Мой тата самы лепшы. Сцэнарый свята для дзяцей старшай групы (5–7 гадоў)з удзелам бацькоў

- 17:33ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Сцэнарый свята да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

 

Вера ДЗЯДОЛКА,
кіраўнік фізічнага выхавання
ДУА
“Дубненскі дзіцячы сад”
Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Праграмныя задачы

Адукацыйныя:

– пашыраць уяўленне дзяцей аб дзяржаўным свяце Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь;
– замацоўваць і ўдасканальваць рухальныя уменні і навыкі выхаванцаў.

Развіваючыя:

– развіваць лоўкасць, хуткасць, сілу, вынослівасць;
– развіваць уменне дзяцей узаемадзейнічаць адно з адным;
– развіваць агульныя і музычныя здольнасці.

Выхаваўчыя:

– выхоўваць любоў да Радзімы, пачуццё гонару за сваіх блізкіх (за тату, старэйшага брата, за дзядулю);
– умацоўваць дзіцяча-бацькоўскія адносіны.

Матэрыял і абсталяванне: сцяжкі па колькасці дзяцей, абручы, мячы маленькага дыяметра, кубікі, шарыкі, 2 кубы вялікіх, 2 карзіны, 2 вяровачкі з якарамі, 2 мальберты, маркеры, 2 рацыі, кеглі, 2 бар’еры, музычная калонка.

 

Ход мерапрыемства 

Пад песню “Бравыя салдаты” (сл. Т.Волгінай, муз. А.Філіпенкі) уваходзяць выхаванцы старшай групы, праходзяць круг пашаны і становяцца ў калону па тры.

Вядучы. Добры дзень, рабяты! Добры дзень, нашы дарагія госці! Сёння мы адзначаем вялікае свята – Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь! Мы сабраліся ў гэтай зале, каб павіншаваць усіх мужчын з гэтым цудоўным святам. Бо ў кожнай сям’і ёсць мужчыны – абаронцы. Гэта і дзядулі, і таты, і нашы хлопчыкі. Пажадаем ім сіл, здароўя, поспехаў ва ўсіх пачынаннях і мірнага неба над галавой усім нам.

Дзеці.

1 Многа ёсць на свеце святаў,
А найлепшае – для таты!
Абаронцаў Дзень Айчыны,
Дата гонару мужчыны!

2 Мы, дзяўчаткі – птушаняты,
Вас віншуем з гэтым святам!
Прызнаёмся вам бясконца:
Мы без вас, як дзень без сонца,

3 I тады наш дом багаты,
Калі побач з мамай – тата!
Нам патрэбна ваша ласка,
Перад сном – пястуха-казка,
Нам патрэбны вашы плечы,
Каб упэўненым быць вечна!

4 Калі стану я дзяўчынай,
Дык знайду сабе хлапчыну,
Каб быў добры, дужы, статны,
Ну, зусім такі, як тата!

Вядучы. Наша свята аб’яўляю адкрытым!

Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

Вядучы. У жыцці кожнага дзіцяці і дарослага тата займае асаблівае месца. Мы верым у здольнасць нашых бацькоў справіцца з любымі праблемамі і выканаць усе нашы жаданні. Тата заўсёды ведае, як зрабіць нашы дні асаблівымі, няхай гэта будзе пікнік на прыродзе, або прагулка на ровары, або проста пястота і шумныя гульні.

Дзеці.

1 Тата мой найлепшы самы,
Бо шкадуе надта маму.
Яна вернецца з работы,
Кажа жаласна, журботна:
– Не магу вас пакарміць,
Галава нешта баліць.
Пойдзе ціхенька ў зал,
Ўключыць тэлесерыял.
Тата ж зварыць і памые,
Адпрасуе і зашые,
Скруціць мяса на катлеты,
Пасцірае ўсе сурвэты.
I як будзе ўсё гатова,
Мама ўстане: “Я – здарова!”
Пацалуе тату моцна,
Ён жа свеціцца, як сонца!

2 Што тут многа гаварыць:
Без мужчынаў нам не быць!
Хто на свеце моцны самы?
Без каго не могуць мамы
Вырашаць любыя тэмы
Ды жыццёвыя праблемы?
Абаронцы хто Айчыны?
– Нашы мужныя мужчыны!

Для татаў гучыць песня “Тата можа, тата можа …”(сл. М.Таніча, муз. У.Шаінскага)

Выходзяць дзяўчынкі і вядуць за сабой хлопчыкаў
Дзяўчынка

Добры дзень усім, хто ў зале!
Вас мы трошкі затрымалі,
Гэта ж хлопцы не прыйшлі.
Дзякуй Богу, прывялі!

Хлопчык

Ну, навошта ж так, дзяўчаты!
Сарамлівы мы народ.
Не крыўдуйце, усё ў парадку!
Абяцаем напярод:
Як найлепш рабіць, старацца,
Не падводзіць без прычыны.
Вам заўсёды падабацца,
Як сапраўдныя мужчыны!

Дзяўчынка

Так і быць, вас выбачаем,
У апошні, можа, раз,
А сягоння запрашаем
У гэты зал, бо свята ў нас!
Віншаваць дзядуль і татаў
Ёсць нагода, ёсць прычына,
Сёння ў іх такая дата –
Абаронцаў дзень Айчыны!

Хлопчык

Шлём усім вам віншаванні,
Шчасця, міру пажаданні!
Лічаць супер нас хлапцамі.
Будзьце ж з намі малайцамі!

Вядучы. А што больш за ўсё любяць рабіць нашыя дзеці? (Гуляць). Давайце мы зараз усе крыху пагуляем. Сёння ў гэтай зале мы жадаем сумясціць гульні і весялосць. Нашы дзеці і таты прадэманструюць сваю сілу, хуткасць, знаходлівасць. Мужчыны павінны быць моцнымі і ўмелымі, каб здолець абараніць свой дом, сваю сям’ю, сваю Радзіму. Мы запрашаем вас паўдзельнічаць у нашым свяце, прысвечаным Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь!

 

Размінка са сцяжкамі пад музыку

Першы конкурс “Дружная каманда”

Удзельнічаюць дзве каманды дзяцей (па 7 чалавек у камандзе). Спачатку першы ўдзельнік дабягае ў абручы да арыенціру, вяртаецца назад, бярэ наступнага ўдзельніка каманды і бягуць да арыенціру, дабягаюць, бяруць наступнага і так, пакуль уся каманда не будзе ў ланцужку. Перамагае каманда, якая хутчэй выканае заданне і не разарве “ланцуг”.

Другі конкурс “Снайперы”

Удзельнічаюць таты. Таты з завязанымі вачыма сядзяць на крэслах. Перад імі – кошыкі з шарыкамі і кубікамі, справа і злева – ёмкасці. Трэба перакласці кубікі ў адну ёмкасць, а шарыкі ў другую. Хто правільна і хутчэй выканае заданне, той перамагае.

Трэці конкурс “Пераправа”

Удзельнічаюць таты і дзеці. Таты і дзеці стаяць побач. Таты на ступнях ног пераносяць дзяцей, трымаючы за рукі, тварам да сябе. Хто правільна і хутчэй выканае заданне, той перамагае.

Чацвёрты конкурс “Перанясі рацыю”

Удзельнічаюць таты і дзеці. Таты трымаюць абручы, дзеці з рацыяй пралазяць праз абруч, дабягаюць да куба, кладуць рацыю. Наступны ўдзельнік пралазіць праз абручы, забірае рацыю і прыносіць яе наступнаму ўдзельніку. Хто хутчэй выканае заданне, той перамагае.

Пяты конкурс “Аддаць якар”

Удзельнічаюць спачатку два таты, затым – двое дзяцей. Хто хутчэй закруціць вяровачку да якара, той перамагае.

Шосты конкурс-віктарына “Мая Радзіма – Рэспубліка Беларусь!”

– Назавіце сталіцу Беларусі (Мінск)
– Назавіце прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (А.Р.Лукашэнка)
– Якія дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь вы ведаеце? (Сцяг, герб, гімн)
– Колькі абласцей у Беларусі? (6)
– Назавіце іх (Мінская, Віцебская, Магілёўская, Брэсцкая, Гродзенская, Гомельская)
– Птушка – сімвал Беларусі (Бусел)

– Цар Белавежскай пушчы (Зубр)
– Якую гародніну называюць у Беларусі другім хлебам? (Бульба)
– Як называюць жыхароў Рэспублікі Беларусь? (Беларусы)

Сёмы конкурс “Намалюем партрэт любай мамы”

Удзельнічаюць таты. Перад кожнай камандай на фінішы стаіць мальберт. Першы ўдзельнік малюе авал асобы, другі – вочы, трэці – бровы і вейкі, чацвёрты – нос і рот, пяты – валасы. Хто прыгожа і правільна выканае заданне, той перамагае.

Вядучы. Нашы таты не толькі хуткія і спрытныя, але яшчэ і выдатныя мастакі! А зараз прапаную вам наступны конкурс.

Восьмы конкурс “Самы меткі”

Удзельнічаюць таты і дзеці. Каманда ў калоне па адным, у руках у кожнага ўдзельніка – мяч. Тата з кошыкам – на фінішы. Па сігнале ўдзельнік скача на адной назе да абруча, устае ў яго і выконвае кідок мяча, тата імкнецца злавіць мяч кошыкам.

Дзявяты конкурс “Ратавальнікі”

Удзельнічаюць таты і дзеці. На падлозе у розных канцах залы ляжаць два абручы, у адным з іх стаяць дзеці. Таты размяшчаюцца паміж абручамі і па камандзе па чарзе перадаюць з рук у рукі дзяцей. Чыя каманда хутчэй эвакуіруе дзяцей у бяспечнае месца, тая і перамагла.

Дзясяты конкурс “Дастаўка боепрыпасаў на лінію фронту”

Удзельнічаюць дзеці. У кожнага ўдзельніка ў руцэ па кеглі, па сігнале ўдзельнік дабягае да бар’ера, прапаўзае пад ім, бяжыць да абруча-арыенціру, кладзе ў яго кеглю і вяртаецца да каманды па прамой, перадае эстафету.

Вядучы. Так, сілы прыбавілася ва ўсіх. Усе стаміліся, зробім інтэлектуальны перапынак. Адпачнём і патрэніруем наш розум.

Адзінаццаты конкурс “Інтэлектуальны перапынак”

Рабяты, а вы ведаеце ваенныя прафесіі? Ну, мы зараз праверым. Ваша задача прадоўжыць сказ!

– Танкам упраўляе (танкіст)
– За штурвалам самалёта сядзіць (лётчык)
– З кулямёта страчыць (кулямётчык)
– У разведку ходзіць (разведчык)
– Мяжу ахоўвае (памежнік)
– На падводнай лодцы нясе службу (падводнік)
– З парашутам скача (дэсантнік)

– На караблях служаць (маракі).

Адкажыце на пытанні:

1) Якая жывёла з’яўляецца лепшым памочнікам памежніка? (Сабака)
2) На якіх машынах служаць ваенныя лётчыкі? (Самалёт, верталёт)

Вядучы. Мы ўсе пераканаліся, што нашы таты ў выдатнай форме, а хлапчукі з дзяўчынкамі не адстаюць ад іх.

Дарагія нашы мужчыны! Дазвольце яшчэ раз павіншаваць вас са святам!

Жадаю вам, таты, дзядулі,
Заўсёды быць здаровымі, моцнымі.
Дабіцца поспеху ў імкненні да вяршыняў.
Паспяховымі быць і мілымі!

І вядома, клапаціцца аб сваёй сям’і і падаваць добры прыклад сваім дзецям.

Дзеці выконваюць песню “Беларусь – мая Радзіма” (сл. У.Пецюкевіча, муз. Д.Даўгалёва)

Вядучы. Ну і якое ж свята без падарункаў? (Уручаюцца падарункі татам і хлопчыкам.)

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий