такімі, як стварыў нас Бог. Больш за ўсё мы радуемся, калі нас зрываюць дзеці і гуляюць з намі. І ў падзяку за нашу сціпласць сонца цалуе нас, пакідаючы свой знак – жоўтую плямку пасярэдзіне белых пялёсткаў”.

в) “…Я зноў расту паўсюль, дзе толькі могуць умацавацца карані, і я хачу, каб бегалі па мне басанож, каб зрывалі мяне і варажылі на маіх пялёстках шчаслівыя дзеці, хачу радаваць вочы і адаграваць душы дарослых…”

5. Дзе існуе звычай: калі наступіш на дванаццаць маргарытак адразу, вясна надыдзе раней?

а) У Францыі;
б) У Англіі;
в) У Швецыі.

6. У перакладзе з якой мовы назва “маргарытка” азначае “жамчужына”?

а) З італьянскай;
б) З нямецкай;
в) З грэчаскай.

 

Дадатак 3

Складзі філворд  

Запішыце назвы кветак па-беларуску, аформіўшы адказ у выглядзе крыжаванкі – філворду.

1. Пион.
2. Георгин.
3. Одуванчик.
4. Василек.
5. Маргаритка.
6. Кувшинка.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий