Мэта ўрока – выкарыстоўваць практыка-арыентаваны падыход у фарміраванні пазнавальнай актыўнасці на ўроку праз правядзенне яго ў займальнай форме.
Алена ХІЛЮТА,
настаўнік біялогіі і хіміі
ДУА “Пархімаўская базавая школа”
Бераставіцкага раёна,
Гродзенская вобласць
Тэма ўрока: Гігіена дыхання.
Месца ўрока ў вучэбным плане: Урок з’яўляецца заключным у тэме “Дыхальная сістэма”.
Эпіграф: «Здоровье – не все, но без здоровья все – ничто!» (Сократ).
Мэта: выкарыстоўваць практыка-арыентаваны падыход у фарміраванні пазнавальнай актыўнасці на ўроку праз правядзенне яго ў займальнай форме.
Задачы:
– паглыбіць і сістэматызаваць веды вучняў аб органах дыхання і на іх аснове вывесці правілы гігіены дыхання;
– развіць крэатыўнае і лагічнае мысленне, уменне аналізаваць і рабіць адпаведныя высновы;
– усталяваць сувязь паміж прычынамі ўзнікнення захворванняў і метадамі прафілактыкі захворванняў, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам;
– фарміраваць экалагічную кампетэнтнасць;
– выхоўваць імкненне да здаровага ладу жыцця;
– пазнаёміцца з прыёмамі рэгуляцыі эмацыйнага і фізіялагічнага стану праз засваенне дыхальнай гімнастыкі.
Фарміраванне агульнаадукацыйных кампетэнцый:
– развіццё ўмення працаваць з тэкстам, вылучаць галоўнае, усталёўваць прычынна-выніковыя сувязі.
Фарміраванне камунікатыўных кампетэнцый:
– фарміраваць пачуццё павагі да ідэй і думак навакольных;
– развіваць уменне данесці да навакольных свае праекты і прапановы.
Фарміраванне асобасна-арыентаваных кампетэнцый:
– спрыяць разуменню неабходнасці здаровага ладу жыцця;
– спрыяць практычнаму выкарыстанню атрыманых ведаў у паўсядзённым жыцці.
Плануемыя вынікі: навучэнцы сістэматызуюць веды аб органах дыхання, канкрэтызуюць веды аб шкодным уздзеянні забруджанага паветра і курэння.
Метады навучання: Праблемны (Чаму парушаецца праца органаў дыхання?)
Формы арганізацыі вучэбнай дзейнасці: урок-квест.
Абсталяванне: аформленая дошка, заданні для навучэнцаў, чорная скрыня, вучэбная табліца “Шкода курэння”, малюнкі для кросенса, лісты самаацэнкі для навучэнцаў.
Ход урока
I Арганізацыйны момант
1 Прывітанне. Праверка гатоўнасці да ўрока. Уступныя словы настаўніка
Добры дзень! Я рада бачыць усіх на ўроку. Спадзяюся, што наша сумесная праца будзе карыснай і цікавай. Давайце ўсміхнёмся адзін аднаму, расправім плечы, глыбока ўздыхнём, настроімся на пошук і творчасць і пачнём урок.
Як вы думаеце, у чым вы больш за ўсё маеце патрэбу ў дадзены момант? У добрай адукацыі? У прэстыжнай працы? Кар’еры? Грошах? Напэўна, кожны чалавек вызначае для сябе першачарговыя мэты і патрэбы ў жыцці. Але ні адна з вашых мэт не можа параўняцца па значнасці з архіважнай патрэбай. Якой? (Дыхаць.)
Дыханне – тое, без чаго нельга пражыць і 3 хвіліны. Праз 3–4 хвіліны без кіслароду пачынаецца адміранне клетак мозга і чалавека ўжо не вярнуць да жыцця.
Разгадайце рэбус:
(Гігіена.). (Іена — афіцыйная валюта Японіі).
Злучыце першае і другое адгаданыя словы і мы даведаемся, па якой тэме будзем працаваць. (Гігіена дыхання.)
2 Пастаноўка задач
Як вы разумееце, што такое гігіена дыхання? (Адказы навучэнцаў). Ёсць правілы, якія трэба выконваць, каб органы дыхання былі здаровыя. Паколькі для абгрунтавання гігіенічных правіл неабходна веданне анатоміі і фізіялогіі, мы паўторым і ўдасканалім веданне будовы і функцый органаў дыхання.
Задача: паўтарыць і замацаваць веды аб органах дыхання і на іх аснове вывесці правілы гігіены дыхання. (Вывешваецца на дошцы).
Урок задуманы ў форме квеста. Што такое квест? (Адказы навучэнцаў). Выкананне паслядоўнага ланцужка заданняў, якое прывядзе да выканання агульнай задачы. У перакладзе з англійскай мовы азначае пошук. За паспяховае выкананне задання вы будзеце атрымоўваць малюнак – фрагмент кросенса.
За паспяховае выкананне задання вы атрымоўваеце малюнак 1 (Лёгкія).
ІІ Паўтарэнне папярэдне вывучанага матэрыялу
Каб знайсці першае заданне, трэба падлічыць колькасць літар у назве тэмы ўрока (14). Заданне знаходзіцца пад 14-й партай. (Навучэнцы знаходзяць заданне і раздаюць карткі).
Заданне 1. Устаўце ў тэкст “Гумаральная рэгуляцыя дыхання” прапушчаныя словы з прапанаванага пераліку, выкарыстоўваючы для гэтага лічбавыя абазначэнні. Запішыце атрыманую паслядоўнасць лічбаў у табліцу.
Пры мышачнай працы вылучаецца больш … . Кроў з лішкам вуглякіслага газу даходзіць да … і … яго. Павышаецца ўзбудлівасць і чалавек пачынае дыхаць глыбей. Лішак вуглякіслага газу … частату і глыбіню дыхання, а недахоп – … . Занадта вялікае ўтрыманне … у крыві выклікае спазмы сасудаў мозгу, што прыводзіць да кіслароднага галадання.
1) паскарае; 2) запавольвае; 3) раздражняе; 4) кіслароду; 5) вуглякіслага газу; 6) дыхальнага цэнтра.
Адказы:
5 – |
6 + |
3 + |
1 + |
2 + |
4 |
Запішыце 6 балаў у ліст самаацэнкі (Дадатак) за правільнае выкананне задання 1.
За паспяховае выкананне задання вы атрымоўваеце малюнак 2 (Лес).
Каб знайсці другое заданне, выканайце матэматычныя дзеянні, указаныя ў табліцы першага задання (5 – 6 + 3 + 1 + 2 + 4 = 9). Чаго ў нашым класе 9? (9 рам са шклом у вокнах.) Наступнае заданне знаходзіцца на акне. (Навучэнцы знаходзяць заданне і раздаюць карткі).
Заданне 2. Усталюйце адпаведнасць паміж працэсамі, якія адбываюцца ў лёгкіх і тканках чалавека пры газаабмене. Запішыце выбраныя літары ў табліцу пад адпаведныя лічбы.
Працэс |
Месца праходжання |
1) злучэнне кіслароду з гемаглабінам |
А) лёгкія |
Адказы: 1 – А; 2 – Б; 3 – Б; 4 – А; 5 – А; 6 – Б
Запішыце 6 балаў у ліст самаацэнкі за правільнае выкананне задання 2.
За паспяховае выкананне задання вы атрымоўваеце малюнак 3 (Урач).
Колькі разоў выбрана літара А? (Адказы навучэнцаў). Трэба знайсці аб’ект, у назве якога таксама тры літары “а”. Падказка – аб’ект дыхае. (Папараць.)
(Навучэнцы знаходзяць заданне і раздаюць карткі).
Перш чым выканаць заданне, азнаёмімся з новым матэрыялам. Хаця ён не надта і новы.
ІІІ Работа па тэме ўрока
1 Гігіена паветранага асяроддзя
Заданне 3. Якія рэчывы ў паветры з’яўляюцца шкоднымі для органаў дыхання? (Пыл, бактэрыі, вірусы, чадны газ, бытавы газ, сажа, цыгарэтны дым, дым выхлапных труб аўтамабіляў і фабрык.)
Сажа ўтвараецца ў выніку працы дызельнага рухавіка, мае ў сваім складзе наймацнейшыя канцэрагены – рэчывы, якія прыводзяць да развіцця ракавых захворванняў дыхальных шляхоў і скуры. Калі яны шкодныя, як пазбегнуць іх удыхання? (Адказы навучэнцаў).
Правілы гігіены паветранага асяроддзя:
– рэгулярнае вільготнае прыбіранне памяшкання;
– праветрыванне памяшканняў, прагулкі на свежым паветры;
– адмова ад курэння.
Запішыце 1 бал у ліст самаацэнкі, калі назвалі шкодныя рэчывы і правілы гігіены паветранага асяроддзя.
За паспяховае выкананне задання вы атрымоўваеце малюнак 4 (Дым выхлапных труб транспарту і фабрык). Чаго многа на гэтым малюнку? (Дыму.) Што ёсць у класе на гэтую літару. (Дошка, дзверы.)
(Заданне замацавана за дошкай. Навучэнцы знаходзяць заданне і раздаюць карткі).
2 Прытрымліванне правільнага дыхання
Якое яно, правільнае дыханне? Праз нос. Чаму? Каб растлумачыць, выканаем заданне.
Заданне 4. Знайсці адпаведнасць паміж асаблівасцямі будовы насавой поласці і функцыямі.
Асаблівасці будовы насавой поласці |
Функцыі |
1. Звілістыя хады поласці носа |
А) Увільгатняе паветра, а таксама склейвае часцінкі пылу і абясшкоджвае мікраарганізмы |
2. Слізістая абалонка поласці носа пранізана густой сеткай крывяносных сасудаў |
Б) Выконваюць рэцэпторную функцыю |
3. Слізь, якая выдзяляецца залозістымі клеткамі эпітэлію поласці носа |
В) Кроў, якая працякае па іх, сагравае паветра, што паступае, засцерагаючы лёгкія ад пераахаладжэння |
4. Раснічастыя клеткі эпітэлію поласці носа |
Г) Істотна павялічваюць плошчу паверхні поласці носа і павялічваюць час знаходжання паветра ў іх |
5. Нюхальныя клеткі эпітэлію поласці носа |
Д) Забяспечваюць вывядзенне слізі з паветраносных шляхоў у навакольнае асяроддзе |
Адказы: 1 – Г; 2 – В; 3 – А; 4 – Д; 5 – Б
Запішыце 5 балаў за правільна выкананае заданне ў ліст самаацэнкі.
За паспяховае выкананне задання вы атрымоўваеце малюнак 5 (Спорт).
Калі пасля траўм людзі не звяртаюцца да ўрача, у выніку няправільнага становішча храсткоў, парушаецца праходнасць насавых хадоў. Людзі дыхаюць праз рот. Таксама цяжкасць насавога дыхання можа ўзнікаць пры павелічэнні адэноідаў.
Што такое адэноіды і чаму ўзнікае іх павелічэнне? Прачытай (імя навучэнца), на с. 133 з другога сказа.
Беражыце нос, а пры наяўнасці праблем, цяжкасці насавога дыхання, звяртайцеся да ўрача.
Фізкультхвілінка. Тэхніка дыхання для заспакаення 4-7-8
Сядзьце роўна, спіну прама, паслухайце мяне.
Кожны дзень з усіх бакоў на нас абвальваецца інфармацыйная атака, у выніку наш мозг перагружаны, а розум пастаянна заняты разнастайнымі разважаннямі. Для хуткага засынання і якаснага сну жыццёва неабходна навучыцца здымаць псіхаэмацыйнае напружанне і спыняць разумовы працэс.
У гэтым нам дапаможа тэхніка дыхання 4-7-8, распрацаваная доктарам медыцыны Эндру Вейлам з Гарварда. Глыбокае, павольнае дыханне падчас практыкі запускае парасімпатычную нервовую сістэму, задача якой – знізіць узровень стрэсу і хвалявання.
1) Зрабіце глыбокі ўдых носам на 4 адлікі.
2) Затым затрымайце дыханне на 7 адлікаў.
3) Выдыхайце праз рот на 8 адлікаў.
4) Гэта адзін дыхальны цыкл, трэба зрабіць 4 такіх цыклы.
Гэтую дыхальную практыку можна выкарыстоўваць не толькі перад сном, але і ў моманты нервовага напружання, у стрэсавых сітуацыях. Калі мы ўстрывожаныя або напалоханыя, наша дыханне пачашчаецца, у выніку чаго ўзровень адрэналіну ў крыві павышаецца. Затрымка дыхання і павольны выдых запавольваюць сэрцабіццё, таму дыханне па схеме 4-7-8 працуе як седатыўны прэпарат. Практыкаванне супакойвае цэнтральную нервовую сістэму і нармалізуе пульс, у выніку чаго зніжаецца пачуццё трывожнасці і надыходзіць яснасць думкі.
Як вы думаеце, адкуль я даведалася пра гэтую тэхніку? (Адказы навучэнцаў). Я знайшла яе з дапамогай камп’ютара ў інтэрнэце. Гэта падказка, дзе шукаць наступнае заданне. (Пад клавіятурай камп’ютара ляжаць гексы).
3 Гігіена галасавога апарату
Заданне 5. Прачытайце пункт на с. 133–134. Вылучыце фактары, шкодныя для галасавога апарату.
Складанне схемы з гексаў.
Фактары, шкодныя для галасавога апарату:
– прастудныя захворванні;
– празмернае напружанне галасавых звязак;
– курэнне;
– занадта гарачая або халодная ежа;
– цяжкае эмацыянальнае ўзрушэнне;
– ужыванне спіртных напіткаў.
Сфармулюйце правілы гігіены галасавога апарату па аднаму на кожны фактар па чарзе.
Запішыце 2 балы за названы фактар і сфармуліраванае правіла ў ліст самаацэнкі.
За паспяховае выкананне задання вы атрымоўваеце малюнак 6 (Садавіна і агародніна).
Наступнае заданне вы знойдзеце ў месцы, адзначаным гексам.
(Заданне на полцы шафы).
4 Прафілактыка захворванняў, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам
Прачытайце пункт на с. 134.
Заданне 6. Знайдзі пару. (Карткі раскладваюцца на асобнай парце. Навучэнцы стаяць вакол парты. Кожны навучэнец знаходзіць дзве пары).
Асноўныя правілы гігіены |
Абгрунтаванне гігіенічных правілаў |
1. Дыхаць трэба праз нос |
А) Большасць захворванняў з’яўляецца паветрана-кропельнай інфекцыяй |
2. Пры чханні і кашлі варта закрываць рот насоўкай |
Б) Бактэрыі і вірусы, якія выклікаюць рэспіраторныя захворванні, пранікаюць у арганізм праз нос |
3. Неабходная рэгулярная вільготная ўборка памяшканняў |
В) Многія інфекцыйныя захворванні перадаюцца паветрана-кропельным шляхам. |
4. Пры зносінах з людзьмі, якія захварэлі інфекцыйнай хваробай, варта выконваць асцярожнасць: насіць марлевую павязку, не карыстацца рэчамі хворага, рэгулярна праветрываць памяшканне |
Г) Вільготнае паветра найбольш спрыяльнае для дыхання |
5. Выкарыстанне цыбулі і часнаку (больш ужываць у ежу і ўдыхаць пары са свежага зрэзу) |
Д) У дыхальных рухах удзельнічаюць міжрэберныя мышцы і дыяфрагма, якія забяспечваюць вентыляцыю лёгкіх |
6. Выкарыстоўваць супрацьвірусныя мазі: аксалінавая і цынкавая (у нос 1-3 разы на дзень). |
Е) Вакцынацыя папярэджвае захворванне або памяншае цяжкасць працякання хваробы і ўзнікненне ўскладненняў |
7. Для правільнага дыхання важная добрая пастава |
Ж) У насавой поласці паветра чысціцца, увільгатняецца, саграваецца |
8. Займацца фізкультурай: катанне на лыжах, каньках, гульня ў тэніс, валейбол |
З) Фітанцыды забіваюць бактэрыі |
9. Ізаляваць хворых |
І) Павялічваецца жыццёвая ёмістасць лёгкіх. Актыўны адпачынак на свежым паветры садзейнічае загартоўванню |
10. Праходзіць вакцынацыю |
К) Выключыць пападанне хваробатворных бактэрый у паветра |
Адказы: 1-Ж, 2-К, 3-Г, 4-В або А, 5-З, 6-Б, 7-Д, 8-І, 9-А або В, 10-Е.
Запішыце 4 балы за дзве знойдзеныя пары ў ліст самаацэнкі.
За паспяховае выкананне задання вы атрымоўваеце малюнак 7 (Прафілактыка інфекцый, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам).
5 Уплыў курэння на органы дыхання
(На дошцы замацавана вучэбная табліца “Гігіена дыхання”. Праводзіцца вывучэнне шкоднага ўплыву курэння на кожны орган дыхальнай сістэмы).
Які колер набываюць лёгкія курца? (Чорны.) Вось такога колеру прадмет трэба вам знайсці.
(Навучэнцы шукаюць прадмет. Знаходзяць чорную скрыню. Па чарзе выцягваць па адным сцвярджэнні).
Заданне 7. Вызначыць правільнасць сцвярджэння і абгрунтаваць сваё меркаванне. 1 бал за вызначэнне правільнасці сцвярджэння і 2 балы за абгрунтаванне.
(Настаўнік дапамагае навучэнцам у абгрунтаванні сцвярджэнняў, калі гэта неабходна).
1) Курэнне супакойвае нервы і зніжае частату дыхання.
2) Курэнне стымулюе разумовы працэс.
3) Цыгарэты з нізкім утрыманнем нікаціну мала шкодныя для здароўя.4) Пасіўнае курэнне гэтак жа моцна шкодзіць здароўю, як і актыўнае.
5) Флюараграфію прымяняюць для выяўлення курцоў.
6) Фізічныя практыкаванні нейтралізуюць шкоду, якая наносіцца курэннем.
7) Адной цыгарэты цалкам дастаткова, каб пачасціўся пульс, павысіўся крывяны ціск, парушылася нармальнае кровазабеспячэнне і цыркуляцыя паветра ў лёгкіх.
8) Курэнне з’яўляецца адной з асноўных прычын высокай смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў.
9) Падлетак, які курыць, у стане кінуць курыць у любы час.
10) Электронныя цыгарэты не шкодзяць здароўю.
Запішыце балы за заданне 7 у ліст самаацэнкі.
За паспяховае выкананне задання вы атрымоўваеце малюнак 8 (Знак забароны курэння ў грамадскіх месцах).
ІV Падвядзенне вынікаў
Вы сабралі ўсе малюнкі, якія складаюць кросенс. Цяпер трэба яго разгадаць. (Навучэнцы агучваюць значэнне кожнага малюнка і цэнтр кросенса – правілы гігіены дыхання).
Звернемся да эпіграфа. Хто яго прачытаў? Як вы разумееце гэтыя словы? (Адказы навучэнцаў).
Ці дасягнулі мы пастаўленых задач? (Адказы навучэнцаў).
V Дамашняе заданне
§34, падрыхтаваць адказы на пытанні.
VІ Выстаўленне адзнак
Падлічыце набраныя балы ў лістах самаацэнкі, вызначце адзнаку за ўрок.
Як вы лічыце, адзнака, якая атрымалася, адпавядае вашаму ўзроўню ведаў? (Адказы навучэнцаў).
Дзякую за работу на ўроку.
Дадатак
Ліст самаацэнкі
№ |
Назва задання |
Максімальная колькасць балаў |
Колькасць балаў, набраная вучнем |
1 |
Устаўце ў тэкст “Гумаральная рэгуляцыя дыхання” прапушчаныя тэрміны |
6 |
|
2 |
Усталюйце адпаведнасць паміж працэсамі, якія адбываюцца ў лёгкіх і тканках чалавека пры газаабмене |
6 |
|
3 |
Гігіена паветранага асяроддзя |
1 |
|
4 |
Прытрымліванне правільнага дыхання |
5 |
|
5 |
Шкодныя фактары і правілы гігіены галасавога апарату |
2 |
|
6 |
Прафілактыка захворванняў, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам |
4 |
|
7 |
Уплыў курэння на органы дыхання |
6 |
|
Сума балаў |
30 |
|
Шкала пераводу балаў у адзнаку
2 б. – 2
3–5 б.– 3
6–8 б. – 4
9–11 б. – 5
12–14 б. – 6
15–18 б. – 7
19–23 б. – 8
24–28 б. – 9
29–3 б.0 – 10