Вясновае падарожжа. Свята для дзяцей старшай групы (5–6 гадоў)

- 17:15ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Свята накіравана на далучэнне дзяцей да культурнай спадчыны беларускага народа.

 

Таццяна ЧЭРНІКАВА,
Юлія МАРКЕВІЧ,
музычныя кіраўнікі
ДУА “Дзіцячы сад № 74 г. Гродна”

 

 

Праграмныя задачы: 

– далучыць дзяцей да беларускай народнай культуры праз удзел у народным свяце;
– фарміраваць уменні самастойна выразна выконваць песні, перадаваць асаблівасці характару, музычна-рытмічнага малюнку пры выкананні народных танцаў;
– развіваць моўныя здольнасці, камунікатыўныя навыкі, выхоўваць эмацыянальна пазітыўнае стаўленне дзяцей да традыцыйнага беларускага свята “Гуканне вясны”.

 

Матэрыял і абсталяванне: шырма, светлавы пражэктар, выявы змей, гадзюк для тэатру ценяў, ключы на ланцугу, драўляны куфар, саматканыя ручнікі, дзіцячыя музычныя інструменты (бубны, трашчоткі, лыжкі, свістулькі, бразготкі), дыятанічныя званочкі, беларускія нацыянальныя касцюмы для хлопчыкаў і дзяўчынак, аўдыязапісы (фанаграмы песень”Я вясну гукаю” (сл. М.Маляўкі), “Мама, сонейка і я” (сл. М.Маляўкі, муз. І.Лучанка), “Жавароначка-пяюха” (сл.  Т.Атрашэнка), “Танцавальнае папуры” (апрац. В.ГМулявіна), паданне “Адкуль пайшлі буслы”, “Гуканне вясны” (сл. В.Жуковіча, муз. А.Рэмізоўскай)), музычны цэнтр. 

Прэзентацыя: https://drive.google.com/file/d/1CkgisZLDxuekL4sDuRcM-DGNBXFFDiUR/view

Дзеючыя асобы: Гаспадыня, Бусел, Змей, Вясна – дарослыя.


Ход свята

Гучыць беларуская народная музыка, дзеці ланцужком стаяць за кулісамі, адна дзяўчынка забягае ў залу.

Дзяўчынка. 

Там на талацы,
Збіраліся малайцы.
Яны весела гукаюць
Вясну-красну заклікаюць.

Дзеці (уваходзяць у зал, ідуць па крузе і ўсе разам прыгаворваюць).

Прыйдзі, вясна, на лужок, растапі, сонца, сняжок,
Ідзі, лёд, з ракі, хай бягуць ручайкі,
Прылятайце, птушкі, ой, гушанькі-гушкі.

(Становяцца ў два колы, ідуць у розных напрамках прыгаворваючы.

А мы песню спяваем, спяваем!
Вясну-красну запрашаем!
Вітаем прыгажуню, вітаем!

Гаспадыня.

Адчыняйце вароты.
Першы сакавік прыйшоў,
Усіх дзяцей з сабой прывёў.
А зараз будзем вясну гукаць!

Дзецi і Гаспадыня (спяваюць разам a cappella).

Ой, вясна ты, вёсенька, дзе падзелася?
Нам зіма халодная ды прыелася.
Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецечка прынясіце!
Сагрэй ты нас, цяплом, абвей,
Ідзі, вясна, ідзі хутчэй!

Гаспадыня. А ці ведаеце вы, дзеці, якія птушкі вясну на крылах прыносяць? (Адказы дзяцей). Я прапаную вам паслухаць адно цiкавае паданне.

 

Тэатр ценяў “Адкуль пайшлi буслы?”

(аўдыязапіс падання “Адкуль пайшлі буслы”)

Гучыць беларуская народная музыка. У цэнтр залы выходзіць Бусел і прытанцоўвае.

Бусел. Хто мяне клікаў, хто мяне гукаў?
Дзеці. Мы!

Гаспадыня. 

Дзе бусел сядзе – дастатак будзе,
Дзе бусел есці будзе – шчасце будзе,
Дзе бусел гняздо звіў – дзеткі будуць.

 

Музычна-рытмічная гульня “Бусел, бусел, што ты робiш?”

Дзецi становяцца ў кола.

Дзеці. Бусел, бусел, што ты робіш?

Бусел. Ямачку капаю.

Дзеці. Навошта табе ямачка?

Бусел. Каменьчыкі збіраю.

Дзеці. Навошта табе каменьчыкі?

Бусел. Іголачкі вайстрыць.

Дзеці. Навошта табе іголачкі?

Бусел. Мяшочкі шыць.

Дзеці. Нашто табе мяшочкі?

Бусел. Вас лавіць! (Даганяе дзяцей).

 

Гаспадыня. Дзе ж вясна затрымалася? Дзе ж вясна-красна заблукалася? Давайце яшчэ раз яе паклічам.

Дзеці. Вясна-красна – гу! Прыйдзі ясна – гу!

Гаспадыня. Давайце песняй зваць, каб лепш было чуваць!

Бусел.

На музычных інструментах зайграйце,
Песню заспявайце.

Бусел раздае дзецям музычныя інструменты.

 

Песня “Я вясну гукаю” (сл. М.Маляўкі)

 

Гучыць беларуская народная музыка. У цэнтр залы выходзіць Вясна.

Вясна. Добры дзень, дарагія дзеці! Добры дзень, дарагая Гаспадыня!

У карагод хутчэй уставайце, мяне, Вясну, сустракайце.

 

Карагод “Гуканне вясны” (сл. В.Жуковіча, муз. А.Рэмізоўскай)

Дзяўчынка. 

Маладая вясна, залатая пара!
Будзь красна і ясна, не шкадуй нам дабра!

Дзецi. Ой, Вясна, ой, Красна, а што ты нам прынесла?

Вясна.

Збiрала я для вас шмат дабра:
Дрэву – лісцікі – шапацець.
Гаю – птушачак – гаманіць.
Лету – сонейка – ярка ззяць.
Саду – кветачкі – расквітаць.
Каб свята вясновае сустракаць
I з вясною маму вiншаваць.
Але Змей па зямлi прапаўзаў,
Усе дары мае ў мех пазбiраў,
Зачынiў iх у куфар, пад сто замкоў,
Не знайсцi нiколi мне ад яго ключоў.

Дзецi. Як жа мам павiншаваць, дзе ключы нам адшукаць?

Бусел.

Над зямлёю я лятаю
I ўсё на свеце ведаю.
Каб да Змея даляцець,
Трэба крылы вам мець.

 

Вясна. 

Хлопчыкi, дзяўчынкі,
Крылы бярыце, жаўрукамi ляцiце!
А ты, Бусел, заставайся,
Нас дадому дачакайся.

 

Танец з ручнікамі (пад песню “Жавароначка-пяюха” сл. Т.Атрашэнка)

Пасля танца дзеці садзяцца на крэсельцы. Чуецца змяінае шыпенне. Выходзіць Змей.

Змей.

Я Цар-Змей, вужыны цар.
Змеяў усiх я гаспадар!
Зачынiў у куфар я скарбы веснавыя
І нiкому не аддам ключы залатыя!

 

Вясна.

Вельмi просiм ключы аддацi,
Каб зiму-матухну замыкацi,
Вясну-красну адмыкацi,
Са святам мацi вiншавацi.

Змей.

Бачыш чаго захацелi,
Прыляцелi, наляцелi.
А я спаць увесь год хачу,
Зiму я не адпушчу!

 

Вясна.

Не дамо мы табе спаць,
Будзеш з намi танцаваць.
Хлопцы, дзяўчаты, выхадзiце,
Цара танцам разбудзiце!

 

Танцавальнае папуры (апрацоўка В.Г.Мулявіна)

Змей.

Ой, як громка грукацелi,
Ажно вушы адляцелi.

Не аддам я вам ключы,
Хоць крычы, а хоць пiшчы.

 

Гаспадыня (звяртаецца да дзяцей). Дзецi, можа нам дапамагчы яшчэ адно страражытнае паданне. Калi Змея давадзiлася сустрэць недзе ў лесе або ў полi, трэба было пакласцi перад iм ручнiк. Тады Змей нiбыта запаўзе на яго і пакiне сваю залатую карону: дзе карона ўпадзе, там чалавек скарб знойдзе. Дзяўчаты, ручнікі трымайце, перад Змеем расцiлайце.

Пад чароўную музыку, дзяўчынкi расцiлаюць ручнiкi, Змей кiдае на ручнік сваю карону і ключы.

 

Змей.

Паважылі мяне вы, дзецi,
Як яшчэ ніколi ў свеце.

Старажытнае паданне,
Мае нада мною ўладанне.
Скарбы вясновыя адмыкайце,
І вясну ў свет пускайце.

Змей пакідае музычную залу. Вясна пачынае адчыняць куфар, гучыць музыка.

Гаспадыня. Дзецi, вы чуеце, гэта ж галоўны падарунак, якi мы адшукалi. Гэта вясновая песня для нашых матуль. У ёй сабралiся ўсе вясновыя гукi: журчанне ручайка, спевы птушак, шапаценне кветак ды лiсточкаў, а галоўнае – з гэтай песняй мы падаруем iм нашу любоў.

Дзiця.

Цеплынёй атуліць сонейка зямлю.
Мілая матуля, я цябе люблю.
Мне з табой утульна, і спяваю я:
“Мамачка, матуля, любая мая”.

 

Дзiця.

Радасны і ветлівы, з ранку над ракой
Паўтарае ветрык песеньку за мной.
Каб усе пачулі, як спяваю я:
“Мамачка, матуля, любая мая”.

 

Песня “Мама, сонейка i я” (сл. М.Маляўкi, муз.I.Лучанка)

Гаспадыня.

Са святам віншуем вас шчыра,
Жадаем здароўя і міру.
Заўсёды вас у госці чакаем,
Праз год зноў на свята вясны запрашаем!

Пад гучанне беларускай народнай музыкі дзеці пакідаюць музычную залу.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий