Анатоль Грачанікаў, “Верасень”. Майстэрства паэта ў стварэнні вобраза восені. Урок беларускай літаратуры ў 5-м класе

- 9:32II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

 

Аксана ВАНЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 1 г. Дзятлава”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

 

 

Мэта і задачы:

– выклікаць у вучняў эмацыянальны водгук, дапамагчы адчуць стан душы паэта, засяродзіць увагу на адзінстве пачуццяў паэта са станам прыроды; звярнуць увагу на паэтычнае адухаўленне прыроды ў вершы, на эмацыянальную пранікнёнасць, цеплыню, задушэўнасць выказвання;

– развіваць культуру вуснага маўлення;

– выхоўваць вобразнае ўяўленне вучняў сродкамі паэтычных твораў (на прыкладзе верша).

 

Ход урока

1 Арганізацыйны момант

Для многіх пісьменнікаў крыніцай натхнення стала прырода. Прыродаапісальныя вершы – гэта не проста апісанне, канстатаванне факта прыгажосці нашай зямлі, непаўторнасці яе прыроды, але і асабістыя адносіны аўтара да наваколля. Кожны чалавек можа сам спасцігнуць прыгажосць прыроды, але для гэтага неабходна быць вельмі чуйным, назіральным, мець адкрытае сэрца. І толькі тады можна ўбачыць прыгожае ў звычайным. А вось пісаць вершы дадзена не кожнаму, але навучыцца разумець іх, адчуваць прыгажосць прыроды і самога жыцця можа любы чалавек.

Змоўкла наваколле,
Лес адгаманіў.
Едзе восень полем
На рабым кані.
        Валянцін Рабкевіч

Несумненна, беларуская прырода вельмі прыгожая. Яна зачароўвае нас у любую пару года. Вы, напэўна, заўважалі, які сёння цудоўны зімовы дзень! Падыміце руку, хто з вас любіць зіму? А які беларускі паэт так, як і вы, з дзяцінства любіць зіму? У якім творы ён яе апісвае? (Я.Колас “На рэчцы”). 1–2 вучні чытаюць урывак на памяць.

А якую пару года любіць У.Караткевіч? Якім вершам мы гэта пацвердзім? (Верш “Лісце”).

 

2 Праверка дамашняга задання

Выразнае чытанне верша У.Караткевіча “Лісце” (2 вучні).

Праверка індывідуальнага дамашняга задання для моцных вучнях (Замалёўка “Мая любімая пара года”).

 

3 Паведамленне тэмы ўрока

Значны ўклад у стварэнні кнігі беларускай прыроды ўнёс Анатоль Грачанікаў. Сёння на ўроку мы пазнаёмімся з вершам гэта выдатнага паэта. А як вы думаеце, якую пару года любіў паэт? Адгадаць дапаможа эпіграф.

Эпіграф: “Чырванеюць рабіны над новымі хатамі, / Спелы … з мёдам і хлебам ідзе”, – С.Грахоўскі.

Тэма ўрока: Анатоль Грачанікаў, “Верасень”. Майстэрства паэта ў стварэнні вобраза восені.

Якія мэты нашага ўрока?

Даведацца…
Навучыцца…
Замацаваць…

 

4 Вывучэнне новага матэрыялу

Заданне на картках

Перад вамі невялікі ўрывак з аўтабіяграфіі паэта. Прачытайце ўважліва і запоўніце інтэлект-карту “А ці ведаеце вы, што…”

Нарадзіўся Анатоль Грачанікаў у вёсцы Шарпілаўка Гомельскай вобласці ў 1938 годзе. Скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. Вучыўся ў Маскве на Вышэйшых літаратурных курсах. Працаваў галоўным рэдактарам часопісаў для дзяцей “Вясёлка”, “Бярозка”. Пісаў творы розных жанраў для дзяцей і дарослых. Выдаў кніжкі для дзяцей “Жывая вада”, “Валерка і лятаючая талерка”, “Казка пра Івана-ганчара і пачвару” і іншыя. Займаўся перакладамі твораў украінскіх, рускіх, літоўскіх, малдаўскіх паэтаў на беларускую мову. За зборнік вершаў “Грыбная пара” быў узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі.

1-ы варыянт

нарадзіўся…
вучыўся…
узнагароджаны…

2-і варыянт

пісаў…
перакладаў…
працаваў…

 

5 Першаснае знаёмства з вершам

Гучыць мелодыя (спевы птушак).

А ці любіце вы гуляць па восеньскім лесе? Зараз я запрашаю вас на некалькі хвілін перанесціся туды і прыслухацца да чароўных гукаў прыроды. Закрыйце вочкі. (Праз 2 хвіліны настаўнік пачынае чытаць верш А.Грачанікава). Апішыце, якія карціны прыроды вы ўявілі. Ці спадабаўся вам верш?

Выразнае чытанне верша вучнямі.

 

6 Праца з вершам

“Лексічны калейдаскоп”

Ці ўсе словы верша вы зразумелі? Перад вамі ляжаць карткі. Дайце тлумачэнні некаторым словам. (“Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”).

шчыраваць  
імшасты  
баравіна  
трымцець  
травастой  
гронка  
абшар  
вашчына  
барва  

Прапанова для настаўніка: можна раздрукаваць рознакаляровыя карткі са словамі і асобна карткі з лексічным значэннем. Вучні павінны спалучыць слова з лексічным значэннем і прымацаваць на дошцы. Такі прыём заўсёды выклікае ў дзяцей цікавасць.

Праверка задання. Прыём візуалізацыі матэрыялу. Настаўнік паказвае малюнкі з кожным незразумелым словам.

 

Фізкультхвілінка

Мы, асеннія лісточкі,
на галінках сядзелі,
Падзьмуў вецер – паляцелі,
на зямлю ціха селі.
Прабег вецер – зноў
Узняў шум лістоў.
Закружылі, паляцелі
І зноў на зямлю селі.

 

Работа ў групах. Міні-даследаванне

Вучні дзеляцца на тры групы. Кожная атрымоўвае заданні, запісаныя на загадзя падрыхтаваных гексах. За некалькі хвілін кожная з груп павінна адказаць на праблемнае пытанне, запісаць адказ на лістку і прымацаваць на дошцы.

1-я група

– Ад імя каго вядзецца разважанне ў вершы?
– Які перыяд восені апісаны паэтам? Па якіх прыметах вы здагадаліся?

2-я  група

– Якія змены ў прыродзе апісвае паэт у вершы?
– З якім перыядам чалавечага жыцця звязаны верасень для Грачанікава?

3-я група

– Якія мастацкія сродкі дапамагаюць паэту стварыць карціну вераснёўскага прыроды?
– Якая асноўная думка верша?
– Ці згодны вы, што аўтар апісаў сваю малую радзіму вёску Шарпілаўку?

У выніку працы па групах вучні, прымацоўваючы адказы, абараняюць іх. А астатнія маюць магчымасць дапоўніць ці выправіць няправільны варыянт.

 

Прыём “Бачу, чую, адчуваю…”

Перад вамі знаходзяцца карткі, якія дазволяць падзяліцца ўражаннямі не толькі пасля наведвання восеньскага лесу, але і пасля знаёмства з вершам А.Грачанікава “Верасень”.

Праца з табліцай па радах.

“Бачу”    (1-ы рад)  
“Чую”    (2-і рад)  
“Адчуваю” (3-і рад)  

Агучванне вынікаў работы.

 

Індывідуальнае заданне для моцных вучняў

Прыгажосць восеньскай прыроды захапляе не толькі паэтаў, а і мастакоў. Звернемся да рэпрадукцыі Уладзіміра Сулкоўскага “Восень”. Параўнайце, чым падобныя і чым адрозніваюцца паміж сабой верш і карціна? Якія фарбы выкарыстаў мастак? Як вы разумееце выраз “залатая восень”? Ці згодны, што восень – час адмірання прыроды?

 

Творчая работа. Прыём “Белыя плямы”

Дапоўніце тэкст.

Сёння я пазнаёміўся з таленавітым беларускім пісьменнікам ________________, які напісаў верш __________________________. Паэт стварыў _______________. Для таго каб перадаць _________________________________, аўтар выкарыстоўвае мастацкія сродкі, такія як ______________________________________________________ Калі я чытаю гэты верш, то здаецца, што чую ____________________________________________________________. Мяне вельмі кранулі радкі, дзе паэт апісвае _____________________________________________. Чытаючы верш, я на нейкі момант адчуў, што я знаходжуся _____________________________________________. Адчуванне радасці і гонару за родную зямлю перапаўняюць маю душу. Я спадзяюся, што ______________________________ ўсім, хто яго прачытаў.

 

7 Рэфлексія і вынікі ўрока

Зварот да мэт, пастаўленых на пачатку ўрока. Ці дасягнулі мы іх?

Даведацца…
Навучыцца…
Замацаваць…

 

8 Тлумачэнне дамашняга задання.

1) Навучыцца выразна чытаць верш і адказваць на пытанні.
2) Намаляваць малюнак да верша А.Грачанікава “Верасень”.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий