У душы… міласць да краю свайго

- 13:50Мнения, После уроков

 

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА”Сярэдняя школа № 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”

 

 

Што такое Радзіма для чалавека? Уся краіна? Ці родны куток, можа,  маленькая вёсачка, дзе нарадзіўся?

Калі падумаць глыбей, прыгледзецца больш уважліва і пільна, то аказваецца, што кожны адкрывае радзіму па-свойму: гэта і сонца ў цябе над галавою, і паветра, якім ты дыхаеш, і мова, якую даў табе народ, і песня, што засталася ад прадзедаў, і гордасць за лепшыя старонкі і дасягненні нашай нацыянальнай гісторыі, шматпакутнай бясконца дарагой зямлі, і тая светлая дарога, якой сёння ты ідзеш у сваю будучыню. Бясспрэчна, без Бацькаўшчыны няма чалавека, няма жыцця. І дзе б я ні была, куды б ні закінуў лёс, так радасна калоціцца ў мяне сэрца, калі чую знаёмую назву, знаёмае імя, знаёмае прозвішча.

Путна… Невялікая непрыкметная вёсачка Гродзенскага раёна, авеяны лесавым шумам мацярык дзяцінства і юнацтва. Якраз тут пачала круціцца нітка майго жыццёвага калаўрота, адсюль была ўзята пуцёўка на настаўніцкую працу, на дарослае самастойнае жыццё.

Расла я ў вялікай дружнай сям’і, дзе панаваў дух цяпла і ўтульнасці, спакою і дзіцячай радасці, даверу і спагады адзін да аднаго. Бацькі працавалі ў калгасе. Вядома, хапала штодзённых турботаў і нягод, але і непаўторна-дзівосных і надзвычай прывабных хвілін таксама нямала было. Змалку далучыліся да сялянскай працы: пасвілі і даілі кароў, апрацоўвалі агарод, зграбалі і сушылі мурожнае сена, палолі і выбіралі калгасную бульбу і буракі, дапамагалі матулі на ферме, на святы білі масла ў маслабойцы… Вось такія сапраўдныя ўрокі-павучанні народнага стаўлення да жыцця, павагі да малой радзімы, да бацькоў, да родавых каранёў, да аднавяскоўцаў пасяліліся ў сэрцы кожнага з нас. Ужо тады ўсвядоміла галоўную ісціну: люблю сваю зямлю, свой край мацней за ўсё на свеце.

З павагай да суседзяў мы раслі:
“Пабудзь адзін: бягу на дапамогу”.
І маці, як матулі ўсёй зямлі,
Была маім найлепшым педагогам.
Нам завяшчала сумленныя сцежкі,
Бо справядлівых шануе зямля;
І не саромецца простай адзежкі,
І не саромецца мазаля.
                              Пімен Панчанка

Дзе вы, майго юнацтва вёсны, якою рэчанькай сплылі? Няспынна ідзе наперад час, але часцей і часцей адольваюць цудоўныя, прыемныя ўспаміны, якія бударажаць і грэюць душу, не даюць заснуць да раніцы, надоўга пакідаюць у памяці чароўныя імгненні. Святло тых ясных дзён, як святло пагаслых галактык, ідзе праз гады, праз усё жыццё і за стромамі часу заўсёды распагодзіць, нязломнай сілай наліе душу. Яно такое магутнае, што ажно і сёння бачу пераплеценую карэннем мазолістую сцежку да роднай сялібы, рыжую купіну з чмяліным гняздом, чую світальныя галасы несціханай птушынай сімфоніі, п’ю і дагэтуль не магу ўволю напіцца пахам рамонку на росным папары і пахам першага снегу. Вось так, дыхаючы на ўсе грудзі, любавалася мяккімі задуменнымі краявідамі.

Вандроўка па сцежках памяці гартае адвечны мудры каляндар прыроды, і кожная дробязь ажывае, як і тады, упершыню. Згадваю, калі з сёстрамі, з сяброўкамі хадзілі ў лес, дзе шумелі кашлатыя хвоі, магутныя і велічныя дубы, шапталіся беланогія стройныя бярозкі ў шыкоўных спадніцах, як тыя дзяўчаты ў карагодзе, слухалі канцэрт неўгамонных лясных спевакоў; як нас гасцінна сустракалі сакавітыя чарніцы і маліны, сціпла-элегантныя баравікі, сямейка гламурных маслякоў. Ажываюць шчаслівыя малюнкі, калі з местачковымі дзяўчынкамі хадзілі на рэчку. Зімой коўзаліся па люстранай гладзі, каталіся на санках. У адліжныя дні ляпілі снежных баб, будавалі са снегу хаты, розныя дзівосна-казачныя палацы. Вось яна, найвышэйшая, найлепшая асалода і прыгажосць, тая, што пазнаецца з дзяцінства, глыбока западае ў душу. Яна як песня, якая нараджае музыку роднай зямлі. А вечарам вёска смачна спала пасля цяжкай паўсядзённай працы. Так хочацца, каб шчымлівыя пачуцці той далёкай пары сталі яваю.

Шмат гадоў мінула, як пакінула мілае селішча, развіталася са слязьмі ў душы з бацькоўскім кутом. Разышліся, разбегліся пуцявіны-дарогі маіх сясцёр, яны пайшлі на свой хлеб. І нічога не зробіш, бо птушкі, што вылецелі з аднаго гнязда, вярнуцца ўсе ў яго зноў не могуць: ім трэба рабіць новыя, свае гнёзды. Варта сказаць, што нягледзячы на ўсе радасці і няшчасці, якія сустракаюцца на нашым шляху, самая галоўная дарога – дарога дадому.

Вось яна – мая сяліба сёння. На жаль, зараз вёска ціха дрэмле, што вельмі горка і балюча, але ж усё-такі поўніцца жыццём. Спачатку пройдземся па падворку. Ён заўсёды быў гасцінным месцам, дзе бацька разам з суседзямі, аднавяскоўцамі мелі магчымасць навастрыць сякеру, касу, назубіць серп. Нават рабіліся драбіны для калёс, абсада для вокан; гэта і бандарня, дзе нараджалася бочка, каб саліць агуркі, дзяжа, каб спяліць хлеб. Гэта дарагі дворык, дзе паважна ходзіць грацыёзна-зграбны і мілагучна-звонкі гаспадар-пеўнік, вяшчун блізкай зары і новага дня; кветнік пад акенцам, дзе буяюць пышныя вабныя фарбы, нібы на якім фестывалі красак; бярозка, дзе кожную вясну сядзіць шпак і пасвіствае сабе паціхеньку. Шуміць ля хаты яліна, быццам гамоніць з нізкімі хмарамі і расказвае ім, што бачыла і помніць. А помніць яна шмат. Стаіш, не ў сілах адарваць, адвесці вачэй ад гэтых з’яў прыроды. Сюды, засмучаныя і ўзрадаваныя, пакрыўджаныя і суцешаныя, заўсёды вяртаюцца мае блізкія людзі.

На парозе ласкава сустракае любая матуля. Яе мяккія патрэсканыя рукі абдымаюць унукаў і праўнукаў, а іскрыстыя вочы наліваюцца нябесным святлом ад радасці доўгачаканай сустрэчы. Наступае нейкае душэўнае ачышчэнне.

Адчыняем сенцы, якія і зараз служаць для гаспадарчых мэт: тут вёдры, цэбры розныя, начоўкі, карабы, бульба, гародніна, маслабойка, вісяць кажухі і шмат чаго яшчэ патрэбнага ў вясковым побыце.

На ўваходзе ў хату – кухня. А ў цэнтры – печ, гэтае ўгрэтае, цёплае гняздо, дзе ў лютыя зімовыя маразы мы чакалі матулю з працы. Тут хапае месца і старым і малым. Не магу не сказаць аб тым, што і да сённяшніх дзён у нас захавалася спрадвечная традыцыя: калі ўся сям’я збіраецца за вялікім святочным сталом – матуля абавязкова рыхтуе пышную бульбяную бабку, запраўленую мясам і цыбуляй, а яшчэ і любімую ўсімі страву – квашаніну (халадзец) з хрэнам, абавязкова прыгатаваныя ў печы. З якім апетытам і задавальненнем мы ядзім гэтыя ласункі! Пры гэтым успамінаем, як дружна мы жылі, нагадваем самыя неверагодныя гісторыі і здарэнні, але тое, ранейшае, на жаль, ужо ніколі не зможа вярнуцца. Згадкі маленства і юнацтва абуджаюць у душы пачуццё замілавання да матулі, да зямлі маленства, кранаюць самыя чуллівыя струны душы. Таму нельга, не па-людску, забываць тых, хто даў табе жыццё і выхаваў, парываць усе сувязі з месцам, дзе нарадзіўся, дзе дажываюць свой век твае бацькі. Мне вельмі падабаецца выказванне мудраца Скарыны: “Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя;птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, – тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають”.

На мой погляд, немагчыма стварыць твор мастацтва без памяці пра мінулае, нічога нельга без мінулага. Уся гісторыя беларускай літаратуры сведчыць, што лепшыя нашы здабыткі вырасталі якраз на народным грунце, нараджаліся з любові да роднага краю, да малой радзімы. І чым больш трывала, рознабакова былі яны звязаны з гэтым грунтам, тым больш моцным быў іх патрыятычны пафас, больш глыбокай была іх праўдзівасць і адкрытасць. Гімн вясковаму свету, дарагой старонцы і беларускаму народу гучыць у праграмных творах: апавяданне “Роднае карэнне”, раман “Людзі на балоце”, нарыс “Зямля пад белымі крыламі”, паэма “Новая зямля”, п’есы “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, вершы Рыгора Барадуліна, Яўгеніі Янішчыц, Янкі Купалы… Гэтыя творы, як кажуць, на слыху ў кожнага, бо спрыяюць выхаванню пачуцця грамадзянскага абавязку, ствараюць умовы для засваення агульначалавечых каштоўнасцей, гістарычнай самасвядомасці. Таму слава продкаў не згасла. Слава продкаў жыве!

На ўроках беларускай мовы і літаратуры, інфармацыйных, класных і пазакласных мерапрыемствах, факультатывах, краязнаўчых гадзінах, экскурсіях, разнастайных конкурсах, вечарынах юнакі і дзяўчаты дыскусіруюць над вытокамі патрыятызму і пераконваюцца ў тым, што павага, гордасць і любоў да Радзімы – стрыжнявая, вызначальная адметнасць асобы чалавека, частка яго. Толькі сярод свайго народа, у родным асяроддзі шчаслівы чалавек. У крэўнай еднасці з ім ён чэрпае сілы, мужнасць, нязломнасць у часы нягодаў і выпрабаванняў.

Як напамінак, як запавет для нашчадкаў гучаць словы Змітрака Бядулі, да якіх нельга не прыслухацца: “Дорага кожнаму чалавеку зямля родная, каторая дала яму жыццё і гадавала яго, яго бацьку і дзеда, і прашчура, і ўвесь народ свой… Ой, як дорага! Ён ёй малітвы гаворыць, ён ёй песні пяе разам з птушкамі, з лесам, з ручайком. Як поўныя зярняты на тлустай раллі, у душы кожнага разрастаецца міласць да краю свайго, і так найдаражэйшы скарб, як гняздо шчасця перадаецца з пакалення ў пакаленне…”

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий