Беларускі народны роспіс па шкле “Магілёўскія матывы”. Майстар-клас

- 17:42Дополнительное образование

Беларуская культура можа забяспечыць сувязь часоў і пакаленняў, творчае знаёмства з народнымі традыцыямі, рамёствамі. Практычны матэрыял майстар-класа арыентаваны на далучэнне ўдзельнікаў да духоўнай культуры роднага краю праз знаёмства з традыцыйнай тэхналогіяй беларускага народнага дэкаратыўнага роспісу па шкле.

 

Вольга СЯМЁНАВА, педагог дадатковай адукацыі,
Наталля КАВАЛЁВА, метадыст
ДУА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Агат» г.Магілёва”
agatmogilev@yandex.by

 

Уводзіны

Сучасны свет ставіць перад беларускім грамадствам мноства задач па захаванню культурнай спадчыны, неабходнасці захавання дасягненняў продкаў. Трэба аднавіць у памяці тое, што немагчыма пакратаць, і тое, што не зможа захаваць ні адзін музей свету – гэта веды, традыцыі і абрады беларускага народа як нематэрыяльныя каштоўнасці гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Беларуская культура можа забяспечыць сувязь часоў і пакаленняў, творчае знаёмства з народнымі традыцыямі, рамёствамі. Майстар-клас «Беларускі народны роспіс па шкле “Магілёўскія матывы”» распрацаваны з мэтай аказання практычнай дапамогі педагогам па азнаямленні вучняў з традыцыйнай тэхнікай роспісу па шкле і фарміраванні ўменняў працаваць у гэтай тэхніцы, актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў і адначасова выхаванні грамадзянкасці, пачуцця патрыятызму.

У метадычнай распрацоўцы прапануецца тэарэтычны і практычны матэрыял, метадычныя рэкамендацыі, фотаматэрыялы і спіс літаратуры па тэме. Матэрыял можа быть выкарыстаны для работы ў аб’яднаннях па інтарэсах выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

 

Метадычныя рэкамендацыі

Папулярнасць вырабаў са шкла, з нанесеным роспісам, пастаянна расце, вялікая колькасць людзей абзаводзіцца такімі дзіўнымі творамі мастацтва. Сёння роспіс па шкле з’яўляецца ўнікальным і цікавым рамяством, заняткам, хобі. Ужыванне такіх даступных і параўнальна недарагіх матэрыялаў, як розныя фарбы і пэндзлі, дазваляе ствараць мастацкія творы, выкарыстоўваючы непрацаёмкую тэхналогію, якая прыйшла ў наш час з даўніх часоў. Але роспіс па шкле – складаная праца, у выніку якой узнікаюць сапраўдныя творы мастацтва.

Роспіс можна выконваць фарбамі на спіртавой або воднай аснове, вітражнымі фарбамі, алейнымі, акрылавымі, матавымі і празрыстымі. Пасля таго як фарба наносіцца на шкло, неабходна вытрымаць высокую тэмпературу для высыхання і замацавання. Пры роспісе фарбамі робіцца контур для прадухілення перацякання фарбы з аднаго элемента малюнка на іншы. Контур у гэтым выпадку павінен быць замкнёным, аднак пры стварэнні дадатковага эфекту можна контур не замыкаць, каб фарбы мелі магчымасць змяшацца. Роспіс па шкле контурамі забяспечвае стварэнне малюнкаў з рознымі эфектамі, у залежнасці ад пераваг майстра. Роспіс пачынаюць рабіць толькі пасля поўнага высыхання контура.Падкладная рознакаляровая фольга заўсёды надасць працам эмацыйна-вобразнае рашэнне.

Перад тым як вырабляць роспіс, педагог павінен падрыхтаваць шкляную паверхню: ачысціць ад бруду і пылу, абястлусціць пры дапамозе спіртавога раствору. Далей працуюць удзельнікі майстар-класа. На паверхню са шкла наносяць контур будучага малюнка, а пасля яго поўнага высыхання вырабляюць роспіс фарбамі. Лепш выкарыстоўваць для адной фарбы адзін пэндзаль. Фарбы павінны класціся так, каб яны не выходзілі за межы контуру і не расцякаліся.

Пасля таго як роспіс па шкле скончаны, неабходна даць высахнуць фарбам. Можна гэты працэс паскорыць, выкарыстоўваючы фен ці любы абагравальны прыбор. Але больш якаснае пакрыццё атрымліваецца, калі сушка адбываецца натуральным чынам. Педагог можа парэкамендаваць удзельнікам майстар-класа нанесці на гатовы малюнак празрысты лак з мэтай абароны фарбаў.

Калі майстар-клас праводзіцца для вучняў, трэба ўлічваць іх узроставыя і псіхалагічныя асаблівасці. У першай частцы занятку неабходна пазнаёміць вучняў з творамі айчыннай мастацкай спадчыны, з творчасцю прафесійных і народных майстроў, мясцовымі мастацкімі славутасцямі, што спрыяе развіццю цікавасці да гістарычнай і культурнай спадчыны.

Для развіцця эстэтычных пачуццяў і асноў эстэтычнага густу, мастацка-вобразнага мыслення, назіральнасці, уяўлення, здольнасці эстэтычна ўспрымаць, эмацыянальна ацэньваць і аналізаваць творы мастацтва можна выкарыстоўваць памяткі з параўнальнымі пытаннямі, прапанаваць прыём “Аднолькавае і рознае”.

Пры планаванні майстар-класа педагог мае права самастойна вызначаць колькасць гадзін на вывучэнне і рэалізацыю тэмы з улікам узросту, пазнавальных магчымасцей і інтарэсаў удзельнікаў. Працягласць прапанаванага занятку – каля 45 мінут.

 

Беларускі народны роспіс па шкле “Магілёўскія матывы”. Майстар-клас

Мэта: выраб творчых работ з выкарыстаннем традыцыйнай тэхналогіі беларускага народнага дэкаратыўнага роспісу па шкле.

Задачы:

– пазнаёміць з тэарэтычнымі асновамі беларускага народнага дэкаратыўнага роспісу па шкле, гісторыяй развіцця, традыцыйнай тэхнікай роспісу па шкле;
– навучыць прыёмам традыцыйнай тэхнікі беларускага народнага роспісу на шкле;
– развіваць творчыя здольнасці ўдзельнікаў майстар-класа;
– выхоўваць цікавасць да працы, народнага мастацтва, народных традыцый Беларусі і культурнай спадчыны роднага краю.

Актуальнасць: адраджэнне і прымяненне ў сучасных умовах старажытных беларускіх традыцый і тэхналогій.

Візуальны рад: гатовыя работы роспісу на шкле, карціны навучэнцаў з выявай ратушы горада Магілёва.

Удзельнікі: педагогі (вучні 10–15 гадоў).

Матэрыялы і абсталяванне: літаратура, інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы, фота работ народных майстроў, нарыхтоўкі шкла, празрыстага пластыку, пёры плакатныя, туш, фольга, маркеры, фарбы, гуаш, пэндзлі, простыя алоўкі, рамы для афармлення работ.

Музычны рад: народныя найгрышы.

Структура майстар-класа

1 Падрыхтоўча-арганізацыйны этап.
2 Асноўны этап.
3 Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія.

 

Ход майстар-класа

1 Падрыхтоўча-арганізацыйны этап (2 хвіліны)

Задача этапа: стварэнне атмасферы творчасці, працоўнага настрою.

– Добры дзень. Рада вас бачыць на майстар-класе. Прашу заняць зручныя вам месцы за сталамі для ўдзелу ў майстар-класе (тэма).

Мяне клічуць Сямёнава Вольга Генадзеўна. Я педагог дадатковай адукацыі. Напрамкі маёй працы – выяўленчая і дэкаратыўна-прыкладная творчасць. Зараз мяне захапляюць працы ў тэхніцы роспісу на шкле.Як кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Акварэлька”, я разам з навучэнцамі ўдзельнічала ў творчым праекце “Чароўнае пераўтварэнне шкла: ад традыцый беларускага народнага дэкаратыўнага роспісу на шкле да сучасных тэндэнцый”. Гэты праект дазволіў далучыць маіх вучняў да самастойнай творчай дзейнасці, стварыць серыю работ у галіне роспісу па шкле, абапіраючыся на традыцыі беларускага дэкаратыўнага роспісу ў спалучэнні з сучаснымі тэндэнцыямі.Прыём “Пастаноўка праблемных пытанняў”.

Пытанні для ўдзельнікаў:

– Якія тэхнікі роспісу вы ведаеце? (Па дрэве, роспіс куфраў, па шкле, па тканіне…)
– Ці знаёма вам тэхніка дэкаратыўнага роспісу па шкле? (Дэманстрацыя работ).
– Ці даводзілася вам калі-небудзь маляваць у тэхніцы дэкаратыўнага роспісу па шкле?

Сёння, на прыкладзе выканання работы “Магілёўскія матывы”, я вас пазнаёмлю з асновамі традыцыйнай тэхнікі роспісу па шкле, і вы выканаеце творчую работу.

2 Асноўны этап (40 хвілін)

2.1 Пагружэнне ў тэму (10 хвілін)Задачы этапа:

– пазнаёміць з беларускім роспісам як дэкаратыўна-прыкладной творчасцю;
– расказаць пра віды беларускага роспісу ў традыцыйным выкананні.

Тэарэтычны матэрыял “Беларускія традыцыі роспісу”

Дэкаратыўна-прыкладная творчасць – найважнейшы сродак эстэтычнага выхавання. У XIX стагоддзі ў інтэр’еры дома кожнага беларуса стала з’яўляцца размаляваная мэбля, роспіс па тканіне, гліне і гэтак далей. Моду на размаляванае шкло прынесла ў Беларусь эпоха Рэнесансу. Беларускія рамеснікі хутка авалодалі прыёмамі дэкарыравання і дасягнулі значных поспехаў. Разнастайныя ўзоры распісаных сасудаў з расліннымі і геаметрычнымі арнаментамі зараз знаходзяцца ў музейных калекцыях шкла гарадоў Ліда, Барысаў, Мір.Як від народнага мастацтва, вядомы ў краінах Заходняй Еўропы, на тэрыторыі Беларусі роспіс па шкле атрымаў вялікае распаўсюджанне ў другой палове XIX – пачатку ХХ стагоддзя, калі ў народным побыце шкло стала больш даступным.Звесткі аб роспісе на шкле ў Беларусі вядомы з пачатку XX стагоддзя. Магчыма, некаторы ўплыў на яго пашырэнне аказалі польскія рамеснікі, якія са сваім таварам прыязджалі ў Беларусь. Аднак, калі такі ўплыў і быў аказаны, то толькі на пашырэнне гэтага віду роспісу, а не на яго характар. Калі ў народаў Цэнтральнай Еўропы роспіс па шкле амаль цалкам меў рэлігійную тэматыку, то ў Беларусі ў большасці выпадкаў ён быў арнаментальна-дэкаратыўны. З’явіўшыся ў той жа час, што і роспіс куфраў і дываноў на тканіне, яны нярэдка выконваліся адным і тым жа майстрам.Беларускія ўмельцы карысталіся празрыстымі каляровымі лакамі, алейнымі і друкарскімі фарбамі, падкладаючы мятую фольгу. Часам распісвалі і шкло, і падкладзеную паперу, якая прасвечвалася праз празрысты лак. Асновай беларускіх работ былі чыстыя колеры: лакальныя, без паўтонаў і каляровых пераходаў. Звычайна контур малюнка прапрацоўвалі чорнай лініяй. У працах пераважала тэма арнаменту. Па варыянтах кампазіцыі, каляровых рашэннях і стылістыцы роспіс па шкле вельмі разнастайны. У ім складана выявіць якія-небудзь рэгіянальныя асаблівасці, як у роспісе куфраў ці дываноў. У некаторых работах даваеннага перыяду, якія можна сустрэць на захадзе Беларусі, прасочваецца імкненне перадаць аб’ёмы, ракурс, падрабязна перадаць натуру. Колеры яшчэ не вельмі інтэнсіўныя: чорныя, белыя, карычневыя, глухія чырвоныя і зялёныя.У пасляваенны час майстры пісалі больш дэкаратыўна. Кветкі, лісце, пялёсткі становяцца плоскаснымі, іх пішуць, не ўзгадняючы з натурай, размалёўваюць так, каб стварыць гучную гульню каляровых плям. Кветкі губляюць натуральную форму. Пасля таго як размаляваныя куфры выйшлі з моды, майстры сталі рабіць роспісы на шкле як для сябе, так і на продаж. Сустракаюцца розныя кампазіцыйныя схемы: сіметрычныя і асіметрычныя. Малюнак, як правіла, мае пэўную непасрэднасць. Тэхналогія роспісу тыповая: тонкім пэндзлем майстры прамалёўвалі выразны контур плоскага расліннага ўзору. Перагародкі запаўнялі насычаным лакальным тонам. Шырокае распаўсюджванне атрымала падшэўка з бліскучай фольгі. З яе дапамогай падкрэслівалі цёмны контур выявы. Карціны часам пісалі як з вонкавага, так і са зваротнага боку. Атрымлівалася ўмоўна-прасторавае ўспрыманне выявы.Са з’яўленнем у сялянскай хаце мэблі прамысловай вытворчасці, з заменай даматканых тканін фабрычнымі адбылося выцясненне карцін і абразоў на шкле з хатняга сялянскага інтэр’еру. У новым убранні яны аказаліся лішнімі. Работы сялянскіх майстроў перавандравалі ў горад, у этнаграфічныя музеі і прыватныя калекцыі.

Горад Магілёў быў найбуйнейшым мастацкім цэнтрам Вялікага княства Літоўскага. Побач з кнігадрукаваннем, гравюрай, разьбой па дрэве развіваўся і жывапіс. А пасля атрымання Магілёвам у 1577 годзе поўнага магдэбургскага права на цэнтральнай плошчы Магілёва вырасла першая гарадская ратуша. З цягам часу ратуша неаднаразова перабудоўвалася. У 1992 годзе адноўленая ратуша набыла сучасны і раскошны выгляд. Цяпер у Магілёўскай ратушы размяшчаецца музей горада. Гэта адна з нямногіх дзеючых ратуш (дэманстрацыя карцін навучэнцаў з выявай ратушы горада Магілёва).

Магілёў – мой родны горад. Таму прапаную зрабіць творчую працу з выкарыстаннем традыцыйнай тэхнікі беларускага народнага дэкаратыўнага роспісу па шкле з выявай адной з найпрыгажэйшых архітэктурных пабудоў горада Магілёва – ратушы.

2.2 Практычная работа (30 хвілін)

Задачы этапа:

– стварыць умовы для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці ўдзельнікаў;
– фарміраваць уменне працаваць у
традыцыйнай тэхніцы роспісу па шкле.

Тлумачэнне асаблівасцей тэхналогіі выканання работы

– Адмысловых складанасцей у маляванні няма, тым больш што кожны з нас хаця б раз у сваім жыцці маляваў. Але маляванне ў тэхніцы размалёўкі мае некаторыя асаблівасці. Тэмы роспісу па шкле могуць быць рознымі: букет, арнаментальныя кампазіцыі, архітэктурны пейзаж, пейзаж з прыроднымі формамі, сюжэтныя кампазіцыі. Для яе стварэння можна ўзяць гатовыя сюжэты ці скласці свой эскіз. Можна ствараць кампазіцыі з сіметрычнай люстраной пабудовай, калі выява дзеліцца на роўныя часткі, з выявамі звяроў, будынкаў, птушак, якія сустракаюцца ў фальклоры. Кампазіцыі пейзажу можна вырашаць аднапланава і шматпланава, сіметрычна і асіметрычна. Падкладная рознакаляровая фольга заўсёды надасць працам эмацыйна-вобразнае рашэнне.Незалежна ад матэрыялу асновы, перад пачаткам працы яна павінна быць абястлушчана, краі шкла апрацаваны. Эскіз размяшчаем пад шклом і на сухую паверхню “накладваем” контур. Тым самым акрэсліваюцца межы ўчасткаў, якія будуць афарбаваны кожны ў свой колер.Нанясенне фарбы. З першага разу можа і не атрымацца, бо трэба літаральна “адчуваць” аптымальную таўшчыню пласта. Калі ён будзе занадта тонкі – пасля высыхання з’явяцца разводы, плямы, паверхня будзе мець неаднароднае адценне. Занадта густыя фарбы з суседніх участкаў пяройдуць мяжу і змяшаюцца. Але паступова, з досведам, прыйдзе і разуменне, колькі фарбы трэба браць пэндзлікам. Бяром пэндзлем з палітры фарбу і наносім на ўчастак, абведзены контурам. Потым наступны колер і гэтак далей.Прасушка. Можна гэты працэс паскорыць, выкарыстоўваючы фен ці любы абагравальны прыбор. Але больш якаснае пакрыццё атрымліваецца, калі сушка адбываецца натуральным чынам. Штучнае паскарэнне можа прывесці да парэпання нанесенага пласта, нават пацямнення асобных участкаў, калі тэрмічнае ўздзеянне атрымаецца залішнім.

Тэхналогія выканання работы роспісу па шкле (тэхніка бяспекі):

1 Малюем эскіз работы.
2 Пераносім створаны малюнак на ліст паперы абранага фармату, які адпавядае памеру шкла.
3 Ускладняем і ўдакладняем алоўкам малюнак узору, сюжэту.
4 На ліст кладзём шкло такога ж фармату.
5 Тушшу і пяром на шкло наносім контур.
6 На шкло наносім фарбу – акварэльную або гуаш.
7 Калі на малюнку ёсць надпіс, тады яго пішам у адлюстраваным напрамку.
8 Шкло пераварочваем. Пад яго падкладаем фольгу ці таніраваныя лісты паперы (прадаюцца ў мастацкіх крамах), альбо можна самастойна затаніраваць паперу гуашшу ці акрылам.
9 Дэкарыруем франтальны бок шкла кропкамі, лініямі. Малюем контурам цэнтральныя фігуры кампазіцыі.
10 Са зваротнага боку працы прымацоўваем кардон.Гэта агульны алгарытм дзеянняў, які варта ведаць майстру-пачаткоўцу. Асаблівасцей размалёўкі шмат, і з цягам часу гэтым мастацтвам, пры жаданні і стараннасці, зможа авалодаць кожны.Самастойная практычная работа ўдзельнікаў майстар-класа.

3 Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія (3 хвіліны)

Задача этапа: атрымаць адваротную сувязь, прааналізаваць сумесную творчую дзейнасць.  

Прадстаўленне выкананых работ (міні-выстава).

Пытанні да ўдзельнікаў:

– Які эмацыянальны стан быў у вас падчас працы?
– Ці адчуваеце вы пачуццё задавальнення пасля яе заканчэння?
– Ці былі ў вас цяжкасці пры працы ў традыцыйнай тэхніцы беларускага народнага роспісу па шкле?
– Што даведаліся новага сёння на майстар-класе?
– Ці будзеце вы прымяняць гэту тэхніку ў творчасці (у працы)?– Як мы казалі ў пачатку нашага майстар-класа, беларусы заўсёды імкнуліся падфарбаваць свой побыт, перадаючы ў сваёй творчасці традыцыі роднага краю. І мы з вамі разумеем, што трэба ведаць і захоўваць найбагацейшую культурную спадчыну нашай Радзімы.

Вялікі дзякуй за ўдзел у майстар-класе! Спадзяюся, што наша сустрэча прабудзіла ў вас цікаўнасць да родных традыцый і надалей вы будзеце адносіцца да нашай спадчыны з павагай. Да пабачэння!

Заключэнне

Роспіс па шкле – яркая і жывая традыцыя, якая даступна кожнаму жадаючаму. Без неабходных навыкаў можна ствараць малюнкі і карціны ў вольнай форме, патрэбна толькі фантазія і цярпенне.

Сучасны роспіс па шкле дазваляе па-новаму зірнуць на старыя традыцыі.

Матэрыялы майстар-класа «Беларускі народны роспіс па шкле “Магілёўскія матывы”» носяць практыка-арыентаваны характар, прызначаны для фарміравання адукацыйных кампетэнцый навучэнцаў і арыентаваны на засваенне вучэбнага матэрыялу пры ажыццяўленні розных відаў дзейнасці: пазнавальнай, камунікатыўнай, творчай.

Выкарыстанне ў педагагічнай дзейнасці прадстаўленага вопыту дазваляе сфарміраваць у ўдзельнікаў уменні ўзаемадзейнічаць адно з адным; выхоўваюць асобасныя якасці: працаздольнасць, дысцыплінаванасць, эмацыйнасць, упэўненасць, актыўнасць, пазнавальную цікавасць, творчасць.

Метадычная распрацоўка майстар-класа «Беларускі народны роспіс па шкле “Магілёўскія матывы”» разлічана на творчае выкарыстанне педагогамі дадатковай адукацыі.

 

Літаратура і інфармацыйныя рэсурсы

1 Аляхновіч, А.М. Методыка асваення фальклорнай спадчыны. / А.М.Аляхновіч, І.І.Сучкоў // Дапаможнік для фальклорна-этнаграфічных калектываў. – Мінск : Асвета, 2000 –120 с.
2 Беларуская народная творчасць / АН Беларусі. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. – Мінск : Навука і тэхніка, 2007. –116 с.
3 Крук, I.I. Сiмволiка беларускай народнай культуры / І.І.Крук. – Мінск : Ураджай, 2000. – 350 с.
4 Ліцьвінка, В.Д. Святы і абрады беларусаў. – 3-е выд. / В.Д.Ліцьвінка. – Мінск : Беларусь, 2001. – 142 с.
5 Сахута, Я.М. Сучаснае народнае мастацтва Беларусі / Я.М.Сахута. – Мінск : Беларусь, 2011. – 113 с.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий