Змяненне дзеясловаў І і ІІ спражэнняў. Урок беларускай мовы ў 7-м класе

- 9:29II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Алена МАЦАРСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Новалукомля імя Ф.Ф.Дуброўскага”
Чашніцкага раёна,
Віцебская вобласць

 

 

Мэты:

– спрыяць засваенню вучнямі спецыфікі ўтварэння формаў цяперашняга і будучага часу і сістэмы асабовых канчаткаў І і ІІ спражэнняў;
– выпрацоўваць уменні вызначаць тып спражэння дзеясловаў, у тым ліку з ненаціскнымі канчаткамі, правільна ўжываць формы асабовых дзеясловаў у вусным і пісьмовым маўленні;
– удасканальваць навык правільнага напісання канчаткаў асабовых дзеясловаў;
– выхоўваць пачуццё прыгожага, павагі і любові да роднай мовы, культуры, пашыраць метапрадметныя кампетэнцыі вучняў.

Тып урока: урок тлумачэння новага матэрыялу.

Абсталяванне: інтэрактыўная дошка, сувязь з сеткай інтэрнэт, ацэначныя карткі, аўдыязапіс паланеза Міхала Агінскага “Развітанне з Радзімай”, рэпрадукцыя карціны Леаніда Афрэмава “Лес”.

Эпіграф:

Вучаць у школе замежныя мовы,
Кожная мова гучыць адмыслова.
Вы паглядзіце – у краіне любой
Ёсць да айчыннага слова любоў.  

 

Ход урока

I Арганізацыйны момант

Вітанне.

Псіхалагічны настрой на працу.

– Праверым вашу гатоўнасць да ўрока. Я папрашу паправіць мяне і замяніць дзеясловы незакончанага трывання закончаным і наадварот.

Не звінеў яшчэ званок? (Празвінеў)
А ўрок не пачынаецца! (Пачаўся)
Тады чаму падручнікі не дастаяце? (Дасталі)
Дык, можа, пачнем урок? (Пачынаем)

 

II Паведамленне тэмы, мэт урока

1 Прапануецца вучням разгадаць рэбус (“Лістапад”).

– Якое значэнне мае слова “лістапад”?

1) Адзінаццаты месяц каляндарнага года.
2) Ападанне лісця восенню, а таксама час гэтага ападання.

2 Выкарыстоўваецца прыём “Тэлеграма”.

На дошцы запісана слова ЛІСТАПАД і тэма ўрока. Вучням прапануецца прачытаць тэму, а потым на кожную літару запісанага слова назваць дзеясловы, якія будуць характарызаваць дзейнасць на ўроку і вучняў, і настаўніка (такім чынам фармулююцца мэты і задачы ўрока).

Напрыклад,

Л – ленавацца, …
І – імкнуцца, імправізаваць, …
С – сачыць, спісваць, спрагаць …
Т – трымаць, …
А – адказваць, …
П – пытацца, …
А – атрымоўваць, апісваць …
Д – даказваць і г.д.

3 Вучням раздаюцца ацэначныя карткі, якія яны павінны будуць запаўняць у працэсе выканання заданняў.

Ацэначная картка вучня VІІ класа
_________________________(прозвішча, імя)

Арфаграфічная хвілінка
(0,5 балаў за кожнае правільна напісанае слова. Максімум – 7 балаў)
“Знайсці дзеясловы”
(1 бал за кожны правільна запісаны дзеяслоў. Максімум –
6 балаў)
Праспрагаць дзеясловы
(1 бал за кожную правільна напісаную форму дзеяслова. Максімум –
6 балаў)
Скласці сказы
(Балы выстаўляе настаўнік пасля праверкі. Максімум –10 балаў)
Агульная колькасць балаў і адзнака
29 балаў – 10
25-28 балаў – 9
20-24 балы – 8
16-19 балаў – 7
12-15 балаў – 6
9-11 балаў – 5
6-8 балаў – 4
4-6 балаў – 3
         

 

III Арфаграфічная хвілінка

Неабходна правільна напісаць не з дзеясловамі.

(Не)далічваць, (не)даважыць, (не)заўважыць, (не)навідзець, (не)здаровіцца, (не)давяраць, (не)дасольваць, (не)дагледзець, (не)дамагаць, (не)дапісаць, (не)давыканаць, (не)быў, (не)воліць, (не)пакоіць.

(Недалічваць, недаважыць, не заўважыць, ненавідзець, нездаровіцца, не давяраць, недасольваць, не дагледзець, недамагаць, не дапісаць, недавыканаць, не быў, няволіць, непакоіць).

1-ы варыянт выканання: калі ёсць падключэнне да сеткі інтэрнэт. Заданне выконваецца вучнем на рэсурсе LearningApps.orgПравапіс НЕ(НЯ) з дзеясловамі, а астатнія запісваюць у сшыткі. Потым праводзіцца праверка.

2-і варыянт выканання: калі няма падключэння да сеткі інтэрнэт. Два вучні працуюць за дошкай, каб можна было праверыць правапіс і яшчэ раз прагаварыць правілы напісання не з дзеясловамі.

 

IV Актуалізацыя раней атрыманых ведаў

1 Вучням прапануецца назваць дзеясловы, якія могуць апісаць лісце восенню. (Жаўцее, ападае, кружыцца, шалясціць, шамаціць і г.д.)

2 Вучням прапануецца запісаць названыя дзеясловы ў форме 3-й асобы множнага ліку.

3 Франтальнае апытванне

– Успомнім, што можна вызначыць пры дапамозе канчаткаў 3-й асобы множнага ліку. (Спражэнне)

– Што такое спражэнне? (Змяненне дзеясловаў па асобах і ліках)

– Якое спражэнне маюць дзеясловы? (І і ІІ)

“Мазгавы штурм”. Лёгка атрымалася вызначыць канчатак у 3-й асобе множнага ліку дзеяслова “кружыцца”? Яны кружацца ці кружуцца?

 

V Тлумачэнне новага матэрыялу

– Спражэнне дзеясловаў лёгка вызначыць па націскных канчатках. Калі канчаткі ненаціскныя, могуць узнікнуць цяжкасці. У такім выпадку ўвага звяртаецца на тое, як заканчваецца інфінітыў.

Разам з вучнямі складаем інтэлект-карту. Афармленне карты залежыць ад мастацкіх магчымасцей вучняў. Прапануецца для лепшага запамінання матэрыялу выкарыстоўваць схемы-малюнкі, якія характарызуюць тыя або іншыя дзеянні.

 

VI Фізкультхвілінка

– Уладкуйцеся, каб вам было зручна, утульна, заплюшчыце вочкі і ўявіце сабе карціну, якае паўстае з прапанаванай пейзажнай замалёўкі. Звярніце ўвагу на вобразна-выяўленчыя сродкі нашай мовы, якія ўжыты для апісання восені. (Гучыць паланэз Міхала Агінскага “Развітанне з Радзімай”).

Восень – гэта насычаны пах вогнішча, у якім прыемна храбусцяць абвостраныя агнём галінкі. Гэта глыбокі, яркі колер сонца, высокае неба, свежае, хай яшчэ і цёплае, паветра. Гэта царства жоўтых, аранжавых, чырвоных фарбаў. Нездарма ж існуе такая назва – «залатая восень». Глядзіш на тое, як з дрэў зрываецца лісце і падае на зямлю, як быццам кружыцца ў плаўным танцы, то тады разумееш, адкуль з’явіўся гэты выраз. Бо ўсе гэтыя лісточкі, быццам золата, высцілаюць дарогі і абсыпаюць сабою ўсё вакол.

Лістапад у парку – гэта нешта асаблівае, незвычайнае. Такое відовішча можна назіраць бясконца. Так прыемна прайсціся, не спяшаючыся, па алеі, шастаючы медным і залацістым апалым лісцем, папіваючы гарачую духмяную каву, і паралельна слухаць адпаведную настрою музыку ў навушніках і тануць у сваіх уласных думках. У гэтым і ёсць уся восень. Бо ўсім нам добра вядома, што менавіта ў гэтую выдатную пару нас наведваюць глыбокія і мнагазначныя думкі.

 

VII Першаснае замацаванне атрыманых ведаў

1 Знайсці дзеясловы.

Прачытаць урывак з верша М.Хведаровіча “Родныя вобразы”. Дзеясловы І спражэння выпісаць у адзін слупок, а ІІ спражэння – у другі.

Мы ездзім далёка за мора
Чужыя глядзець гарады,
Шукаем скалістыя горы,
Азёры крыштальнай вады.
І часта, так часта бывае,
Што мы ў сумятлівым жыцці
Мінаем і не заўважаем
Красу сваіх родных мясцін…

І спражэнне – шукаем, бывае, мінаем, заўважаем;
ІІ спражэнне – ездзім, глядзяць.

2 Праспрагаць дзеясловы.

1-ы варыянт – стаяць, 2-і варыянт – пісаць. (Стаю, стаіш, стаіць, стаім, стаіце, стаяць. Пішу, пішаш, піша, пішам, пішаце, пішуць.)

– Давайце яшчэ раз звернем увагу на канчаткі дзеясловаў І і ІІ спражэнняў.  

 

VIII Праца па далейшым замацаванні ведаў, уменняў і навыкаў

– Паглядзіце на экран, на якім прадстаўлена рэпрадукцыя Леаніда Афрэмава “Лес”.

– Мастак родам з горада Віцебска. Ён знакаміты тым, што самы першы ў свеце стаў пісаць свае карціны з дапамогай мастыхіна, не выкарыстоўваючы больш ніякіх інструментаў. Складзіце 2–3 сказы-апісанні карціны з ужываннем дзеясловаў.

 

IX Падвядзенне вынікаў урока. Рэфлексія

Зварот да эпіграфа.

– Скажыце ці паглыбілі на сённяшнім уроку вы свае веды па беларускай мове?

– А зараз для вас заданне: скласці воблака слоў па тэме “Спражэнне дзеясловаў”. Заданне выконваем па варыянтах: 1-ы варыянт – І спражэнне, 2-і варыянт – ІІ спражэнне.

Ацэначныя лісткі вучні здаюць разам са сшыткамі. Настаўнік правярае апошняе заданне і выстаўляе балы за выкананне. Усе балы лічацца, і выстаўляецца адзнака згодна шкале пераводу.

 

X Дамашняе заданне

1 Падабраць па пяць прыказак з дзеясловамі І і ІІ спражэнняў.

2 Дадатковае заданне (па жаданні): прайсці квест Спражэнне дзеяслова, створаны пры дапамозе сэрвісу joyteka.com.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий