Пра што расказваюць узоры. Даследчая работа пра асаблівасці сімволікі арнаменту Валожынскага раёна

- 17:34Исследовательская деятельность, Методичка

Гэта даследаванне з’яўляецца нагодай для таго, каб у будучым вывучаць народныя мастацкія традыцыі, паважаць і цаніць культурную спадчыну продкаў. Цікавасць да традыцыйных, сапраўды народных узораў у вырабах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі ўсе больш расце. І далучэнне дзяцей менавіта да народнага мастацтва мае вялікія выхаваўчыя магчымасці на ўсіх ўзроставых ступенях навучання.

 

 

Ганна САДОЎСКАЯ,
настаўнік працоўнага навучання
ДУА Сярэдняя школа № 2 г. Валожына”,
Мінская вобласць

 

 

Уводзіны

Народнае мастацкае ткацтва – адзін з найбольш папулярных і пашыраных відаў народнага мастацтва. Між тым яно слаба вывучана. Мы звыкла ацэньваем тканыя рэчы з пазіцыі прыгажосці, адмысловасці арнаментыкі, гармоніі каларыту. Але народнае ткацтва – яшчэ і бяздоннае крыніца культурна-гістарычных звестак. Посцілкі, ручнікі, абрусы і іншыя тканыя і вышываныя рэчы – своеасаблівая аповесць пра жыццё народа і яго працу, шчасце і нястачы, мары і спадзяванні. Гэта багатая скарбонка беларускай народнай культуры. Што ні ўзор, то сімвал. Сімвалы ўраджаю: Спарыш, Рай, Багач. Яны вучаць любіць Маці-Зямлю, працу, дабівацца добрага ўраджаю. Сімвалы свят: Купала, Каляда, Масленіца, Вялікдзень. Тут – радасць, весялосць, гонар за вынікі сялянскай працы. Сімвалы памяці: Дзяды, Радаўніца, любоў і павага да продкаў. Усё, што захавана ў народным ткацтве, не пералічыць, але кожны ўзор сімвалізуе дабро, праўду, прыгажосць, любоў, гонар за чалавека і яго працу, кожны ўзор мае сваё прызначэнне і сваю назву [1].

Узоры тканых і вышываных вырабаў – зашыфраваны аповед пра прыроду і чалавека. Там, як у добрай кніжцы, як у кіно, можна даведацца пра жыццё і людзей, пра сонца і зоркі, пра хваробу і пра здароўе, пра дзявочую долю і нядолю, пра ўсё, што ёсць у жыцці.

Гіпотэза: беларускі арнамент – гэта прыгожы ўзор ці своеасаблівая аповесць пра жыццё народа.

Мэты:

– фарміраванне ўласнага ўяўлення пра народнае мастацкае ткацтва;
– выяўленне найбольш распаўсюджанага ўзору на тканых вырабах Валожынскага раёна.

Каб дасягнуць сваёй мэты, я паставіла наступныя задачы:

– пазнаёміцца з гісторыяй мастацкага ткацтва;
– разгледзець асноўныя ўзоры на тканых вырабах, распаўсюджаных на тэрыторыі Валожынскага раёна;
– выявіць значэнне вобразаў на тканых вырабах.

Актуальнасць работы: тканыя вырабы нашых продкаў вылучаюцца прыгажосцю і гармоніяй. Продкі стварылі шматлікія ўзоры, якія ў наш час з’яўляюцца невычэрпнай крыніцай народнай мудрасці і жыццёвага вопыту. За стагоддзі развіцця традыцыйная арнаментыка сканцэнтравала багаты вопыт назірання людзей за прыродаю, жыццём, рознымі зразумелымі і незразумелымі для іх з’явамі. І гэты вопыт мы спрабуем сёння расшырыць, а па магчымасці і скарыстаць у нашым сучасным жыцці, пазнаючы вобразы і сімвалы мастацкага ткацтва.

 

 

ГЛАВА 1. АСНОВЫ ТКАЦТВА

1.1 Шматніткавае ткацтва

Да сярэдзіны ХХ стагоддзя найбольш пашыранай была шматніткавая тэхніка ткацтва. Было вядома ткацтва на чатыры, восем і большай колькасці нітоў. Тэхніка шматніткавага ткацтва дазваляла атрымліваць разнастайныя па арнаментацыі і малюнку перапляценні тканіны, што дасягалася ўжываннем пэўнай колькасці нітаў, адпаведным парадкам праборцы ў іх нітак асновы і ходам па панажах. Гэты від ткацтва, асабліва на пяць, восем і большай колькасці нітоў, патрабаваў ад ткачыхі ўмення запраўляць станок [5].

У тэхніцы шматніткавага ткацтва выраблялі настольнікі, ручнікі, посцілкі. У раёне сустракаюцца чатырох- і васьмінітовыя тканіны. Так ткала Зінаіда Лоўчая з вёскі Маршалкі.

Дробнашашачныя арнаменты шматніткавых тканін, іх кампазіцыйнае вырашэнне вельмі блізкія да тых, што характэрны для тканін Гродзеншчыны, суседняй Літвы. Шмат агульнага і ў назвах узораў тканін. Чатырохнітковыя тканіны з узорам маюць назвы: “дымка”, “дымачка”, “простая дымка”. Назву “нямецкая дымка” ўжываюць у вёсках Маршалкі і Дубіна.

Посцілку “крыжы”, чатырохніткавае ткацтва на шырокіх кроснах ткала Вера Барадака з Валожына.

На Валожыншчыне часта сустракаюцца настольнікі або посцілкі, выкананыя ў чатыры ніты з дапамогай двух уткоў з асаблівай кампазіцыяй, у якой узорныя бардзюры па чатырох баках аблямоўваюць цэнтральную частку з дробным малюнкам перапляцення. Перакрыжаванне бардзюраў па вуглах дае дадатковы малюнак узору. Завершанасць і складанасць кампазіцыі тканага вырабу сведчыць пра яе рамесніцкае паходжанне. Безумоўна, гэты папулярны ў народным ткацтве ўзор быў успрыняты сялянскімі ткачыхамі ад ткачоў-рамеснікаў. Для выканання такой тканіны ткачысе трэба было мець план праборкі нітак асновы і хода па панажах, запісаны на паперы [14]. З такімі вырабамі можна пазнаёміцца ў музеі традыцыйнай культуры г.п. Івянец.

 

1.2 Пераборнае ткацтва

Пераборная тэхніка ткацтва ў сярэдзіне ХХ стагоддзя робіцца адной з асноўных у вырабе посцілак. Шырокія дэкаратыўна-выяўленчыя магчымасці гэтай тэхнікі, а таксама з’яўленне новых матэрыялаў – катушачных баваўняных нітак для асновы, мулінэ, акрылу для асновы – садзейнічалі замацаванню за посцілкамі важнай мастацка-дэкаратыўнай ролі ва ўбранні інтэр’еру. Рознакаляровыя посцілкі, выкананыя ў пераборнай тэхніцы, набываюць значэнне дывана, эстэтычная вартасць якога ацэньваецца вышэй за ўтылітарныя. Яны прыходзяць на змену папярэдніх тыпаў посцілак: “суконным посцілкам” з авечай воўны, льняным посцілкам. Пераборная посцілка з кветкавымі ўзорамі трывала ўваходзіць у склад вясельнага пасагу, змяняючы традыцыйныя ручнікі, абрусы.

Для вырабу посцілак ужываюць дзве тэхнікі пераборнага ткацтва: аднабаковы і двухбаковы перабор, кожны з якіх мае свае арнаментальныя і каляровыя магчымасці.

Для пераходнага варыянту паміж старажытнай двухуточной бранай тэхнікай і засваеннем кампазіцыйна-арнаментальных магчымасцей двухбаковага перабору можна аднесці тканіны, якія ў літаратуры атрымалі назву “сейпак” [5] і якія ў Мінскай вобласці выяўлены ў Валожынскім раёне, дзе маюць назву “перабіранкі”.

 

1.3 Двухбаковы перабор

Посцілкі з двухбаковым малюнкам, выкананыя ў тэхніцы двухбаковага перабору з прыцісканай асновай, пераважна называюць перабіранкі. Асаблівасцю вырабаў з’яўляецца іх двухколернасць, а таксама двухбаковасць узору – адваротны бок мае негатыўную выяву малюнка на вонкавым баку тканіны [3]. Такія посцілкі даволі працаёмкія ў выкананні, але яны цаніліся за іх падабенства з фабрычнымі тэкстыльнымі вырабамі, за ўтылітарныя якасці – іх было магчыма засцілаць на абодва бакі.

 

1.4 Аднабаковы перабор

Народныя назвы перабіраных тканін, у якіх ніткі ўзорнага ўтку пракладаюцца толькі на вонкавай паверхні і замацоўваюцца страчавымі ніткамі, з’яўляюцца вытворнымі ад спосабу ўтварэння ўзору, праборцы або закладання ўзорнага ўтку: “выкладанка”, “выкладванка”, “выбіранка”, “убіранка”, “закладанка”.

Тэхніка аднабаковага перабору дазваляе стварыць тканіну з аднабаковым паліхромным узорам. Ён выкладзены ўзорным утком па вонкавым баку тканіны і злучаны з ёй страчавымі ніткамі асновы. Колькасць колераў узорных уткоў у гэтым выпадку не абмежаваныя, бо кожны колер закладаецца без ужывання чоўніка, уручную [7].

Слова“ўзор” так альбо іначай звязана з сонцам, з небам, зарой. Узор, зоры, зара, зараніца, зрок – родныя словы. Яны ўсе паходзяць ад стараславянскага слова “зрок”, што азначае погляд, воблік, а яшчэ – сонечны прамень. Старажытныя людзі лічылі сонца, што глядзіць з нябеснай вышыні ўсюдыісным вокам, даруе відушчасць усяму зямному [2].

Майстрыхі, складаючы свой узор са знакаў сонца і зямлі, праслаўлялі жыццёвыя сілы прыроды, урадлівасці зямлі і прасілі добрага ўраджаю – ад гэтага залежалі жыццё і дабрабыт зямлі. Сонца, зямля, вада і тое, што расце на зямлі, – асноўныя матывы старажытных вышывак, роспісаў, ткацтва.

Ромбы, квадраты, кругі, разеткі, зігзагі, кропкі і ўпісаныя ў іх кветкі, звяры і птушкі складаліся ў словы і нават цэлыя сказы, якія лёгка чыталі нашы продкі. Мы, на жаль, ужо не можам да канца прачытаць гэтыя фразы, мова іхняя для нас у многім страчана, але затое мы можам ацаніць незвычайнага хараства ўзоры, якія пакінулі нам старажытныя майстры.

 

 

ГЛАВА 2. ВОБРАЗЫ ЎЗОРАЎ

2.1 Вобраз роднай Беларусі

Прыгажосцю і мажорнасцю каларыстыкі вызначаюцца посцілкі з вобразамі роднай зямлі. Яны ззяюць усімі колерамі вясёлкі і сапраўды адпавядаюць нашай прыгожай Радзіме. Па сіле сваёй вобразнасці яны не саступаюць творам станкавага мастацтва (Дадатак, малюнак 1).

У старыя часы, калі нашы продкі яшчэ не ўмелі капаць калодзежы, чыстую ваду яны бралі з крыніц. Гэта было святое месца. Крынічная вада лічылася карыснай, гаючай, чароўнай. Крыніца – гэта своеасаблівы сімвал духоўнасці, яднання з роднай зямлёю. Гэты матыў у народным ткацтве досыць пашыраны і любімы [9]. Найбольш дасканалы яго варыянт уяўляе сабой кампазіцыю з квадрацікаў і прамавугольнікаў, якія нібы “разбягаюцца” ад цэнтраў, мігаюць і пераліваюцца ў вачах.

Шанаваліся не толькі крыніцы, але і наогул вада. Узор вады складаецца нібы з кругоў. Кругі гэтыя робяцца з цаглінак і клетак. У сярэдзіне яны большыя, а да берагоў меншыя. Яны падобныя на тыя кругі, якія бываюць, калі ў ваду кінуць камень (Дадатак, малюнак 2).

Цудоўная наша прырода. Гэта магутныя лясы і дубровы, блакітныя рэкі і азёры, маляўнічыя лугі і сады, прасторныя палі і нівы, багаты жывёльны і раслінны свет. У гэтым разнастайным і шчодрым свеце прыроды арганічна і натуральна пачуваўся чалавек. Ён шанаваў прыроду, услаўляў яе прыгажосць і шчодрасць у казках, песнях, легендах. Гэтае адзінства з прыродай, любоў да яе выявілася і ў народным мастацкім ткацтве [4]. На посцілках, ручніках, дарожках і іншых вырабах і кветкі, і травы, і жывёлы, і птушкі. Асаблівай квяцістасцю вызначаюцца вырабы апошніх дзесяцігоддзяў, калі ў народным мастацтве сталі забывацца сімвалічныя матывы геаметрычнага характару, а на першы план выйшла дэкаратыўнасць, якая часам пераходзіць у натуралізм. Асабліва гэта выяўляецца ў посцілках з расліннымі матывамі. Часам яны цалкам укрыты рознакаляровым дываном, у якім лёгка пазнаюцца канкрэтныя расліны. Асабліва папулярныя і любімыя ружы. Як відаць, родная прырода цешыць вока чалавека і ў “натуры”, і ў яго творчасці (Дадатак, малюнак 3).

Не абышоў народ і жывёльны свет. Чалавек ведаў звычкі і норавы дзікай і свойскай жывёлы, выкарыстоўваў гэта ў бытавых і гаспадарчых мэтах. Бытавалі павер’і, што жывёліны ўмеюць гаварыць, і, калі чалавек зразумее іх мову, ён стане мудрым і багатым. Нашы продкі верылі, што тая ці іншая жывёліна можа не толькі наклікаць бяду, але і засцерагчы ад яе, абараніць жыллё ад нячыстай сілы. Вось і ўпрыгожвалі нашы продкі вобразамі жывёл свае хаты, посцілкі, ручнікі [6].

На жаль, прыклады посцілак і ручнікоў з вобразамі жывёл знайсці не атрымалася.

 

 

2.2 Вобразы ўраджаю і ўрадлівасці

Найбольш папулярнымі былі вобразы ўраджаю і ўрадлівасці.

Галоўнай крыніцай існавання людзей на зямлі былі жывёлагадоўля і земляробства. Беларусь заўсёды была крыніцай класічнага земляробства. Тут здаўна радзілі жыта, ячмень, авёс. Нездарма так шмат беларускіх народных песень услаўляюць ураджай, хлебароба, адвечную сялянскую працу. Шмат сімвалаў ураджаю былі знойдзены ў дэкоры тканых вырабаў.

Васьміпялёсткавая разетка – Спарыш, сімвал добрага ўраджаю. Ромб з маленькіх квадрацікаў – Зямля-Карміцелька, маці ўраджаю. Чатырохканцовыя матывы нібыта складзеныя з жытніх каласоў.

Найбольш папулярны сімвал ураджаю – Жыцень – мае выгляд разеткі ў выглядзе ромба, ад вуглоў якога адыходзяць па два стылізаваныя жытнія каласы. Ён нагадвае дажынкавы вянок, які сімвалізаваў паспяховае заканчэнне жніва. Як сімвал ураджаю, вянок разам з дажынкавым снапом ставілі пад абразы на покуці.

Спарыш – чаканы і жаданы госць у сялянскай сям’і. Ён прыносіць вялікі ўраджай, поўныя засекі збожжа, дабрабыт у гаспадарцы [8].

Вобраз раю некаторыя вучоныя лічаць адным са славянскіх багоў ураджаю. Рай згадваецца ў многіх беларускіх песнях, пры гэтым заўсёды звязваецца з багаццем, заможнасцю дабрабытам.

Узор, што абазначае рай, мае выгляд разеткі з чатырох каласоў, якія перасякаюцца пад прамым вуглом. Рай часта спалучаецца з іншымі сімваламі ўраджаю.

На посцілцы Д.Янушкевіч паказаны ўзор Багача, таксама сімвала ўраджаю. Багач мае выгляд разеткі з чатырох моцна стылізаваных каласоў, размешчаных крыжападобна [13]. Варыянтаў яго шмат, але ў большасці выпадкаў узор кампануецца з цэнтральнай разеткі і стылізаваных каласоў, што адыходзяць ад яе. Звычайна Багач спалучаецца з іншымі сімваламі ўраджаю – Раем, Спарышом, Часам бываюць сімвалы Зямлі-Карміцелькі, хлеба.

Вобраз Палевіка, як апекуна хлебароба ўзнік, відаць, у тыя часы, калі наш далёкі продак суком узрыхліў зямлю і кінуў у яе зярняты. Палявік у сялянскім уяўленні нагадвае працаўніка-хлебароба: сівы, стары ў доўгай свіце, у лапцях, з кіем у руках. У траве ён ростам з траву, у жыце – з жыта. Калі жыта ўрадзіла, то Палявік добры і вясёлы, калі не – злосны, не задаволены.

Здаўна поле карміла хлебароба. Беларус называе жыта дабром. Жыта – гэта хлеб, які даражэйшы за золата. А Палявік забяспечвае ўраджай [11].

Узор Палевіка за многія стагоддзі трансфармаваўся ў геаметрычны арнамент з квадратаў, прамавугольнікаў, васьмівугольнікаў і ромбаў.

Сімвал зерня ў народнай мастацкай творчасці мае выгляд крыжыка, які амаль заўсёды дапаўняецца рознымі элементамі.

Матыў хлеба набыў выгляд шматграннікаў – кругоў ці ромбаў, устаўленых адзін у адзін. Гэты матыў вельмі пашыраны ў ткацтве, вышыўцы, аздабленні бытавых вырабаў народнага адзення (Дадатак, малюнак 4).

 

2.3 Вобраз язычніцкай міфалогіі

Народная творчасць Беларусі прасякнута адгалоскамі язычніцтва. Асабліва трывала яна ўтрымліваецца ў народнай памяці старажытнай міфалогіі. Карані яе ўзыходзяць да першабытных часоў, пазней славянскія плямёны развілі і ўзбагацілі яе. Ў той язычніцкі перыяд пакланенне прыродзе склалася ў цэласнае міфалагічнае светаўспрыняцце, галоўнымі аб’ектамі якога былі Маці-Зямля, бог Сонца, бог грому і маланкі Пярун, бог ветру Стрыбог, бог агню Жыжаль. Прыродныя з’явы і аб’екты ўвасаблялі Ярыла, Палявік, Дамавік, Вадзянік, Лесавік. Змены ў прыродзе, важнейшыя падзеі абазначалі і адлюстравалі Вясна, Радаўніца, Купала, Каляда, Масленіца. З прыняццем хрысціянства і распаўсюджаннем праваслаўя царква павяла рашучае змаганне за выкараненне з народнай памяці язычніцкіх вераванняў і звычаяў. Але народная памяць трывала ўтрымлівала язычніцкія звычаі, вераванні, абрады [11].

Сімвал Грамабоя нагадвае дзве васьмёркі, якія перасякаюцца пад прамым вуглом.

 

2.4 Вобразы кахання

Каханне, мабыць, узнікла разам з чалавекам. Гэтае высокае духоўнае пачуццё здавён ставіла канчатковай мэтай стварэння сям’і, выхаванне дзяцей, вядзенне сумеснай гаспадаркі.

Папулярныя сімвалы кахання – голуб і галубка. Як лічыцца ў народзе, “голуб азначае дзецюка, а галубка – дзяўчыну. А разам яны азначаюць любоў дзяўчыны і хлопца”. Каханне, гэтае ўсеабдымнае пачуццё, звычайна называюць светлым, радасным, узнёслым. Але каханне каханню розніца. Яно можа толькі зараджацца або ісці на спад, быць узаемным ці трагічным. Усе гэтыя асаблівасці ў народнай творчасці набылі адпаведную інтэрпрэтацыю.

Шчаслівае каханне – пэўна, найбольшае шчасце. Пра яго мараць усе, яму прысвечаны сотні мастацкіх твораў. Адлюстравана яно ў арнаментыцы народнага ткацтва досыць вобразна.

Калі голуб і галубка вытканы галоўка да галоўкі, то гэта значыць, што хлопец і дзяўчына любяць адзін аднаго. А калі паміж голубам і галубкаю паказаны букет ці вазон, то гэтак жанчына выказвае пажаданне вечнай шчаслівай любові.

Кожная кветка па-свойму прыгожая і адметная, але нездарма царыцай кветак называюць ружу. Гэта сама дасканаласць і прыгажосць. Ружа – сімвал прыгажосці і кахання. Асаблівай папулярнасцю карысталася гэтая прыгожая кветка ў народнай мастацкай творчасці з яе павышанай дэкаратыўнасцю, яркасцю і насычанасцю колераў, імкненнем для адлюстраванняў рэальных вобразаў [10]. Мы бачым на тканых посцілках сакавітыя буйныя кветкі і бутоны руж.

 

2.5 Вобразы чалавека, сям’і і дзяржавы

Чалавек – аснова жыцця на зямлі, аснова сям’і і моцы дзяржавы. Сімвалам чалавека з’яўляецца васьміканцовая зорка. Зорку аблямоўваюць кветкавай гірляндай ці падобным арнаментальным матывам геаметрычнага характару, што падкрэслівае веліч і прыгажосць чалавека.

Абагульнены вобраз чалавека ў народнай мастацкай творчасці нярэдка атрымлівае больш канкрэтная ўвасабленне – дзяўчыны, жанчыны, хлопца, мужчыны, дзіцяці, сям’і.

Сімвал дзяцей у ткацтве і вышыўцы мае выгляд васьміканцовай разеткі. У цэнтры звычайна змяшчаецца крыжык – абярэг ад няшчасцяў, пажаданне дабра, шчасця, здароўя.

Сімвал міласэрнасці. У цэнтры зорка – сімвал чалавека, навокал – гірлянды з кветак – гэта сімвал маці. Гэты вобраз найлепшым чынам увасабляе міласэрнасць, любоў да бліжняга.

 

2.6 Вобразы веры

Кожны чалавек жыве з вераю ў што-небудзь. Гэта дае яму жыццёвую энергію, стымул у працы, а калі трэба, то і гераізм.

Можна вызначыць тры асноўныя этапы ў адносінах да веры. Першы – язычніцкі. Нашы далёкія продкі пакланяліся прыродзе, верылі ў магічную сілу зямлі, сонца, вады, ветру.

Другі – звязаны з прыняццем хрысціянства. Пануючая стала вера ў сілу Усявышняга, існавання пекла і раю, жыцця на тым свеце.

Трэці этап наступіў у савецкі час, калі стала прапагандавацца вера ў камунізм.

Думаецца, што трэба верыць у сябе, у свае здольнасці, у сваю працу. Такім прынцыпам, вераю ў працу жыло не адно пакаленне нашых продкаў, у чым можна пераканацца, паглядзеўшы на розныя вобразы і сімвалы на тканых вырабах.

Кожны чалавек з узростам назапашвае вопыт, становіцца разумным і дасведчаным. Але яшчэ больш вопытным і разумным ён будзе, калі засвоіць мудрасць сваіх продкаў. Узор вытканы не толькі для прыгажосці, ён яшчэ і вучыць маладых хлопцаў і дзяўчат, каб яны слухалі старых людзей, вучыліся ў іх розуму, а завецца гэты ўзор “дзедам”. Прычым гэта быў не адзін абагулены сімвал, а некалькі. Так, узор-сімвал роднага дзеда мае выгляд крыжа з чатырох квадратаў. Сімвал агульнага продка (дзеда, прадзеда, прашчура) выяўляўся двума перакрыжаванымі прамавугольнікамі ці чатырма лініямі.

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

У даўніну сваімі каранямі ідуць традыцыі ткацтва. Цяпер прыгожыя накрыўкі, посцілкі і дываны ручной работы становяцца прадметам захаплення, іх дораць самым дарагім гасцям, пакідаюць у спадчыну дзецям, перасылаюць за мяжу. Не выключана, што ў хуткім часе такія вырабы наогул стануць рарытэтамі і будуць цаніцца на вагу золата.

Раней тыя, хто ўмеў прасці і ткаць, заўсёды былі апрануты лепш, і палатно маглі выменяць на іншыя рэчы. На кроснах ткалі палавікі, посцілкі, паясы, ручнікі, якія ўпрыгожвалі затым карункамі ручной работы.

Сёння ў вёсках амаль не ткуць: няма патрэбы. Усё можна купіць у магазінах. Павыносілі ткацкія станкі ды калаўроты са сваіх хат. Вырабы ж акуратнымі стосамі ляжаць у шафах. Некаторыя, праўда, каларытна дапаўняюць інтэр’ер сялянскага жытла, самыя ж прыгожыя рэчы жанчыны даюць на розныя выставы, якія ладзяць у час свят. Вочы разбягаюцца ад розных узораў, фарбаў і хітраватых перапляценняў.

Старэюць ткачыхі, іх дзеці, на жаль, не ўмеюць рабіць таго, што некалі было жыццём іх матуль і бабуль, іх продкаў. Ды і самі жанчыны ўжо не ў сілах ткаць – напрацаваныя рукі баляць. Толькі і застаецца, што час ад часу даставаць з шафы казачнай прыгажосці вырабы і ўзгадваць маладосць, колішняе жыццё.

Посцілкі матчыны, вас не хапае
Сёння ў нашым імклівым жыцці.
Круціць штодня мітусня гарадская,
Толькі без вас каранёў не знайсці.
                             (А. Міхаілаў) [12]

Невялікі па памерах, падоўжаны кавалак тканіны з роўнымі краямі быў сапраўднай школай майстэрства, дзе ўдасканальваліся прынцыпы арнаментальна-кампазіцыйнага афармлення, адточвалася пачуццё рытму, сіметрыі, колеравых суадносін.

У выніку  даследавання было выяўлена, што найбольш распаўсюджанымі на тэрыторыі Валожынскага раёна з’яўляюцца ўзоры ўраджаю і роднай зямлі. І гэта не дзіўна, таму што людзі дзякавалі прыродзе за яе шчырыя дары і шанавалі яе прыгажосць.

Гэта даследаванне з’яўляецца нагодай для таго, каб у будучым вывучаць народныя мастацкія традыцыі, паважаць і цаніць культурную спадчыну продкаў.

Цікавасць да традыцыйных, сапраўды народных узораў у вырабах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі ўсе больш расце. І далучэнне дзяцей менавіта да народнага мастацтва мае вялікія выхаваўчыя магчымасці на ўсіх ўзроставых ступенях навучання.

Ёсць упэўненасць, што на Валожыншчыне ткацтва не згіне. Сведчаннем таму – цудоўныя майстры: Яўгенія Сліж з вёскі Маршалкі, Марыя Стасяловіч з вёскі Сакаўшчына, Хрысціна Лямбовіч з Ракава, Марыя Сасонка з Івянца, іх вялікая любоў да спадчыны, жаданне перадаць сакрэты і майстэрства маладому пакаленню [14].

 

Спіс літаратуры

1 Боганева, А.М. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў / А.М.Боганева. –Мн. : Вышэйшая школа, 2011. – 911 с.
2 Капцэвіч, К.А. Беларусазнаўства / К.А.Капцэвіч. – Мінск, 1993. – 156 с.
3 Кацар, М.С. Беларускі арнамент / М.С.Кацар. – Мн. : Беларуская энцыклапедыя, 1996. – 208 с.
4 Лабачэўская, В.А. Традыцыйныя рамёствы Беларусі / В.А.Лабачэўская. – Мн. : 1995. – 134 с.
5 Лабачэўская, В.А. Традыцыйны народны тэкстыль / В.А.Лабачэўская. – Мн. : 2006. – 182 с.
6 Сахута, Я.М. Фарбы роднай зямлі / Я.М.Сахута. – Мн. : Народная асвета, 1985. – 190 с.
7 Сахута, Я.М. Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва / Я.М.Сахута. – Мн. : Беларусь, 1996. – 109 с.
8 Сахута, Я.М. Народныя мастацкія рамёствы Беларусі / Я.М.Сахута. – Мн. : Беларусь, 1996. – 167 с.
9 Таланцава, В.Ф. Мастацтва бачыць свет / В.Ф.Таланцава. – Мн. : Беларусь, 1998. – 231 с.
10 Фадзеева, В.Я. Беларускі ручнік / В.Я.Фадзеева. – Мн. : Полымя, 1994. – 326 с.
11 Шамякін, І.П. Этнаграфія Беларусі / І.П.Шамякін. – Мн. : Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1989. – 575 с.
12 Жніўныя песні. – Минск,1979. – 463с.
13 Лашук, А. Запур’еўскія кросны / А.Лашук //Працоўная слава. – 2003. –26 чэрвеня. – С. 4.
14 Жабко, С. Гараць знакі сонца на белым полі палатна / С.Жабко // Працоўная слава. – 2011. – 24 чэрвеня. – С. 5.

 

Дадатак

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий