Літаратурна-музычная гасцёўня, прысвечаная Максіму Багдановічу “І сёння свеціць Максімава зорка над намі…” для вучняў 8–11-х класаў

- 11:37II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

Мэты: паглыбіць веды навучэнцаў пра жанравыя формы беларускай лірыкі, пра жыццёвы і творчы шлях Максіма Багдановіча; раскрыць шматграннасць таленту паэта, яго вялікую любоў да роднага краю, прыроды; прывіваць вучням любоў  да беларускай паэзіі.

Алеся ТРАФІМАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Верцялішкаўская сярэдняя школа”
Гродзенскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэты: паглыбіць веды навучэнцаў пра жанравыя формы беларускай лірыкі, пра жыццёвы і творчы шлях Максіма Багдановіча; раскрыць шматграннасць таленту паэта, яго вялікую любоў да роднага краю, прыроды; прывіваць любоў да беларускай паэзіі; развіваць творчыя здольнасці юнакоў і дзяўчат, навыкі эстэтычнага, асэнсаванага чытання; выхоўваць патрыятычныя пачуцці, у прыватнасці гонар за сваіх суайчыннікаў.

Абсталяванне: партрэт Максіма Багдановіча; мультымедыйны праектар, аўдыя- і відэазапісы; выстава кніг паэта “Чалавек вялікай душы і таленту”; верш У.Караткевіча “Багдановічу”; урывак з паэмы М.Багдановіча “Вераніка”; верш А.Грачанікава “Калі паміраюць паэты”, вершы М.Багдановіча.

Спампаваць прэзентацыю

 

Афармленне: беларускі ручнік з арнаментам, букет васількоў на століку, плакаты з выказваннямі вядомых пісьменнікаў пра Багдановіча і яго творчасць:

Максім Багдановіч па праву заняў пачэснае месца ў нашай маладой паэзіі як высокаталенавіты паэт і майстар паэтычнай формы. Сярод беларускіх паэтаў Максім Багдановіч вылучаўся глыбокай і шырокай адукацыяй, тонкім разуменнем і пачуццём паэзіі.

Якуб Колас

Ёсць паэты, якія пішуць творы, каб потым з іх выдаць выбранае, але ёсць і паэты, што пішуць толькі выбранае. Да такіх і належыць Максім Багдановіч.

Максім Танк

Унутраны агонь паэзіі Максіма Багдановіча з цягам часу не згасае… і ў будучым мы ў яго паэзіі знойдзем сябе, таму што “ўсе разам ляцім да зор”.

Эмілія Легутэ (літоўская пісьменніца)

 

Ход мерапрыемства

Настаўнік. Беларуская культура… Для нас, беларусаў (а так я называю ўсіх, хто нарадзіўся на гэтай зямлі) гэта самае блізкае, самае роднае. І беларускія ручнікі, і незвычайныя вырабы з саломкі і ільну, і слуцкія паясы. І, канечне, беларуская літаратура. Ёсць сярод беларускіх пісьменнікаў і тыя, хто для кожнага з прысутных тут не проста паэт ці пісьменнік – яны нашы землякі, гродзенцы.

Сёння ў нас адбудзецца своеасаблівае падарожжа ў свет паэзіі дзіўнага лірычнага паэта, сапраўднага патрыёта сваёй зямлі – Максіма Багдановіча.

Сённяшняе мерапрыемства прысвячаецца памяці нашага Максіма Багдановіча – паэта, казачніка, перакладчыка, этнографа, літаратурнага крытыка, гісторыка, нашага нацыянальнага генія, зорка якога загарэлася на літаратурным небасхіле больш за 130 год назад і ярка свеціць і сёння.

 

Гучыць мелодыя песні “Слуцкія ткачыхі”.  

Чатыры дзяўчынкі водзяць карагод і трымаюць у руках свечкі.

 

1 дзяўчына.

Васілёчкі, рамонкі, уюнок.
Ціха крочу сцяжынкаю вузкай.
Для цябе я збіраю вянок
З сціплых кветак зямлі беларускай.

2 дзяўчына.

Я зрываю валошкі і мак,
І, напэўна, зрываю не першай
Для цябе, беларускі юнак,
За твае незабыўныя вершы.

3 дзяўчына.

Мне балюча і горка зусім.
Што зрабіць мне, каб кветкі не звялі?
Каб не лёсу няўмольны прысуд,
Мог бы жыць і тварыць ты і далей.

4 дзяўчына.

Ды каму гэты кінеш папрок?
Не паможаш ні смуткам, ні плачам.
Ты прымі гэты сціплы вянок
Ад сучасных мадонн, ад зямлячак.

 

Падыходзяць да стала з партрэтам М.Багдановіча і ўскладаюць васількі і свечкі. На сцэну пад музычнае суправаджэнне песні на словы Я.Коласа “Мой родны кут” выходзяць вядучыя.

 

Вядучы 1. Усяго 25 свечак адпалала на зямным бяседным стале Максіма Багдановіча. Калі пагасла апошняя, тоненькая і пахілая, побач не было ні сваякоў, ні сяброў, і выпадковыя людзі, якія паклалі ў камяністую крымскую зямлю высушанае туберкулёзам маладое цела, не здагадваліся нават, што хавалі аднаго з найвыдатнейшых беларускіх паэтаў, аднаго з самых любімых сыноў нацыі.

Вядучы 2. Яму было наканавана кароткае зямное жыццё і вечнасць у мастацкім слове. Сярод геніяў свету Максім Багдановіч самы малады, па сутнасці, юны. Такія творцы, відаць, як дар неба, сусвету для грэшнай зямлі, каб не звяліся на ёй святыя пачуцці. У самім прозвішчы паэта – Багдановіч – прачытваецца: Богам дадзены.

Вядучы 1. Сёння мы сабраліся тут, каб яшчэ раз прайсці па незабыўных сцежках паэта, паслухаць чароўныя радкі яго бессмяротнай паэзіі.

Вядучы 2. Мы з вамі адправімся ў падарожжа ў мінулае стагоддзе, каб убачыць дарогі паэта з першых дзён яго і да апошніх, каб даведацца, чым жыў, аб чым марыў, пра што непакоіўся Максім Багдановіч.

 

На фоне ціхай мелодыі чытаецца верш У.Караткевіча. “Багдановічу”. У канцы – слайд на экран.

1 чытач.

Ты прыйшоў
I гарачым словам
Рунь узняў на роднай зямлі.
Ты сказаў нам:
“Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсць і ў вас, як і ў іншых, святыня.
He давайце святыні псам!
He давайце з яе глуміцца,
Бо праспіць яна ясну зару,
Бо святы ізумруд заімгліцца
У пярсцёнку тваім, Беларусь”.
Ты ўстаў на лютую сечу,
Бітву вечную сонца і хмар,
Узваліўшы на юныя плечы
Святагораў народны цяжар.
I не вынеслі жылы напругі:
Знік ты, лебедзь, у хвалях сівых,
Сплыў крывёю, загінуў «за другі»,
За мяне, за вас і за ўсіх.
I застаўся ты ў нашых душах,
Хоць навекі знік у палях,
Вечна светлы і вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся – і плачам.
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
Смела крочу цяпер у пяскі я
Перад светлай заветнай гарой,
Бо як ёсць у народа такія –
He загіне давеку народ. 

Вядучы 1. Гэты цудоўны верш Уладзіміра Караткевіча прысвечаны чалавеку незвычайнага лёсу і незвычайнага таленту, паэту Максіму Багдановічу.

Настаўнік: Святым ізумрудам у пярсцёнку Беларусі называе У.Караткевіч Максіма Багдановіча. Як вы думаеце, чаму? Да чаго ён прызываў сваіх землякоў беларусаў?

Вядучы 2. Усе, хто асабіста ведаў Максіма Багдановіча, успамінаюць яго, як надта прыгожага чалавека: высокага юнака з правільнымі рысамі твару, з хвалістай прычоскай буйных каштанавых валасоў, з адухоўленымі вачыма. Ён пражыў 25 гадоў, але плёну гэтага жыцця, кароткага і яркага, як бліскавіца, суджана тое даўгалецце, якім лёс надзяляе ўсё сапраўды таленавітае на зямлі.

Нарадзіўся будучы паэт ў Мінску ў сям’і таленавітых і адукаваных людзей: бацька – Адам Ягоравіч – настаўнік, маці – Марыя Апанасаўна – мела літаратурныя здольнасці. Калі Максіму споўніўся гадок, сям’я Багдановічаў пераехала ў Гродна. Гэта была ціхая, пакрытая зелянінай садоў ускраіна.

 

На фоне ціхай мелодыі і відэа М.Багдановіч чытаецца ўрывак з паэмы М.Багдановіча “Вераніка”.

Настаўнік: Давайце пачытаем урывак з паэмы М. Багдановіча “Вераніка” ўсе разам, па некалькі радкоў.

1) Удаль вядуць мяне сляды
Да вас, дзіцячыя гады.
2) Ўстае перад маім паглядам
І вулка, веючая сном,
І ціхі, старасвецкі дом
З цяністым, адзічэлым садам.
3) Над ім шпакоўніца ўгары,
А ўкруг схіліўся тын стары.
4) Я змалку там штодзень гуляў,
З дзяцьмі я лез на дахі смела,
Рваў яблыкі, рабіў садом
І крыкам поўніў цэлы дом.
5) А вечарком мы выпускалі
Ў паветра белых галубоў.
6) Зрабіўшы некалькі кругоў,
У вышыню яны шыбалі,
Як чысты снег, кружылі там
І падалі на дахі к нам.
7) Калі ж сачыўся бледнаваты
Зор сініх свет праз небасхіл,
Мы ўсе спявалі каля хаты.
І напаўняў нягучны хор
Маркотнай песняй сціхшы двор.
8) Так у гулянках пралятала
Маё дзіцячае жыццё…

Вядучы 1. Толькі чатыры гады бегалі ножкі Максіма ў гэтым доме ў Гродна. А затым – страшная бяда: смерць маці, горача любімай сынам. Яна памерла на дваццаць восьмым годзе жыцця. Навечна – развітанне з маці, надоўга – развітанне з Радзімай.

Вядучы 2. Усё свядомае жыццё Максіма Багдановіча прайшло ў Расіі: у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі. Што мог запомніць хлопчык пра Бацькаўшчыну? Аказваецца, Беларусь у яго свядомасці назаўсёды аб’ядналася з самым светлым, пяшчотным вобразам матулі. Хіба мог ён забыць яе меладычны голас, прыгожую ўсмешку, цёплыя рукі?

Вядучы 1. Памяць пра маці жыла ў нотах, па якіх яна іграла на фартэпіяна, у любімых творах. І хоць Максіму ў гэты час было ўсяго пяць гадоў, дзіцячая душа не магла прыняць тыя змены, на якія рашыўся бацька. І ніводную жанчыну ён так і не назаве больш мамай.

Вядучы 2. Вобраз той, хто даў яму жыццё, вечна жыў у Максімавым сэрцы як вобраз Радзімы, як зорка ясная, якая дарыла яму “светлыя згадкі”, будзіла ў яго сэрцы пачуццё прыгажосці, любоў да роднай Беларусі.

Вядучы 1. Максім Багдановіч – прыклад для нас, сучаснікаў, як трэба ставіцца да беларускай мовы, як трэба любіць сваю Радзіму.

Вядучы 2. Першыя беларускія вершы Максім Багдановіч піша ў 11-гадовым узросце. Чытаеш раннія творы паэта – і перад табой як бы паўстае беларуская зямля са сваім хараством і таямніцамі, старымі барамі, цёмнымі пушчамі з адвечным гаспадаром лесуном, ціхія завадзі з вадзяніком і яго дочкамі русалкамі.

 

На фоне ціхай мелодыі чытаюцца вершы М.Багдановіча “Возера”, “Над возерам”, “Вадзянік”.

2-і чытач. (“Возера”)

Стаяў калісь тут бор стары
І жыў лясун у тым бары.
Зрубалі бор – лясун загінуў.
Во след яго ад той пары:
Сваё люстэрка ён пакінуў
Маўляў у іншы свет акно,
Ляжыць, спакойнае, яно.
Жыццё сабою адбівае
І ўсё, што згінула даўно,
У цёмнай глыбіні хавае.

3-і чытач. (“Над возерам”)

Сонца ціха скацілася з горкі,
Месяц белы заплаканы свеціць,
Аглядае бахматыя зоркі.
Цягне з возера срэбныя ніці.
У іх русалкі заблыталі косы,
Рвуць і блытаюць срэбныя ніці.
Ноч плыве над зямлёй, сее росы,
Ноч шапоча русалкам: “Засніце…”

4-ы чытач. (“Вадзянік”)

Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай
І гадамі грэюся – сплю на дне ракі.
Твар травой аблытаны, быццам павуцінай,
Засыпаюць грудзі мне жоўтыя пяскі.
Над вадой, ля берага, ціха спіць асока
Ды лаза зялёная жаліцца-шуміць.
Хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка,
І ўсё навокала сном адвечным спіць.

 

Настаўнік: Вы заўважылі, што паэт не толькі малюе прыгажосць беларускіх азёр і лясоў, але, акрамя гэтага, паўстае перад намі як чалавек, які добра ведае фальклор.

Шмат розных выпрабаванняў выпала на долю Максіма Багдановіча. Былі часы, калі асабліва ныла сэрца, балела душа. Гэтыя пачуцці знайшлі свой адбітак у яго вершах.

 

Гучыць мелодыя песні “Малітва” Я.Купалы. На фоне гэтай ціхай мелодыі чытаюцца вершы М.Багдановіча Сэрца ные”, “На чужыне”.

5-ы чытач. (“Сэрца ные”)

Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю:
Ой, пайду я з цеснай хаты ў тое поле.
У чыстым полі вецер вые, павявае,
Ты пакінь мяне, нуда мая нямая!
Я тады б у песні звонкай, салаўінай
Выліў сум ды і на вецер буйны кінуў,
І развеяў бы яго ён па раздоллі,
Каб не бачыць мне ніколі ўжо нядолі.

 

6-ы чытач. (“На чужыне”)

Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць,
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу – мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.
“Панура, нявесела шэпча ён мне.
Здароў будзь, зямляча! – чуць бачны ў даліне
Успамянем, мой дружа, у багатай чужыне
Аб беднай, багатай сваёй старане”

Вядучы 2. У 1908 г. сям’я Багдановічаў пераехала ў Яраслаўль, куды быў пераведзены па службе Адам Ягоравіч. Максім пераводзіцца ў шосты клас Яраслаўскай гімназіі. Успамінае адзін з аднакласнікаў Максіма:

Вядучы 1. “Асабліва ажыўлена стала на занятках літаратурнага гуртка, калі ў наш клас прыйшоў новы вучань. Яго звалі Максім Багдановіч. Сціплага, выхаванага і таварыскага, яго адразу палюбіў клас. У пытаннях літаратуры ён быў на галаву вышэй за ўсіх нашых медалістаў. Свае погляды Максім адстойваў заўсёды горача і смела…”

Вядучы 2. У Яраслаўлі паэт напісаў большасць сваіх вершаў.

Вядучы 1. Тэма прыроды – асноўная ў творчасці Максіма Багдановіча. Яго пейзажныя вершы настолькі пранікнёныя, глыбокія і лірычныя, што лёгка кладуцца на музыку. Адным з такіх твораў з’яўляецца верш “Па-над белым пухам вішняў”.

 

На фоне ціхай мелодыі чытаецца верш М.Багдановіча “Па-над белым пухам вішняў”.

7-ы чытач.

Па-над белым пухам вiшняў,
Быццам сiнi аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркi, лёгкi
Сінякрылы матылёк.
Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых, –
Ён дрыжачымi крыламi
Звонiць ледзьве чутна iх
I лiецца хваляй песня –
Цiхi, ясны гiмн вясне.
Цi не сэрца напявае,
Навявае яго мне?
Цi не вецер гэта звонкi
Ў тонкiх зёлках шапацiць?
Або мо сухi, высокi
Ля ракi чарот шумiць?
Не паняць таго нiколi,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкi,
Што ляцяць, дрыжаць, звiняць.
Песня рвецца i лiецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа толькi сам паэт.

 

Настаўнік: Я прапаную вам, пакуль будзе гучаць песня, напісаная па гэтым вершы, стварыць сваю інтэрактыўную ілюстрацыю да гэтага верша.

 

Гучыць песня (відэа) “Па-над белым пухам вішняў”.

 

Вядучы 2. Падчас вучобы ў Яраслаўлі Максім сустрэў сваё самае моцнае каханне.

 

Інсцэніроўка “Сустрэча Максіма Багдановіча і Ані Какуевай”

На фоне ціхай мелодыі выносіцца на сцэну адна парта і два крэслы.

У гімназіі. Рафаіл і Максім вітаюць адзін аднаго за рукі.

Рафаіл. Дзе гэта ты, Максім, прападаў так доўга?

Максім. Ведаеш, Рафаіл, ажыццявілася мая мара – я наведаў Беларусь. Столькі пачуў і пабачыў!

Рафаіл. Прыходзь сёння да нас, раскажаш пра ўсё. Я даўно хацеў цябе запрасіць.

Максім. Мне неяк няёмка.

Рафаіл. Не-не, не адмаўляйся, калі ласка. Я ведаю ў чым справа…

Максім. Я саромеюся тваіх сясцёр.

Рафаіл. А дакладней, Ані.

Звініць званок.

Рафаіл. Ну дык як?

Максім. Прыйду.

Уваходзіць настаўнік. За партай сядзяць гімназісты.

Настаўнік. Ну што, спадары гімназісты, я прынёс вам вашы кантрольныя па матэматыцы, якія вы пісалі на мінулым уроку. Скажу шчыра, не ва ўсіх выдатныя поспехі, а хутка выпускныя іспыты. І вы павінны паклапаціцца пра сваю будучыню. Вось вы, Багдановіч, якія ў вас планы? Што вас цікавіць?

Максім. Мне падабаецца літаратура, паэзія, мовы. І, увогуле, пасля заканчэння гімназіі я хачу паехаць на радзіму, у Беларусь, прысвяціць сваё жыццё адраджэнню роднага краю. З вашага дазволу я прачытаю невялікі верш, што напісаў учора.

Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу – мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.
«Здароў будзь, зямляча!»
Чуць бачны ў даліне,
Панура, нявесела шэпча ён мне:
«Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне
Аб беднай, далёкай сваёй старане».

Настаўнік. Нядрэнна, нядрэнна, вельмі нядрэнна, малады чалавек. Я дарую вам не такія выдатныя поспехі ў матэматыцы і думаю, мы з задавальненнем паслухаем вас на пасяджэнні літаратурнага гуртка.

Максім. Дзякую.

Настаўнік. А зараз вазьміце заданне на наступны ўрок.

Настаўнік аддае заданне Максіму і выходзіць.

Рафаіл. Ну дык у колькі, Максім?

Максім. У пяць.

Разыходзяцца ў розныя бакі.

Рафаіл, Аня, Вара ў другім канцы сцэны хутка афармляюць залу.

На фоне ціхай мелодыі выносіцца на сцэну святочны стол, парту адносяць убок.

Уваходзяць Максім і Нюта Гапановіч.

Рафаіл. Заходзьце, калі ласка, заходзьце. Мой аднакурснік і сябра Максім Багдановіч, а гэта – мая сястра: Аня Какуева.

Максім. Рады пазнаёміцца.

Рафаіл. Сядайце ўсе да стала, будзем піць гарбату. Максім, пачытай свае вершы.

Прапаноўвае гарбату. Моладзь сядае да стала.

Аня. Максім, вы пішаце вершы?

Максім. Я пішу па-руску і па-беларуску.

Аня. Па-беларуску? Вы ж казалі, што пакінулі радзіму ў пяць гадоў.

Максім. Менавіта так, але я ўвесь час чуў, як у сям’ размаўлялі па-беларуску. Але галоўнае – кнігі. Давайце я вам лепш пачытаю.

Гучыць ціхая беларуская мелодыя.

Месяц круглы ўстаў на небе,
Блішчыць невысока,
Ўвесь чырвона-жоўты, быццам
Пугачова вока.
3 мілым, задушэўным зыкам
Важкі хрушч лятае;
Пра няшчаснае каханне
Нехта запявае.
Голас полем пракаціўся,
У бары аддаўся:
«А дзе ж, твая крынічанька,
Што голуб купаўся?»
I снуюцца сумна ў сэрцы,
Ўюцца адгалоскі
Роднай песні, простай песні
Беларускай вёскі…

Аня. Мне вельмі спадабалася. Я ніколі раней не чула беларускай мовы. Магчыма, я памыляюся, але яна мне нагадвае польскую.

Як ціха і добра!

Максім. Вы любіце зорнае неба?

Аня. Вельмі.

Максім. А якая ваша любімая зорка?

Аня. Венера.

Максім. Венера… Зорка Венера.

Пад гукі «Зоркі Венеры» Максім падыходзіць да Ані, яны танцуюць.

Аня. Хутка я еду ў Пецярбург.

Максім. Тады сустрэнемся, магчыма, толькі летам у наступным годзе.

Максім. Цэлых 10 месяцаў, Аня. Гэта так многа. (Чытае верш).

Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
Чаму ж нядобры час прынёс
Мне доўгае расстанне з Вамі?
Я пабляднеў ад горкіх слёз
I трыялет пачаў славамі:
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.

Аня. Бывайце, Максім, мне трэба ісці.

Максім. Бывайце, Аня. (Падае дзяўчыне складзены лісток.) Прачытайце вось гэта калі-небудзь.

Максім пакідае сцэну.

Аня (чытае).

Больш за ўсё на свеце жадаю я,
Каб у мяне быў свой дзіцёнак –
Маленькая дачушка-немаўляшка.
Аня Максімаўна…
З чорнымі валосікамі і броўкамі,
3 цёмна-карымі вочкамі,
А ручкі; як пёрацягнутыя ніткамі.
Зусім такая, як Вы,
Калі Вы былі маленькай дзяўчынкай.

Аня. Ах, Максім, Максім.

Пакідае сцэну. Выходзяць вядучыя.

 

Пачынае гучаць мелодыя песні “Малітва” на словы Я.Купалы.

Вядучы 2. У 1911 годзе збылася запаветная мара М.Багдановіча – ён упершыню пасля ад’езду наведаў Беларусь – край васільковых палёў, дзе асабліва блакітнае неба і асабліва буйныя зоркі. Паездка Максіма Багдановіча на Беларусь – адна з самых яркіх старонак у яго жыццёвай біяграфіі.

Вядучы 1. Максім наведаў музей, які заснаваў Іван Луцкевіч. Сярод экспанатаў яго вельмі ўразілі слуцкія паясы – яскравыя ўзоры народнага мастацкага шаўкацтва. І наступіла як бы паэтычнае азарэнне. Калі тут, на зямлі Беларусі, людзі здольны стварыць такое хараство, то гэты край – выдатны і таленавіты.

 

На фоне ціхай мелодыі чытаецца верш М.Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”.

8-ы чытач.

Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, –
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі;
Цямнее край зубчаты бора…
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.

Вядучы 1. Ступіўшы на зямлю Беларусі, паэт нібы набывае крылы. Раней ён уяўляў родны край толькі ў марах-снах, родная мова звінела толькі ў душы паэта, а цяпер усё гэта ўбачыў і пачуў на яве.

Вядучы 2. Але набліжаўся час расстання з роднымі краявідамі, трэба было вяртацца ў Яраслаўль. Толькі наведаўшы Беларусь, Максім Багдановіч з поўнай сілаю адчуў: ён паэт гэтага народа і гэтай зямлі. На кожным кроку ён адчуваў павагу да сябе, разумеў: як паэт – ён прызнаны. І не так многа паэтаў мае Беларусь.

 

На фоне ціхай мелодыі чытаецца верш Міхася Пазнякова. “Загадка Максіма Багдановіча”.

9-ы чытач.

Змалку звезены з любай Айчыны,
Адарваны ад матчынай мовы,
Ён вярнуўся Паэтам і Сынам,
Улюблёным у край свой і слова.

Чуйным сэрцам ён Маці-Радзіму,
Боль яе шматвяковы падслухаў
І пацвердзіў усім: немагчыма
Знішчыць плынь беларускага духу.
І з якой таямнічай крыніцы
Чэрпаў сілы ён, веру, натхненне,
Каб нязгаснаю зоркай свяціцца
Для наступных усіх пакаленняў.

Вядучы 2. У 1913 годзе выходзіць першы і адзіны зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”. Колькі клопатаў і турбот давялося яму зазнаць пры выданні зборніка! Не было грошай. Заставалася адно: пазычыць грошы ў знаёмых.

Вядучы 1. 25-гадовы юнак толькі сустрэў сваю вясну кахання, і жыццё яму абяцала так шмат. Але запаветным марам – стварыць сям’ю, мець дзяцей ад каханай – не суджана было збыцца. Некаторыя вершы паэта гучаць як трывожныя прадчуванні.

Вядучы 2. 1916 год. Заканчвалася вучоба ў гімназіі. Максім, здаўшы апошнія залікі, пачаў збірацца ў Мінск. Ён вырашыў канчаткова: трэба вяртацца на Радзіму. Там ён патрэбен. Яна, Бацькаўшчына, дасць яму прытулак. Максім вяртаўся ў горад, дзе нарадзіўся.

Вядучы 2. Жыццё наканавала яму кароткі век. І можа таму, што ён ведаў пра гэта, так спяшаўся працаваць, каб паспець сказаць людзям пра ўсё, што вынасіў у сваім сэрцы. Не адкладваў нічога на потым, усё рабіў сёння, бо заўтра магло быць позна.

Вядучы 1. Нягледзячы на цяжкі стан здароўя, ён не кідаў працы над складаннем беларускага буквара, ні на хвіліну не забываўся пра сваю родную Беларусь.

Вядучы 2. Быў май… За акном пачыналася навальніца, і Максім раптам убачыў, як ішла да яго маці. Яна падыходзіла да яго, усміхаючыся, з аплеценымі стужкамі валасамі, як у маладой на беларускім вяселлі, у вышыванай кашулі, з ручніком цераз плячо, але твар у яе быў бледны, змярцвелы, а наўкол дрыжэлі кволыя агеньчыкі свечак, і дзве з іх дагаралі хутчэй за іншыя: яе, матчына, і ягоная…

Вядучы 1. 25 мая 1917 года Максіма Багдановіча не стала. Каля яго ложка знайшлі лісток паперы з радкамі:

У краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

Вядучы 2. Гэтай кнігай быў зборнік вершаў “Вянок”. І пахаваюць паэта чужыя людзі, для якіх ён быў усяго толькі нейкім студэнтам…

 

Дэманструецц відэа з мелодыяй песні “Слуцкія ткачыхі”. Усе ўдзельнікі выходзяць на сцэну.

 

Вядучы 1“Смерці ў паэта няма – ёсць нараджэнне” (усе ўдзельнікі выходзяць на сцэну) Гэта пра Максіма Багдановіча сказала Яўгенія Янішчыц, а Максіму Багдановічу на нашай зямлі належыць вечнасць.

Вядучы 2Сваімі несмяротнымі творамі ён звяртаецца да кожнага з нас, шчыры і мудры. І так надзённа гучаць яго пранікнёныя радкі, быццам напісаныя сёння.

1 чытач.

Калі паміраюць паэты,
Што ні перад кім не гнуцца,
У чалавецтва прасветы
На ўсе вякі застаюцца.

2 чытач.

І ні пры чым тут гены,
Што правяць жыццём і светам,
Паэтам няма замены,
Няма замены паэтам!

3 і 4 чытачы.

Хто нашу зямельку адновіць,
Верне яе блакіту без меры?

Глядзіць у вочы Максім Багдановіч
Вачамі зоркі Венеры.

Хто нашу мову замовіць
Ад вуснаў злых, нечытэльнай паперы?

Глядзіць у вочы Максім Багдановіч
З надзеяй зоркі Венеры.

Хто нашы душы заслоніць
У душы дзяцей хто ўкладзе крыху веры?

Гарыць высока Максім Багдановіч
Ясным агнём зоркі Венеры.

5 чытач.

Мы не ўсё, што хацелі, сказалі,
У нашых сэрцах жывеш ты, павер.
І кахання, што знаў гэтак мала,
У цябе вельмі многа цяпер.

Вядучы 1.

І твае чарадзейныя словы
Даказалі даўно ўсяму свету,
Як пяшчотна гучыць наша мова
У сапраўдных вялікіх паэтаў.

Вядучы 2.

Беларусы табой ганарацца,
Тут імя тваё дорага ўсім,
І так хораша нам называцца.

Усе ўдзельнікі хорам

Землякамі тваімі, Максім.

            

Пад мелодыю ўдзельнікі кланяюцца.

Настаўнік: Прапаную вам, шаноўныя, ускласці свой незвычайны букет у гонар памяці таленавітага паэта. І хай сёння нашым букетам паэту стануць цёплыя словы ў яго адрас, якія скажа кожны з вас. Гэта можа быць адно-адзінае слова, якое адлюстроўвае вашы адносіны да паэта, да яго вершаў, да нашай сённяшняй размовы.

Настаўнік: Верш «Па-над белым пухам вішняў…» загучаў песняй (музыка Ігара Паліводы). Паслухайце, калі ласка, яе.

Вось на гэтай светлай вясновай ноце мы і скончым літаратурна-музычнае свята, прысвечанае Максіму Багдановічу. Хай яго паэтычнае слова не сыходзіць з нашых вуснаў!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий