Замацаваць веды пра паслядоўнасць працэсу вырошчвання хлеба. Пры дапамозе даследчай дзейнасці пашырыць веды і ўяўленні дзяцей пра асаблівасці знешняга выгляду зерня і мукі.
Алена ЯКІМОВІЧ, выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Алекшыцкі дзіцячы сад” Бераставіцкага раёна,
Ала СЯЎКО, настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Старадварэцкая базавая школа” Бераставіцкага раёна,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы:
– паглыбіць і сістэматызаваць веды дзяцей пра тое, што хлеб – галоўнае багацце нашай краіны, пра разнастайнасць хлебабулачных вырабаў;
– замацаваць веды пра паслядоўнасць працэсу вырошчвання хлеба; пры дапамозе даследчай дзейнасці пашырыць веды і ўяўленні дзяцей пра асаблівасці знешняга выгляду зерня і мукі (колер, форма, памер, вага);
– развіваць дыялагічную мову, творчыя і пазнавальныя здольнасці, увагу, мысленне, памяць, уменне рабіць вынікі, узбагачаць слоўнікавы запас;
– выхоўваць беражлівыя адносіны да хлеба, пачуццё патрыятызму, павагу да працы хлебароба.
Абсталяванне: талерачкі з зернем і мукой, шапачкі, фартухі, музычнае суправаджэнне, мнематабліца, інтэлект-карта “Паслядоўнасць вырошчвання зерня”, ілюстрацыі хлебабулачных вырабаў, салёнае цеста, семя ільну, кунжут, хлебны каравай.
Папярэдняя работа: развучванне верша пра хлеб, экскурсіі на зернясклад, месца працы бацькоў выхаванцаў.
Прэзентацыя: https://drive.google.com/file/d/19usPVGrucc1_HNAwKpQzzXOp18kY17xc/view?usp=sharing
Ход занятку
Выхавальнік выводзіць дзяцей (узяўшыся за рукі ў парах). Дзеці становяцца ў кола, вітаюцца.
Выхавальнік.
Сонейка ўстала,
Раніца настала.
Мы ўсе сабраліся,
За рукі ўзяліся,
Павіталіся: “Добрай раніцы!”
Выхавальнік. Сёння наша хата гасцямі багата. Шчыра ўсіх вітаем і здароўя жадаем!(Дзеці сядаюць на крэселкі)
Дзеці, жадаеце даведацца, пра што будзем гаварыць на занятку? Паслухайце, калі ласка, верш. Ён падкажа нам тэму занятку.
Гучыць ціхая музыка, выхавальнік дэманструе малюнак каласка.
Каласок, каласок,
Поля жніўнага званок,
Абвясціць спяшае:
Ніва даспявае!
З каласка зярняткі,
Нібы дзеткі з хаткі,
Дружна выглядаюць –
Весела гукаюць.
Пра што гаворыцца ў вершы? (Адказы дзяцей) Сапраўды, мы з вамі будзем гаварыць пра каласок. У нас ёсць сабраныя каласкі. Вазьміце, калі ласка, сабе па адным. Сёння пойдзем шляхам трох пытанняў.
1) Дзе мы бачылі каласкі? (Паказаць малюнкі: на поле, у кнізе, на нашым гербе)
2) Пра што мы хочам даведацца?
– Для чаго патрэбныя зярняткі?
– Якой формы каласок, які ў яго памер?
– Чым ён такі важны, што размешчаны на гербе Беларусі?
3) Што мы будзем рабіць?
Мы будзем даследаваць далонямі. (Кладуць каласкі на паднос) Мы ўжо ведаем з чаго робяць хлеб, як яго вырошчваюць. Дзеці, а хто ведае верш пра хлеб? (Расказваюць двое дзяцей)
1 У кожны дом,
На кожны стол
Хлеб завітаў, прыйшоў.
У ім здароўе, наша сіла,
У ім цудоўнае цяпло.
Колькі рук яго расцілі,
Захоўвалі, бераглі.
2 Хлеб жытні, батон і булкі
Не здабудзеш на прагулцы.
Людзі хлеб у палях гадуюць,
Сіл для хлеба не шкадуюць.
Выхавальнік. Вершы вы добра расказалі, малайцы.
Правільна, дзеці, каб вырас колас хлеба, патрэбна праца дзясяткаў рук.
А цяпер прапаную ўспомніць, як вырошчваюць хлеб і расставіць малюнкі ў патрэбным парадку.
Інтэлект-карта
Настаўнік-дэфектолаг. Што трэба зрабіць спачатку?
1) Спачатку трэба ўзараць зямлю, каб яна стала мяккай. (Імя дзіцяці), знайдзі і пастаў малюнак, дзе аруць зямлю.
2) Потым поле трэба засеяць. (Імя дзіцяці), знайдзі малюнак, дзе трактар засявае поле.
3) Вырастаюць каласкі, іх многа, цэлае поле. (Імя дзіцяці), знайдзі малюнак зялёнага поля з маладымі каласкамі.
4) Дожджык іх палівае. Ад сонейка яны бяруць цяпло і становяцца залатымі. Пакажы нам, (Імя дзіцяці), малюнак з залатымі каласкамі.
5) Затым на палі выходзяць камбайны. (Імя дзіцяці), знайдзі малюнак, дзе працуе ў полі камбайн.
6) Потым машына адвозіць зерне на склад. (Імя дзіцяці), прымацуй малюнак.
– І мы з вамі таксама пабывалі на экскурсіі на зерняскладзе. Зараз гасцям раскажам, пра што даведаліся.
Слайд 1
Выхаванец 1. Мой тата – аграном. Ён нам расказаў, як расце зерне ў полі, як яго ўбіраюць.
Слайд 2
Выхаванец 2. Мой тата – шафёр. Ён з поля прывозіць зярняты на склад.
Слайд 3
Выхаванец 3. Вось так выглядае сушылка, на якой сушаць зярняты.
Слайд 4
Выхаванец 4. Вось які багаты ў гэтым годзе ўраджай!
Фізкультхвілінка
Вырас у полі каласок:
Ён не нізак, не высок.
Вецярок яго качае,
Улева, управа нахіляе.
Каласкі мы ўсе пажнём –
Шмат мы хлеба напячом,
А яшчэ наварым кашы,
Падмацуем сілы нашы.
Даследчая дзейнасць
Выхавальнік. Малайцы! А зараз я хачу запрасіць вас у нашу лабараторыю, але, каб туды папасці, трэба сказаць чароўнае заклінанне. Згодны?
Топ-топ, хлоп-хлоп,
Вакол сябе павярніцеся,
У маленькіх чараўнікоў ператварыцеся!
Зараз мы падрыхтуемся да працы: трэба апрануць фартухі, надзець шапачкі. (Дзеці апранаюцца і сядаюць за сталы)
Перад тым, як мы пачнём працаваць, давайце ўспомнім правілы паводзін:
– Мы павінны быць акуратнымі і ўважлівымі.
– Нельга нічога браць у рот, уважліва слухаць выхавальніка.
– Пасля працы абавязкова памыць рукі з мылам.
Цяпер мы павінны падрыхтаваць нашы ручкі да працы.
Пальчыкавая гімнастыка (Праводзіць настаўнік-дэфектолаг)
Я аловак пакручу,
Кожны пальчык навучу
Маляваць, ляпіць, пісаць
I, вядома, працаваць.
Выхавальнік. Паглядзіце: перад вамі талерачкі. Што ў іх ляжыць? (Талерачкі з зярняткамі) Вазьміце па адным зярнятку і пакладзіце на далоньку. Давайце разгледзім зерне.
– Якога яно памеру? Маленькае ці вялікае? (Адказы дзяцей)
– Якога колеру? (Жоўтае)
– Цяпер вызначым, якой яно формы. (Зерне авальнае)
– Дакраніцеся да зярнятка пальчыкамі. Якое яно? Адкажы, калі ласка, (Імя дзіцяці), цвёрдае ці мяккае?
– Гладкае ці калючае?
– Цяжка трымаць зерне на далоньцы? (Дзеці робяць вывад, што яно лёгкае).
– Мы з вамі разглядзелі зярняты. Яны жоўтага колеру, форма іх авальная, навобмацак зерне цвёрдае, гладкае, а па важкасці – лёгкае.
(Дзеці па чарзе выкладаюць адпаведныя сімвалы для мнематабліцы, вынік прагаварваюць разам.)
А зараз паглядзіце, што знаходзіцца на другой талерачцы. (Мука) Калі зерне змалоць, то атрымаецца мука. Дзеткі, давайце далонямі дакранёмся да мукі, разраўняем яе.
– Якая мука: цвёрдая ці мяккая?(Мяккая)
– А цяпер зробім пасярэдзіне адбітак кулачком. Паглядзіце на кулачок. Які ён стаў? (Белы)
– Чаму ён белы? (Таму што мука белага колеру)
– Давайце лыжачкай праверым, умее мука сыпацца ці не? (Значыць мука сыпучая). Давайце паўторым новае слова – сыпучая.
– Двума пальчыкамі вазьміце і пакладзіце на далонь, а зараз лёгенька падуем. Што зрабілася з мукой? Паляцела, значыць, яна цяжкая ці лёгкая?
– Вось якая у нас мука: белая, мяккая, сыпучая, лёгкая.
(Дзеці па чарзе выкладаюць адпаведныя сімвалы для мнематабліцы.)
Пратрыце, калі ласка, рукі сурвэткамі.
Дзеці, а што можна спячы з мукі? (Бліны, булкі, піражкі, хлеб). (Паказаць малюнкі хлебабулачных вырабаў)
Давайце мы з вамі таксама зробім прыгожыя булкі. Яны будуць захоўвацца ў нашым музеі, таму мы іх зробім з салёнага цеста.
Дзеці лепяць булкі, пасыпаюць макам і ільнасемем.
Малайцы, дзеці, прыгожыя ў вас атрымаліся булкі.
Паглядзіце, які доўгі шлях хлеба ад поля да нашага стала, колькі людзей працуе, каб хлеб з’явіўся на нашым стале. І бацькі вашы таксама працуюць. Вось таму, дзеці, каласок з зернем і размешчаны на нашым гербе. (Разгледзець герб Рэспублікі Беларусь). Калоссе жыта – сімвал працавітасці, бо вырасціць хлеб – вельмі цяжкая праца.
Як мы павінны адносіцца да хлеба? (Адказы дзяцей) Я спадзяюся, што вы будзеце з павагай адносіцца да хлеба.
На гэтым наш занятак скончаны, вы ўсе малайцы, працавалі дружна, старанна. З вас атрымаліся сапраўдныя даследчыкі.
А зараз пачастуем нашых гасцей смачным караваем з новага ўраджаю.