Сцэнарый накіраваны на пашырэнне ўяўленняў выхаванцаў пра народныя беларускія святы і абрады.
Алена ШАРЫЧ
выхавальнік дашкольнай адукацыі,
ДУА “Дзіцячы сад № 26 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць
Праграмны змест:
– пашыраць уяўленні выхаванцаў пра народныя беларускія святы і абрады;
– узбагачаць мову дзяцей творамі беларускага фальклору;
– развіваць актыўную гульнявую дзейнасць для фарміравання пазнавальных працэсаў і маўлення;
– выхоўваць цікавасць да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей, культурных традыцый народа.
Матэрыял, абсталяванне: камп’ютар, экран, музычны цэнтр, флэшка, прэзентацыя, музычныя інструменты, куфар, шапачкі казы, мядзведзя, малюнкі гародніны, карткі са стравамі беларускай кухні, картачкі з выявамі прадуктаў; малюнак рэдзькі, індывідуальныя лісты з выявамі розных рэчаў для гульні “Збіраемся на гуканне вясны”, алоўкі, цеста для лепкі, дошкі.
Ход дзейнасці
Дзеці пад беларускую народную музыку заходзяць у зал.
Выхавальнік:
Шчыра ўсіх я вас вітаю,
І здароўя ўсім жадаю!
Не стойце, дзеці, каля дзвярэй,
Вы праходзьце весялей!
Бачу, што сёння ў вас добры настрой. Гэта цудоўна! Давайце разам павітаем неба, сонца, зямлю і адно аднаго.
Добры дзень, неба! (Рукі ўверх)
Добры дзень, сонца! (Рукамі апісаць круг)
Добры дзень, зямля! (Плаўна апусціць рукі)
Добры дзень, наша вялікая сям’я! (Бяруцца за рукі, усміхаюцца адно аднаму)
Усміхнёмся адно аднаму. Вы адчулі, як цёпла і ўтульна ў коле сяброў?
Якія мы з вамі ветлівыя. Прыемна ўсім ад такіх слоў. Мы з вамі беларусы. А беларусам якія яшчэ якасці ўласцівы? (Шчырасць, дабрыня, гасціннасць, спагадлівасць, сардэчнасць, працавітасць). Так, госць для беларуса – асоба важная. Беларускі народ вядомы сваёй шчодрасцю, дабрынёй, славіцца сваёй працавітасцю.
Са старажытных часоў асноўным заняткам насельніцтва Беларусі было земляробства. Сяляне вырошчвалі на палях пшаніцу, ячмень, авёс, жыта, у агародах – капусту, бульбу, памідоры, агуркі. Каб у хаце быў дастатак трэба было многа працаваць.
Наш народ не толькі ўмеў працаваць, але і весела адпачываць. Якія народныя святы вы ведаеце? (Адказы дзяцей) Прыгадайце, на якое свята пяклі бліны? Хадзілі па хатам, зычылі гаспадарам здароўя, шчасця, вадзілі з сабой казу, мядзведзя? Вешалі стужкі на бярозы, пяклі фігуркі птушак? Шукалі папараць-кветку? Сёння мы з вамі адправімся ў незвычайнае падарожжа па народных святах.
Праблемная сітуацыя: “Каляндар свят” (слайд 2)
Выхаванцы выказваюць свае здагадкі адносна таго, для чаго каляндар сезонаў. Выхавальнік паведамляе, што каляндар дапаможа адправіцца ў незвычайнае падарожжа па святах.
Выхавальнік: На чым бы вы хацелі адправіцца?
Дзеці: На каруселях.
Выхавальнік: Вы паспелі?
Дзеці: Мы паспелі.
Выхавальнік: Вы паселі?
Дзеці:
Мы паселі і адразу паляцелі
На вясёлай каруселі,
Раз, два, раз, два,
Прыпыніцца нам пара.
Восень (слайд 3)
Дыдактычная гульня “Народныя святы восенню” (слайды 4–5)
Мэта: развіццё ўмення самастойна вызначаць, называць, расказваць пра народныя святы.
З прапанаваных ілюстрацый выхаванцы выбіраюць і называюць восеньскія народныя святы (дажынкі, Багач). Выхавальнік расказвае, што восень – гарачая пара для ўсіх, хто адказвае за ўраджай. (слайд 4)
Дажынкі – старажытнае народнае свята ў беларусаў, звязанае з апошнімі момантамі жніва. Суправаджалася народнымі абрадамі, танцамі, песнямі, чым дзякавалі “духам нівы” за хлеб. Як святкавалі дажынкі даўней? Дажаўшы жыта, жнеі прыхарошвалі сноп кветкамі, плялі вянкі з каласоў і з песнямі ішлі ў вёску. Прыйшоўшы, аддавалі сноп гаспадарам, за што мелі смачны пачастунак ці падарункі. Як цяпер адзначаюць гэта свята? У наш час дажынкі адзначаюць як свята ўраджаю.
Свята Багач (слайд 5). Чаму свята называецца Багач? Калі быў сабраны ўвесь ураджай, людзі сябе адчувалі багатымі, бо ў іх было шмат зерня, садавіны, гародніны. Што называлі Багачом на Беларусі? На Беларусі Багачом называлі сіта з зернем і свечкай. Яго захоўвалі да наступнага года, да веснавой сяўбы.
Выхавальнік:
Глядзіце, дзеці, што за цуд.
З’явіўся куфар у нас тут.
Чаго ж мы стаім?
Давайце ў куфар паглядзім.
У ім жывуць загадкі,
Што выраслі на градках.
Дыдактычная гульня “Загадкі з градкі”
Мэта: развіццё ўмення разумець эмацыянальна-вобразны змест літаратурнага (фальклорнага) твора, замацаванне ўяўленняў аб беларускіх назвах агародніны.
Ляжыць сярод градкі зялёны і гладкі. (Агурок)
Калі чысціш – слёзы льеш. (Цыбуля)
Агародная краля ў аранжавай сукенцы. (Морква)
У печы парыцца ў вопратцы, а да стала ідзе распранутай. (Бульба)
Выхавальнік: А вось яшчэ адна загадка (слайд 6, карта (кросенс).
Дастае з куфра маску мядзведзя.
Выхавальнік: Раз, два, тры, у мядзведзя (называе імя) ператварыся.
Рухавая гульня “Рэдзька”
Мэта: развіваць рытмічнасць, каардынацыю рухаў, лоўкасць.
Дзеці сядаюць на дыван адно за адным. Адно дзіця трымае рэдзьку, другое – у масцы мядзведзя стаіць.
Дзеці спяваюць:
Мы на градцы сядзім
І на сонейка глядзім
Свяці, сонейка,
Каб было нам цёпленька.
Мядзведзь стукае.
Дзеці: Хто там?
Мядзведзь: Гэта я мядзведзь.
Дзеці: Чаго трэба?
Мядзведзь: Рэдзькі хачу.
Дзеці: Дык вырві.
Мядзведзь становіцца за дзецьмі, “выцягвае рэдзьку”. Дзеці разбягаюцца па залу, выконваюць рухі.
1-2 – выконваюць прытупы правай нагой.
3-4 – прытупы, воплескі перад сабой.
5-6 – спружынка.
7-8 – круцяцца на шкарпэтках, у канцы фразы апускаюць рукі.
Выхавальнік: Калі ўраджай быў сабраны, можна і пачаставацца рознымі стравамі. Якія стравы беларускай кухні вы ведаеце? (Дранікі, цэпеліны і г.д.) Зараз ператворымся ўсе ў кухараў.
Гульня-даследаванне “Вывучаем беларускую кухню па ілюстрацыях”
Мэта: развіццё назіральнасці, дапытлівасці, умення разважаць.
На сталах размешчаны карцінкі са стравамі беларускай кухні. Дзецям прапануецца знайсці карткі тых прадуктаў, якія неабходныя для гатавання стравы.
Выхавальнік: Малайцы, справіліся з заданнем. Нам пара адпраўляцца далей у падарожжа па народных святах.
Выхавальнік: Вы паспелі?
Дзеці: Мы паспелі.
Выхавальнік: Вы паселі?
Дзеці:
Мы паселі і адразу паляцелі
На вясёлай каруселі,
Раз, два, раз, два,
Прыпыніцца нам пара.
Зіма (слайд 7)
Дыдактычная гульня “Зімовыя народныя святы” (слайд 8–9)
Мэта: развіццё ўмення самастойна вызначаць, называць, расказваць пра народныя святы.
З прапанаваных ілюстрацый выхаванцы выбіраюць і называюць зімовыя народныя святы.
(слайд 8) Каляды. Нашы продкі вельмі весела святкавалі Каляды. Калядоўшчыкі хадзілі па хатах, спявалі калядныя песні, жадалі гаспадарам добрага ўраджаю, шчасця, здароўя, разыгрывалі камічныя сцэнкі. Каза была асабліва гарэзлівая, камічна скакала пад спевы калядоўшчыкаў, мела магічную ролю, сімвалізавала дабрабыт, пладавітасць свойскай жывёлы. Якая жывёла ўвасабляла сілу і здароўя? Якая жывёла лічылася ў старадаўнія часы духам поля і добрага ўраджаю? (Адказы дзяцей)
(слайд 9) Масленіца. Гэта свята развітання з зімой і сустрэча вясны. Дарослыя і дзеці цэлы тыдзень прымалі ўдзел у святочных забавах, пелі, танцавалі, блінамі частаваліся. Адкажыце, калі ласка, што вы ведаеце пра гэта свята? На Масленіцу палілі кола, а таксама ляльку чучала. Лялька абазначала зіму і холад. Каб зіма хутчэй уцякала, яе спальвалі. А чым на Масленіцу ўсе частаваліся? (Блінамі.) Так, блін – сімвал сонца, надыходзячай вясны. Што людзі абавязкова рабілі ў апошні дзень свята? (Прасілі прабачэння). Так, на даравальную нядзелю людзі прасілі прабачэння адно ў аднаго.
Выхавальнік: Паглядзім у куфэрак. Ён захоўвае цікавую гульню. Адгадайце загадку і даведаецеся, у якую гульню мы пагуляем. (слайд10)
Выхавальнік дастае шапачку казы.
Прапаную ўсім пагуляць, павесяліцца. Ну-ка (імя дзіцяці), пакруціся, у казу ператварыся.
Гульня – імправізацыя “Го-го-го, каза”
Мэта: стымуляванне зносін на беларускай мове, падтрымліванне цікавасці да беларускага фальклору, развіццё ўзгодненасці рухаў, умення суадносіць з тэкстам.
Выхавальнік прапануе дзецям стаць у круг. “Каза” стаіць у сярэдзіне круга.
1-е дзіця: Ой, ладачкі, ладкі, пляскаем у ладкі, ой, ладачкі, ладкі, святкуем калядкі.
2-е дзіця: Каза прыйшла, радасць у хату прынясла. Будзе год шчаслівы.
3-е дзіця: Ну, козачка, расхадзіся, развесяліся, добрым людзям пакланіся.
Каза:
Я – каза калядная, прыгожая ды ладная.
Я і гора, і бяду вакол рогаў абвяду.
Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць.
Дзе каза бывае, туды шчасце завітае.
4-е дзіця: Каза, пагуляй з намі.
Гучыць песня “Го, го, го, каза” (бел. нар.).
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць,
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом,
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам,
Дзе каза нагой,
Там жыта капой,
Дзе каза бывае,
Там шчасце вітае.
“Каза” рухаецца па крузе, дзеці прыдумляюць рухі па тэксце, у канцы “каза” падае.
5-е дзіця: Ай, каза ўпала, ссохла, прапала. Мабыць, яна даўно не ела, што так аслабела.
Выхавальнік: Дайце каўбасы і сала, каб яна ўстала.
Дзеці частуюць “казу”, тая ўстае, дзякуе ўсім і ўцякае.
Выхавальнік: Нам пара адпраўляцца далей у падарожжа па народных святах.
Выхавальнік: Вы паспелі?
Дзеці: Мы паспелі.
Выхавальнік: Вы паселі?
Дзеці:
Мы паселі і адразу паляцелі
На вясёлай каруселі,
Раз, два, раз, два,
Прыпыніцца нам пара.
Вясна (слайд 11)
Дыдактычная гульня “Веснавыя народныя святы” (слайд 12–13)
Мэта: развіццё ўмення самастойна вызначаць, называць, расказваць пра народныя святы.
З прапанаваных ілюстрацый выхаванцы выбіраюць і называюць вясновыя народныя святы.
(слайд 12) Гуканне вясны: Прыход вясны быў заўсёды чаканым і жаданым у народзе. Людзі з нецярплівасцю чакалі вясну. У прадчуванні веснавога цяпла, абуджэння зямлі і росквіту прыроды пачыналася свята гукання вясны.
Шуміць-гудзе – вясна ідзе,
Шчасце і радасць людзям нясе!
Дарослыя і дзеці імкнуліся наблізіць прыход вясны рознымі спосабамі, прызыўнымі песнямі, карагодамі, гульнямі. Гукаць вясну выходзілі на самае высокае месца. Лічылася, калі вясну сустрэнеш ветліва і радасна, то яна аддзячыць падарункамі: багатым ураджаем, добрым прыплодам, прынясе поспех у гаспадарчых справах. Дзеці бралі печаных жаўрукоў ішлі на высокія мясціны, уверх іх падкідалі, каб птушкі ўбачылі, прыляцелі, на сваіх крыльцах вясну прынеслі.
(слайд 13) Вялікдзень: Гэта веснавое свята, якое калісьці адзначалася старажытнымі славянамі ў гонар Сонца, абуджэння прыроды і надыходу “вялікіх дзён палявых работ”. Адсюль і яго назва. Па вёсках хадзілі валачобнікі і спявалі валачобныя песні. Лічылася, што прыход валачобнікаў спрыяе дабрабыту сям’і. Таму, як і калядоўшчыкаў на Каляды, іх чакалі. Валачобнікаў добра сустракалі і частавалі перш за ўсё фарбаванымі яйкамі, а таксама прадуктамі.
Людзі вясной спяшаліся засеяць поле, пасадзіць гародніну. Працы было многа, яна была нялёгкай. Нездарма народ склаў шмат прыказак і прымавак аб працы.
А вы ведаеце іх? Пагуляем. Я пачну, а вы працягвайце.
Як будзеш рабіць, так і будзе радзіць.
Гаспадарка свет корміць.
Наша хата справамі багата.
Хто не працуе, той не есць.
Дзе шчырая праца, там густа, дзе лянота, там пуста.
Праца не ганіць чалавека, а корміць, поіць, вучыць.
Выхавальнік: Бярыце ў нашым куфры інструменты, будзем граць, вясну прыбліжаць.
Аркестр на музыкальных інструментах
Дзеці садзяцца за сталы.
Індывідуальнае заданне “Збіраемся на гуканне вясны”
Матэрыял: лісты паперы з выявам розных атрыбутаў, алоўкі.
Выхавальнік прапануе дзецям алоўкам чырвонага колеру абвесці з прапанаваных атрыбутаў тыя, якія неабходныя для святкавання гукання вясны.
Выхавальнік: На свята гукання вясны людзі звярталіся да птушак, заклікалі, каб яны прынеслі вясну. З чаго рабілі птушак? (Адказы дзяцей) Дзяўчаты спявалі песні і падкідалі птушак угару. Гэта павінна было вызваць першых вестуноў – жаваранкаў. Малыя дзеткі любілі рабіць птушак і чапляць іх на дрэвы. Вось якіх прыгожых птушак мы з вамі зрабілі раней. Як сонечныя праменьчыкі, яны абудзяць прыроду і паклічуць вясну. А зараз прапаную размясціць нашых птушак на дрэўца і ўпрыгожыць галінкі стужкамі. Стужак у нас шмат.
Дзеці вешаюць птушак на галіны, завязваць стужкі. Прагаворваюць заклічку:
Прыйдзі, прыйдзі, вясна, гу!
Прыйдзі, прыйдзі, красна, гу!
Прынясі нам красак
Кветачкі пакрасіць, гу!
Будзем вяночкі звіваць,
Табе песні спяваць, гу!
Выхавальнік: Ці ўвесь каляндар свят мы наведалі? Яшчэ застаўся апошні сектар. (слайд 14) Мы з вамі стаміліся. А як прыйдзе лета, мы працягнем наша падарожжа. А цяпер нам пара вяртацца ў свой дзіцячы сад.
Выхавальнік: Вы паспелі?
Дзеці: Мы паспелі.
Выхавальнік: Вы паселі?
Дзеці:
Мы паселі і адразу паляцелі
На вясёлай каруселі,
Раз, два, раз, два,
Прыпыніцца нам пара.
Выхавальнік: Ці спадабалася наша вандраванне па народных святах? Якія цікавыя святы адзначаў беларускі народ? Шануйце свой родны кут, нашу краіну, нашых продкаў і звычаі, бо нездарма гавораць: “Хто продкаў забывае – сябе губляе”.