Фарміраваць і пашыраць уяўленні пра фальклорныя творы (калыханка), пра спосабы стварэння творчага прадукту.
Святлана ЦЫБОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Асінаўшчызненская пачатковая школа” Смаргонскага раёну,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы:
– фарміраваць і пашыраць уяўленні пра фальклорныя творы (калыханка), пра спосабы стварэння творчага прадукту;
– уменне выразна выконваць паэтычны твор, перадаваць сваё стаўленне да яго зместу;
– развіваць уменне ўспрымаць змест фальклорных твораў, адрозніваць вершаваныя творы;
– выхоўваць эмацыянальна пазітыўнае стаўленне да твораў беларускай мастацкай літаратуры і фальклору.
Ход занятку
Арганізацыйны момант
Раз – хлапок, два – хлапок!
Дружна станем у кружок,
Сонейка ў акенца заглядае,
Да работы ўсіх нас запрашае.
Сюрпрызны момант
Аўдыязапіс дзіцячага плачу (даносіцца са спальнага пакою)
– Цікава, і хто ў нашым спальным пакоі можа плакаць? Здаецца, ўсе дзеці тут?
Праблемная сітуацыя: лялька Ганначка не можа заснуць.
Вырашэнне праблемнай сітуацыі: трэба яе пакалыхаць і праспяваць калыханку.
Складанне інтэлект-карты “Што такое калыханка?” (Дадатак 1)
Выхаванцам задаюцца пытанні.
Калыханка – гэта песня (Піктаграма 1) перад сном (Піктаграма 2), якую спявае (Піктаграма 3) матуля (Піктаграма 4) пры ўкалыхванні дзіцяці на руках, у калысцы (Піктаграма 5), у калясцы (Піктаграма 6). Асаблівы лірычны жанр, папулярны ў народнай паэзіі. Адзін з самых старажытных жанраў фальклору. Калыханку спявае маці свайму дзіцяці з любоўю (Піктаграма 6) і ціха (Піктаграма 7).
Калыханкі – гэта самыя першыя песні ў свеце. Даўным-даўно, так даўно, што ўжо ніхто і не памятае, мама напявала малому, каб ён заснуў. Калі дзеткі вырасталі – спявалі гэтыя калыханкі сваім дзецям. Калі ў калыханкі быў невядомы аўтар, яе складала (Піктаграма 8) шмат людзей (Піктаграма 9), тады калыханку называюць народнай. А калі адзін аўтар (Піктаграма 10), калыханка з’яўляецца аўтарскай. Бываюць не толькі народныя, але і аўтарскія. А часам мама сама складае песню, тады аўтар – мама.
Якія калыханкі вы ведаеце? Хто вам іх спявае? (Адказы дзяцей)
Мая мама мне таксама спявала калыханкі. Я спявала калыханкі сваёй дачушцы, а зараз спяваю іх і сваім унукам.
Героямі калыханак часта быў сам малы, птушкі-гулі, ваўчок, коцік і іншыя жывёлы.
Расказванне калыханкі
Хачу вас пазнаёміць з яшчэ адной калыханкай, беларускай народнай “Ходзіць коцік па палях …”
Ходзіць коцік па палях,
Носіць сон у кашалях.
Ходзіць коцік па капусце,
Носіць сон у белай хусце.
Бабка коціка дагнала,
Сон для дзетачак забрала.
А ты, коця, вон, вон,
А на дзетак – сон, сон.
Тлумачэнне незнаёмых слоў пры дапамозе нагляднасці (Дадатак 2) або пры дапамозе тэхналогіі візуалізацыі (скрайбінг).
У тэксце гэтай калыханкі вам сустрэлася незнаёмае слова – кашэль.
Кашэль – плеценая з лазы вялікая кашолка з крышкай для захоўвання і пераноскі чаго-небудзь. Беларускія майстры плялі заплечныя кашалі для збору ягад і грыбоў (вызначэнне з тлумачальнага слоўніка).
Стварэнне інфаграфічнай табліцы па змесце калыханкі (Дадатак 3).
Хто з’яўляецца галоўным героем калыханкі? Якое слова больш за ўсе паўтараецца ў калыханцы? (Устаўляю выяву коціка (Піктаграма 1, ячэйкі 2, 8, 14, 19) Што робіць коцік? (Дзеці знаходзяць піктаграмы да дзеясловаў “ходзіць” піктаграма 2, ячэйкі: 1, 7), “носіць” (Піктаграма 3, ячэйкі: 4,10).
Дзе ходзіць коцік, па чым? (Дзеці знаходзяць выявы да злучэнняў “па палях” (Піктаграма 4, ячэйка 3), “па капусце” (Піктаграма 5, ячэйка 9)
Што носіць коцік? (Піктаграма 6, ячэйкі: 5, 11, 16, 23, 24).
У чым коцік носіць сон? (“У кашалях” (Піктаграма 7, ячэйка 6), “у белай хусце” (Піктаграма 8, ячэйка 12).
У нашай калыханцы з’яўляецца яшчэ адзін герой. Хто гэта? (Дзеці знаходзяць выяву бабкі (Піктаграма 9, ячэйка 13). Што зрабіла бабка? (Дзеці знаходзяць піктаграмы да дзеясловаў “дагнала” (Піктаграма 10, ячэйка 15) і “забрала” (Піктаграма 11, ячэйка 18).
Для каго бабка сон забрала? (Устаўляем у табліцу выяву дзетачак (Піктаграма 12, ячэйкі:17, 22).
Давайце паўторым словы бабкі:
А ты, коця, вон, вон, (Піктаграма 13, ячэйкі: 20, 21)
А на дзетак – сон, сон.
Вось мы з вамі і саставілі табліцу да нашай калыханкі, а цяпер прыйшоў час адпачыць.
Дынамічная паўза, беларуская народная гульня “Шэры кот”.
“Мышы” становяцца за “Катом” у калону. Калона рухаецца па пакоі. Паміж “Катом” i “мышамі” ідзе размова:
– Ёсць мышы ў стозе?
– Ёсць!
– Баяцца ката?
– Не!
– А я, Кот-Катафей, разганю ўcix мышэй!
“Мышы” разбягаюцца, “Кот” ix ловіць.
Правілы гульні: дзеці павінны знаходзіцца ў калоне да слоў: “…разганю ўcix мышэй” i вымаўляць тэкст павінны дакладна, зразумела.
А з якой інтанацыяй і сілай голасу неабходна расказваць калыханку?
Паслухайце калыханку яшчэ раз.
Расказванне калыханкі дзецьмі пры дапамозе інфаграфікі: калектыўнае, групавое (хлопчыкі, дзяўчынкі), індывідуальнае (У час расказвання калыханкі можна пакалыхаць ляльку, або праспяваць калыханку).
Паслухайце, якая цішыня, напэўна мы з вамі ўсіх усыпілі сваёй калыханкай.
Праверка засваення атрыманых ведаў. Гульня з мячом “Я лічу…”
– Для чаго спяваюць калыханкі?
– Хто спявае калыханкі?
– Як спяваюць калыханкі?
– Калі калыханка з’яўляецца народнай?
– Калі калыханка з’яўляецца аўтарскай?
– Калыханка – вершаваны твор ці празаічны?
– Да якога жанру можна аднесці калыханку “Ходзіць коцік па палях…”?
Рэфлексія
Адзначце вынік сваёй работы на занятку смайлікамі: калі вы з задавальненнем працавалі на занятку – выберыце смайлік з усмешкай, калі вам было нецікава і вы працавалі без ахвоты – выберыце сумны смайлік.