Мая Беларусь. Знакамітыя людзі Беларусі. Занятак па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” ў старшай групе

- 17:43ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

На занятку абагульняюцца і сістэматызуюцца веды дзяцей пра Беларусь; фарміруюцца асновы патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці, паважлівыя адносіны да знакамітых людзей Беларусі.

 

Наталія ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 12 г.Навагрудка”,
Гродзенская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць уяўленні пра Беларусь, як пра родную краіну, пра дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь, пра родны горад і яго славутасці;
– фарміраваць уяўленні пра людзей, якія праславілі Беларусь, пра іх дзейнасць і дасягненні;
– выхоўваць пачуццё гонару за сваю малую радзіму, паважлівыя адносіны да гісторыі і культуры сваёй краіны і народа.

Матэрыял: прэзентацыі “Знакамітыя людзі Беларусі”, “Горад Навагрудак”; выстава кніг, сэрца (цацка), мультыборд.

Папярэдняя работа: разглядванне фотаздымкаў з відамі Навагрудка, чытанне і завучванне вершаў, прыказак пра Беларусь на беларускай мове.

 

Ход занятку

 

Выхавальнік. Добрай ранiцы! Добры дзень! (Добры дзень!)

Сябры мае, а на якой мове мы з вамi павiталiся? (На беларускай.)

А што гэта значыць? (Гэта значыць, што сёння мы на занятку будзем размаўляць на беларускай мове.)

Так, вы правiльна здагадалiся, сёння я хачу пра нашу Беларусь размаўляць з вамi на беларускай мове. Якая яна, наша Беларусь? (Мiлая, прыгожая, прыветлiвая, вялiкая, лясная, азёрная.)

А прачытайце вершы пра Беларусь.

1. Мой родны куточак,
Мая залацiнка!
З нябёсамi вочак
Блакiту iльну…
2. Зямля з блакiтнымi вачамi –
Раздолле рэчак i лугоў.
3. Краiна славы партызанскай,
Краiна мiру i даброт!
Ты – наша гордасць, наша казка!
Як сонца шчодры наш народ.
4. О, край родны! Край прыгожы!
Мiлы кут маiх дзядоў!
5. Радзiма ў нас – бязмежная,
Спякотная i снежная.
6. Наш край яснавокi –
З маленства любiмы куток.
Тут слова i песнi вытокi…
На карце – кляновы лiсток.

Выхавальнік. Малайцы якiя, як прыгожа сказалi пра нашу краiну, пра нашу Беларусь. А раз мы жывём у Беларусi, значыць, мы з вамi хто? (Беларусы)

А яшчэ ў кожнага з нас ёсць свая малая радзiма. Гэта той куточак, тое месца, дзе мы нарадзiлiся. Вось, напрыклад, мая малая радзiма знаходзiцца ў Навагрудскім раёне – гэта прыгожая вёска Вераскава. Я там нарадзiлася i вырасла. Там хадзiла ў школу. Там жылі мае тата i мама. Дзеці, а як завецца ваша малая радзiма? Дзе вы нарадзiлiся? Дзе вы пайшлi ў дзiцячы садок? (Адказы дзяцей)

Паглядзiце, калi ласка, уважлiва на экран (фотаздымкі Навагрудка) Цi пазналi вы гэтыя мясцiны? (Навагрудак. Наш дзiцячы сад.) Так. Гэта наш родны горад, наша малая радзiма – горад Навагрудак. Як нас называюць? Хто мы? (Навагрудчане)

I вялiкая Радзiма i малая маюць свае сiмвалы. А якiя гэта сiмвалы, паглядзiце, калi ласка (на экране – сцяг i герб Рэспублікі Беларусь)

Дыдактычная гульня “Складзі сцяг і герб Рэспублікі Беларусь”

(Дзецi падзяляюцца на дзве каманды i збiраюць пазлы; потым расказваюць, што атрымалася).

Фізкультхвілінка

Устаньце, дзеткі, усміхніцеся, (становяцца ў круг)
Зямлі нашай пакланіцеся

За шчаслівы дзень учарашні (кланяюцца).
Усе да сонца пацягніцеся, (падымаюць рукі ўверх)
Улева, управа нахіліцеся, (нахіляюцца ўлева, управа)

Верацёнцам пакруціцеся (круцяцца)
Раз прысядзьце, два прысядзьце (прысядаюць)
І на месцы ціха сядзьце (садзяцца на свае месцы)

Гульня “Знайдзі герб і сцяг горада Навагрудка”

На стале раскладзены гербы і сцягі гарадоў Гродзенскай вобласці. Дзеці разглядаюць і знаходзяць герб і сцяг Навагрудка.

Выхавальнік. Наша краіна знакамітая не толькі сваімі лясамі, азёрамі, балотамі, але і працавітымі людзьмі, якія сваімі добрымі справамі праславілі і сябе, і сваю краіну.

Вось, паглядзіце на экран. Гэта Ефрасіння Полацкая – наша асветніца. У 14 гадоў яна стала манашкай і ўсё сваё далейшае жыццё прысвяціла асвеце людзей. Асвета – гэта навучанне, распаўсюджванне ведаў і культуры. Яна адкрывала школы, бібліятэкі, перапісвала кнігі ад рукі, арганізоўвала будаўніцтва храмаў, навучала дзяцей. Паўтарыце, хто гэта. (Ефрасіння Полацкая)

А гэта Францыск Скарына – вельмі адукаваны чалавек, ведаў шмат моў, хацеў, каб як мага больш людзей маглі атрымліваць адукацыю. Ён хацеў, каб кніг было шмат і як мага больш людзей навучыліся чытаць, таму ён перапісваў кнігі ад рукі, а затым першым надрукаваў кнігу на сваёй роднай беларускай мове, гэта значыць – стаў першадрукаром. Францыск Скарына і Ефрасіння Полацкая нарадзіліся ў горадзе Полацку. Гэта найстарэйшы горад у нашай краіне. Хто гэта? (Паказваю фотаздымак Францыска Скарыны). А хто ён такі? (Першадрукар) 

Рабяты, у нашым родным горадзе Навагрудку жыў знакаміты польскі пісьменнік Адам Міцкевіч. Ён аказаў вялікі ўплыў на станаўленне беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Успомніце, дзеці, мы наведвалі з вамі Дом-музей Адама Міцкевіча. Раскажыце пра тое, што вам спадабалася і вы запомнілі. (Адказы дзяцей)

Добрыя справы нашых асветнікаў беларусы памятаюць і сёння. Якога чалавека можна назваць добрым? (Добрага, уважлівага, няпрагнага, спагадлівага, клапатлівага, уважлівага).

Пра дабрыню прыдумана шмат прыказак. Закончыце прыказкі:

– Добрую справу не трэба…(хваліць).
– Добрая справа без узнагароды … (не застанецца).

– За дабро дабром і … (плацяць).
– Добрая справа два …(стагоддзі жыве).
– Жыццё дадзена на добрыя … (справы).
– Добрую справу, добры чалавек …(пачынае).

– Добрую справу на заўтра …(не адкладай).
– Добрую справу дабра …(вучыць).

Гульня “Мае добрыя справы”

Дзеці перадаюць адно аднаму цацку сэрца ( і распавядаюць пра тое, якую добрую справу яны зрабілі.

Выхавальнік. А добрай справай асветнікаў стала іх праца – асвета людзей і кнігадрукаванне. Даўным-даўно не было столькі друкаваных кніг, як цяпер. Раней кнігі пісаліся ад рукі. Гэта была вельмі цяжкая праца, і, каб напісаць кнігу, сыходзіла шмат часу і сіл. Некаторыя кнігі пісаліся цэлы год. І кнігі былі вельмі вялікімі і цяжкімі, не такімі, як цяпер. Паглядзіце, колькі маляўнічых кніг у нас у групе. Для таго каб кнігі заставаліся як новыя, неабходна правільна імі карыстацца.

Выхавальнік. Акрамя знакамітых асветнікаў, у Беларусі ёсць многа знакамітых людзей. Звярніце ўвагу на экран (фотаздымкі спартсменаў). Вы бачыце знакамітых спартсменаў Беларусі. Можа вы каго ведаеце з беларускіх спартсменаў?

Знаёмцеся – гэта біятланістка Дар’я Домрачава, тэнісісты Максім Мірны і Вікторыя Азаранка, фрыстайлісты Ала Цупер і Антон Кушнір. Нашы знакамітыя спартсмены праславілі нашу Беларусь і заваявалі залатыя медалі, удзельнічаючы ў алімпійскіх гульнях. Нашы землякі навагрудчане таксама заваявалі залатыя медалі. Гэта біятланістка Людміла Ананька, барэц Аляксандр Грабовік. Дзеці, мы з вамі павінны ганарыцца дасягненнямі нашых спартсменаў, яны праслаўляюць нашу краіну.

Гульня “Найдзі спартыўны інвентар спартсмена”

Выхавальнік. На беларускай зямлі многа людзей, якія праславілі нашу Беларусь. Звярніце ўвагу на экран. Можа яны вам знаёмы? Хто гэта? (Касманаўты)

А хто першы касманаўт? (Юрый Гагарын)

У космас ляталі і касманаўты, якія нарадзіліся на беларускай зямлі: Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак, Алег Навіцкі. Пётр Клімук стаў першым беларускім касманаўтам, які пабыў у космасе. Нашы касманаўты правялі ў космасе многа дзён і начэй. А як вы думаеце, ці лёгка стаць касманаўтам. (Гэта цяжкая прафесія) Сапраўды, касманаўтам стаць цяжка. Трэба вельмі доўга і старанна вучыцца, загартоўваць свой арганізм, займацца спортам.

Вось, дзеці, з якімі знакамітымі людзьмі, якія праслаўлялі нашу краіну, мы сёння з вамі пазнаёміліся.
Дзеці, а ці спадабаўся вам занятак?
А што больш усяго прыцягнула вашу ўвагу?
Якіх знакамітых людзей Беларусі вы запомнілі? (Адказы дзяцей)

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий